Яны малююць у цемры

Чалавек хутка-хутка вадзіў рукой, пакідаючы ў паветры ледзь уяўны светлавы след. Праяўляючы фотаздымкі, вядомы ў той час фатограф часопіса Life Гіём Мілі спрабаваў здагадацца, што за выявы пакінуў на іх мастак. Тады Гіёму гэта так і не ўдалося, а сёння фотаздымкі “Кентаўр” і “Жанчына” з’яўляюцца першымі ўсвядомленымі работамі ў тэхніцы фрызлайт. Іх аўтар не хто іншы, як Пабла Пікасо, у майстэрню якога і зазірнуў фатограф. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ідэя малявання святлом належыць не знакамітаму мастаку, а самому Гіёму. Эксперыментуючы ў фотаздымцы, ён прымацоўваў ліхтарыкі да бацінкаў канькабежцаў. У выніку атрымліваліся фантазійныя светлавыя лініі, якія тады называліся “spacedrawing” — касмічныя малюнкі.
Сёння гэты кірунак вядомы ў свеце пад некалькімі імёнамі. Самае распаўсюджанае з іх — фрызлайт, ад англійскага freezelight — “замарожанае святло”. Усё, што патрэбна для “чараўніцтва”, — цемра, крыніцы святла, фотаапарат і штатыў, а таксама крэатыўны настрой і жаданне стварыць нешта незвычайнае.
У галоўнай ролі — святло

Дарэчы, малюнкі святлом маюць сваю класіфікацыю. Лайт-дроўінг — гэта і ёсць тыя сюжэтныя малюнкі, якія ўпершыню прапанаваў Пабла Пікасо. Яны больш складаныя ў выкананні, чым, скажам, абстракцыі. Лайт-графіці вельмі блізкае да традыцыйнага майстэрства графіці і ўяўляе сабой не што іншае, як светлавыя надпісы. Цяпер яго аматарам не трэба хавацца з балончыкам фарбы, у іх распараджэнні паветра. Люмінаграфія адрозніваецца ад двух папярэдніх відаў тым, што ў гэтым выпадку мы рухаем не крыніцу святла, а саму фотакамеру. Лайт-пэйнтынгам называюць методыку асвятлення аб’ектаў з розных кропак. Пры доўгай вытрымцы атрымліваецца цікавае спалучэнне колераў і ценяў.
Увогуле, як сцвярджаюць прафесіяналы фрызлайту, гэтае мастацтва налічвае з дзясятак розных відаў, галоўную ролю ў якіх іграе святло. Менавіта яно асноўны аб’ект здымкі.
У Беларусі фрызлайт толькі пачынае набываць вядомасць і ў многім дзякуючы спецыялістам Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці, якія ўжо ў лістападзе падвядуць вынікі аднайменнага рэспубліканскага конкурсу. І калі ідэя прыйшлася вам даспадобы, да 30 кастрычніка вы яшчэ маеце магчымасць прыняць удзел у названым конкурсе.
Як асвоіць фрызлайт?
Як мы ўжо адзначалі, адным з галоўных патрабаванняў для стварэння фрызлайту з’яўляецца цемра. Значыць, здымкі патрэбна рабіць вечарам, ноччу ці ў дастаткова цёмным пакоі. Таксама неабходны фотаапарат, замацаваны на штатыве. Калі штатыва няма, можна ўстанавіць фотаапарат на любой нерухомай паверхні, напрыклад, стале ці падаконніку. У выпадку, калі паверхня не зусім роўная, можна звярнуцца да старога добрага спосабу — змясціць камеру на рассыпаныя крупы.
Вытрымка павінна быць пастаўлена на такое значэнне, пры якім вы паспееце намаляваць патрэбны вам узор, а значыць, не менш як на 5 — 8 секунд. Каб намаляваць лічбу ці літару, гэтага часу будзе дастаткова. Аднак калі вы задумалі стварыць нешта больш сур’ёзнае, то далучайце да работы сяброў. Толькі разам вы паспееце намаляваць у паветры тое, што задумалі.
Не апошнюю ролю адыгрывае дыяфраграма фотаапарата. Яна рэгулююе колькасць святла, якое падае на матрыцу. Значэнне дыяфрагмы будзе залежаць ад асветленасці памяшкання ці месца, дзе вы здымаеце. Зрабіце некалькі пробных здымкаў, каб выставіць правільнае значэнне.
Для стварэння фрызлайту вам, канечне, спатрэбіцца крыніца святла. Гэта можа быць што заўгодна, ад самага простага святлодыёднага ліхтарыка і запальнічкі да спецыяльных прыстасаванняў кшталту святлодыёдных жэзлаў.
Класічны святлодыёдны ліхтарык — адзін з самых танных інструментаў для малявання. Пры выкарыстанні ліхтарыкаў розных колераў можна дасягнуць вельмі эфектных выяў. Трэніравацца прыйдзецца шмат, аднак ва ўмелых руках такія ліхтарыкі пераўтвараюцца ў сапраўдныя светлавыя фламастары.
Святлодыёдныя жэзлы мае сэнс пашукаць у інтэрнэт-магазінах, якія гандлююць рознай дробяззю, і ліхтарыкамі ў прыватнасці. Жэзлы, дзякуючы сваёй шырыні, даюць магчымасць стварыць больш аб’ёмныя выявы. Незвычайны малюнак можна атрымаць, калі пракаціць па паверхні святлодыёдную свяцільню круглай формы або выкарыстаць гнуткую святлодыёдную стужку. Дарэчы, апошнюю спецыялісты прапануюць выкарыстоўваць як у вольнай форме, так і замацаваўшы яе на палцы.
У якасці крыніцы святла падыдзе і люмінесцэнтная лямпа, якую можна знайсці ў гаспадарчым магазіне, а таксама звычайная лямпа напальвання.

