У Германію — па эмоцыі

Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Такога меркавання прытрымліваюцца педагогі сярэдняй школы № 20 Брэста і Вальдорфскай школы нямецкага горада Равенсбурга. На працягу апошніх гадоў яны наладзілі абмен сваімі вучнямі. Цяпер у іх ёсць магчымасць акунуцца ў атмасферу, якая кардынальна адрозніваецца ад іх прывычнай.
Першыя крокі насустрач

Партнёрства Брэста і Равенсбурга існуе ўжо больш за дваццаць гадоў. Гарадскія саветы гарадоў Брэста, Равенсбурга, Вайнгартэна і суполак Байнт, Баенфурт і Берг наладзілі партнёрскія сувязі яшчэ ў 1989 годзе. Сярэдняя школа № 20 далучылася да гэтага супрацоўніцтва ў 2001 годзе. У школе прымалі афіцыйную дэлегацыю Сярэдняй Шусенталі, дэлегацыю вучняў школы горада Баенфурта, акардэонны аркестр Равенсбурга, пачала завязвацца перапіска паміж вучнямі школы і нямецкімі сем’ямі, некаторыя педагогі і вучні ездзілі ў госці да сваіх нямецкіх сяброў. Пачынаючы з 2005 года яны прадстаўлялі Брэст на ўсіх міжнародных маладзёжных канферэнцыях, якія праводзіліся ў Равенсбургу раз у два гады. У 2009 годзе Святлана Мікалаеўна Шлома, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніца нямецкай мовы, чарговы раз прывезла разам з калегамі сваіх вучняў на гэтую канферэнцыю. На той момант яна шукала ў Равенсбургу школу-партнёра, што дазволіла б навучэнцам больш даведацца пра мову, якая выкладаецца ў іх школе на вельмі высокім узроўні, гісторыю, звычаі Германіі, развіваць і адкрываць у сабе творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, аб’яднаць вучняў для рэалізацыі іх уласных праектаў. І там яна пазнаёмілася з педагогамі Вальдорфскай школы, якая таксама прадстаўляла свае праекты.
Гэта адзіная школа ў горадзе, дзе вывучаецца руская мова (другая абавязковая для вывучэння мова ў іх — англійская). І педагогі, і вучні выказалі жаданне абменьвацца вучнямі. Так, у красавіку 2010 года 29 школьнікаў і 3 педагогі з Равенсбурга ўпершыню прыехалі ў нашу краіну. З таго часу штогод у красавіку школа сустракае гасцей з Равенсбурга, а ў верасні ў Германію адпраўляецца дэлегацыя з Беларусі. За гэты час 120 вучняў і 9 настаўнікаў англійскай мовы і рытмікі брэсцкай школы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з унікальнай Вальдорфскай школай.

Лавіна новых эмоцый

Гэта прыватная альтэрнатыўная ўстанова сістэмы адукацыі Германіі, у якой вучэбны працэс будуецца на асновах антрапасофіі — духоўнай навукі, якую заснаваў нямецкі філосаф і мысліцель Рудольф Штайнер. Таму кожны дзень, кожная гадзіна навучання ў гэтай установе для брэсцкіх школьнікаў — гэта лавіна новых эмоцый. Навучанне ў школе пабудавана так, што развіваюцца ўсе грані натуры дзіцяці: душа, інтэлект і цела. Выкладанне вядзецца ўвогуле без падручнікаў, на другі год тут не застаюцца, на ўроках адзнак не ставяць. Ацэньваюцца толькі выпускныя экзамены пасля 13 класа. Нават традыцыйныя для нас урокі вядуцца з іншым ухілам. Напрыклад, на ўроках працы дзеці займаюцца разьбой па дрэве, лепяць з гліны, высякаюць з каменя, куюць з медзі. Вельмі прафесійна праходзяць урокі музыкі, бо кожны вучань з 1 класа сур’ёзна займаецца вакалам. Асабліва спадабалася дзецям эўрытмія — майстэрства мастацкіх рухаў, якія спалучаюць у сабе гармонію і пластыку танца з пантамімай, музыкай і паэтычным маўленнем. Беларускія навучэнцы на гэтых занятках таксама паспрабавалі зняць напружанне, выправіць асанку, развіць пластычнасць цела, павучыліся разумець і адчуваць праз рухі іншых дзяцей.
Акрамя таго, брэстчане жывуць у нямецкіх сем’ях, разам з імі падарожнічаюць па нямецкіх гарадах, прымаюць удзел у спартыўных мерапрыемствах. “Самай цікавай сумеснай справай і беларускія, і нямецкія вучні лічаць творчыя майстэрні, — гаворыць Святлана Мікалаеўна. — Яны разам ставяць спектаклі на нямецкай і рускай мовах, танцуюць, майструюць, рыхтуюць цыркавыя нумары. Нават двух тыдняў хапае ім, каб навучыцца жангліраваць, падрыхтаваць акрабатычныя нумары на двухметровых шарах, ствараць піраміды з дзесяці і нават дванаццаці чалавек і авалодаць сакрэтамі фокуснікаў. Усё гэта яны паказваюць педагогам і бацькам на развітальным вечары. Традыцыйна цікавым выдаецца знаходжанне ў маладзёжным лагеры ў Альпах, куды дзеці ездзяць на тры дні. Там яны ходзяць у паходы, многа малююць, дыскутуюць, гуляюць у футбол і настольны тэніс, а вечарамі традыцыйна збіраюцца каля кастра і спяваюць песні на рускай, беларускай і нямецкай мовах”.

