Юнакі і дзяўчаты: мы такія розныя?

Заняткі (трэнінг, семінар)

Мэта: гендарная адукацыя дзяўчынак-падлеткаў (навучэнак старшых класаў).

Задачы:

развіццё творчага мыслення;

знаёмства з гендарнай праблематыкай;

развіццё камунікатыўных якасцей;

развіццё гендарнай адчувальнасці;

навучанне ўменню супрацьстаяць гендарнаму насіллю.

Ход заняткаў

Знаёмства (5 мінут). Гульня са сваім імем і прыметнікам да яго. Удзельніцы становяцца ў круг і па чарзе называюць сваё імя і прыметнік да яго. Сутнасць гульні зводзіцца да адказу кожнай удзельніцы на пытанне “Якой я бачу сябе?”. Пажадана, каб той прыметнік, які называе ўдзельніца, пачынаўся з першай літары яе імя. Гэта дапаможа іншым лепш запамінаць імёны. “Я — Наташа. Я — надзейная”.

Тэсціраванне (2 мінуты). Бланк тэста (гл. Дадатак 1).

Самарэфлексія “Мае чаканні і апаскі наконт трэнінгу” (5 мінут).

На ватмане, раздзеленым папалам (чаканні — апаскі), удзельніцы клеяць свае стыкеры.

Мазгавы штурм у групах на тэму “Мы такія розныя — дзяўчынкі і хлопчыкі?” (10 мінут).

Работа адбываецца ў малых групах. Удзельніцы складаюць пералік якасцей, з-за якіх дзяўчынкі і хлопчыкі (ці жанчыны і мужчыны), на іх думку, розныя. Пасля 5—7 мінут абмеркавання кожная група ўпісвае на вялікі ліст паперы жаночыя і мужчынскія якасці (гл. Дадатак 3).

Пры абмеркаванні неабходна звярнуць увагу на паняцце “двайны палавы стандарт”. Гэта значыць у сацыяльных адносінах кожны чалавек павінен традыцыйна адпавядаць свайму біялагічнаму полу. А ці можа быць па-іншаму? (Абмеркаванне.) Ці ёсць якасці, якімі трэба валодаць і жанчынам, і мужчынам?

Маляванне на тэму “Мужчына і жанчына” (10 мінут).

Удзельніцам прапануецца на лістах паперы намаляваць у свабоднай форме вобраз хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), размяшчаючы іх на адным лісце ў адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі. Пасля выканання задання трэнер праводзіць кароткі і напалову жартаўлівы аналіз малюнкаў, не закранаючы самалюбства і не крытыкуючы выяўленчыя навыкі ўдзельніц: прафесійны аналіз могуць зрабіць толькі спецыялісты, якія валодаюць гэтай методыкай (Дадатак 4).

Міні-лекцыя на тэму “Пол і гендар — што гэта?” (10 мінут).

На зямлі існуюць людзі двух палоў — мужчыны і жанчыны. Пол — гэта біялагічная характарыстыка чалавека. Жаночы і мужчынскі пол прадугледжвае тую ці іншую будову палавых органаў чалавека, прапорцыі цела, сукупнасць храмасом і гармонаў. Пол чалавека ўпісваецца ў медыцынскую карту пры нараджэнні.

Натуральна, што паміж мужчынамі і жанчынамі складваюцца адносіны. Яны наладжваюцца на працягу тысячагоддзяў і фарміруюцца па-рознаму з-за розных фактараў і акалічнасцей, якія часта носяць сацыяльны характар. Сацыяльнае — гэта тое, што выпрацоўваецца грамадствам, а не вызначаецца прыродай чалавека. Ад характару адносін паміж мужчынам і жанчынай залежыць вельмі многае ў жыцці кожнага грамадства — пачынаючы ад сям’і і заканчваючы палітыкай моцных і слабых дзяржаў. Ад гэтага залежыць становішча жанчын і мужчын у сям’і і грамадстве, у прыватнай сферы і палітычнай дзейнасці. Гэта значыць існуюць не прыродныя, а сацыяльныя характарыстыкі, якія служаць для апісання розных бакоў жыцця мужчын і жанчын, хлопчыкаў і дзяўчынак. З гэтымі характарыстыкамі чалавек не нараджаецца, яны набываюцца на працягу жыцця, у працэсах выхавання і навучання. Характарыстыка чалавека, якая набываецца (іншымі словамі, культурная і сацыяльная канструкцыя полу), і ёсць гендар. Гэта слова англійскае, паказвае на сацыяльныя характарыстыкі мужчын і жанчын.

