Дзе вы, гены геніяльнасці?

За апошнія гады юныя даследчыкі яшчэ больш памаладзелі: навуковыя работы цяпер паспяхова праводзяць не толькі малодшыя школьнікі, але нават і дашкольнікі. Безумоўна, памочнікамі і дарадцамі для дзяцей становяцца іх настаўнікі. А ці можа стаць іх навуковым кіраўніком тата ці мама? Ці можна праводзіць навуковае даследаванне не ў класе, а на ўласнай кухні? Ці можна наладзіць навуковую дыскусію за сямейнай вячэрай? Не толькі можна, але і неабходна, упэўнена настаўніца пачатковых класаў Марына Адамаўна Далінкіна з гімназіі № 38 Мінска, аўтар праекта “Даследчая і інтэлектуальна-творчая дзейнасць малодшых школьнікаў як складнік арганізацыі сямейнага вольнага часу”.

Першыя крокі ў навуку

Навукова-практычныя канферэнцыі сярод вучняў малодшых класаў у гімназіі праводзіліся ўжо некалькі гадоў, але іх правядзенне мела эпізадычны характар. Менавіта гэта вырашыла выправіць Марына Адамаўна: яна ўпэўнена, што быць даследчыкам вельмі цікава і таму гэтая справа не павінна абмяжоўвацца вучэбным часам.
“Дзеці нараджаюцца з прыроджаным пошукавым рэфлексам, — гаворыць настаўніца, — які вельмі хутка перарастае ў бясконцыя “што? дзе? калі?”. Большасць бацькоў адзначае, што на дзіцячыя пытанні яны адказваюць адразу, не прапаноўваючы шукаць адказ самастойна. А часам пытанні ставяць бацькоў у тупік і пытанні застаюцца ўвогуле без адказаў. Бацькі пагаджаюцца, што яны і рады былі б, але ім не хапае вопыту і цярпення. Наша задача і задача бацькоў — не даць згаснуць гэтаму дзіцячаму жаданню задаваць пытанні і, канечне, падпітваць цікаўнасць дзяцей.
Арганізацыя сямейнага вольнага часу — справа сям’і. Але педагогу ёсць аб чым трывожыцца. Анкетаванне ў маім 1 “Б” класе паказала, што наведванне тэатра, выстаў, сумеснае праслухоўванне музыкі нерэгулярныя, а часцей выпадковыя. Часам дзеці падстройваюцца пад татаў і мам і едуць з імі на дачу ці ў госці, а часам бацькі адмаўляюцца ад сваіх планаў і вядуць дзяцей у тэатр ці застаюцца дома паглядзець з імі мультфільмы. Арганізацыя вольнага часу ў сям’і — цэлае мастацтва, якому не вучаць, гэта велізарны пласт жыцця і дзіцяці, і дарослага. Таму, працуючы з калектывамі навучэнцаў і бацькоў, мы, педагогі, павінны дапамагаць арганізоўваць сямейны час, паказваць яго новыя формы.
Надомная навукова-даследчая работа ў маіх выхаванцаў пачалася некалькі гадоў назад, але сістэмы не было. Я выклікала маму Машы, каб папрасіць яе дазволіць дачцэ паліваць дома кветкі падфарбаванай вадой, каб яны ўсе зацвілі ружовым колерам. Тлумачыла, як гэта аформіць, бо Маша ўсяго толькі ў другім класе. На наступны дзень прыходзіла мама Віці, і я прасіла яе дапамагчы сыну знайсці як мага больш казак пра Бабу Ягу і расказвала, як пасля сумеснага іх прачытання скласці вобраз гэтай казачнай гераіні. У мяне не хапала часу падрабязна пагутарыць з усімі бацькамі. Таму і ўзнікла ідэя сямейнага клуба, які атрымаў назву “Маё дзіця — геній”.

