Віцебскі клуб AGNI show, які дзейнічае пры Абласным палацы дзяцей і моладзі, — адзін з самых буйных у краіне, найстарэйшых і аўтарытэтных прадстаўнікоў “вогненнай” субкультуры. Яго сімвал — крылаты агонь у вогненным крузе. Заснавальнікам, ідэйным натхняльнікам і нязменным лідарам каманды на працягу больш чым сямі гадоў з’яўляецца Васіль Кузняцоў. Назва і лагатып падкрэсліваюць стваральны пачатак. Агонь у некаторых індыйскіх рэлігіях лічыцца захавальнікам сямейнага ачага, абаронцам сям’і. Ці варта здзіўляцца, што атмасфера ў клубе пануе сяброўская, па-сямейнаму камфортная? Нават тое, што зараз аб’яднанне ўзначальвае нявеста нашага героя, здаецца заканамерным супадзеннем…
— Добра, калі сям’я разумее і падтрымлівае, — адзначае Васіль. — З Ірынай Ціханавай я пазнаёміўся, калі яна была яшчэ ў гомельскай камандзе. Зараз мы займаемся фаер-шоу разам.
Яркае і гіпнатычнае шоу з агнём сучаснікамі не ўспрымаецца ў якасці экзатычнага абраду з далёкага ціхаакіянскага ўзбярэжжа — для нас гэта частка забаўляльнай індустрыі, прэстыжны і папулярны элемент свята. А яго стваральнікі ўяўляюць сабой спецыфічную субкультуру са сваімі традыцыямі, прафесійным жаргонам, своеасаблівым фальклорам.
Асаблівасці… прафесійнай дэфармацыі
“Ты фаершчык, калі: у супермаркеце не можаш не падысці да кутка “ўсё для грылю”, а ходзячы каля гандлёвых паліц і вітрын, рэфлекторна адзначаеш, што з убачанага можа гарэць або што можна круціць; нярэдка ходзіш з чорнымі рукамі, пільна сочыш за змяненнямі цэн на аўтазапраўках, але зусім не абавязкова працуеш аўтаслесарам ці водзіш аўтамабіль; разбіраешся ў тэрмаізаляцыйных матэрыялах лепш за дыпламаванага спецыяліста; дасканала валодаеш макрамэ і адначасова ўмееш вязаць, шыць, маляваць, каваць, варыць, рэзаць трубы (пералік далёка не поўны); у дзяцінстве ў тэатр, цырк трапляў даволі рэдка, а зараз ведаеш пра іх столькі, нібы там нарадзіўся; твае рукі мацнейшыя, чым у сярэднестатыстычнага каратыста, пры тым што да прафесійнага спорту дачынення не маеш; рэгулярна заходзіш у будаўнічыя, рыбалоўныя, гаспадарчыя магазіны, хаця ні лавіць рыбу, ні будаваць не збіраешся; у піратэхнічным аддзеле інтрыгуеш прадаўцоў, купляючы толькі пірафантаны і заўсёды ў цотнай колькасці, а надпіс “вееры” ў сувенірным аддзеле выклікае ў цябе шчырае здзіўленне…” (З папулярных характарыстык удзельнікаў фаер-клуба.) Не магу сказаць, што ў прыведзеных жартах ёсць доля ісціны, таму што практычна кожны з іх чыстая праўда. Прафесійныя інтарэсы і працоўныя абавязкі ў віцебскіх фаершчыкаў розныя, але захапленне вогненным мастацтвам накладае спецыфічны адбітак, і не толькі ў тым, што тычыцца агульных характарыстык субкультуры.
— Маем падставы канстатаваць прафесійную дэфармацыю, — не хавае ўсмешкі Васіль Кузняцоў. — А сур’ёзна, яна сапраўды выяўляецца ў светапоглядзе, паводзінах, нават у лексіцы. Гаворачы пра кінестэтыку: дайце ў рукі парасон любому чалавеку, які займаецца стафамі, і пакіньце сам-насам. Праз хвіліну-другую ён ужо будзе жангліраваць, перакатваць, падкідваць. Трапяцца замест парасона ключы на ланцужку — пачне трэніраваць вертыкальныя, ніжнія, гарызантальныя і бакавыя стопікі. У побыце мне, напрыклад, значна прасцей завярнуць руку за спіну, вывернуць кісць на 360 градусаў і ўзяць які-небудзь прадмет, чым павярнуцца і ўзяць яго правай рукой. У фаершчыка-праўшы левая рука не тое каб поўнасцю, але працэнтаў на 85 выконвае функцыі правай, адпаведна больш развіваецца правае паўшар’е галаўнога мозга. Дарэчы, фаершчыкаў са стажам незалежна ад прафесіі і дыплома аб атрыманні адукацыі звычайна адрозніваюць даволі высокі інтэлект і добрая эрудыцыя. Сярод нас ёсць медыкі і студэнты-псіхолагі, яны заняліся навуковым пошукам, даследаваннямі — вынікі цікавыя і ў прынцыпе супадаюць з маімі ўласнымі назіраннямі. Напрыклад, даўно прасочана функцыянальнае адзінства паміж маўленчай (прычым не толькі яе маторным кампанентам) і рухальнай сістэмамі арганізма. Ва ўдзельніка фаер-шоу пры выкананні складаных элементаў маўленне часам літаральна “выпадае” — адпаведныя цэнтры галаўнога мозга пераключаюцца на каардынацыю, сенсаматорыку. А з другога боку, той, хто многа часу аддае складанай маторыцы, пачынае больш свабодна размаўляць: усё ўзаемазвязана.
