Аазіс на асфальце

Калі параўноўваць азеляненне школ у мегаполісах і ў невялічкіх населеных пунктах, то апошнія часта выйграюць. Пра гэта сведчаць і вынікі конкурсаў на самую зялёную школу, якія рэгулярна праводзяцца ў Беларусі. Але і на шумных сталічных вуліцах можна знайсці той куточак, дзе акунаешся ў воблака духмянай зеляніны і кветак, дзе вока нават не чапляецца за шэры асфальт і дзе так лёгка забыцца, што за агароджай школы няма бяскрайніх прастораў, і птушкам, якія знайшлі сабе прытулак сярод гэтага аазіса, там нават няма дзе прытуліцца. Так, гімназія № 1 імя Ф.Скарыны Мінска вядома не толькі сваімі таленавітымі навучэнцамі: традыцыйна яна ў лідарах і ў экалагічным руху. У прыватнасці, дызайнерскае афармленне прышкольнай тэрыторыі не раз было адзначана на экалагічных конкурсах па добраўпарадкаванні.

Наглядны дапаможнік ствараем самі

Пра тое, што трэба прывіваць дзіцяці любоў да прыроды, ніхто не будзе спрачацца. А вось як гэта зрабіць — для многіх школ, асабліва гарадскіх, задача няпростая. Рэдкія экскурсіі за горад не вельмі дапамогуць, бабулі і дзядулі сталічных навучэнцаў найчасцей жывуць таксама ў горадзе.
“У нас няма магчымасці праводзіць такія ўрокі, як геаграфія, біялогія, чалавек і свет, у лесе, на прыродзе. Хоць і ёсць побач парк Надзеі Грэкавай, Лошыцкі парк, там можна ўбачыць хіба толькі разнатраўе, — гаворыць настаўніца біялогіі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Мікалаеўна Макарэвіч.— Таму наша мэта не толькі азеляніць сваю тэрыторыю, якая, дарэчы, займае амаль чатыры гектары, але і падрыхтаваць базу для навучання”.
Каля гімназіі расце больш за 40 відаў дрэў і кустоў, ёсць усе групы мнагалетнікаў, больш за паўсотні відаў травяністых раслін. На батаніцы тут ёсць магчымасць расказаць і паказаць без гербарыя ўсё, што патрэбна ведаць дзецям па праграме, напрыклад, віды лісця традыцыйных для Беларусі дрэў, іх кветак і суквеццяў. Разнастайнасць раслін дзеці таксама вывучаюць не за партамі, а на тэрыторыі. У школьнай праграме ёсць практычныя работы, напрыклад, па прарошчванні насення. Педагогі гімназіі задачу пашыраюць: не толькі прарасціць, але і вырасціць, бо звычайна парасткі аказваюцца на сметніку. А калі дзіця не бачыць выніку сваёй работы, яму гэта нецікава. І дзеці са-дзяць расліны ў гаршчочкі, назіраюць на іх прыкладзе ўсе фазы росту, адкрыццё і закрыццё бутонаў у кветак, а потым высаджваюць расаду на прышкольную тэрыторыю. Дзякуючы практыкумам па чаранкаванні раслін, школьныя кабінеты і калідоры патанаюць у кветках.