Дакажы, што ты не страус

Каб трапіць у гэты клуб, не трэба доказаў геніяльнасці свайго дзіцяці. Дастаткова захацець пасябраваць са сваім дзіцем, стаць яго аднадумцам, развіваць яго інтэлектуальныя здольнасці.
“У кожнага дзіцяці ёсць свае таленты, свой дар, свае даследчыя паводзіны, — гаворыць Марына Адамаўна. — Каму, як не бацькам, ведаць пра іх? Але часта ім не хапае часу, а галоўнае ўменняў, ведаў, каб раскрыць таленты сваіх дзяцей”.
Марына Адамаўна задае бацькам у клубе, а дзецям на занятках аб’яднання па інтарэсах “Першыя крокі ў навуку” адно і тое ж пытанне, і адказы на яго тыя шукаюць дома разам. Вось вам і альтэрнатыва пытанням пра школьны рацыён ці адзнакі ў дзённіку. Напрыклад, настаўніца папрасіла даказаць, што страус не чалавек. Бацькам настаўніца тлумачыць, як будаваць гульню з дзецьмі па схеме: дзеці называюць прыкмету, якая сведчыць пра адрозненне, а бацькі прыводзяць аргументы супраць. Напрыклад, дзіця гаворыць, што страус у адрозненне ад людзей не размаўляе, а тата яму ў адказ: “Значыць, нямы чалавек — страус”. Дзіця кажа, што людзі не адкладваюць яйкі, а тата кажа: “Атрымліваецца, што страус-самец — чалавек”. І задача дарослага — па такім ланцужку падвесці дзіця да таго разумення, што толькі сукупнасць прыкмет можа служыць надзейным адрозненнем. Гэта, на думку настаўніцы, першы крок да разумення, што такое навуковае паняцце, тэрмін, які дзеці часта проста завучваюць.
Гэта толькі на першы погляд можа падацца, што проста даказаць “тату-іншапланецяніну”, які толькі прызямліўся і не ўбачыў ні травы, ні птушак, ні лістоў на дрэвах, што на дварэ позняя восень, а не ранняя вясна. Для дарослых і дзяцей такая гутарка — падстава зазірнуць у энцыклапедыю, схадзіць у бібліятэку ці пашукаць інфармацыю ў інтэрнэце. А калі трэба, скажам, раскрыць тайну імені дзіцяці, неабходна не толькі пачытаць, як яно перакладаецца, што азначае, якімі рысамі характару яно гарантуе надзяліць уладальніка, але і прааналізаваць, ці заўсёды цёзкі падобныя паміж сабой, і вывесці сваю гіпотэзу.
Дзеці ўжо ведаюць, як вымяраюцца вага, памеры, час, а Марына Адамаўна прапаноўвае вымераць, колькі ў іх саміх ляноты, сквапнасці, балбатлівасці. Можа, навучэнцы і не выведуць адзінкі вымярэння, але абавязкова прааналізуюць свае слабыя бакі. Цікава дзецям высветліць, ці ўплывае іх любімая “Пепсі” ці “Фанта” на ўсмешку. Задача настаўніцы толькі расказаць дзіцяці, як гэта зрабіць, а мамы і таты пасля пасяджэння клуба ўжо ведаюць, дзе пачытаць з дзецьмі, што такое кальцый, чым падобны склад зубной эмалі і шкарлупіны яйка, якія эксперыменты правесці. А сам эксперымент праводзіць дзіця, назірае, ці адразу мяняе колер яйка пасля ўзаемадзеяння з “Фантай”, ці можна вярнуць яму белы колер, пачысціўшы зубной шчоткай і пастай.
“Мая галоўная мэта — надаць часу ў сям’і інтэлектуальны характар, каб у дзяцей і дарослых была агульная тэма для гутаркі, спрэчкі, дыскусіі, — гаворыць Марына Адамаўна. — Пры гэтым я імкнуся да таго, каб навучэнцы і бацькі не адчувалі маёй прысутнасці, каб яны не заўважалі, што, на самай справе, я кірую іх сямейным вольным часам. Я ж не кажу бацькам, што я буду вучыць іх арганізоўваць вольны час у сям’і. Яны скажуць (ці ва ўсялякім выпадку абавязкова падумаюць): “Якая ваша справа да нашага сямейнага часу?” Любому чалавеку непрыемна, калі ў яго справы, у яго гутарку нехта ўмешваецца. Павінна быць непрымусовасць, натуральнасць, а не “гульня на гледача”. Я вельмі спадзяюся, што прывычка весці канструктыўную гутарку з бацькамі дасць плён, калі мае вучні будуць у 5—6 класе, калі пачнуцца цяжкасці пераходнага ўзросту, і яны будуць не проста выказваць сваё “хачу і буду” ці, наадварод, “не хачу і не буду”, а шукаць кампраміс, беручы пад увагу бацькоўскія довады. Спрачацца таксама трэба ўмець”.

