ЭЛЕМЕНТАрна, Ватсан…

Фізіку і хімію можна любіць, а можна не любіць. Дакладней, разумець ці не разумець. Затое ўсе без выключэння школьнікі любяць рэдкія, але відовішчныя доследы падчас вывучэння новых тэм ці лабараторных работ з каляровымі прабіркамі, воблакамі дыму, штучнымі выбухамі і іншымі рэчамі, якія больш нагадваюць фокусы. Гэтых момантаў чакаюць абсалютна ўсе:“Вось бы ўсе такія ўрокі былі!” Такія мары, нарэшце, сталі рэальнасцю. У Мінску на базе музея папулярнай навукі “Элемента” з гэтага лета дзейнічае летні дзіцячы лагер “ХіміКідс”. Зазірнём за музейныя дзверы?

Ад батарэек з садавіны да караблёў Стругацкіх

— Чырвоны яблык — 0,57 вольта, нават больш, чым у сліве, — арудуе з мультыметрам самы старэйшы з хлапечай кампаніі, Валянцін.
— Трэба кіслы яблык паспрабаваць — у яго будзе большы паказчык! — ускрыквае Дзіма. — Давай няспелы. Паглядзім, на што ён здольны?
— А брат мне казаў, што з соку можна зрабіць батарэйку. На ручны гадзіннік нават адной хопіць, — гаворыць Данат.
— А чулі, што група вучоных з Вялікабрытаніі стварыла камп’ютар, які сілкуецца ад 12 бульбін? Праўда, гэта маламагутны працэсар Intе1 386, і мяняць яго трэба кожныя 12 дзён, але ж гэта толькі адпраўны пункт, — падкідвае ідэю на будучыню сваім выхаванцам прафесар Мазгакруцікаў.
Такія размовы і тым больш заняткі незвычайныя для любога музея. Для любога, толькі не для гэтага. Гэты музей адзіны ў сваім родзе ў Беларусі і працуе ўсяго толькі другі год. Ён даказвае сваім наведвальнікам, што займацца фізікай і хіміяй цікава і лёгка: зубы аб граніт навукі не пашкодзіш, і асалоду ад такога навучання атрымаеш. Дастаткова толькі ўбачыць дзіцяці, як працуе маятнік Максвела, ці, прасцей, гіганцкі Ё-ё, і яно ўжо ведае, што такое закон захавання энергіі. Фізічныя ўласцівасці магнітаў тлумачыць не параграф з падручніка пад парадкавым нумарам, а гайкі ў магнітнай арцы, якія завісаюць прама ў паветры, і з іх можна нават утвараць любыя фігуры ці, скажам, кветку. Электрастатыку тлумачаць шарсцяны шалік, шкло і пенапластавыя шарыкі. Перад наведвальнікамі больш за сто экспанатаў, якія не толькі можна, але і трэба чапаць: вярцець, кідаць, сціскаць, паднімаць, разрываць, церці, слухаць… Акрамя выставачнай залы, у музеі ёсць і іншыя. Самых кемлівых запросіць