Калі ў гэтыя спякотныя дні вы сустракалі на сталічных вуліцах і праспектах юнакоў і дзяўчат, апранутых не ў шорты і майкі, а ў строгую ваенную форму, не здзіўляйцеся: гэта ўдзельнікі Рэспубліканскага злёту абаронна-спартыўнага профілю для навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (клубы) ваенна-патрыятычнай накіраванасці. З 15 па 23 ліпеня Міністэрства адукацыі, Міністэрства абароны, аддзяленне краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ладзяць для іх незабыўны адпачынак.
Падобны злёт праводзіцца ў нашай краіне ўжо дванаццаты год запар сумеснымі намаганнямі міністэрстваў абароны і адукацыі. За гэты час ён стаў неад’емнай часткай летніх канікул, традыцыйным мерапрыемствам у сістэме адукацыі. Праўда, у гэтым годзе адна традыцыя злёту была ўсё ж парушана, і тычыцца яна месца правядзення. Звычайна злёт ладзіцца на базе 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, што ў барысаўскіх Печах Мінскай вобласці. У гэтым годзе кадэты сабраліся ў Мінску, і на тое ёсць некалькі прычын.
Па-першае, краіна адзначае 70-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а менавіта ў сталічных музеях (у прыватнасці, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны), каля велічных мінскіх абеліскаў можна выдатна прасякнуцца подзвігам народа. Па-другое, які вучань, асабліва з сельскай мясцовасці, адмовіцца ад выдатнай магчымасці правесці некалькі дзён у сталіцы? І, па-трэцяе, у Мінску таксама ёсць мясціны, дзе навучэнцы ваенна-патрыятычных аб’яднанняў могуць паказаць сваё ўмельства. Гэта, напрыклад, Мінскае сувораўскае ваеннае вулішча (тут праходзіў конкурс візітовак каманд), Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, дзе ладзіліся конкурс-агляд строю і песні, інсцэніраванай патрыятычнай песні, а таксама тэрыторыя 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, дзе праходзіла “Зарніца” і дзе на плошчы Герояў адбылося ўрачыстае адкрыццё злёту.
Гэтае яркае дзейства праходзіла ў сераду. Паназіраць за тым, як хлопцы і дзяўчаты ў рознакаляровай форме пад гукі ваеннага духавога аркестра дружна маршыравалі, ускладалі кветкі да бюстаў герояў, сабраліся не толькі ганаровыя госці, але і звычайныя прахожыя, жыхары сталічнага ваеннага гарадка ва Уруччы.
— У маёй памяці і ў памяці маіх равеснікаў і да сённяшняга часу застаюцца тыя цяжкія дні, якія давялося перажыць нашаму народу. Я родам з Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, з партызанскай зоны. Калі я прыязджаю ў родную вёску Міжрэчча, то кожны раз у мяне наварочваюцца слёзы. Бачу тыя мясціны, тых маладых хлопцаў і дзяўчат, вашых равеснікаў, якія загінулі ад куль, узрываў снарадаў. Яны і цяпер ляжаць у зямлі і нібыта просяць нас берагчы мір. Гледзячы на тое, якія вы прыгожыя, як беражліва захоўваеце памяць пра подзвіг народа, мы ганарымся тым, што недарэмна змагаліся ў гады ліхалецця, — звярнуўся да юных патрыётаў сувязны партызанскай брыгады “Полымя”, старшыня Беларускага саюза афіцэраў, генерал-лейтэнант у адстаўцы Яўген Васільевіч Мікульчык.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў злёту звярнуліся і старшы афіцэр другога аддзела ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Сяргей Мікалаевіч Корнеў, а таксама кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Ларыса Васільеўна Емяльянчык. Яны адзначылі важнасць злёту ў справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, падрыхтоўкі іх да службы ва Узброеных Сілах, сімвалічнасць правядзення злёту ў 70-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пажадалі юным патрыётам праявіць на спаборніцтвах максімальную зладжанасць і ўзаемадапамогу.
Блакітнае неба і белыя аблокі; зялёная, сіняя і колеру хакі форма; важныя словы шаноўных гасцей і асабліва кранальны выступ Яўгена Васільевіча Мікульчыка — пачатак злёту атрымаўся яркім і запамінальным. Можна было не сумнявацца, што і астатнія дні пройдуць на такой жа высокай ноце. Гэта пацвердзіла, у прыватнасці, навукова-практычная канферэнцыя “Вялікай Перамозе — 70!”, на якой прадстаўнікі ад кожнай каманды дзяліліся сваімі думкамі наконт значнасці падзей, якія адбываліся на нашай зямлі 70 гадоў назад.