Каб разабрацца з гэтымі паняццямі і замацаваць іх разуменне, давайце запоўнім анкету, зробім невялікае практыкаванне (Дадатак 2).

Пасля тэсціравання трэнер працягвае лекцыю.

Ролі мужчыны і жанчыны засвойваюцца дзецьмі з моманту нараджэння і ў працэсе далучэння дзяўчынак і хлопчыкаў да жыцця ў грамадстве. Асобу дзіцяці фарміруе сям’я, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школа, сябры, СМІ і г.д. Асоба ўспрымае і робіць сваімі культурныя нормы, узоры паводзін і маральныя каштоўнасці, у тым ліку ў дачыненні да таго, што называецца жаночым і мужчынскім. Так ствараецца гендар. Напрыклад, хлопчыкаў наву­чаюць быць моцнымі, ахоўваць жанчын і дзяцей, а дзяўчынак — быць пяшчотнымі, паслухмянымі, шукаць абароны ў мужчыны. І гэта нягледзячы на тое, што фізічна некаторыя дзяўчынкі могуць быць значна мацнейшымі за некаторых хлопчыкаў.

Людзі ў пэўным грамадстве ствараюць гендарныя стэрэатыпы, гендарныя правілы і гендарныя адносіны (адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі), якія засвойваюцца з дзяцінства і ўзнаўляюцца. Але стэрэатыпы можна і разбураць, калі яны зжылі сябе.

Сёння ў Беларусі мужчына і жанчына выконваюць розныя ролі ў сям’і і грамадстве: вучацца, працуюць, ствараюць сем’і. Традыцыйна жанчына — маці, гаспадыня, жонка, а мужчына традыцыйна карміцель, абаронец, старэйшы. Такім чынам, у мужчыны і жанчыны ёсць свая РОЛЯ — гэта набор норм, якія вызначаюць, як абодва полы павінны паводзіць сябе ў пэўным грамадстве. А паводзяць сябе жанчыны і мужчыны ў адпаведнасці з чаканнямі навакольных, выконваючы гендарныя ролі, гэта значыць так, як павінны паводзіць сябе “сапраўдныя” жанчыны і мужчыны ў гэтым грамадстве. Але ці характэрна гэта для ўсіх людзей на зямлі? І ці з’яўляецца гэта неабходнасцю? Няўжо ўсё прадвызначана прыродай? Ці ўсё ж такі самі людзі прыдумваюць і ўстанаўліваюць гэтыя правілы жыццёвай гульні? Беларуская дзяржава з 1995 года праводзіць палітыку гендарнай роўнасці, гэта значыць забеспячэнне роўных правоў і магчымасцей для жанчын і мужчын ва ўсіх сферах: сямейнай, працоўнай, палітычнай, культурнай і г.д.

А ці можам мы ўявіць сабе грамадства, дзе ролі мужчын і жанчын памяняліся ці дзе правілы жыцця і паводзін мужчын і жанчын з’яўляюцца іншымі, адрозніваюцца ад прывычных нам?

Трэнер прапануе ўдзельніцам перайсці да наступнага задання пасля перапынку, сцвярджаючы, што сёння і ў Беларусі сітуацыя мяняецца, жанчыны і мужчыны выконваюць, акрамя традыцыйных, іншыя ролі.

Ролевая гульня: інсцэніроўка на тэму “Пытанні гендарнай роўнасці ў шлюбна-сямейнай сферы” (15 мінут).

Трэнер разбівае групу на 4 падгрупы і кожнай раздае гісторыю шлюбна-сямейных адносін. Кожнай падгрупе неабходна інсцэніраваць свой сюжэт. (Прыклады шлюбна-сямейных адносін у розных гістарычных чалавечых суполках — гл. Дадатак 5.)