Альфа і амега — адказнасць і тэхніка бяспекі
Дакладна перадаць словамі пачуццё ўзаемадзеяння з агнём падчас выканання праграмы, напэўна, нельга. Асабліва калі размова ідзе не аб прафесійнай пастаноўцы і ўсё разлічвалася не на гледачоў, а на ўласныя адчуванні, трэніроўку і выпрабаванне магчымасцей: гэта сапраўды нешта неверагоднае, вышэйшае. Аднак ганарлівае “Я пакарыў агонь!”, “Агонь маё другое “я”!”, як і трансфармаваныя ў штамп “танцы з агнём” у вопытнага фаершчыка сустрэнуць аднолькавае непрыманне. Стыхію пакарыць немагчыма, нельга забывацца пра яе непрадказальнасць, таму тэхніка бяспекі для ўдзельніка фаер-шоу — неаспрэчны прыярытэт.
— На трэніроўках мы не заўсёды маем справу з агнём, — расказвае мой суразмоўца. — Ёсць трэніровачны інвентар, у тым ліку даволі лёгкі і мяккі, найменш траўманебяспечны — на такім першыя некалькі месяцаў займаюцца навічкі. Калі пачатковец трывала засвойвае элемент, упэўнена выконвае яго ў розных варыяцыях (і прытым ні разу па сабе з размаху не трапіць), то паступова ён пераходзіць да больш цяжкага, траўманебяспечнага трэніровачнага інструмента, набліжанага да рэальнага вогненнага. А потым паступова пачынаецца прывучэнне да агню. Яно ідзе плаўна: пераадолець інстынктыўны страх няпроста. Чалавек упершыню бярэ ў рукі агонь — і ўплыў эмоцый на маторыку прадказаць цяжка. Зразумела, работу навічка з агнём неадступна кантралююць старэйшыя, у якіх заўсёды пад рукой кошмы для тушэння. Мы пастаянна збіраем з розных крыніц (пераважна з інтэрнэту) інфармацыю пра надзвычайныя здарэнні, звязаныя з падрыхтоўкай і правядзеннем фаер-шоу, і перыядычна праводзім вучэнні, каб іх пазбегнуць, удасканальваем тэхніку і інструмент.
Абавязковыя ўмовы знаходжання ў клубе — дысцыпліна, адказнасць і рэгулярнае наведванне заняткаў. Як кажуць “старыя”, гэта як язда на веласіпедзе. Калі ты месяц не патрэніруешся, не возьмеш у рукі агонь — не тое што зусім прыйдзецца нанова ўсё пачынаць, але адчуванні абсалютна іншыя. На трэніроўках і выступленнях выкарыстоўваецца выключна газа, таму што яна ў прынцыпе не гарыць на скуры, твары, асфальце — толькі на паверхнях выпарэння. Вопратка спецыяльная, перавага аддаецца зручным касцюмам з натуральных тканін. Падчас выступленняў з агнём выкананне правіл тэхнікі бяспекі пад надзвычайным кантролем, прычым прадстаўнікі клуба не зводзяць вачэй не толькі з артыстаў і інструментаў, але і з гледачоў. На сур’ёзных канцэртах за тым, каб да фаершчыкаў ніхто не падыходзіў, у тым ліку на этапе падрыхтоўкі, сочаць прадстаўнікі органаў правапарадку.
Радасці і праблемы росту
Зараз у камандзе AGNI show 17 чалавек, а ўсяго з моманту арганізацыі клуба (акрамя Васіля Кузняцова, у аб’яднанні з першага складу засталіся яшчэ Аксана Пятрова і Міхаіл Міхайлаў) праз яго прайшло каля 60 чалавек. Прычым гэта толькі прызнаныя фаершчыкі, якія атрымалі грунтоўную падрыхтоўку і дасягнулі пэўных вынікаў. Каля 70 працэнтаў калектыву складаюць студэнты і навучэнцы старшых курсаў. Набор праводзіцца з 18 гадоў, а перавага аддаецца юнакам і дзяўчатам ад 22 гадоў. Пры паступленні вітаюцца харэаграфічная і спартыўная падрыхтоўка, хаця прафесійных спартсменаў і танцораў, акцёраў і цыркавых артыстаў у клубе няма. Затое ёсць прадстаўнікі рабочых прафесій, педагогі, служачыя.