выпрабаваць сябе “Зала пазлаў і галаваломак”. А што атрымліваецца, калі вугал падзення роўны вуглу адлюстравання, яскрава пад гучны смех паказваюць крывыя люстэркі — у іх прасторы ў чалавека знікаюць не толькі лішнія, а амаль усе, што ёсць, кілаграмы, ператвараючы любога ў трасцінку, альбо “вырастае” па некалькі рук. “Цёмны пакой” развянчае міф пра тое, што цень шэры — тут ён мае розныя колеры. Так бы мовіць, інтэрактыўны пакой — дапаможнік па вывучэнні светлавога спектра.
Але самая любімая ў маленькіх і дарослых наведвальнікаў зала эксперыментаў і лекцый. Менавіта тут штодзень праводзяцца навуковыя шоу-праграмы ад каманды “XiміКідс” — партнёра музея. Гэта серыя навуковых эксперыментаў, якія не паказваюць у школе. Прычым тут дзіця прымае ўдзел у іх само пад кіраўніцтвам прафесіяналаў. А для тых, каму хочацца не толькі здзіўляцца, але і здзіўляць глыбінёй сваіх ведаў, тут праходзяць заняткі і лекцыі з сапраўднымі вучонымі — выкладчыкамі ўніверсітэтаў.
— Як аўтар кнігі для дзяцей пра навуку я ўпэўнены, што імкненне ведаць у дзяцей трэба будзіць, — гаворыць дырэктар музея і лагера Алег Эм. — А, як бы мы ні стараліся, за гадзіны экскурсіі мы не можам растлумачыць усе навуковыя з’явы. Дзеці прыходзяць да нас па некалькі разоў, кожны раз паглыбляючы свае веды. Нездарма кажуць: “Пачуеш — забудзеш, убачыш — запомніш, зробіш сам — зразумееш”. Таму сёлета мы і арганізавалі летні навуковы лагер для дзяцей ад 8 гадоў. З раніцы да вечара мы праводзім лабаторныя работы, майстар-класы па стварэнні робатаў, экскурсіі, эксперыменты, лекцыі, квесты, навуковыя шоу-праграмы і шмат чаго іншага. Можна бясконца гаварыць пра цеплаправоднасць вады, але толькі калі дзіця само закіпяціла ваду ў карабку на полымі свечкі, яно разумее, як гэта працуе. Пытанне ў вачах дзіцяці — вось дзеля чаго мы працуем. А ўжо пытанні, паверце, не застануцца без адказаў. Прычым на нашых занятках дзіця знойдзе іх само. Канечне, за два тыдні лагера мы не раскажам увесь школьны курс па фізіцы ці па хіміі. Але мы, мабыць, зробім больш важную справу: з самага юнага ўзросту створым пазітыўны вобраз вучонага, дакажам, што навука — гэта цікава. І з’явіцца новае пакаленне, якое пабудуе караблі, пра якія пісалі браты Стругацкія, здзейсніць падарожжы па космасе і шмат чаго яшчэ.