Пасля прайгравання сітуацыі трэнер звяртае ўвагу на тое, што першыя тры гісторыі не выдуманы, а апісваюць жыццё ў розных плямёнах, якія рэальна жылі ў першай палове ХХ стагоддзя на паўднёвых астравах Ціхага акіяна, на Самоа і ў Новай Гвінеі. Гэта адзін геаграфічны рэгіён, але нормы жыцця, характарыстыкі людзей і ўзаемаадносіны палоў на гэтых астравах ашаламляльна адрозніваюцца. Чацвёртая гісторыя прадстаўляе тыповую карцінку з жыцця сем’яў у сучаснай Беларусі.

Трэнеры павінны растлумачыць, што нормы пражывання мужчын і жанчын у грамадстве, іх узаемадзеянне ў сям’і з’яўляюцца вынікам традыцый, якія выпрацоўваюцца чалавекам, а не абумоўлены прыроднымі ўласцівасцямі палоў. І паколькі гэта набываецца людзьмі, то, змяніўшы ўмовы жыцця, пераасэнсаваўшы стэрэатыпы, можна арганізаваць жыццё грамадства больш справядліва і больш гарманічна.

Міні-лекцыя па тэме “Гендарныя стэрэатыпы” (5—10 мінут).

Такім чынам, што такое стэрэатыпы? Літаральны пераклад гэтага слова з грэчаскай — “цвёрды адбітак”. Гэта нязменны, агульнапрыняты ўзор, якога прытрымліваюцца; шаблон, трафарэт. Напрыклад, сталыя мадэлі паводзін бацькоў. Чалавек рэгулярна ў сваім жыцці паўтарае формы паводзін. Ён рана пачынае ўсведамляць, якія формы паводзін выклікаюць адабрэнне навакольных, а якія — асуджэнне, што адпавядае ці не адпавядае чаканням навакольных. Гэтыя ўзоры паводзін рэгулярна паўтараюцца ў падобных сітуацыях. У хлопчыкаў і дзяўчынак, мужчын і жанчын ёсць дакладнае ўяўленне пра вобраз мужчыны і вобраз жанчыны, пра вобраз хлопчыка і вобраз дзяўчынкі, пра тое, як яны павінны паміж сабой узаемадзейнічаць, незалежна ад іх асобасных асаблівасцей. Такія ўяўленні называюць гендарнымі стэрэатыпамі. Тэрмін “гендарны стэрэатып” азначае спрошчаныя, схематызаваныя, эмацыянальна выразна афарбаваныя ўстойлівыя вобразы мужчын і жанчын, якія звычайна распаўсюджваюцца на ўсіх прадстаўнікоў той ці іншай гендарнай супольнасці незалежна ад іх асобасных асаблівасцей.

Напрыклад, існуе стэрэатып: мужчыны ніколі не пла­чуць. А чаму? Чаму мужчына не можа адкрыта паказваць свае эмоцыі, якія быццам выдаюць яго слабасць? А таму, што “сапраўдным” мужчынам прадпісана быць моцнымі, ім ніколі нельга расслабляцца. Відаць, невыпадкова ў Беларусі мужчыны жывуць менш за жанчын. Больш частая, чым у жанчын, смяротнасць мужчын у выніку сардэчна-сасудзістых і нервовых захворванняў даказана статыстычнымі данымі, бо стрэсавыя сітуацыі, якія мужчынам часта прыходзіцца перажы­ваць, з-за ўстойлівых прадпісанняў не могуць быць палегчаны свабодным эмацыянальным усплёскам. Усе перажыванні яны павінны трымаць у сабе.

Трэнер просіць удзельніц прывесці прыклады стэрэатыпаў, якія ім вядомы. Пасля абмеркавання прыкладаў гутарка працягваецца і робяцца высновы.

Для чаго патрэбны стэрэатыпы?

1. Яны берагуць наш час для выказвання рэакцыі на што-небудзь.

2. Дапамагаюць прадбачыць сітуацыю, падрыхтавацца да яе.

