Звычайнае — незвычайнае

Я працую ў звычайнай школе, праводжу звычайныя заняткі, у мяне звычайныя вучні, кожны мой працоўны дзень праходзіць звычайна, аднатыпна… Хіба можа педагог-прафесіянал так разважаць? Канечне, не. Гэтыя словы не па-нашаму, не па-настаўніцку.

5-Звычайнае_Незвычайнае_1(Сайт) Кожная рэч, кожнае дзеянне, якія суправаджаюць нашу штодзённасць, у творчых настаўніцкіх руках абавязкова становяцца нечым арыгінальным. Узяць для прыкладу звычайныя гузікі, кавалак паперы або,напрыклад, бульбу і таматы. Калі крыху пафантазіраваць і дабавіць да гэтага ўменне ператвараць звычайнае ў незвычайнае, то атрымаюцца… Што з гэтага атрымаецца, можна даведацца на занятках студый “Скрап-арт” і Hand-made Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, а таксама ад удзельнікаў Рэспубліканскага аграбіялагічнага конкурсу “Юны натураліст”. Калі падысці крэатыўна да актуальнай ва ўсе часы тэмы прафарыентацыі навучэнцаў, то адпаведныя заняткі могуць атрымацца… Якімі яны могуць атрымацца, паведамяць удзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Правядзенне прафарыентацыйнай работы ў рэгіёне”, якая прайшла на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, а таксама аўтар арыгінальнага пазакласнага мерапрыемства з сярэдняй школы № 35 Магілёва.
Творчы чалавек убачыць незвычайнае ва ўсіх праявах жыцця, у кожнай рэчы, на якую мы часцей за ўсё не звяртаем увагі. Яскравым прыкладам з’яўляюцца работы ўдзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу відэафільмаў “Мая чароўная Беларусь”. Ва ўмелых руках нават самы звычайны экспанат можа набыць незвычайную цудадзейна-прыцягальную сілу, асабліва калі змясціць яго ў стары чамадан. А вось як ператварыць заняткі звычайнага аб’яднання па інтарэсах у маштабны фестываль рэспубліканскага ўзроўню, ведаюць у Мастоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці.
Звычайныя заняткі, звычайныя вучні, звычайны працоўны дзень — гэта не па-нашаму, не па-настаўніцку. Знаходзіць, заўважаць, ператвараць звычайнае ў незвычайнае — вось яно, сапраўднае выхаванне. Пра гэта студзеньскі “Шосты дзень”.

Аддзел праблем выхавання.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.