Мовазнаўства ў гульнявым стылі

Два тыдні ў Брэсце для нямецкіх школьнікаў таксама насычаныя. Ім цікава ўсё: быт, вучоба, вольны час нашай моладзі, нашы каштоўнасці. Традыцыйна для іх педагогі і дзеці праводзяць фестываль дзіцячай творчасці, спартыўныя спаборніцтвы, ёсць магчымасць павучыцца ў школе. Але галоўная мэта для нямецкага боку — гэта лінгвістычны аспект, бо магчымасцей удасканаліць сваю рускую мову на радзіме ў іх, бадай, больш няма.
Асаблівай папулярнасцю ў гасцей карыстаюцца лінгвістычныя гульні. У мінулым годзе чацвёрты раз яны аб’ядналі шэсцьдзясят чалавек. У першым лінгвістычна-інтэлектуальным спаборніцтве “Што? Дзе? Калі?” сышліся дзесяць каманд (па тры беларускія і тры нямецкія школьнікі), каб паспаборнічаць у веданні гісторыі, геаграфіі і культуры дзвюх краін. Наступны этап — школьны. Пытанні фармулююцца па-нямецку, адказы дзеці пішуць па-нямецку і па-руску. Сэнс у тым, што нямецкія школьнікі перакладаюць пытанні на рускую мову, а нашы дзеці адказваюць на нямецкай мове. Напрыклад, адным з заданняў было знайсці ў школьным музеі “Спадчына Беларусі” на дыване, які ўяўляе сабой карту Рэспублікі Беларусь, гарады Барысаў, Магілёў, Слуцк і вымераць адлегласці ад іх да Мінска. Наступны этап — гульня па станцыях. Для кожнай каманды распрацоўваецца маршрут і выдаецца маршрутны ліст. Балы набіраюцца за заданні па лексіцы, граматыцы і краіназнаўстве.
Цікава праходзіць і гульня-спаборніцтва на знаёмства з Брэстам: нямецкім школьнікам неабходна знайсці ў горадзе канкрэтныя аб’екты, якія з’яўляюцца славутасцямі горада. Акрамя таго, трэба ўгаварыць жыхара горада пэўнага ўзросту (а якога — указана ў заданні) сфатаграфавацца з ім і атрымаць яго аўтограф. Ці ўдасца з гэтым справіцца, залежыць выключна ад іх ведання рускай мовы.