3. Дапамагаюць чалавеку захоўваць унутраны спакой і самасцвярджацца ў сваім акружэнні.

Да чаго могуць прывесці стэрэатыпы?

1. Яны абмяжоўваюць паводзіны і сацыяльную прастору кожнага чалавека.

2. Нясуць у сабе страты для развіцця патэнцыялу грамадства.

3. Гендарныя стэрэатыпы патрыярхальнай традыцыі прыводзяць да распаўсюджвання насілля, прастытуцыі і гандлю жанчынамі, парнаграфіі, дыскрымінацыі жанчын (успомніце: жанчыны — слабы пол).

Гульня-размінка “Блытаніна” (5 мінут). Усе ўдзельніцы становяцца ў круг, заплюшчваюць вочы і круцяцца на месцы некалькі разоў, потым выцягваюць рукі ўперад і, рухаючыся насустрач адна адной, бяруцца за рукі, расплюшчваюць вочы і пачынаюць разблытвацца, не разрываючы рук.

Міні-лекцыя на тэму “Міф аб прыгажосці, ці Цялесныя практыкі дзяўчынак-падлеткаў” (15 мінут).

СМІ (газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне, інтэрнэт) перадаюць і ўзмацняюць гендарныя вобразы, і мы бачым нават у рэкламе, што ўсе створаныя ў сучасных роліках сюжэты робяць мужчыну галоўным. Чароўнай белізны сарочкі і талеркі супоў, якія дымяцца, пра што клапоцяцца жанчыны, прызначаны менавіта для яго. Сёння сітуацыя крыху мяняецца. Можна часцей, чым 3—5 гадоў назад, убачыць у рэкламе і мужчыну, занятага якой-небудзь дамашняй справай. Аднак менавіта жанчына часцей за ўсё ў рэкламе захоплена рознымі відамі дамашняй працы, апанавана падтрыманнем чысціні ў доме, самааддана змагаецца з мікробамі. Жанчыне трэба памыць рэчы, прыгатаваць ежу, абслужыць усіх членаў сям’і лепш і г.д. Але пры гэтым нам не трэба забываць, што яна яшчэ і працуе па-за домам нараўне з мужчынам. Сучасная жанчына зарабляе грошы, як і мужчына.

А цяпер пагаворым пра тое, што жанчыне (дзяўчыне) прадпісана імкнуцца быць прыгожай любой цаной. Жанчыне навязваюцца стандарты прыгажосці. Ніводная част­ка жаночага цела не засталася без увагі сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку рэкламы: валасы, бровы, губы, вейкі, вочы, талія, пазногці, рукі, грудзі і г.д. — усё мае патрэбу ў карэкціроўцы, паляпшэнні, пастаяннай увазе. Быццам жыццё жанчыны павінна пайсці на паляпшэнне свайго выгляду.

Тэхналогія і ідэалогія прыгажосці перадаюцца ад маці да дачкі. Кожны дзень маці вучыць дачку псіхалогіі, якая вызначае жаночыя паводзіны, таму, што жанчына павінна быць прыгожай, каб радаваць абстрактнага і закаханага ЯГО, каб выйсці замуж.

Мужчынам падабаюцца жанчыны, якія даглядаюць сябе, сочаць за сваёй фігурай. Але дзяўчынкам трэба памятаць, што ўсё добра ў меру і што гэта зусім не бяскрыўдна, а часам прыводзіць да трагедый — да захворванняў і нават смерці. У прыватнасці, гаворка ідзе пра нервовую анарэксію і булімію, да якіх схільны сучасныя дзяўчынкі-падлеткі і дзяўчаты. Згодна з даследаваннямі, разнастайныя формы кантролю працэсаў прыёму ежы (не есці пасля 18 гадзін, не есці нейкія пэўныя прадукты, кантраляваць порцыю, лічыць з’едзеныя калорыі і г.д.) з’яўляюцца жаночай нормай. Сярод тых, хто пакутуе ад розных форм парушэння харчовых паво­дзін, жанчыны складаюць 90% ад агульнай колькасці выпадкаў.

