Як жывецца сучаснаму настаўніку ў стагоддзе інфармацыйнага выбуху? Як не толькі паспяваць за сваімі вучнямі, а быць на адзін крок наперадзе іх? Сакрэт нам раскрываюць педагогі сярэдняй школы № 3 Мёраў Галіна Аляксандраўна Урбановіч і Таццяна Георгіеўна Крук, якія разам са сваімі вучнямі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных праектаў, ініцыіраваных міжнароднай адукацыйнай сеткай iEARN. Дзякуючы гэтай рабоце, у Мёрах не толькі знаёмяцца з гісторыяй, культурай і традыцыямі розных краін, але і прэзентуюць свой унікальны край, уносяць у шматлікія праекты “іскрынку”, а калі дакладней, то журавінку.
З вопытам работы гэтай школы нашы чытачы ўжо мелі магчымасць коратка азнаёміцца ў адным з ліпеньскіх нумароў “Настаўніцкай газеты”, аднак актыўная педагагічная пазіцыя і ўменне прадставіць сябе на прасторах інтэрнэту прымусілі нас зноў звярнуцца менавіта да гэтай навучальнай установы. Магчыма, яе ініцыятывы стануць зыходнай кропкай і для многіх вашых пачынанняў.
Па словах Галіны Аляксандраўны, сёння ўсё больш беларускіх настаўнікаў замежнай мовы звяртаюць увагу на адукацыйны рэсурс iEARN. Ён унікальны тым, што аб’ядноўвае людзей самых розных краін вакол зразумелых усім чалавечых каштоўнасцей, дае магчымасць агульнымі намаганнямі вырашаць складаныя праблемы.
У 2005 годзе ў школе з’явіўся клуб англійскай мовы Smile, члены якога супрацоўнічаюць з Пасольствам ЗША ў Беларусі па праграме FutureLeaders, прымаюць удзел у Міжнароднай канферэнцыі “Беларуская мадэль ААН” Беларускай асацыяцыі клубаў “ЮНЕСКА” і ў шматлікіх міжнародных конкурсах. Пасля рэгістрацыі ў iEARN у клубе нарадзілася 6 праектаў, кожны з якіх мае сваю адметнасць.
“Адным з іх стаў Folkcostumes around the globe (“Нацыянальныя касцюмы краін свету”), — адзначае Галіна Аляксандраўна. — Яго каардынатар, педагог з Румыніі, настолькі зацікавілася нашай работай, што фотаздымак мёрскіх школьнікаў у нацыянальных касцюмах па яе прапанове стаў галоўнай ілюстрацыяй гэтага міжнароднага праекта. Справа ў тым, што мы прадставілі не толькі самі касцюмы, нам удалося сфатаграваць і зняць на відэа беларускую традыцыю калядавання, з каляднай Казой і іншымі атрыбутамі”.
Together with birds (“Разам з птушкамі”) — такую назву мае адзін з экалагічных праектаў, якім зацікавіліся школьнікі Мёраў. Яго ўдзельнікі назіралі за птушкамі, даведваліся пра іх жыццё і праблемы, а потым абменьваліся адно з адным інфармацыяй і ўражаннямі. Шматлікія фотаздымкі і эсэ аб’ядналі юных арнітолагаў розных краін. Цяпер навучэнцы 3-й школы плануюць уключыць у наступны праект Together with birds інфармацыю пра знакаміты мёрскі фестываль “Журавы і журавіны”.
“Фестываль праводзіцца толькі ў нашым раёне і ўключае ў сябе тэматычныя гульні, конкурс “Міс журавінка”, выраб сувеніраў, — расказвае Таццяна Георгіеўна. — Ён збірае шмат аднадумцаў і проста людзей, улюбёных у свой край. Мы нават правялі асобны, прысвечаны яму ўрок. Думаецца, ён будзе цікавы нашым сябрам з замежжа”.
А вось удзел у Міжнародным праекце My Name Project (“Маё імя”) вырас пад кіраўніцтвам педагогаў у цэлую навукова-даследчую работу. У першапачатковым варыянце гэта быў абмен буклетамі, у якіх дзеці расказвалі пра свае імёны. З 2008 года для абмену выкарыстоўваюцца вэб-інструменты. Мёрскія школьнікі ўзялі за аснову навукова-даследчай работы ўласныя імёны: Юлія, Уладзіслаў, Мікіта, Ганна, Дзіяна — яны значна пашырылі праект і перавялі яго на новы ўзровень.
Унікальная гісторыя жыццёвага лёсу лягла ў аснову праекта Family History Project (“Гісторыя маёй сям’і”), аўтарам якой з’яўляецца навучэнец школы Аляксандр Пацеенак. Вялікая Айчынная вайна падкінула нямала выпрабаванняў яго дзядулі і бабулі, але яны засталіся вернымі сабе і ўжо шмат гадоў уласным прыкладам выхоўваюць унукаў.
