Спаборніцтвы за маніторам

“Што? Дзе? Калі?” — дзесяцігоддзямі людзі з азартам шукаюць адказы на гэтыя тры пытанні пад поглядам мудрай савы. Каманда знатакоў, рух ваўчка, чорная скрыня, трынаццаты сектар і такі знаёмы найгрыш… Сёння да гэтага спіса неад’емных асацыяцый дабаўляецца яшчэ і экран. Канечне, гульня ў фармаце анлайн не заменіць адчування сяброўскага пляча за гульнявым сталом, але часам яна становіцца адзінай альтэрнатывай.

Трэніроўкі нон-стоп

Для навучэнцаў Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці і кіраўніка іх клуба інтэлектуальных гульняў “Мідгард” Івана Юр’евіча Магілы дыстанцыйныя заняткі — даўно прывычны фармат.

“У нашай школе вучацца дзеці з некалькіх вёсак, некаторыя жывуць і за 7, і за 12 кіламетраў. Калі яны затрымаюцца пасля ўрокаў і не паедуць на школьным аўтобусе, іншай магчымасці дабрацца дадому ў іх проста не будзе. Дыстанцыйны фармат трэніровак мы адточвалі найперш з гэтымі дзецьмі. Потым падключаліся дзеці, якія хварэлі, ды і на канікулах мала хто застаецца дома, усе раз’язджаюцца. Напрыклад, капітана нашай каманды Веру Аўдзееву бацькі кожны год на ўсё лета адпраўляюць да дзядулі ва Украіну, але, дзякуючы анлайн-трэніроўкам, яна заўсёды з намі. Ды і сам я мог адлучацца: то на тыднёвыя курсы павышэння кваліфікацыі, то ў камандзіроўкі. А калі на носе адказны турнір, не хацелася рабіць вялікія паўзы. У сённяшняй сітуацыі з працяглымі канікуламі і абмежаваннямі для вочных трэніровак нам вельмі проста”, — гаворыць Іван Юр’евіч.

Каб максімальна падстроіцца пад тэхнічныя магчымасці ўсіх удзельнікаў, інтэлектуалы выкарыстоўва­юць стандартныя відэаканферэнцыі ў Viber.

“Гэтая опцыя вельмі зручная, бо я бачу ўсіх навучэнцаў. У тэорыі я мог бы падрыхтаваць пакеты пытанняў, разаслаць дзецям у сацыяльнай сетцы і прапанаваць іх прапрацаваць. Але, па-першае, яны не будуць узаемадзейнічаць адно з адным, а па-другое, я не змагу пракантраляваць працэс, можа, ім дапамог Google. Дзякуючы відэаканферэнцыям, бачу, як яны працуюць, абмяркоўваюць, уношу карэктывы, зазначаю памылкі. Скажам, падчас абмеркавання быў нізкі тэмп, слабы перабор версій, звярнулі ў іншы бок. А так на месцы аналізуеш і ід зеш далей, — тлумачыць перавагі праграмы педагог. — Право­дзіць першыя заняткі было непрывычна, нязручна, абмеркаванне было неактыўным, але ўжо праз некалькі заняткаў манітор не адчуваўся. Канечне, вочная трэніроўка дае фізічнае адчуванне сяброўскага пляча, але пры неабходнасці і такія заняткі — нядрэнная альтэрнатыва.

Да анлайн-заняткаў, якія праходзяць двойчы на тыдзень, падключаюцца больш за 20 удзельнікаў клуба інтэлектуальных гульняў “Мідгард” з Доўскай сярэдняй школы — каманда A novo. А па суботах Іван Юр’евіч едзе за 30 км у Рагачоўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Там свае заняткі з камандай “Алюзія на ілюзію” ён вядзе пакуль толькі вочна.

Больш за тое, тут ёсць і свае перавагі. Калі на трэніроўцы ў кабінеце ідзе абмеркаванне, — усе накідваюць версіі, адзін іх адсякае, другі дакручвае асноўную версію — стаіць гул і складана ацаніць асабісты ўклад кожнага. А калі ты бачыш у маленькіх акенцах кожнага чалавека асобна, то ў большай ступені выходзіш на індывідуальную работу: можна паглядзець, у каго якія асабістыя памылкі, акцэнтаваць увагу на дапамозе кожнаму. Спа­дзяюся, на наступных масавых турнірах, калі мы ўбачым свой вынік, мы чарговы раз упэўнімся ў перавагах такога фармату работы”.

Навучэнцы Івана Юр’евіча ўжо заваявалі мноства ўзнагарод. Яны сярэбраныя прызёры брэйн-рынга рэспубліканскага фестывалю інтэлектуальных гульняў “Кубак сяброўства — 2019” і чэмпіянату Еўропы — 2019, пераможцы брэйн-рынга міжнароднага фестывалю “Вялікі перапынак — 2018”, пераможцы гульні “Што? Дзе? Калі?” рэспубліканскага турніру “Акно ў Еўропу — 2019” і інш.

