Першапачаткова пераможцаў конкурсу планавалася вызначыць па пяці намінацыях: “Гадуем патрыётаў Беларусі!”, “Здароўе — гэта здорава!”, “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня”, “Лепшы інавацыйны праект”, “Ствары свой брэнд”. Падчас фіналу журы прапанавала ўвесці дадатковую намінацыю “Спадчына”, куды ўвайшлі праекты, накіраваныя на фарміраванне ў навучэнцаў любові да духоўнай спадчыны народа. Пераможцам прызнаны праект Уздзенскай раённай гімназіі “Школьны тэатр — шлях да поспеху”.
Студэнты жывуць ад сесіі да сесіі, школьнікі — ад канікул да канікул, а навучэнцы Уздзенскай раённай гімназіі — удзельнікі тэатральнай студыі “Талака” — ад спектакля да спектакля. Нават цяжка сказаць, што яны чакаюць з большым задавальненнем — любімую алгебру і геаметрыю з фізікай і інфарматыкай ці ўсё ж таго моманту, калі ў імправізаванай тэатральнай зале пагасне святло і гледачы шчырымі апладысментамі запросяць іх на сцэну. Так, менавіта алгебра і геаметрыя, фізіка і інфарматыка (акрамя літаратуры, безумоўна) з’яўляюцца любімымі прадметамі ўдзельнікаў праекта “Школьны тэатр — шлях да поспеху”. Акцёры-аматары ды з матэматычным складам розуму… Такі вось парадокс, такі вось мікс фізікаў і лірыкаў у асобе юных уздзенскіх тэатралаў. Але хопіць лірыкі, пяройдзем да фізікі.Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксаны Васільеўны Салавей, тэатральны праект з’яўляецца часткай педагагічнага праекта “Школьны тэатр як сродак паспяховай сацыялізацыі асобы навучэнцаў”. “Рэалізуючы педагагічны праект, мы імкнёмся да стварэння адукацыйнага асяроддзя, якое б спрыяла фарміраванню сацыяльна актыўнай асобы шляхам далучэння да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Педагагічная каштоўнасць праекта ў тым, што ён накіраваны на ўзаемадзеянне гімназіі, сям’і, раённага Цэнтра культуры, Цэнтра дзіцячай творчасці, шэрага ўстаноў адукацыі, нашых партнёраў з Літвы і Расіі”, — падзялілася Аксана Васільеўна.
Праект “Школьны тэатр — шлях да поспеху” рэалізоўваецца ўсяго другі год, аднак стаў неад’емнай часткай сістэмы выхаваўчай работы ў шосты дзень. Настаўнікі і вучні уздзенскай гімназіі гавораць пра шосты дзень, а маюць на ўвазе тэатральныя пастаноўкі, гавораць пра тэатральныя пастаноўкі, а маюць на ўвазе шосты дзень. Як ужо адзначалася, тэатральны праект з’яўляецца падпраектам педагагічнага праекта. У сваю чаргу і ў тэатральным праекце ёсць свае структурныя падраздзяленні (студыі “Талака”, “Сузор’е”, харэаграфічны ансамбль “Скарбонка цудаў”, прэс-цэнтр SIROPP, творчая майстэрня “Тэатральны антураж”, лялечны тэатр “Казка”, фальклорны гурток “Вясёлка”, лектарская група “Тэатр пачынаецца з вешалкі”). Асноўная з гэтых структур — тэатральная студыя “Талака”. Менавіта яе ўдзельнікі з’яўляюцца вядучымі акцёрамі гімназічнай сцэны. Хаця паняцце “сцэна” ў гэтым выпадку ўмоўнае. Свае тэатральныя пастаноўкі “талакоўцы” ставяць у асноўным на гімназічных калідорах падчас святочных мерапрыемстваў. Атрымліваецца сапраўдная тэатральная талака, далучыцца да якой могуць усе ахвочыя. Апошні раз яна праходзіла ў форме восеньскага кірмашу. Па такім жа “кірмашовым” сцэнарыі праходзіла і прэзентацыя праекта на фінале рэспубліканскага конкурсу.Галоўным сцэнарыстам і пастаноўшчыкам “Талакі” з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Міхайлаўна Якімовіч. Пад яе кіраўніцтвам “талакоўцамі” падрыхтаваны спектаклі “Паўлінка”, “Мікітаў лапаць”, “Прымакі”, “Трыбунал”, “Калі заспявае певень”, якія з поспехам ідуць на гімназічнай сцэне для вучняў і бацькоў, для навучэнцаў іншых устаноў адукацыі раёна, а таксама на сцэне раённага Дома культуры. Спектаклі ставяцца ў асноўным па суботах, што дазваляе зняць праблему адпачынкавай занятасці дзяцей.