Практыкаванне на замацаванне лекцыйнага матэрыялу (5—10 мінут). Трэнер просіць удзельніц даць характарыстыку дзяўчынцы, якая можа пакутаваць ад адной з апісаных хвароб. Для гэтага трэба падзяліць усю групу на 2 падгрупы. Кожная падгрупа атрымлівае заданне апісаць прычыны, якія прыводзяць да захворванняў: аналізуе прычыны захворвання або на анарэксію, або на булімію. Пасля кароткага абмеркавання прадстаўніцы падгруп называюць гэтыя прычыны.

Трэнер акцэнтуе ўвагу на тым, што такія праблемы ўзнікаюць з-за жадання дзяўчат (дзяўчынак) трымацца гендарных стэрэатыпаў аб прыгажосці жаночага цела. Пры гэтым у пагоні за нейкімі стандартамі страчваецца індывідуальнасць і ўнікальнасць кожнай дзяўчыны.

Калаж на тэму “Маё ўяўленне пра сябе” і яго прэзентацыя (20 мінут).

Уся група ўдзельніц дзеліцца на пяць малых груп. Трэнер прапануе ўзяць старыя часопісы, дзе ёсць многа ілюстрацый, іншыя матэрыялы (напрыклад, кавалак тканіны, каляровай паперы) і ўсё, што неабходна для тэхнічнай работы (аснова ў выглядзе ватману ці вялікана кавалка тканіны, клей, нажніцы). Група пачынае выконваць заданне. Фантазіруючы, удзельніцы адлюстроўваюць сябе без гендарных стэрэатыпаў. Пасля заканчэння работы адбываецца абарона калажаў з тлумачальнымі каментарыямі.

Падвядзенне вынікаў работы (5 мінут). Трэнер праводзіць паўторнае тэсціраванне і дзякуе ўсім за праведзеную работу. (Бланк тэста; гл. Дадатак 1.)

Параўнаўшы даныя першага і другога тэсціравання, трэнер можа зразумець, ці палепшылася разуменне ўдзельні­цамі апытанняў гендару і полу.

ДАДАТКІ

ДАДАТАК 1

Тэст*

* — выкарыстоўваецца для вызначэння ўзроўню інфармаванасці па гендарнай тэрміналогіі. Першы раз — да пачатку заняткаў, а другі — пасля заканчэння заняткаў.

** — для трэнера. Курсівам вылучаны правільныя адказы.

Каб запоўніць тэст, трэба абвесці кружком нумар адказу, які вы лічыце правільным.

1. Што з пералічанага азначае паняцце “гендар”?

1. Жанчыны і мужчыны, якія працуюць па найме.

2. Азначэнне ўзаемаадносін палоў: мужчын і жанчын.

3. Сацыяльныя і культурныя характарыстыкі мужчын і жанчын.

2. Гендарныя стэрэатыпы — гэта:

1. распаўсюджаныя ў грамадстве спрошчаныя ўяўленні пра сутнасць мужчыны і жанчыны;

2. вобразы мужчыны і жанчыны ў канкрэтнага чалавека;

3. ідэальныя тыпы жанчыны і мужчыны.

3. Двайная палавая мараль — гэта:

1. асаблівае прыроднае прызначэнне жанчыны і мужчыны;

2. розныя сацыяльныя чаканні і розныя маральныя патрабаванні да жанчын і мужчын;

3. выкананне жанчынамі і мужчынамі розных сацыяльных роляў.

4. Гендарныя ролі — гэта:

1. ролі, якія выконвае жанчына па патрабаванні мужчыны;

2. ролі, якія павінны адыгрываць жанчыны і мужчыны ў адпаведнасці з уяўленнямі большасці сучасных людзей;

3. навуковае вызначэнне прыроднага прызначэння жанчыны і мужчыны.

5. Гендарная роўнасць — гэта:

1. роўнасць правоў усіх жанчын;

2. роўныя правы мужчын і жанчын;

3. роўныя правы і магчымасці жанчын і мужчын.