Навука — цікавая штука!

“Мы гарантуем шчыльны графік заняткаў. У нас няма часу праводзіць працяглыя чаяпіцці і падвядзенні вынікаў”. Пагадзіцеся, такая фраза, змешчаная на сайце лагера, можа напужаць тых, хто цэлы год чакаў летняга адпачынку. Ці так гэта? Паглядзім, чым напоўнены тут летнія дзянькі.
У лагеры тры выкладчыкі, а колькасць навучэнцаў мяняецца штодзень. У сярэднім трошкі больш за 10 чалавек. Расклад кожны дзень аднолькавы, а змест, зразумела, розны. Як і ў школе, усе заняткі па 45 хвілін, а паміж імі 15-хвілінныя перапынкі, выключэнне толькі абедзенны — ён 1 гадзіну. Прадугледжаны і падвячорак — разумовая праца патрабуе шмат калорый. І толькі гэта, бадай, напамінае школу.
Пачынаецца дзень з брыфінгу, падчас якога мы абмяркоўваем, чым будзем займацца на працягу дня. На занятках па інжынірынгу дзеці не толькі вывучаюць законы фізікі, але і ствараюць сваімі рукамі розныя навуковыя цацкі, прыборы і прыстасаванні, якія вывучаліся на занятках, — ад перыскопа да гіраскопа, ад фенакістыскопа да дамашняга маятніка Фуко, калейдаскопа. Пагаварылі, зрабілі, запусцілі і пераканаліся, што гэта працуе.
Наступная ў раскладзе “Лабараторная работа”. Падчас яе дзеці пад кіраўніцтвам вучоных музея праводзяць розныя эксперыменты і вывучаюць найважнейшыя фізічныя і хімічныя законы пры дапамозе доследаў. Напрыклад, падпальваюць перманганат калію вадкасцю, робяць “чорных змеек” з глюканата кальцыю, знаёмяцца з ультрафіялетам, калі малююць татуіроўкі, якія відаць толькі пад ультрафіялетам, праводзяць доследы з суперабсарбентамі, ствараюць вадкасць, якая свеціцца. Часта лабараторныя работы выходзяць за межы самой лабараторыі. Напрыклад, дзеці, узброіўшыся металашукалькамі, адпраўляюцца ў парк на пошукі сапраўднага скарбу. Цікава тое, што выхаванцы лагера заўсёды знаходзяць больш манетак, чым схавалі для іх педагогі. Таму знаходкі становяцца сюрпрызам для ўсіх.
Самыя відовішчныя заняткі — навуковая шоу-праграма. Самае складанае — паверыць, што гэта не фокусы, а ЭЛЕМЕНТАрная навука. Насамрэч, пратыканне манеткі іголкай, лямпа, якая ператвараецца ў вулкан з шыпучай лавай, прыцягненне запалак да магніта, вадкасць, па паверхні якой можна хадзіць або зляпіць з яе сняжок, выглядаюць занадта эфектна для навукі. Адкрыццём становіцца для дзяцей і тое, што на звычайным малацэ звычайнымі фарбамі можна ствараць сапраўдныя шэдэўры.
Пасля абеду час “Мульцік-дыскусіі”. На гэтых занятках абмяркоўваецца магчымасць рэальнага з’яўлення Чалавека-павука, Расамахі ці Чабурашкі з пункту погляду навукі. І, канечне, дзеці глядзяць і абмяркоўваюць мультфільмы, якія тлумачаць фізічныя законы, мультгісторыі пра вучоных і іх вынаходствы.
На занятках па рыторыцы фізікі перадаюць эстафету лірыкам. Вядома, вучоным-вынаходнікам зручней свае ідэі прадстаўляць ужо ў выглядзе створанага прыбора ці прыстасавання, але часам ад ідэі да ўвасаблення праходзіць шмат этапаў, і паспяховасць справы часта залежыць ад фінансавых уліванняў. Таму ўменне прадставіць сваю ідэю так, каб знайсці сродкі спонсараў на яе увасабленне, адно з асноўных.
Заняткі па леанардыцы сумяшчаюць навуку і мастацтва. Напрыклад, удзельнікі лагера робяць мыла. “Мы эксперыментуем з водарамі, складнікамі, напаўняем мыла, скажам, кавай ці здробленымі арэхавымі костачкамі для надання эфекту скрабу. Дзеці праяўляюць фантазію з канчатковым выглядам мыла — гэта і форма, і ўпакоўка, і нават назва. Такія падарункі на ўра ўспрымаюцца мамамі нашых выхаванцаў”, — расказвае Алег Эм.
Нават фізкультура тут навуковая: перш чым штурхаць мяч, дзеці высвятляюць, чаму ён падае і чаму падскоквае, за кошт чаго ляціць кап’ё і як яго кінуць так, каб сіла супраціўлення была найменшай.
І традыцыйна завяршае дзень “Мазгакруцікум”, падчас якога дзеці пераводзяць усё, што ўбачылі, пачулі, даведаліся і зрабілі за дзень, у рэчышча тэрмінаў. Тут усё ставіцца на месцы, і тое, што шыпела, бурліла, свістала, лопалася, перамешвалася, атрымлівае свае навуковыя назвы, без ведання якіх не абыдзешся на ўроках у школе ці падчас кантрольных. Скажам, запаленая вадкасцю марганцоўка ўвязваецца ў экзатэрмічную рэакцыю.