Замарожанае святло і ўрокі працы

У фрызлайце ёсць два асноўныя метады стварэння малюнка: статычны і дынамічны. Пры статычным фрызлайце падсвечваюцца нерухомыя аб’екты. Пры дынамічным — малюнак ствараецца ў выніку руху крыніцы святла.
Чалавек не з’яўляецца крыніцай святла, а таму яго выява не застаецца ў кадры. Надзеньце чорнае ці проста цёмнае адзенне і можаце спакойна працаваць у кадры. Для таго каб чалавек застаўся ў кадры, патрэбна падсвяціць яго ліхтарыкам або проста выкарыстаць успышку. Ну і, канечне, у момант здымкі лепш заставацца нерухомым.
Іншым разам фрызлайтарам хочацца атрымаць малюнак, які на 100 працэнтаў перадаваў бы пэўныя графічныя элементы, шрыфты і г.д. Напрыклад, вам хочацца дабавіць на здымак лагатып вашай фрызлайт-каманды. Тут не абысціся без трафарэта. Можна, канечне, зрабіць эскіз трафарэта ў лічбавым выглядзе, а потым выкарыстаць фотапрынтар і фатапаперу. Аднак ёсць і больш простыя шляхі. Варта толькі ўспомніць школьныя ўрокі працы. Бяром чорны кардон, наносім на яго малюнак і выразаем з дапамогай канцылярскага нажа. Выразаную частку можна заклеіць белай ці каляровай паперай. Цяпер нам спатрэбіцца софтбокс — насадка на ўспышку, якая дапамагае стварыць мяккае рассеянае асвятленне. Прымацоўваеце трафарэт на софтбокс. Софтбокс устаўляеце ва ўспышку. Трафарэт гатовы для работы.
Але наўрад ці ў кожнага з юных фрызлайтараў знойдзецца пад рукой софтбокс. Таму адпраўляемся на пошукі каробкі з-пад абутку, у якой выразаем рамку для трафарэта і адтуліну для ўспышкі. Складаней, калі ў вас няма ўспышкі. Замяніць яе амаль немагчыма.
Многіх з пачынаючых фрызлайтараў хвалюе пытанне: як навучыцца “бачыць” лініі? Дастаткова складана, трымаючы малюнак у галаве, правільна размясціць яго ў прасторы. І тут да нашых паслуг зноў парады больш вопытных мастакоў. Калі вам даводзілася доўга знаходзіцца ў цёмным памяшканні, то вы заўважалі, як вочы прывыкаюць да цемры. Любая крыніца святла пакідае перад вамі імгненна знікаючую лінію. Але чым даўжэй вы ў цемры, тым павольней знікае лінія. Прафесіяналы фрызлайту іншым разам па некалькі гадзін не выходзяць з цёмнага памяшкання. Менавіта дзякуючы гэтаму, а таксама пастаянным практыкаванням, яны дасягаюць больш высокага “бачання” і каардынацыі. З кожным разам іх малюнкі становяцца больш дасканалымі.

Эксперыментуйце!

Спяшайцеся тварыць, бо ў кожнага з мастакоў фрызлайту сёння ёсць унікальная магчымасць трапіць у лік аўтараў, выстава якіх будзе арганізавана ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці.
“Для таго каб зацікавіць як мага большую аўдыторыю, мы пазнаёмілі патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу з умовамі яго правядзення яшчэ летам, — адзначае намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Шымбіцкая. — І сёння да нас актыўна паступаюць фотаработы. На цяперашні момант іх не менш за 500. Аднак нам хочацца, каб гэты творчы марафон закрануў максімальную колькасць юных аматараў фотамастацтва.
Падобны конкурс праводзіцца ў Беларусі ўпершыню, а таму ў рэгіёнах не ўсе ведалі пра існаванне такога кірунку. Ідучы насустрач кожнаму запыту, загадчык лабараторыі РЦТТ Канстанцін Яўгенавіч Нетылёў правёў шэраг майстар-класаў па фрызлайце. Канечне, гэта падштурхнула многіх да пошукаў дадатковай інфармацыі і ўласных творчых эксперыментаў.
Фрызлайт — з’ява не новая для Заходняй Еўропы. Нам хочацца, каб такую ж папулярнасць яна набыла і ў Беларусі. Выставы выхаванцаў сістэмы тэхнічнай творчасці мы робім не толькі ў сваім цэнтры, але і на шырока вядомых пляцоўках рэспубліканскага значэння, такіх як Міжнародны адукацыйны цэнтр імя Іаханэса Раў, БелЭкспа ў рамках выставы-кірмашу “Нашым дзецям” і інш. Гэта значыць, што з лепшымі работамі пазнаёміцца вялікая колькасць людзей.
Ужо сёння можна сказаць, што на конкурс дасылаюць як “пробы пяра”, так і работы дастаткова высокага ўзроўню.
Разам з фрызлайтам мы актыўна развіваем такі кірунак фотамастацтва, як стэрэа- або 3D-здымка. Ужо стварылі невялікую выставу, на якой экспануюцца ўсяго дзесяць работ. Аднак яна прыцягвае вялікую ўвагу нашых наведвальнікаў. Думаецца, наступным крокам будзе арганізацыя конкурсу стэрэаздымкаў”.
Калі вы ловіце сябе на думцы аб тым, што пастаянна ўглядаецеся ў цемру вуліц, прымяраючыся да іх кампазіцыі і ўяўляючы яркасць малюнка, — вы фрызлайтар. Малюйце, фатаграфуйце, эксперыментуйце!

Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.