Я з самага дзяцінства займалася ў школьным тэатры, у тэатры пры Палацы культуры і час ад часу ўяўляла сябе сапраўднай актрысай. Але з-за свайго захаплення не магла здрадзіць сваёй мары стаць настаўніцай. А вось выхаванцы сталічнай школы № 136 мрояць выключна пра сцэну. Менавіта іх поспехі на тэатральных падмостках і 20-гадовы вопыт педагогаў у выхаванні тэатрам сталі падставай для стварэння тут гарадскога рэсурснага цэнтра “Рэалізацыя духоўна-маральнага выхавання ва ўстанове адукацыі сродкамі тэатра”, які дзейнічае ўжо другі год. Прапаную прыадкрыць школьныя кулісы.
Уся школа — тэатр, і дзеці ў ім — акцёры
“Сёння мы з вамі назіраем крызісны стан культуры, — гаворыць дырэктар школы Алена Яўгенаўна Малашкевіч. — Тэлебачанне, радыё, інтэрнэт, камп’ютарныя гульні адводзяць моладзь ад рэальнага жыцця ў свет ілюзій, фантазій. Як вынік — губляюць значнасць маральныя каштоўнасці, абясцэньваецца роля сям’і і страчваецца сувязь пакаленняў, да мінімуму зводзіцца значная для асобы выхаваўчая функцыя. І мы, педагогі, як ніхто адчуваем усю вастрыню гэтай сітуацыі. І разумеем, што гэты працэс адна толькі школа спыніць не можа. Аднак заставацца ў баку ад гэтай праблемы мы не маем права”.
Пра тое, наколькі зацікаўлены бацькі навучэнцаў у такім падыходзе — выхаванні сцэнай, яскрава гавораць дні набору ў 1-я класы. Сёлета толькі ў першы дзень на субяседаванне прыйшлі бацькі 80 дзяцей! І гэта пры тым, што школа № 136 не адзіная ў горадзе дае дадатковую тэатральную адукацыю. Тут амаль палова з 800 навучэнцаў выбірае тэатральны кірунак.Ужо з 1 класа дзеці займаюцца вакалам і харэаграфіяй, а акцёрскія здольнасці яны дэманструюць падчас музычна-тэатральных гульняў. Як сцвярджаюць педагогі, гэтыя гульні вызваляюць школьнікаў ад замкнутасці і ўнутранага заціску. Дзеці прайграюць уяўныя сітуацыі, адчуваюць сябе ў пэўным вобразе, суперажываюць сваім героям. На занятках дзеці прымаюць удзел у гульнях-інсцэніроўках, вакальна-маўленчых, танцавальна-гульнявых эцюдах, імправізацыях, мініяцюрах, вучацца голасам, пластыкай, мімікай, жэстамі перадаваць сэнс твораў, эмоцыі і пачуцці. А цалкам акунаюцца ў вір тэатра падлеткі з 8 класа, калі вывучаюць асновы сцэнічнага маўлення, майстэрства акцёра, асновы сцэнічнага руху.
Гонар школы — узорны тэатральны калектыў старшакласнікаў “Арт-майстар”. Ён 5 разоў пацвярджаў званне ўзорнага калектыву. Пра яго ўзровень калектыву гаворыць тое, што калектыў у сваёй скарбонцы мае шмат узнагарод: дыпломы І і ІІ ступеней на Рэспубліканскім фестывалі “Сузор’е”, не раз станавіўся лаўрэатам многіх міжнародных конкурсаў, яго работа адзначана грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За перыяд тэатральнай дзейнасці школьным калектывам было пастаўлена больш за 100 спектакляў розных жанраў — ад сатырычных да філасофскіх.
Часта паказы праходзяць на тэатральных сцэнах горада, якія збіраюць сотні гледачоў. Але калі спектаклі праходзяць у школе, яны не падобныя на іншыя школьныя спектаклі — у школе, акрамя актавай залы, ёсць і тэатральная, дзе абсталявана сапраўдная тэатральная сцэна, касцюмерная, ёсць прафесійнае светлавое і гукавое абсталяванне. З юнымі акцёрамі працуюць прафесійныя харэографы, рэжысёры.