Перамога з кнігай пад пахай

Дзякуючы супрацоўніцтву з Равенсбургам, у 2009 годзе ў школе была адноўлена работа Клуба інтэрнацыянальнай дружбы. Такі вопыт быў у школы ў 70 — 80-х гадах. Пасяджэнні клуба праходзяць кожны месяц, звычайна ў зале замежнай літаратуры ў абласной бібліятэцы. Яго ўдзельнікі вядуць перапіску з равеснікамі з Германіі, сустракаюцца з прадстаўнікамі хору “Вяснянка” Брэсцкага электралямпавага завода, які больш за 15 гадоў супрацоўнічае з хорам Равенсбурга і іншымі дэлегацыямі гэтага нямецкага горада.
У рамках работы КІДа праводзяцца конкурсы, гульні, алімпіяды на выяўленне лепшых знатакоў нямецкай мовы. У мінулым годзе Пасольства ФРГ сумесна з Інстытутам імя Гётэ Мінска зрабіла школе № 20, як адной з самых актыўных устаноў Брэста, разам са школай № 7 і абласной бібліятэкай па папулярызацыі нямецкай мовы падарунак — сто кніг для дзяцей і дарослых коштам 600 еўра. Зараз школа № 20 рэалізуе праект “Чытаем. Ведаем з задавальненнем”. Яго сутнасць у тым, што пасля прачытання кожнай кнігі прама ў кабінеце нямецкай мовы праводзіцца віртуальная віктарына, якую ініцыяваў Інстытут імя Гётэ ў Мінску. Кожны вучань, не адыходзячы ад камп’ютара, за высокі рэзультат атрымлівае дыплом, якім узнагароджваюць супрацоўнікі інстытута па выніках віктарыны (раздрукоўваецца тут жа на прынтары), і адзін з прызоў, якія чакаюць пераможцаў у шафе настаўнікаў. Гэта можа быць паштоўка, бранзалет, сувенір, ліхтарык, а за набраную максімальную колькасць 20 балаў — флэш-карта. А яшчэ ў рамках праекта да школьнікаў на творчую сустрэчу прызджаюць аўтары падораных кніг, напрыклад, не так даўно тут быў Леа Тома.

Вынік зносін — навуковая работа

Наведванне іншай краіны адкрывае новыя гарызонты ў зносінах, пашырае кругагляд дзяцей, адкрывае доступ да нязведаных бакоў жыцця іншага народа, спрыяе ўзаемаразуменню моладзі розных краін. У ходзе ўзаемаадносін, напрыклад, стала вядома, што каштоўнасці ў моладзі адрозніваюцца. Напрыклад, для беларускіх падлеткаў вядучую пазіцыю займаюць сям’я, дружба, каханне, а ў нямецкіх — яны ідуць пасля такой каштоўнаснай арыентацыі, як сацыяльная актыўнасць у грамадстве, пра што беларусы нават не ўпамінаюць. Вынікі апытання выліліся ў навуковую работу “Каштоўнасныя арыентацыі беларускіх і нямецкіх падлеткаў”, якая была адзначана на Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў. У сваіх работах нашы вучні даследуюць і стаўленне да школьнай формы, невербальную камунікацыю падлеткаў, лінгвістычныя аспекты, скажам, “Роля запазычанняў з англійскай мовы ў нямецкай”.
“Акрамя таго, мы вучымся ў нямецкіх калег надзяляць сваіх выхаванцаў большай самастойнасцю, давяраць ім важныя справы, — гаворыць Святлана Мікалаеўна. — Хаця ў Германіі гэта адчуваецца значна больш. Напрыклад, калі вучань не паспеў падрыхтаваць нумар самадзейнасці, нямецкі педагог, які, дарэчы, адзін вядзе ў дзяцей навучанне на працягу ўсіх школьных гадоў, можа сказаць: “Вельмі шкада, што ты не апраўдаў мой давер. Таму на гэтым сёння развітаемся”. І ўвесь зал разыходзіцца. У нас такую пазіцыю настаўніка ўявіць цяжка, і адносіцца да яе мы можам па-рознаму. Вальдорфскіх школ у Беларусі няма, і шырока выкарыстоўваць яе традыцыі мы не маем права. Бадай, адзінае, што мы перанялі, гэта элементы музыкі на ўроках нямецкай мовы. Калі дзеці спяваюць (дарэчы, усе песні звязаны з тэмай урока), ім лягчэй засвоіць лексіку, і гэта дадатковая трэніроўка фанетыкі. Але ў плане пашырэння кругагляду і дружба, і зносіны з калектывам Вальдорфскай школы для нас не маюць цаны”.

Святлана НІКІФАРАВА.