“Вясёлка” на газоне

У афармленні ўчастка гімназіі таксама ёсць свае адметнасці. “У нас тэрыторыя першапачаткова была разбіта паміж класамі на асобныя ўчасткі, і кожны клас стараўся прапанаваць да рэалізацыі свае самыя цікавыя задумкі, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — З аднаго боку, гэта добра, з другога — не было адной тэндэнцыі ў азеляненні: адна клумба аказвалася занадта стракатай, на другой не ўдавалася падабраць асартымент раслін, таму пайшлі іншым шляхам. Разам з настаўніцай геаграфіі Надзеяй Міхайлаўнай Сямашка мы распрацавалі агульныя кірункі па азеляненні. У прыватнасці, адмовіліся ад традыцыйных клумб і аддалі перавагу дагледжанаму газону і прадуманым кампазіцыям, якія можна выкарыстоўваць на ўроках. Але мы не адышлі ад работы з класамі — кожнаму з іх давалася магчымасць па-свойму абыграць пэўную задумку, ідэю, каб не было разнабою”.
Дзякуючы гэтаму, пачынаючы з 2005 года гімназія штогод прымае ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Формула саду” і дабіваецца нядрэнных вынікаў. Напрыклад, два гады назад у рамках гэтага конкурсу была прапанавана вельмі цікавая намінацыя “Будучыня — гэта мы”. Гімназісты прадставілі на суд журы свой новы праект у намінацыі, які назвалі “Вясёлкай”. Ён стаў лепшым на гарадскім этапе і трэцім на рэспубліканскім. Каб яго стварыць, за алоўкі ўзяліся ўсе: навучэнцы, бацькі і педагогі. Так на паперы з’явіліся фантазійныя аб’екты: ад экзатычных клумб да фантанаў і сажалкі з рыбкамі. Частка эскізаў ужо ўвасобілася ў жыццё, на рэалізацыю астатніх яшчэ ёсць два гады.
Каб аб’яднаць усе дзіцячыя фантазіі, быў выбраны вобраз вясёлкі. Так на прышкольнай тэрыторыі з’явіліся сем кампазіцый, кожная з якіх мае пэўны колер вясёлкі: “Куток роднай прыроды” — сіні, “Кветкавая фантазія” — аранжавы, “Сонца мацярынскай любові” — жоўты, “Салют Перамогі” — зялёны, “Альпійская горка”— чырвоны, “Дарогай адкрыццяў” — фіялетавы і “Дворык казачных дзівосаў” — блакітны. Кожная з іх мае не толькі экалагічнае і эстэтычнае значэнне, яна выражае тэматычную ідэю, якая перадаецца падборам пэўнага асартыменту раслін, колеравай гамы і малюнка ў спалучэнні з выкарыстаннем дэкаратыўных матэрыялаў і малых архітэктурных форм. Яны сімвалізуюць вобразы, блізкія і зразумелыя кожнаму.
Напрыклад, дэндрарый, які, дарэчы, стаў лепшым у горадзе, распрацавалі выпускнікі гімназіі, сёння — спецыялісты па ландшафтным дызайне.Так на месцы двух велізарных кустоў бэзу і барбарысу з’явіўся “Куток роднай прыроды”, уваход у які абазначыла драўляная арка. Цяпер яна карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод выпускнікоў у якасці фону для фота: падчас апошняга званка гэтая кампазіцыя выглядае найбольш выйгрышна.
Сама па сабе гімназічная тэрыторыя ўжо адасоблена ад горада. Але каб надаць ёй яшчэ больш утульнасці, юныя эколагі разам са сваімі кіраўнікамі перамясціліся для творчасці ва ўнутраны дворык, дзе асабліва шумна на перапынках і пасля ўрокаў. Цяпер вынік гэтай творчасці можна ацаніць: драўляныя элементы надаюць дворыку адценне даўгавечнасці, гэтую ж ідэю падтрымліваюць петуніі, асцільбы, сальвіі, да самай восені дэкаратыўнасць кампазіцыі надаюць самшыты, хосты, а вечназялёныя ядловец, піхта, елка, туя і зімой упрыгожваюць пейзаж. Тут жа размясціўся “невычарпальны калодзеж ведаў” і гном з чароўным ліхтарыкам, які, па словах дзяцей, асвятляе шлях да ведаў кожнаму, хто прыходзіць у гімназію вучыцца. “Ствараючы такі куток для адпачынку ў мегаполісе, мы хацелі падтрымаць ідэю сталіцы як сонечнага горада, у якім утульна, чыста і шмат зеляніны, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Мы прытрымліваліся сучаснага гарадскога стылю, таму на тэрыторыі размясцілі і ўтульныя лаўкі, і малыя архітэктурныя формы, і кашпо з яркімі, духмянымі кветкамі — тое, па чым пазнаюць Мінск і што надае яго абліччу асаблівую непаўторную чароўнасць. Летам дзеці любяць пахадзіць тут басанож, асабліва малодшакласнікі: гэта ж як прыемна ступаць у спякоту па прахалоднай шаўковай траўцы. Зімой яны майструюць і вывешваюць кармушкі. Дарэчы, птушкі залятаюць сюды не толькі ў сталоўку — яны тут нават гняздуюцца. Напрыклад, на блакітнай елцы сарокі звілі гняздо, якое відаць з акна метадычнага кабінета і калідораў. Адсюль мы назіралі, як яны яго будавалі, як укладвалі галінкі, як адваёўвалі новабудоўлю ў іншых сарок. Цяпер у сямействе сарок чакаюць патомства. Чакае яго і ўся гімназія”.