Праўда, “выпускаюцца” са школы не толькі акцёры, але і іх педагогі. У прыватнасці, ужо другі месяц новыя рэжысёры спрабуюць годна замяніць былога рэжысёра Вадзіма Азарава. У школе чакаюць, што з іх прыходам у творчасці тэатральнага калектыву будзе новы віток. На пасаду харэографа прыйшла Ірына Даманская, чэмпіёнка свету па бальных танцах, майстар спорту міжнароднага класа, харэограф у некалькіх пакаленнях. Менавіта гэта стала вызначальным для таго, што новыя спектаклі, прэм’еры якіх толькі рыхтуюцца, набудуць новыя адценні і спалучаць у сабе харэаграфію і тэатральнае майстэрства. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы 136-й школы ўжо атрымалі перамогу на раённым конкурсе танцавальных калектываў, абышоўшы нават узорныя калектывы харэаграфічных школ.
Галоўнае — падхапіць актуальную тэму
Мабыць, галоўнае, што вызначае поспех школьных спектакляў, — іх тэматыка. Хоць у іх рэпертуары ёсць і лёгкія, забаўляльныя рэчы, якія яны ставяць на дзіцячых і дабрачынных канцэртах, усё ж большая частка спектакляў — на сур’ёзныя філасофскія тэмы: “Белы анёл з чорнымі крыламі” па п’есе Д.Балыка, “Адвечная песня” па паэме Янкі Купалы, “Галгофа” па матывах аповесці Т.Шыпошынай “Палігон” і інш. Былі ўдалыя спробы былога рэжысёра Вадзіма Азарава адштурхнуцца ад самога дзіцяці, яго характару і тэмпераменту. Так з’явіліся п’есы “Ціхоня”, “Мой ахоўнік” і “SOS”, па якіх ён паставіў цудоўныя спектаклі. Усе гэтыя рэчы выклікаюць у гледача цэлую буру глыбокіх перажыванняў.
Сакрэт у тым, што перад навучэнцамі рэжысёры не ставяць задачу дакладна перадаць тое, што напісана ў сцэнарыі, а ствараюць атмасферу творчасці, і акцёрскія ўдакладненні, сваё меркаванне на падзеі спектакля тут вітаюцца. Бо сама прырода тэатра прадугледжвае жывыя пачуцці. Менавіта яны павінны насычаць кожнае слова п’есы, кожны рух акцёра. Як адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце (эстэтычны кірунак) Марына Францаўна Сангіна, не менш важна — падхапіць тэму, актуальную для саміх акцёраў і іх равеснікаў-гледачоў, прычым пастарацца не прапанаваць тэму, а даць яе адчуць, падвесці да яе дзяцей, каб прагучала яна ад саміх акцёраў. Напрыклад, падчас наведванняў Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў менавіта ў дзяцей узнікла жаданне паразважаць на гэтую тэму. Так з’явіўся спектакль “SOS” пра невідушчага хлопчыка, які, дзякуючы веры — у сябе, у людзей, у Бога, змог зноў бачыць. Вельмі глыбокім быў спектакль “Мой ахоўнік” пра анкалагічна хворую дзяўчынку. Гэтая тэма ўзнікла падчас дабрачынных паездак школьнікаў у Бараўлянскі хоспіс.
“Прынята лічыць, што дзеці не могуць зразумець падзеі 1937 года, але яны настолькі пагрузіліся ў іх, што падчас спектакля “Галгофа” ў кожнага гледача беглі дрыжыкі па скуры ад іх акцёрскай ігры, ад таго, як яны ўспрынялі тэму, ад іх асэнсавання расстрэльвання цяжарных жанчын і маленькіх дзяцей. Дзеці іграюць больш самааддана, чым дарослыя прафесіяналы. Мабыць такой энергетыкі, такой аддачы вы нідзе не адчуеце. Нехта ўсумніцца ў сур’ёзнасці і глабальнасці дзіцячых думак, але скажу шчыра: я ў гэтай школе і працую толькі таму, што ў гэтых навучэнцаў адметныя думкі. Мая дачка вучылася ў адной з самых прэстыжных гімназій горада, але па сямейных прычынах апошнія тры месяцы вымушана была давучвацца ў нашай школе. Яна мне сказала: “Такой шчырай дружбы паміж дзецьмі я не бачыла нідзе”. І я гэта бачу штодзень: мы ў сем вечара скончылі рэпетыцыю, і я не магу іх выправіць дадому. Ім тут камфортна, ім падабаецца кантактаваць адно з адным, весці гутаркі на хвалюючыя тэмы”, — дзеліцца Марына Францаўна.