ДАДАТАК 2

Тэст “Пол ці гендар?”*

МеркаваннеПолГенда р
Жанчыны нараджаюць дзяцей, мужчыны — не   * 
2Маленькія дзяўчынкі ціхія і сарамлівыя, хлопчыкі ўпартыя і смелыя  *
3 Заробак жанчын складае 70% ад заробку мужчын *
Жанчыны могуць карміць дзяцей грудзямі, мужчынам для кармлення дзяцей неабходна бутэлечка з малаком   *  
5 Жанчыны займаюцца выхаваннем дзяцей*
6Мужчыны адказваюць за прынятыя рашэнні   *
7У перыяд палавога выспявання ў хлопчыкаў ламаецца голас, у дзяўчынак — не*
8 У Старажытным Егіпце мужчыны сядзелі дома і займаліся творчасцю *
9 Мужчыны — абаронцы Айчыны і жанчын *
10Жанчынам забаронена выконваць небяспечную работу (напрыклад, здабываць вугаль), калі ёсць рызыка для яе здароўя. Мужчыны рызыкуюць у адпаведнасці са сваім одумам *
11 Жанчына заўсёды павінна быць прыгожай і прывабнай *
12 У сферы абслугоўвання працуюць у асноўным жанчыны *
13У большасці выпадкаў дзіця пры нара­джэнні атрымлівае прозвішча бацькі   *
14 8 Сакавіка мужчыны дораць жанчынам кветкі і падарункі *
15 Жанчыны горш за мужчын водзяць машыну*

(* абазначаны правільныя адказы, па іх можна зверыць меркаванні ўдзельніц.)

ДАДАТАК 3

Прыклад спіса “Характэрныя мужчынскія і жаночыя якасці”

Характэрныя рысы мужчыны   Характэрныя рысы жанчыны
Моцны, схільны да заняткаў спортам   Слабая, не схільная да заняткаў спортам  
Менш клапоціцца пра свой выгляд і амаль не баіцца старасці   Клапоціцца пра свой выгляд і баіцца старасці  
Выконвае ролю карміцеля ў сям’іПраяўляе любоў да сям’і, увіхаецца па доме  
Мае вопыт сексуальнага жыцця   Дабрадзейная, сціплая  
Неэмацыянальны, трывалы   Эмацыянальная, пяшчотная  
Лагічны, рацыянальны, аб’ек­тыў­ны, валодае розным інтэ­лектам   Легкадумная, непаслядоўная, валодае тонкай інтуіцыяй  
Імкнецца да ўлады і лідарстваУстойлівая, паслужлівая, пас­лухмяная
Незалежны, свабодныЗалежная, у большай меры мае патрэбу ў абароне  
Актыўны   Пасіўная  
Імкнецца да поспеху, славалюбны, амбіцыйны   Нясмелая, сарамлівая, хоча быць непрыметнай  

ДАДАТАК 4

Апісанне метаду аналізу малюнкаў “Мужчына і жанчына”

Методыка аналізу дазваляе вызначыць наяўнасць гендарных стэрэатыпаў у малюнках. Схема аналізу малюнка ўключала наступныя паказчыкі:

прасторавае размяшчэнне фігур;

іх абсалютная і адносная велічыня;

асаблівасці выяўлення і прапорцыі частак цела;

графічная якасць выявы фігур свайго і супрацьлеглага полу;

сімвалічнае трактаванне намаляваных дэталей, дзеянняў, прадметаў;

ступень закончанасці малюнка.

Звычайна ў малюнках праглядаюцца рысы стэрэатыпнага ўспрымання жанчыны і мужчыны. Часта быццё жанчыны і мужчыны на малюнку аказваецца ўбудаваным у сістэму свету, які іх акружае. Іх акружаюць рэчы, што традыцыйна прыпісваюцца жанчынам і мужчынам (зброя, кветкі, машыны, грошы, камп’ютары, кухонныя прылады і г.д.).

Пры аналізе малюнкаў звяртаем увагу на тое, як намаляваны мужчына і жанчына, як яны размешчаны ў адносінах адно да аднаго, ці ёсць у іх у руках якія-небудзь прадметы, што даказваюць прыналежнасць да пэўнага полу. Напрыклад, жанчына намалявана маленькай, далікатнай, на высокіх, няўстойлівых абцасах. Яна адвярнулася ад мужчыны ці, наадварот, трымае яго за руку. Мужчына — высокі, моц­ны, упэўнена стаіць на нагах. У руках у яго кейс, магчыма з грашыма.