Філіял Навагрудчыны пад вокнамі гімназіі

Каб надаць гімназічнай тэрыторыі асаблівы шарм, дзеці высаджвалі на ім дзікаросы. Ужо дзевяць гадоў яны выязджаюць на аздараўленне ў палатачныя лагеры на Навагрудчыну. І часта тыя, хто трапляе туды ўпершыню, проста ўражаны палянкамі з ветраніцай, пралескамі (праўда, для многіх дзяцей усе яны — падснежнікі), замілоўваюцца ландышамі, шыкоўнымі зараснікамі папараці “Страусавае пяро”. А каб мець магчымасць любавацца гэтымі раслінамі і ў Мінску, яны пакрысе прывозілі самыя прыгожыя, на іх погляд, расліны з сабой, высаджвалі каля гімназіі, а потым, калі кветкі занадта разрасталіся, рассаджвалі іх у лясах, парках. Напрыклад, ландышамі гімназісты ўпрыгожылі веладарожку на ўзбярэжжы Свіслачы.
І гэтая любоў да сціплых палявых, лясных кветак часта пераважае любоў да парадных цюльпанаў, гваздзікоў і руж. Але на тэрыторыі ўжываюцца самыя розныя кветкі.
“У нас шмат конкурсаў экалагічнай накіраванасці, і дзякуючы агульнай зацікаўленасці, мы часта ў іх перамагаем, а ў якасці прыза атрымліваем інвентар, насенне кветак і газоннай травы, кнігі па ландшафтным дызайне. Напрыклад, за перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе па энергазберажэнні ў якасці прыза нам замянілі ўсе вокны ў гімназіі на шклопакеты. Калі перамаглі на гарадскім этапе з праектам “Вясёлка”, “Зелянбуд” прэзентаваў цэлую калекцыю хваёвых — каля 30 дрэў і кустоў. Штогод папаўняюцца нашы калекцыі дзякуючы супрацоўніцтву з Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі, з біястанцыяй у пасёлку Зялёнае БДПУ імя Максіма Танка і аддзела сістэматыкі раслін Цэнтральнага батанічнага саду. У нас добрыя сувязі з Камітэтам прыродных рэсурсаў, “Зелянбудам”, насеннем і саджанцамі вельмі актыўна дапамагаюць бацькі — заўзятыя дачнікі.

