Вялікі музей для цікаўных сяброў

Напрыканцы лютага ў Гомелі адбылася падзея, якая выклікала шырокі рэзананс у музейных колах калі не ўсёй краіны, то горада над Сожам дакладна: у Палацы Румянцавых і Паскевічаў прайшла прэзентацыя культурна-адукацыйнага праекта “Вялікі музей для цікаўных сяброў”. Разлічаны на вучняў малодшага і сярэдняга звяна, праект дазваляе адысці ад манатонных экскурсій і ў цікавай форме, з выкарыстаннем інтэрактыву і фантазіі экскурсаводаў, далучыць навучэнцаў да чароўнага свету музейных скарбаў.

Калі сярод багатай, па-сучаснаму аформленай экспазіцыі юныя наведвальнікі не могуць спакойна знаходзіцца і дзесяці хвілін, калі пасля прывітальных слоў экскурсавода яны пачынаюць круціцца ва ўсе бакі, разглядваць што заўгодна, толькі не экспанаты, на якія накіравана ўказка апавядальніка, кіраўніку музея трэба абавязкова задумацца і зрабіць адпаведныя высновы. Калі экскурсія не ў радасць, калі наведванне музея становіцца абавязалаўкай, трэба нешта мяняць, прычым кардынальна. Прыкладна ў такой сітуацыі апынуліся супрацоўнікі музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Канечне, на іх экскурсіях ніхто не засынаў, не імкнуўся як мага хутчэй пакінуць шыкоўны палац, аднак тое, што традыцыйныя экскурсіі пачалі прыядацца наведвальнікам, нельга было не заўважыць.
Менавіта з такіх не самых каляровых слоў пачала характарыстыку праекта “Вялікі музей для цікаўных сяброў” яго навуковы кіраўнік загадчык аддзела па зборы музейных матэрыялаў і экспазіцыйнай дзейнасці Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ганна Васільеўна Кузьміч.
— Нам захацелася прыдумаць нешта арыгінальнае для дзяцей 8—12 гадоў, бо ў гэтым узросце дзіця яшчэ не ўспрымае звычайную экскурсію як нешта цэлае і арганічнае, у музейнай зале яно як той “рассеянный с улицы Бассейной”. Музейная педагогіка, як вядома, развіваецца не адно дзесяцігоддзе, і ў нашай краіне, і за мяжой назапашаны вялікі вопыт. Таму ў новым праекце мы вырашылі акумуляваць самыя цікавыя распрацоўкі, дадаўшы ў іх, безумоўна, і сваё ноу-хау, — паведаміла Ганна Васільеўна.
Адным з такіх ноу-хау, своеасаблівым піскам музейнай моды стала стварэнне маладымі супрацоўнікамі гомельскага музея незвычайнага мультфільма, галоўныя героі якога, хлопчык і дзяўчынка, трапляючы падчас экскурсіі ў недарэчныя сітуацыі, вучацца правільным паводзінам у скарбніцы гісторыі. Ужо каторы месяц гэты мультфільм як своеасаблівы інструктаж абавязкова паказваецца кожнай групе юных наведвальнікаў.
Праект, канечне, не вырас на пустым месцы. Яго зерне было пасеяна ва ўрадлівую глебу, якую гомельскія музейшчыкі рупліва апрацоўваюць на працягу ўжо 95 гадоў (менавіта столькі сёлета спаўняецца музею Гомельскага палацава-паркавага ансамбля). Напрацоўкі, якія сталі асновай праекта “Вялікі музей для цікаўных сяброў”, ужо, канечне, былі. Гэта заняткі для навучэнцаў “Я намалюю ваш партрэт”, якія праводзяцца на працягу некалькіх гадоў у рамках яшчэ аднаго музейнага праекта “Класікі беларускага мастацтва”. Традыцыйныя заняткі новага праекта было вырашана паказваць у ліпені.