Усе пастаноўкі “талакоўцаў” праходзяць з музычным суправаджэннем вакальнай студыі “Сузор’е”. Яе ўдзельнікі не першы год вывучаюць багатую фальклорную спадчыну народа і песенны рэпертуар беларускіх кампазітараў. За харэаграфічную частку нумароў адказваюць удзельнікі харэаграфічнага ансамбля “Скарбонка цудаў”, якія актыўна ўдзельнічаюць у складанні танцавальных эцюдаў, знаходзяць танцавальныя вобразы, якія выкарыстоўваюцца ў тэатральных пастаноўках. Рэпертуар харэаграфічнага калектыву разнастайны: гэта і народныя танцы, і танцы на школьную, дзіцячую тэматыку, харэаграфічныя мініяцюры, масавыя кампазіцыі.Як вядома, тэатр пачынаецца з вешалкі. На гэтую вобразную вешалку юныя уздзенскія акцёры вешаюць свае сцэнічныя касцюмы, створаныя ў творчай майстэрні “Тэатральны антураж”. Кожнай тэатральнай пастаноўцы папярэднічае не толькі выраб касцюмаў і дэкарацый, але і навукова-даследчая работа, якую праводзяць гурткоўцы з “Кола года”. Яны вывучаюць мясцовы фальклор, адпраўляюцца ў этнаграфічныя экспедыцыі, працуюць над унікальнай краязнаўчай энцыклапедыяй, на аснове якой пішуць сцэнарыі гімназічных фальклорных мерапрыемстваў, рыхтуюць матэрыялы па гісторыі і культуры роднага краю. Фрагменты абрадавых свят і ўключаюцца ў спектаклі.
— Аб’яднанне па інтарэсах “Вясёлка” арганізавана з мэтай далучэння навучэнцаў гімназіі да падрыхтоўкі мерапрыемстваў на матэрыяле беларускай народнай культуры. Паступова ад традыцыйных форм выхаваўчай работы педагогі перайшлі да інтэрактыўных. Гэта ток-шоу “Ля вытокаў Нёмана”, “Пісьменнікі Уздзеншчыны”, ролевыя гульні “Мне засталася спадчына”, “Ах, калядачкі, бліны, ладачкі!”, “Вялікдзень”, фестывалі “Бульба-фэст”, “Беларуская песня”, фальклорныя кірмашы “Кірмаш”, “Багач”, фальклорныя гасцёўні “Піліпаўскімі вечарамі”, “Вячоркі”. Лялечны тэатр “Казка” створаны для навучэнцаў пачатковых класаў з мэтай развіцця іх творчых здольнасцей, мастацкага густу, узбагачэння духоўнага свету. Для пастаноўкі п’ес “Лёгкі хлеб — воўчы хлеб”, “Працаваць — не баляваць” выкарыстоўваюцца матывы знакамітых казак. Кожную трэцюю суботу месяца праводзяцца лекторыі “Тэатр пачынаецца з вешалкі”, падчас якіх дзеці знаёмяцца з беларускім народным эпасам, сцэнічнай формай увасаблення спектакляў, разнастайнасцю беларускай тэатральнай культуры. А папулярызуюць гімназічны тэатр удзельнікі прэс-цэнтра SIROPP. Яны распрацоўваюць афішы і праграмы, — паведаміла Аксана Васільеўна.Дык хто ж яны — тэатральныя фізікі і лірыкі? Хто яны — “талакоўцы”? Пра гэта можна даведацца, расшыфраваўшы слова “талака”: Таленавітыя (11-класнікі Юлія Янусік, Максім Андруховіч), Апантаныя (11-класнік Яўген Бука), Летуценныя (11-класніца Аліна Прыёмка), Актыўныя (10-класніца Ірына Зуева), Крэатыўныя (11-класніца Аліна Козел, 10-класнік Вячаслаў Валовік, 9-класнік Аляксандр Барысенка) Акцёры. У сакавіку 2014 года праект “Школьны тэатр — шлях да поспеху” стаў дыпламантам Усерасійскага конкурсу праектна-даследчых работ школьнікаў і педагагічных работнікаў адукацыйных устаноў “Прызма” (намінацыя “Наватар”) у Маскве. Аднак самая важная для уздзенскіх гімназістаў перамога была заваявана на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў намінацыі “Спадчына” Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.
У навучэнцаў Уздзенскай раённай гімназіі не стаіць пытанне, чым заняць сябе ў шосты дзень. Студэнты жывуць ад сесіі да сесіі, школьнікі — ад канікул да канікул, а ўдзельнікі “Талакі” — ад спектакля да спектакля, ад тэатральнай суботы да тэатральнай суботы.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.