“Белая рысь” у сетцы

Тым педагогам, якія яшчэ сумняваюцца, ці змогуць самастойна асвоіць правядзенне анлайн-заняткаў, Вольга Клімовіч, кіраўнік легендарнага клуба інтэлектуальных гульняў “Белая рысь” Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, прапаноўвае перадаць гэтую ініцыятыву ў рукі самім навучэнцам. Хоць Вольга Леанідаўна ў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях адчувае сябе як рыба ў вадзе, усё ж запэўнівае: калі дзеці адчуваюць сябе вядучымі, а не тымі, для каго праводзяць заняткі, навучанне для іх становіцца куды больш цікавым. Так, на дыстанцыйныя заняткі са сваімі навучэнцамі педагог перайшла некалькі тыдняў назад… па ініцыятыве саміх жа дзяцей.

Для дыстанцыйных заняткаў:

• Удзельнікам неабходна асвоіць тэхнічныя тонкасці праграм.

На YouTube можна знайсці ўсе навучальныя трэнінгі з пакрокавым тлумачэннем, як працаваць у самых папулярных праграмах, даведацца пра ўсе фішкі інтэрфейсу.

• Неабходна, каб у навучэнцаў была тэхнічная магчымасць далучацца да работы ў рэжыме анлайн. Пажадана, каб быў безлімітны інтэрнэт і неабходныя гаджэты.

• Няпроста выбраць час, каб усім дзецям было зручна са­брацца. Трэба знайсці дома ціхае месца, каб ніхто не перашкаджаў засяродзіцца на занятках, а гэта не ва ўсіх атрымліваецца (у кожнага свае жыллёвыя ўмовы і розная ступень цікаўнасці малодшых членаў сям’і).

“Мы займаемся ў самай простай праграме Discord, дзе ёсць магчымасць ства­раць чаты і канферэнцыі для вялікай колькасці ўдзель­нікаў. У нас ёсць тэкставы чат, куды і я закідваю тэкставыя пытанні ці пытанні-карцінкі. Паралельна ёсць і галасавы чат, дзе ўдзель­нікі прапаноўваюць свае версіі, абмяркоўваюць іх адно з адным, а я каменцірую, па­праўляю і даю правільныя адказы. Для дзяцей камп’ютарная камунікацыя — штодзённая і прывычная справа, таму яны хутка сарыентаваліся: стварылі Google-табліцы, дзе зрабілі пагадзінны графік з 10.00 да 21.00 і вызначылі зручны для сябе час для заняткаў, прыдумалі свае абазначэнні ў выглядзе смайлаў для пытанняў, на якія знайшлі адказы, і пытанняў, якія ім не скарыліся. А днямі яны падзяліліся на каманды і правялі ўласны турнір, — гаворыць Вольга Леанідаўна. — Што да выбару гульняў, то мы робім упор на “Што? Дзе? Калі?”, якая прадугледжвае момант абмеркавання, што лёгка можна арганізаваць дыстанцыйна, і на “Сваю гульню”, дзе гульцы даюць свае адказы на пытанні пісьмова на хуткасць.

Сёння, у час інфармацыйных тэхна­логій, выбраць варыянт дыстанцыйнай работы не праблема. Многім маім калегам больш падабаецца платформа Zoom, якая прадугледжвае відэаканферэнцыі і магчы­масць выводзіць інфармацыю на экран. Некаму зручней загадзя запісваць відэазаняткі. Нехта выбірае Skype. Галоўнае — не баяцца карыстацца рознымі інтэрнэт-штукамі, не сядзець склаўшы рукі і знахо­дзіць магчымасць перадаваць свае веды дзецям. Ім гэта цікава”.

Так, сёння юныя інтэлектуалы з усёй краіны з задавальненнем далучаюцца да рэспубліканскіх і міжнародных анлайн-турніраў, выкладваюць свае вынікі і параўноўваць іх з вынікамі сапернікаў па ўсім свеце. Разумнае спаборніцтва дазваляе дзецям не расслабляцца і трымаць сябе ў форме, незалежна ад таго, на канікулах яны, адпачываюць пасля ўрокаў ці проста хочуць правесці час каля манітора з карысцю.

У першую чаргу ў дыстанцыйны фармат ідэальна ўпісваецца класічная камандная гульня “Што? Дзе? Калі?”. У “Сваёй гульні” можна ўдзельні­чаць і індывідуальна, і ў камандзе. Кнопачныя гульні “Тройка”,”Брэйн-рынг”, індывідуальная “Свая гульня”, “Эрудыт-квартэт” складаней правесці дыстанцыйна ў класічным выглядзе, але ж можна відазмяніць іх, напрыклад прапанаваць дзецям пісьмова на хуткасць даваць адказы на пытанні. Трэнеры мінскіх клубаў ін­тэлектуальных гульняў Ігар Сячко і Ігар Лівенцаў ужо арганізоўваюць невялікія чэмпіянаты па “Сваёй гульні”, і школьнікі з усёй краіны прымаюць у іх удзел дыстанцыйна.

Святлана НІКІФАРАВА.