Усяго ў межах новага праекта “Вялікі музей для цікаўных сяброў” прадугледжана правядзенне штомесяц на працягу года дзесяці рознатэматычных заняткаў, якія дазволяць школьнікам здзейсніць вандроўкі па гістарычных эпохах, прачытаць старадаўнія рукапісы, адкапаць на тэрыторыі старасвецкага парку сапраўдны скарб, адчуць сябе сярэдневяковым рыцарам або дваранінам рамантычнага ХІХ стагоддзя, пакружыцца з дамай сэрца пад гукі вальса, а яшчэ навучыцца правільна паводзіць сябе ў музеі, а яшчэ даведацца, як раней апраналася шляхта, а яшчэ… Такіх “яшчэ” можна налічыць некалькі дзясяткаў.
Першая сустрэча з юнымі наведвальнікамі ў рамках праекта адбылася 28 лютага. Менавіта ў гэты дзень для навучэнцаў і педагогаў Гомеля была праведзена прэзентацыя “Вялікага музея для цікаўных сяброў” з выбарачным паказам найбольш захапляльных фрагментаў яго заняткаў.
— Прэзентацыя прайшла настолькі паспяхова, што чутка пра тое, што ў гомельскім палацы можна патрымаць у руках муляж рыцарскага мяча, паспрабаваць сябе ў ролі герояў старажытнагрэчаскіх міфаў хутка абляцела ўстановы адукацыі. Цікавасць да праекта выказалі яшчэ некалькі школ і гімназій горада, таму давядзецца праводзіць прэзентацыю яшчэ раз. А вось першыя паўнавартасныя заняткі “Адкуль у музей прыходзяць экспанаты і як яны там жывуць?” запланаваны на 26 сакавіка, — падзялілася кіраўнік праекта.

Пра што гэтыя заняткі, здагадацца няцяжка. Дзеці даведаюцца аб прызначэнні музея, аб рэчах, якія ў ім захоўваюцца. Экскурсаводы раскажуць, як гэтыя прадметы занялі ў экспазіцыі ганаровае месца і ці камфортна ім жывецца ў музеі. А вось у якой форме будуць праходзіць заняткі — гэта пакуль што сакрэт, але толькі для шырокага кола грамадства. Спецыяльна для чытачоў “Настаўніцкай газеты” мая суразмоўніца адкрыла некаторыя музейныя таямніцы. Напрыклад, спачатку дзецям будзе прапанавана скласці пазл (у прыватнасці, карціну Міканора Рыгоравіча Чарняцова “Від Тыфліса”), пасля па атрыманым малюнку адшукаць экспанат у адной з музейных залаў.
— Дарэчы, вельмі цікавая гісторыя карціны. Нашы супрацоўнікі набылі яе ў 60-я гады ў аднаго гамяльчаніна. Здавалася, карціна мае толькі мастацкую каштоўнасць і ніякіх адносін да Гомеля. Аднак пасля работы ў архівах мы высветлілі, што менавіта яе прывёз з Тыфліса ў 1837 годзе Іван Фёдаравіч і размясціў на адной са сцен свайго шыкоўнага палаца, — адзначыла Ганна Васільеўна.
Правядзенне кожных заняткаў у рамках праекта “Вялікі музей для цікаўных сяброў” запланавана на асобны месяц. Калі ў сакавіку дзеці будуць спазнаваць асаблівасці паступлення экспанатаў у музей, то ў красавіку ім будзе прапанавана захапляльная гульня кшталту квест-дэтэктыва “У гасцях у князя Разявакі”. Удзельнікі арыгінальнай экс-курсіі змогуць дапамагчы князю Разяваку знайсці любімую рэч, якую ён быццам бы згубіў у палацы. Заняткі будуць праходзіць прыкладна так: дзецям прапануюць адгадаць пэўныя музейныя загадкі (напрыклад, палічыць у залах экспазіцыі колькасць шабляў або па намаляваным на аркушы паперы сілуэце знайсці адпаведную скульптуру). Пры правільным адказе вучням даецца частка пісьма з перапіскі Івана Паскевіча з Мікалаем І. Пасля складання незвычайнага рэбуса гульня не заканчваецца. Дзецям яшчэ трэба прачытаць пісьмо, што зрабіць няпроста. Справа не ў тым, што яно напісана неразборлівым почыркам або на замежнай мове… Дапаможа люстэрка. Толькі калі паднесці да яго пісьмо, можна даведацца, што пісаў расійскі імператар аднаму з лепшых палкаводцаў свайго часу.