Трэнер можа праявіць тут свае творчыя здольнасці ва ўменні інтэрпрэтацыі выяў. Галоўнае — не пакрыўдзіць удзель­ніц і паказаць розніцу ў выявах, што характарызуе і няроўнае становішча жанчын і мужчын. Хаця знойдуцца малюнкі, дзе жанчына і мужчына складаюць гарманічную пару. Напрыклад, яны трымаюцца за рукі, глядзяць адно на аднаго з усмешкамі, намаляваны прыкладна аднаго памеру. Можна адзначыць, што аўтар малюнка мае ўяўленне, адэкватнае паняццю гендарнай роўнасці, пра тое, як суадносяцца адно з адным мужчына і жанчына, у якіх узаемаадносінах яны знаходзяцца.

ДАДАТАК 5

Прыклады гісторый шлюбна-сямейных адносін

Кожная гісторыя раздрукоўваецца на асобным лісце, якія потым раздаюцца ў розныя малыя групы.

ГІСТОРЫЯ 1

Дзве жанчыны (маладая і больш дарослая) збіраюцца ісці ў лес збіраць плады. Яны абмяркоўваюць, куды пойдуць, якія іменна плады з дрэў будуць збіраць. Плануюць, што будуць рабіць з сабраным. У гэты час мужчына — муж маладой жанчыны — заняты ўпрыгожваннем сябе, зборамі на сустрэчу з сябрамі. Маладая жанчына просіць, каб муж панаглядаў за дзіцем. Але мужчына пачынае хныкаць і ўпэўніваць, што ён не справіцца з дзяўчынкай, таму што яна вельмі хутка бегае, ён за ёй не паспявае і што жанчына павінна ўзяць яе з сабой у лес.

ГІСТОРЫЯ 2

Цяжарная жанчына ў канфлікце са сваім мужам. Яны сварацца з-за ўсякай дробязі. Вакол бегаюць іх дзеці, якія таксама падпадаюць пад абразы і грубасці з боку бацькі і маці. Маці б’е і лае дзяцей і амаль не ўдзяляе ім ніякай увагі, як і бацька. Мужчына і жанчына паводзяць сябе жорстка, раўнуюць адно аднаго да іншых людзей, яны аднолькава агрэсіўныя.

ГІСТОРЫЯ 3

Муж і жонка з пяшчотай і клопатам ставяцца адно да аднаго. Яны дзеляць паміж сабой любыя абавязкі, кожны спрабуе зрабіць штосьці добрае для іншага. Мужчына і жанчына разам збіраюцца “нарадзіць дзіця”. Ніхто з іх не хоча кіраваць іншым. Яны лічаць за лепшае ўсё абмяркоўваць і рабіць разам. Вечарам за вячэрай усе члены сям’і (муж, жонка, дзеці) радуюцца сумеснаму правядзенню часу і абмяркоўваюць розныя пытанні.

ГІСТОРЫЯ 4

Жонка вярнулася з работы, па дарозе купіўшы прадукты і забраўшы дзіця з дзіцячага сада. Яна ў спешцы гатуе вячэру, каб паспець да прыходу мужа. Прыходзіць муж. Ён гаворыць, што сёння атрымаў зарплату, але яна меншая, чым ён чакаў. Ён яўна незадаволены, што вячэра яшчэ не гатова. Уключае тэлевізар, кладзецца на канапу, чакаючы вячэру. Жонка просіць яго пазаймацца з дзіцем, але ён адказвае, што стаміўся і ў яго няма настрою гуляць з сынам. Ён гаворыць дзіцяці, каб яно само чым-небудзь занялося. Мужчына падганяе жонку з вячэрай, папракаючы яе ў непаваротлівасці.

Святлана БУРАВА,
Вольга ЯНЧУК,
сацыёлагі, аўтары вучэбна-метадычнага дапаможніка “Гендарнае выхаванне моладзі”.