Глядзі і ідзі

У тым, што гэта праект перспектыўны, я ўпэўнілася падчас зносін з дзецьмі. Для іх, насамрэч, лагерныя дні толькі штуршок для новых адкрыццяў: за плячыма ўсяго тыдзень лагера, а ва ўсіх дома ўжо шмат навуковых цацак, галаваломак уласнай вытворчасці, над якімі дацямна б’юцца самыя светлыя юныя розумы ў дварах.
Вядома, дзеці любяць эксперыментаваць, таму часта і трапляюць у апёкавыя цэнтры. Таму выкладчыкі, ведаючы непераадольную цягу да відовішчнасці, прапаноўваюць менш небяспечныя эксперыменты, напрыклад, бомбы для ванны. Яны замешаны на аўсянцы, лімоннай кіслаце і содзе. Зліваючы ваду пасля прыняцця ванны, можна назіраць не толькі водаварот, але і вулкан (па-навуковаму, рэакцыю нейтралізацыі).
Адна з любімых самаробных дзіцячых забаў у лагеры — бульбаган. “Гэта пушка, якая страляе бульбай, — тлумачыць 10-гадовы Данат Белавусаў. — А страляе яна за кошт таго, што ў камеры згарае аэразоль і адбываецца выбух, які і выштурхоўвае бульбіну. У мяне ёсць 22-гадовы брат, які таксама любіць рабіць сваімі рукамі падобныя рэчы. Мы з ім ужо зрабілі бульбаган і часта бяром яго выпрабоўваць на дачы. У яго аснове — электрычная гарэлка і будаўнічы аэразоль, якім абястлушчваюць паверхні перад пафарбоўкай”.
“У нашым лагеры незвычайныя дзеці, — гаворыць выкладчык лагера Аляксандр Крывецкі, а для дзяцей прафесар Леапольд Мазгакруцікаў. — Амаль усе яны былі спачатку ў нашым музеі і натхніліся фізікай і хіміяй, абследаваўшы нашы экспанаты. Нехта быў гледачом нашых навуковых шоу, нехта паглыблена вывучае ў школе хімію і фізіку, а некаторыя вывучаюць дома самастойна, з бацькамі ці, як Данат, са старэйшым братам-хімікам. Былі дзеці, якія паспяхова выступаюць на прадметных алімпіядах. А яшчэ былі малышы, якія прыемна здзіўляюць сваёй дасведчанасцю нават прафесара. Як ні кажы, ведаць хімічную формулу перакісу вадароду ці ведаць вынік найскладанейшых рэакцый у першым класе — з’ява нязвычная.
У нас дзеці даведваюцца шмат новага, але гэта не складаная, цяжказапамінальная інфармацыя. У нас няма падручнікаў, параграфаў. Усяму мы вучым дзяцей на практыцы. Напрыклад, параўноўваючы колькасць электраэнергіі, выпрацаванай рознымі фруктамі, даведваемся, што такое электрычнасць, знаёмімся з гальванічнымі элементамі, акісляючы патрэбныя металы, скажам, медзь і цынк. Па гэтым прынцыпе можам зрабіць, напрыклад, свяцільнік з бульбы”.
Ёсць у лагеры яшчэ адна асаблівасць: для дзяцей, якія вучацца ў беларускамоўных класах і хочуць працягнуць навучанне менавіта на беларускай мове, час ад часу арганізоўваюцца змены, дзе на занятках не гучыць ніводнага рускага слова. Дарэчы, валоданне беларускай мовай было абавязковай умовай пры наборы супрацоўнікаў і музея, і летніка.
Лагер працуе па прынцыпе “спачатку паглядзі, а потым прыйдзі”. Таму неабавязкова набываць пуцёўку на ўсю змену, бо можна прыйсці толькі на адзін дзень ці нават на паўдня. Але на практыцы такога амаль не бывае. Наадварот, прыходзячы на паўдня, дзеці застаюцца ўжо да канца змены і нават прыходзяць на наступныя.
“Нас натхняюць водгукі дзяцей і іх бацькоў, — гаворыць Алег Эм. — Натхняе і тое, што шмат жадаючых займацца навукай на працягу навучальнага года. З лютага гэтага года мы рэалізоўваем праект “ФізЛаб”, які дапамагае школьнікам зразумець сутнасць фізічных з’яў, правесці лабараторныя работы і заняткі па законах механічных хістанняў, электрычнага току, энергіі, оптыкі, гідранімікі, электрастатыкі і многіх іншых, займаючыся ў нашай лабараторыі на самым сучасным абсталяванні пад кіраўніцтвам выпускнікоў фізічнага факультэта БДУ. Прычым заняткі для ўсіх жадаючых школьнікаў (з 6 па 11 класы) праходзяць абсалютна бясплатна — дастаткова толькі ўзгадніць дату заняткаў. Таму ў найбліжэйшых планах — арганізаваць гульнявое навучанне на працягу ўсяго года”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аляксандра ШЭЛЕГАВА.