Праект “Вялікі музей для цікаўных сяброў” накіраваны не толькі на фарміраванне ў навучэнцаў цікавасці да экскурсій, але і на грамадзянска-патрыятычнае, а таксама эстэтычнае выхаванне. Гэта пацвярджаюць заняткі “Ветлівыя і пачцівыя дзеці”, правядзенне якіх запланавана на май.
— Падчас праграмы будзем знаёміць школьнікаў з правіламі этыкету, якім навучалі дзяцей у дваранскіх сем’ях у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гэтыя заняткі мы таксама будзем суправаджаць інтэрактывам. Так, у адной з залаў стаіць вялікі стол, за якім лёгка размесціцца цэлы клас і дзе можна адчуць сябе сынам двараніна, які прыйшоў на сямейны абед. А вось у калоннай зале разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі будзем развучваць элементы вальса знаёмстваў, з якога некалі пачынаўся кожны бал, — паведаміла Ганна Васільеўна.

Асобныя праграмы будуць праводзіцца і ў перыяд летніх канікул, калі шмат дзяцей адпачывае ў прышкольных летніках. Так, на чэрвень запланаваны пошук скарбаў. Легенда праграмы-гульні наступная: на тэрыторыі парку піраты быццам бы закапалі скарб. Каб яго адшукаць, неабходна сабраць карту. Аднак зрабіць гэта няпроста, бо піраты надзейна схавалі яе часткі і падрыхтавалі на шляху адважных скарбашукальнікаў вялікую колькасць пастак — загадак, галаваломак, крыжаванак. Падчас гульні-пошуку дзеці будуць знаёміцца не толькі з раслінным і жывёльным светам старасвецкага парку, але і наведаюць такія раздзелы экспазіцыі, як “Жывёльны свет Гомельшчыны” і “Загадкавыя фантазіі мора”.
— На ліпень прадугледжана правядзенне заняткаў па вывучэнні відаў мастацтва, яго жанраў “Я намалюю ваш партрэт”, а вось у жніўні мы адправімся ў “Падарожжа вакол свету”. Захапляльная вандроўка па экспазіцыі палаца віртуальна пазнаёміць дзяцей з рознымі краінамі, адкуль да нас трапілі экспанаты. Асабліва цікава павінна прайсці праграма “З жыцця алімпійскіх багоў”, запланаваная на верасень. Вы б толькі бачылі, з якім энтузіязмам на прэзентацыі праекта юныя экскурсанты пераўвасабляліся ў герояў старажытных міфаў! Да нас завіталі і Парыс, і Алена, і Траянскі конь. Усё гэтае незвычайнае тэатралізаванае дзейства адбывалася вакол скульптур, створаных на аснове старажытнагрэчаскай міфалогіі. Галоўным элементам дэкарацый стала мармуровая скульптура “Вяртанне Алены”, прадстаўленая ў адным з раздзелаў экспазіцыі, — паведаміла кіраўнік праекта.
У кастрычніку юных экскурсантаў чакае “Падарожжа на машыне часу”; у лістападзе — знаёмства са старадаўнім алфавітам і школьным жыццём мінулых эпох; у снежні — дэфіле па музейных залах у строях а-ля “паненкі”, “шляхцянкі”, “дваранкі”. Дзякуючы разнастайнай і насычанай праграме культурна-адукацыйнага праекта “Вялікі музей для цікаўных сяброў”, кожны месяц у наведвальнікаў гомельскага Палаца Румянцавых і Паскевічаў будзе асаблівы настрой, сугучны з назвай і тэматыкай заняткаў.

Вы яшчэ праводзіце традыцыйныя экскурсіі? На вашых музейных занятках вучні круцяцца, нібыта ўюны? Тады вам трэба абавязкова наведацца ў музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Яго супрацоўнікі не толькі правядуць цікавыя заняткі, але і падзеляцца метадычнымі распрацоўкамі, якія, калі іх правільна памножыць на вашу багатую фантазію як кіраўніка школьнага музея, дадуць у выніку арыгінальны і цікавы музейны прадукт — экскурсію, якая будзе ў радасць для любога навучэнца і любога педагога.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Паўла СІДАРЦОВА.