Не па чутках знаёмы юныя жыхары Мёраў з экалагічнымі праектамі ENO, а таксама з праектам My school — your school (“Мая школа — твая школа”), у якім падлеткі прэзентуюць сваю школу бадай што ўсяму свету. Педагогі падкрэсліваюць: іх школа і ў гэтым плане незвычайная. У ёй знаходзіцца ўнікальны музей, старажытнай кнігі і друку аналагаў якому няма на прасторах СНД. Трэба сказаць, што Галіна Аляксандраўна яшчэ і актыўны блогер. Усю інфармацыю пра міжнародныя праекты і свой уклад у іх яна размяшчае ў блогу bloghalina.blogspot.com, які за год мае больш як тысячу праглядаў.
“Пасля таго як праекты выстаўлены ў сетцы iEARN, педагогі і дзеці маюць магчымасць абмяркоўваць іх на форуме, — адзначае Г.А.Урбановіч. — Гэта вельмі ўзбагачае. Акрамя таго, ты атрымліваеш зваротную сувязь і можаш ацаніць сваю работу ў кантэксце іншых. Не так даўно мы прынялі ўдзел яшчэ ў адным цікавым праекце — Vision (“Бачанне”). Дзеці з розных куткоў зямлі пісалі сачыненні, мэтай якіх было паказаць думкі і погляды маладога пакалення незалежна ад культурных і расавых адрозненняў на тое, што іх акаляе. Усяго мы атрымалі 6 дыпломаў, яшчэ два сачыненні Кацярыны Кавалеўскай і Алены Карандзей былі накіраваны на суд журы ў Вялікабрытанію, дзе атрымалі самую высокую ацэнку і спецыяльныя дыпломы”.
Ужо некалькі гадоў доўжыцца супрацоўніцтва мёрскай школы № 3 з Пасольствам ЗША ў Беларусі. А пачалося яно з удзелу тады яшчэ школьніцы Кацярыны Багалей у першым паэтычным конкурсе English language poetry slam — 2008. Дарэчы, “slam” — гэта спаборніцтва ва ўменні не толькі пісаць вершы, але і чытаць іх са сцэны, данесці да гледача свае эмоцыі і пачуцці. Два вершы, напісаныя Кацярынай на англійскай мове, увайшлі ў дзясятку фіналістаў. У выніку дзяўчына заняла ганаровае шостае месца. Адным з самых цікавых момантаў конкурсу стаў майстар-клас ад амерыканскага паэта Мэцью Мэйсана. Таксама Кацярына стала дыпламантам джазавага конкурсу JazzSlam — 2009, дзе выканала песні ўласнага сачынення. Цікава, што годам пазней школьнікі з Мёраў былі запрошаны на майстар-клас знакамітага амерыканскага паэта Марка Сміта, заснавальніка кірунку slam у паэзіі. Магчыма, такое цеснае супрацоўніцтва і натхніла членаў клуба Smile на стварэнне відэафільма для конкурсу How we learn English, які праводзіла Пасольства ЗША ў Беларусі. Урэшце фільм увайшоў у пяцёрку лепшых з 58 прадстаўленых відэафільмаў.
Вынік супрацоўніцтва аказаўся нечаканым як для дзяцей, так і для педагогаў. Яны атрымалі грант ад Пасольства ЗША ў выглядзе вучэбна-метадычнай літаратуры, слоўнікаў-даведнікаў і сучаснага аўдыяцэнтра.
Глыбей зразумець універсальнасць чалавечых праблем, якія па сутнасці амаль што аднолькавыя для людзей усяго свету, дапамагае навучэнцам і ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі “Беларуская мадэль ААН”. Як застацца абыякавым да краіны, калі ты прэзентуеш яе перад усім светам. Думаецца, такія назвы, як Казахстан, Зімбабве, Германія і Саудаўская Аравія, цяпер для мёрскіх школьнікаў не проста словы.
Чым само па сабе з’яўляецца веданне замежных моў? Інструментам для спасціжэння жыцця людзей розных краін свету. Не памыляюцца педагогі 3-й школы, калі сцвярджаюць, што сучаснае выхаванне і сучасная адукацыя ўжо немагчымы без паняцця “way out” — выхад за рамкі. Адкрыць для сябе ўвесь свет і адкрыць сябе ўсяму свету — такая задача ў настаўніка інфармацыйнага стагоддзя, а таму сапраўды ўвесь час патрэбна быць на адзін крок наперадзе. Сёлета міжнародны інфармацыйны рэсурс iEARN зноў прапануе ўдзел у шматлікіх праектах (www.iearn.org/iear-project-book). Далучайцеся!