Усе даклады былі па-свойму цікавымі, індывідуальнымі. Калі б на канферэнцыі вызначаліся пераможцы, то рабіць гэта неабходна было б па некалькіх намінацыях. Напрыклад, лепшай у намінацыі “Аратарскае майстэрства” была б прызнана навучэнка дзіцячага сада — сярэдняй школы № 4 Кобрына Брэсцкай вобласці Лізавета Краўчук, якая па-майстэрску дэкламавала “І памятае свет уратаваны…”. А навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 2 Ашмян Гродзенскай вобласці Паліна Абрамовіч — у намінацыі “Лепшае даследаванне лёсу герояў”. Разам з аднакласніцай Палінай Міхеевай яна правяла грунтоўную даследчую работу па тэме “Подзвігі лётчыкаў у небе Гродзеншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, а на канферэнцыю нават прынесла планшэт лётчыка Аўдзеева, які яшчэ да Мікалая Гастэлы здзейсніў паветраны таран у небе над Гродзеншчынай. Захоўваецца гэты каштоўны прадмет у школьным музеі, і падарыла яго ўстанове адукацыі матуля героя.
Важнасць канферэнцыі бясспрэчная, аднак па яркасці і маштабнасці яна ўсё ж не параўнаецца з конкурснай праграмай злёту, падчас якой навучэнцы паказвалі ўсе свае спартыўныя і творчыя здольнасці. Патрыёт — гэта не толькі фізічна вынослівы малады чалавек, гэта яшчэ і добры акцёр, танцор, спявак. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова было завітаць у чацвер раніцай у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, дзе праходзіў конкурс візітовак. Кожная каманда на працягу 7 хвілін паведамляла пра асаблівасці свайго рэгіёна, сваю дзейнасць, прычым рабіла гэта ў розных жанрах. Напрыклад, навучэнцы сярэдняй школы № 1 Сянна Віцебскай вобласці не толькі расказалі пра будні клуба “Спарта”, але і не горш за спецназаўцаў паказалі некаторыя прыёмы вядзення рукапашнага бою. Каманда Брэсцкай вобласці паказала, як умее пераробліваць на кобрынскі лад знакамітую песню “Афіцэры”, каманда Мінска пабудавала выступленне вакол адказу на пытанне “Хто мы?”. Адметным стала і выступленне палескіх патрыётаў, як называлі сябе навучэнцы сярэдняй школы № 15 Мазыра Гомельскай вобласці.
Не менш цікавымі былі конкурсы агляду строю і песні. Для атрымання ад журы высокіх балаў удзельнікам каманд неабходна было дакладна выконваць пабудову аддзялення ў аднашарэнгавы строй, з ювелірнай дакладнасцю выконваць каманды “Станавіся!”, “Раўняйся!”, “Смірна!”, “Раўненне на сярэдзіну!”, “Налева!”, “Направа!”, “Кругом!”, “Разыдзіся!”, “Шагам марш!”, праходзіць у складзе аддзялення страявым крокам, у калоне з песняй, выконваючы адзін куплет. Пры гэтым улічваўся выбар песні, якасць выканання. Яркія выступленні былі ў каманд Мінска, Магілёўскай і Мінскай абласцей. Па такіх жа крытэрыях ацэньваўся конкурс інсцэніраванай патрыятычнай песні, пры гэтым улічваўся яшчэ і ўзровень артыстызму. На баявых лістках (аркушах паперы фарматам А3) пры дапамозе алоўкаў і фарбаў навучэнцы ў адвольнай форме з дапамогай вершаў, нарысаў, апавяданняў, малюнкаў змяшчалі інфармацыю пра каманду, установу адукацыі, дзяліліся ўражаннямі ад злёту, паведамлялі пра гісторыю і сучаснае жыццё Узброеных Сіл.
Але самая доўгачаканая падзея злёту адбылася ўчора. У абсалютнай цішыні прагучала каманда “Марш!”, а потым пачалося такое… Вельмі складана перадаць усе эмоцыі, якія апаноўвалі юнакоў і дзяўчат падчас “Зарніцы”. Кожны з іх гатовы быў пакласці на алтар перамогі сваёй каманды ледзь не ўсе свае фізічныя здольнасці. Канечне, паміраць ніхто не збіраўся, аднак выкладваліся навучэнцы на ўсе сто, намагаліся як мага хутчэй пераадолець 12 этапаў гульні. Удзельнікам кожнай каманды па чарзе ў дзве калоны неабходна было пераскокваць праз акоп шырынёй у адзін метр, па-пластунску і змейкай пераадольваць элементы паласы перашкод, паказваць сваё ўменне аказваць першую медыцынскую дапамогу. Няпроста было прайсці і “разбураны лесвічны марш”, а таксама пралезці ва ўмоўны аконны праём. Акрамя таго, будучыя абаронцы Айчыны павінны былі дакладна выконваць каманды “Атам!”, “Плашч у рукавы надзець!”, “Газы!”, хутка зняць процівагазы і разгадаць шыфроўку, паказаць уменне разбіраць і збіраць аўтамат, раскладваць пагоны і правільна называць воінскія званні. І які ж ты салдат, калі не ўмееш трапна кідаць гранаты і з крыкам “Ура!” ісці ў атаку? Гэтае ўмельства юныя патрыёты паказвалі ўжо на фінішнай прамой адлегасцю 30 метраў.
Прайшлі складаныя конкурсы, а наперадзе, аж да аўторка, навучэнцаў ваенна-патрыятычных аб’яднанняў чакае самая прыемная частка злёту — насычаная экскурсійная праграма. Для паспяховага выканання каманды “Выдатна адпачыць!” засталіся лічаныя дні.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.