Хочаш быць акцёрам — будзь ім
Што тычыцца старшакласнікаў, то, натуральна, вечарамі яны абмяркоўваюць сваё будучае паступленне. І тут іх інтарэсы сыходзяцца: большасць арыентавана на акцёрскія ўстановы Беларусі і Расіі, студэнтамі якіх становяцца многія выпускнікі гэтай школы. Напрыклад, у гэтым годзе ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С.Герасімава ўжо з першага тура паступіў Яўген Невар, Яўгенія Давыдзенка паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на рэжысёрскі факультэт.
Выпускнікі школы працуюць у тэатрах Масквы і Мінска — Рускім драматычным тэатры імя Максіма Горкага, Маладзёжным тэатры, Тэатры беларускай драматургіі, Тэатры імя Я.Вахтангава і інш.
“Мне прыемна прыходзіць у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы на спектаклі да нашых выпускнікоў — Юліі Шпілеўскай, Міхаіла Зуя, Валянціны Гарцуевай, Аляксея Паўлава, цікава сачыць за поспехамі кінаакцёраў Арцёма Ласоўскага, Анатоля Ката, Вольгі Фадзеевай, актрысы Тэатра студыі кінаакцёра Веры Паляковай, слухаць радыёвядучага Дзяніса Васільева, ганарова, што наша Віялета Лук’яненка — прыма ў Вялікім драматычным тэатры ў Санкт-Пецярбургу. І гэты спіс можна агучваць доўга, — працягвае М.Ф.Сангіна. — Але нават калі нашы навучэнцы не ставілі перад сабой задачу стаць акцёрам, упэўнена, што выйграў ад сутыкнення з тэатрам, сцэнай кожны. Гэта праяўляецца і ва ўменні рухацца, уменні сябе падаць, уменні адчуваць сябе разняволена”.
Не тэатрам адзіным жыве чалавек
Як адзначае дырэктар школы, тэатр — толькі частка работы па выхаванні асобы. На гэтую мэту накіравана і супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Ужо сем гадоў у школе дзейнічае праваслаўны клуб для педагогаў “Вытокі”, загадчыца школьнай бібліятэкі з малодшымі школьнікамі, чытаючы дзіцячыя філасофскія кнігі, вядзе гутаркі пра дабро і зло, справядлівасць і крыўду. Акрамя таго, для малодшых школьнікаў у дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Праменьчык дыбрыні”, дзе дзеці сродкамі творчасці вывучаюць асновы праваслаўнай культуры, трымаючы пэндзлі, абмяркоўваюць агульначалавечыя тэмы, напрыклад, узаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі. Маці дома не скажа свайму дзіцяці, што чакае ад яго любові — пра гэта гавораць у школе. І, канечне, гурткоўцы ладзяць тэатральныя пастаноўкі, прысвечаныя праваслаўным святам — Калядам, Вялікадню і інш.
“Дарэчы, сярод гледачоў традыцыйна шмат католікаў, мусульман. Справа ў тым, што школа паралельна рэалізуе праект адаптацыі бежанцаў-афганцаў у Рэспубліцы Беларусь, тут праходзяць навучанне 75 дзяцей з афганскіх сем’яў. Таму, акрамя праваслаўных свят, традыцыйна ў нас праходзіць свята Курбан Байрам, уключаючы святочную праграму ў актавай зале і святочны плоў у сталовай. На базе школы дзеці вывучаюць і рускую мову, і афганскую — дары. Наша выпускніца гэтай жа школы ўраджэнка Афганістана Амеры Ялда цяпер тут настаўнічае і выкладае англійскую мову. Наш прынцып: якое б веравызнанне ні было ў чалавека, чалавечыя каштоўнасці агульныя для любога чалавека на планеце — сям’я, любоў, дабро, справядлівасць, талерантнасць” — гаворыць Алена Яўгенаўна.
Мець статус гарадскога рэсурснага цэнтра — значыць быць не толькі прыкладам, але і кіроўцам для калег, якія працуюць у гэтым кірунку. Тут праходзяць семінары і нарады для педагогаў эстэтычнай накіраванасці, намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, вопыт педагогаў школы вывучаюць і на рэспубліканскіх канферэнцыях. Але тут найлепш дзейнічае прынцып лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму акцёры школы і іх настаўнікі запрашаюць усіх жадаючых на свае спектаклі. І дадаюць, што гэтае дзейства вы не забудзеце з закрыццём заслоны.
Святлана НІКІФАРАВА.