Мяняем рыдлёўку на мікраскоп

Навучэнец 6 класа Жэня Арлоўскі захапляецца экалогіяй з 3 класа. Для яго гімназія стала другім домам. Яго маці таксама вучылася тут, а бабуля Вольга Якаўлеўна і сёння адна з вядучых філолагаў гімназіі. “Мне заўсёды падабалася працаваць на зямлі, — гаворыць ён. — Яшчэ да нядаўняга часу ў нашай сям’і была дача, дзе я змалку дапамагаў дарослым. Сёння часта наведваю сваякоў у вёсцы. Але, канечне, большую частку сваіх ідэй я магу ажыццявіць толькі ў гімназіі. Тым больш, што тут жадаючых скласці мне кампанію шмат. Праўда, не заўсёды бывае лёгка, але заўсёды цікава і захапляльна. Варта толькі пачаць”.
Яўген — хлопец вельмі цікаўны, і інтарэсы мае самыя розныя. У тым ліку і ў экалогіі. Неяк ён убачыў у продажы яркія каляровыя хрызантэмы і зацікавіўся, як дабіцца такога колеру і ці ўплывае гэта на даўгавечнасць кветак. Гэтая цікаўнасць перарасла ў навуковую работу па даследаванні ўплыву фарбавальнікаў на кветкі, з якой ён стаў прызёрам Міжнароднага конкурсу ў Маскве “Усерасійскія юнацкія чытанні імя У.І.Вярнадскага”.
“Пафарбаваць хрызантэмы вельмі проста, — расказвае Яўген, — дастаткова паставіць іх у ваду з дабаўленнем вадкіх фарбавальнікаў: геляў самых розных колераў, гуашы, ёду, зялёнкі і іншых. Такія ненатуральна яркія колеры, можа, каму і спадабаюцца, але кветкі хутка гінуць, бо пашкоджваюцца іх тканкі. Нават рукі ад фарбавальнікаў не адмываюцца. Так што я не раю тым, хто захоча падарыць сяброўцы ці маме кветкі, спыняцца на пафарбаваных. Ва ўсялякім выпадку гэта нявыгадна: выглядаюць незвычайна, але парадуюць вельмі мала”.
Навуковыя работы па даследаванні забруджвання глебы, вывучэнні кіслотных ападкаў і забруджвання снегу, прымяненні пакаёвых раслін у медыцыне — толькі частка работ, якія выканалі за апошні час навучэнцы гімназіі. “Даследаванне ўплыву антрапагеннага ўздзеяння на глебавых жывёл на прыкладзе дажджавога чарвяка” прынесла выхаванцы гімназіі Паліне Міхайлоўскай перамогу на рэспубліканскім конкурсе “Зямля — наш дом”.
“Мы маем добра аснашчаныя кабінеты біялогіі і хіміі, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — У прыватнасці, лабараторыя “Архімед” ці “HOVA 5000” мае вялікую колькасць датчыкаў, якія дазваляюць вымяраць не толькі тэмпературу цел, але і ступень асветленасці аб’екта, яго кіслотнасць (электронны pH-метр выдае звесткі вельмі дакладна). Убудаваны міні-камп’ютар сам будуе графікі, якія можна ўставіць у прэзентацыі, а лічбавыя мікраскопы даюць павелічэнне ў 200 разоў, што дазваляе значна пашырыць спектр даследаванняў”.
Адметнасць даследчай работы ў гімназіі ў тым, што яна праводзіцца ў сумесных групах: малодшыя школьнікі са старшакласнікамі. Так малодшыя хутчэй вучацца, і калі старшакласнік заканчвае гімназію, гэта не значыць, што спыняецца работа — яе будзе працягваць малодшы вучань. А каб зацікавіць дзіця экалогіяй увогуле, на думку кіраўніцтва, трэба пачынаць здалёк. Калі 6-7-гадовае дзіця хоча паспрабаваць “яблычак”, стоячы каля куста айвы, дазволіць без тлумачэнняў; з ахвотай успрымаць дзіцячы клопат пра “засохлае дрэва”, нягледзячы на тое, што залацістая лістоўніца адчувае сябе цудоўна; старшакласнікам разгарнуць сур’ёзныя даследаванні і даць малому зразумець, што без яго дапамогі як назіральніка не абысціся. І абавязкова гэтае дзіця захоча разгадаць яшчэ не адну прыродную загадку. А дзе шукаць адгадкі, у гэтай гімназіі ведаюць усе.

Святлана НІКІФАРАВА.