У пошуках напалеонаўскіх слядоў

Канечне, тэмай для цікавай размовы могуць стаць не толькі розныя погляды на адны і тыя ж рэчы. Цудоўна аб’ядноўваюць два пакаленні агульныя інтарэсы. Часта тое, што цікава бацькам, цікава і дзецям, перадаецца гэта на біялагічным узроўні. У адной з навучэнак Марыны Адамаўны Лізаветы Фядотавай тата калекцыяніруе фотаапараты. Дзяўчынка з маленства разбірала іх з татам, вучылася фотамайстэрству, сама друкавала фотаздымкі. Шчырыя прыхільнікі гэтага майстэрства з’явіліся ў класе пасля першай сустрэчы сямейнага падраду фатографаў на гімназічнай навуковай канферэнцыі, дзе Ліза прадстаўляла даследчую работу “Промень свету з мінулага ў будучае” і разам з татам дэманстравала ўнікальныя фотаапараты і тое, як імі раней фатаграфавалі, расказвала, якія фота з’явяцца ў будучым.
А вось бацькі чацвёртакласніка Мішы Скуратовіча не на жарт захапіліся ваеннымі рэканструкцыямі следам за сваім сынам. Іх, як і сына, прыцягваюць ваенныя змаганні 1812 года. Вынікам стала сямейнае навуковае даследаванне “Сляды вайны 1812 года ў памяці беларускага народа”. Больш за тое, да гэтай работы далучыліся і сваякі, і сябры сям’і.
“Калі я даведаўся, што гэтыя сляды выражаюцца ў назвах вёсак, валуноў, курганоў, дрэў, мне трэба былі фотаздымкі, — гаворыць Міша. — Калі ехаць было далёка, мы прасілі дапамагчы бацькавых знаёмых, якія жывуць у тых мясцінах. Так у мяне з’явіліся фотаздымкі, напрыклад, Напалеонаўскага дуба, што расце ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці, Чырвонага моста ў Полацку”.
Бацькі разам з Мішам не толькі перабіралі літаратуру ў пошуках беларускіх прыказак, звязаных з напалеонаўскай вайной, збіралі легенды пра залатую брычку і капялюш Напалеона, шукалі французскія карані ў беларусаў (у іх лік, дарэчы, трапіў і П.М.Машэраў). Сёння сям’я Скуратовіч ездзіць на ўсе рэканструкцыі бітваў гэтага часу. Адна з апошніх праходзіла на Брылеўскім полі і была прысвечана 200-годдзю вайны. Міша з нецярпеннем чакае, калі зможа вывучаць гісторыю не толькі як глядач, а і прыняць удзел у саміх рэканструкцыях. У яго ўжо і касцюмы пашыты, засталося толькі пашыць абмундзіраванне для бацькоў.

Гістарычныя старонкі сямейных альбомаў

Пазнаваць гісторыю, безумоўна, цікава. І для — гэтага не абавязкова ездзіць далёка. У планах 1 “Б” класа мерапрыемства “Знаёмцеся: гэта мы”.
Так атрымалася, што тут вучыцца шмат унукаў і праўнукаў знакамітых людзей. Сталічная вуліца Талбухіна названа ў гонар прадзеда Ксеніі Талбухінай, Міхаіл Арлоў — унук вядомага пісьменніка Уладзіміра Арлова, Юля Панцялеева — унучка Васіля Лухвіча, заслужанага трэнера Савецкага Саюза па самба, які выхаваў шмат легендарных барцоў, а дзядуля Машы Кастручынай — папулярны дзіцячы пісьменнік Валерый Кастручын.
“Дзеці вучацца разам і не задумваюцца, што імёны іх продкаў мы чытаем у падручніках на ўроках літаратуры, называем іх падчас экскурсій, ставім у прыклад пачынаючым спартсменам, што імі ганарыцца не толькі іх сям’я, але і ўсе беларусы, — гаворыць настаўніца. — Пробную такую работу мы правялі з чацвёртакласнікам Цімафеем Арловым — Мішыным братам — у мінулым навучальным годзе. На гарадскім конкурсе даследчых работ пра сям’ю ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” яна заняла другое месца. І ў той жа час, зазірнуўшы ў гісторыю любой сям’і, мы таксама знойдзем, чым ганарыцца. Не абавязкова прозвішчы навучэнцаў павінны быць на слыху: жыццё нашых продкаў часта звязана з гісторыяй канкрэтнага горада, а можа, і ўсёй краіны. Чаму гэтыя гісторыі павінны перадавацца ад пакалення да пакалення толькі ў межах адной сям’і? Упэўнена, даведацца пра гэта будзе цікава ўсім. Прэзентацыя, верш, малюнак — няважна, якую форму падачы выбера кожная сям’я. Важна, што правядзенне самога даследавання зацікавіць адначасова дзяцей і бацькоў. А вобраз сям’і, дзе вольны час праходзіць з карысцю, разумна, дзіця пранясе праз усё жыццё, і гэта залог таго, што, калі яно само стане дарослым, гэта стане натуральным для яго сям’і”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва гімназіі № 38 Мінска.