Пачатковае навучанне займае прыкладна ад 3 да 6 месяцаў: засваенне базавых інструментаў, элементаў і паняццяў. Дарэчы, іх класіфікацыя ў віцебскіх фаершчыкаў крыху адрозніваецца ад агульнапрынятых. Безумоўна, многае залежыць ад жадання і індывідуальных асаблівасцей арганізма: здаралася, што і за 2 месяцы навічок авалодваў базай. Што да аматараў паленавацца, то яны ў аб’яднанні не затрымліваюцца. Тут адразу ставяць перад фактам: “Мы імкнёмся развівацца, а не марнаваць час на тых, хто не хоча працаваць”. Адзначаны перыяд — яшчэ і выпрабавальны тэрмін: акрамя настойлівага імкнення авалодаць тэхнікамі фаер-шоу, ад патэнцыяльнага ўдзельніка аб’яднання патрабуецца ўменне працаваць у камандзе, а значыць, у прыярытэце сумленнасць, абавязковасць, павага да таварышаў.
Асноўныя трэніроўкі праходзяць на базе Абласнога палаца дзяцей і моладзі па 3 гадзіны 3 разы на тыдзень. Мала таго: каб быў добры вынік, яшчэ не менш за 6 гадзін штотыдзень трэба працаваць дадаткова. Звычайна трэніроўка пачынаецца з невялікай фізічнай размінкі, пасля якой удзельнікі адпрацоўваюць пэўныя элементы. Навучыцца іх выконваць мала, фаершчык павінен усё рабіць выразна, нязмушана, прыгожа, захоўваючы чысціню агульнага малюнка і сінхроннасць (што, між іншым, вылучае менавіта віцебскую каманду). У пастаноўках спалучаюцца разнастайныя элементы — ад усходніх адзінаборстваў, дыхальных тэхнік, жангляжу да акрабатычных трукаў і класічнай сцэнаграфіі. AGNI show нярэдка ўпрыгожвае сваімі выступленнямі мерапрыемствы, якія праводзяць Абласны палац дзяцей і моладзі, установы адукацыі рэгіёна, а таксама ўдзельнічае ў гарадскіх, абласных і міжнародных святах і фестывалях. Поспех у гледачоў і прызнанне калег — лепшае сведчанне таго, што майстэрства віцебскай каманды з кожным годам расце. Крыніцамі новых творчых ідэй служаць як уласная фантазія, так і інфармацыйныя рэсурсы. І, канечне ж, найбольш інтэнсіўна вучоба і абмен вопытам праходзяць падчас фестываляў. Літаральна тыдзень назад фаершчыкі вярнуліся з самага буйнога ў Беларусі “вогненнага фестывалю” ў сталіцы. Сёлетні MIFF сабраў каля 70 удзельнікаў з розных краін свету, прычым вельмі высокага ўзроўню. Тым больш парадавалі вынікі землякоў. Напрыклад, у конкурсным выступленні з поямі перамогу атрымаў студэнт ВДУ імя П.М.Машэрава Уладзімір Мішкун. У клуб ён прыйшоў два з паловай гады назад, для ўчарашняга навічка гэта немалы поспех. Наперадзе новы фестываль у Гомелі. Дарэчы, гамельскую фаер-каманду AGNI называюць не проста калегамі ці знаёмымі, а пабрацімамі.
Замест пастскрыптума
На традыцыйнае пытанне пра планы на перспектыву лідар віцебскай фаер-каманды зазначае:
— Прыходзіцца адрозніваць планы і мары. Марым аб вялікім пастановачным шоу. Мяне і маіх сяброў перапаўняюць ідэі неверагоднага, феерычнага відовішча, і ведаю, мы здольны на гэта, але пры дастатковым фінансаванні. Што да планаў, то ў найбліжэйшае паўгоддзе трэба закончыць работу над новымі сцэнічнымі касцюмамі, больш складаным святлодыёдным рэквізітам. Зараз працуем над новай праграмай. На пачатку будучага лета плануем яе прэзентаваць. Наступны істотны момант — калектыў расце, павялічваецца і розніца паміж вопытам старэйшых і навічкоў. Відаць, надышла пара падзяліцца на 2 склады. А яшчэ, як не дзіўна для фаершчыка, ёсць планы навукова-метадычныя. Усю звязаную з дзейнасцю аб’яднання дакументацыю мы стараемся весці не фармальна, дзеля птушачкі, а з карысцю для справы, паступова назапашваецца вопыт. Нягледзячы на папулярнасць, навуковай ці метадычнай базы па тэхніцы бяспекі, тэхнічнай арганізацыі і выкладанні вогненнага шоу ў свеце, па сутнасці, няма: існуе многа напрацовак энтузіястаў, але ўсе яны небясспрэчныя. Так і нарадзілася ідэя выпусціць наглядны дапаможнік па вогненным шоу для навічкоў. Пажывём-пабачым, можа, што і атрымаецца. Пакуль жа хачу нагадаць пра ўнікальную магчымасць атрымаць неабходную для фаершчыка падрыхтоўку цікава, якасна, бясплатна і ў нядрэннай кампаніі. Запрашаю да нас — пакажам, раскажам, зацікавім і навучым.
Таццяна БОНДАРАВА.