Апошні тыдзень выдаўся асабліва снежным. Чамусьці менавіта ў такія дні ў мяне ўзнікае жаданне зазірнуць у свой утульны творча-рукадзельны куток, залезці ў скрыню з тканінай, карункамі і гузікамі, перагледзець раздрукаваныя летнія фотаздымкі і вырашыць, што з гэтых звычайных рэчаў павінна тэрмінова адправіцца ў скрап-альбом, а што застанецца да чарговага натхнення. З такім жа творчым настроем прапаноўваю вам, паважаныя педагогі, сённяшнім зімнім днём разам са мной накіравацца ў майстэрню Інгі Паўлаўны Турла, кіраўніка студый “Скрап-арт” і Handmade Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, і даведацца, як навучыць дзіцячую фантазію лятаць і са звычайных матэрыялаў рабіць штосьці чароўна-незвычайнае.
Неабходны мінімум
Некаторы час назад скрапбукінг (даслоўна — “кніга з выразак”) стаў модным і цікавым хобі, якое неўзабаве змяніла ўяўленне людзей аб сумных паштоўках і звычайных фотаальбомах. Захапілася гэтым відам творчасці і малады мастак Інга Турла, а тры гады назад яна пачала выкладаць у “Школе скрапбукінгу” (так раней называлася студыя “Скрап-арт”).
— Дагэтуль я шмат дзе сябе спрабавала. Скончыла мастацкую школу (гэта, напэўна, класіка для любога творцы), БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка”, займалася дэкаратыўна-прыкладной творчасцю — роспісам па шкле, бацікам, мастацкай апрацоўкай скуры. Але потым прыйшла ў скрапбукінг, здаецца, таму, што па характары я чалавек дастаткова рухавы, манатонная работа зусім не для мяне. А ў скрапбукінгу, па-першае, мора ідэй, штогод з’яўляецца штосьці новае, а па-другое, там нават з падручных матэрыялаў можна змайстраваць што заўгодна, — упэўнена Інга Паўлаўна.На занятках у студыі не сустрэнеш маленькіх дзяцей, бо набіраюць жадаючых тварыць на паперы толькі ад 10 гадоў. Здаецца, гэта апраўдана: як навучыць маленькіх упэўнена трымаць у руцэ канцылярскі нож (дарэчы, тут гэта асноўны інструмент у рабоце) і рабіць не толькі паштоўкі, але і складаныя пераплёты?!
Паколькі гурток працуе на бюджэтнай аснове, многія матэрыялы дзеці прыносяць свае. Галоўны з іх — макетны дыванок для рэзкі, які аднаўляецца сам. Справа ў тым, што скрапбукінг мае на ўвазе частае выкарыстанне рэжучых прадметаў, а таму не памылюся, калі скажу, што гэтая рэч павінна быць у спісе бацькоўскіх пакупак пад нумарам адзін. Да таго ж юным майстрам абавязкова спатрэбіцца канцылярскі нож, алоўкі, металічная лінейка, добры па якасці клей-карандаш, а таксама клей “Момант-крышталь” (ім зручна прыклейваць аб’ёмныя рэчы — гузікі, пацеркі, да таго ж ён празрысты, а гэта вялікі плюс для пачынаючага творцы). У якасці асновы для паштовак і старонак альбома дзеці выкарыстоўваюць звычайную паперу для чарчэння і абавязкова спецыяльную скрап-паперу ў розных стылях.
— Калі мы вывучаем пэўны стыль у скрапбукінгу, я прыблізна паказваю, якая папера і дэкор спатрэбяцца на наступныя заняткі, бо часцей за ўсё дзеці — візуалы, ім трэба паглядзець і памацаць, каб зразумець, — тлумачыць кіраўнік студыі “Скрап-арт”. — Я ніколі не застаўляю набываць усе неабходныя матэрыялы, а толькі патрэбны мінімум. Штампы, дзіркаколы, чарнільныя падушачкі і іншыя дарагія рэчы я заўсёды прыношу свае, бо разумею, што не ва ўсіх ёсць магчымасць набыць гэта, ды і бывае, не кожнаму яно ў далейшым спатрэбіцца. Штосьці я раздрукоўваю, прыношу свае матэрыялы, абрэзкі, з якімі яшчэ добра можна працаваць. Ды і дзеці шмат чаго самі прыносяць, бо бацькі разумеюць, у які від творчасці аддаюць сваё дзіця. І калі ў пачатку года гэта сціплая скрыначка з матэрыяламі, то напрыканцы ўсё гэтае багацце ледзь змяшчаецца на стол, — усміхаецца Інга Турла. — Але ўвогуле мы працуем са звычайнымі рэчамі — каляровай паперай, гузікамі, пацеркамі, карункамі, рэшткамі тканін. А ў выніку работы атрымліваюцца моцнымі і прыгожымі.
Нясцерпнае жаданне тварыць
Самае цікавае, што заняткі ў студыі пачынаюцца не са скрапбукінгу, а… з асноў колеразнаўства і кампазіцыі. Справа ў тым, што ўменне граматна скамбінаваць колеры, кампазіцыйна правільна зрабіць паштоўку або старонку альбома не менш важнае за астатнія ўменні. Калі першыя сумныя, але неабходныя заняткі мінулі, а дзіцячае жаданне тварыць шэдэўры зашкальвае, пачынаецца самае цікавае — вывучэнне стыляў. Дарэчы, існуе сем асноўных стыляў у скрапе: вінтаж, шэбі-шык, еўрапейскі, амерыканскі, стыль “чыста і проста”, стымпанк і фрыстайл. Яшчэ адзін стыль — эрытаж, у якім для работы патрэбны старыя фотакарткі і матэрыялы, вывучаецца па жаданні.— На занятках па кожным стылі мы абавязкова робім па адной паштоўцы, каб дзеці замацавалі, як гэта павінна выглядаць. Потым пераходзім да нататнікаў і вывучэння пераплётаў. З аднаго боку, гэта дастаткова працаёмкая работа, але з другога — тут усё зразумела і проста, таму дзецям вельмі падабаецца. Напрыканцы навучальнага года я не раз ад іх чую просьбы зноў звярнуцца да нататнікаў. Яшчэ мы робім рамкі для фотаздымкаў — цвёрдую і мяккую, абцягнутыя тканінай. Недзе ў сярэдзіне снежня пачынаецца самая маштабная за ўвесь год работа — альбом. У кожным стылі мы робім па развароце, а паколькі асноўных стыляў сем, у нас атрымліваецца 14 старонак, а гэта нямала, асабліва для дзіцячых рук, таму кожнаму патрэбна яшчэ некалькі заняткаў на дапрацоўку. Потым мы робім мяккую вокладку і кніжны пераплёт да гэтага альбома, прыклейваем усе старонкі да каркаса і пераплёту, таму часта не хапае на кожны этап і трохгадзінных заняткаў, — усміхаецца Інга Паўлаўна. — Поруч з асноўнымі стылямі існуюць і змешаныя тэхнікі выканання, усемагчымыя mixed-media, калі спалучаецца адразу некалькі стыляў, напрыклад, шэбі-шык з вінтажам. У далейшым, калі асноўнае вывучана, я дазваляю дзецям адыходзіць ад стандарту і не поўнасцю адпавядаць пэўнаму стылю.
Пра сінія яблыкі і свабодную творчасць
Інга Паўлаўна як сапраўдны творца пільна сочыць за ўсім, што адбываецца ў свеце скрапбукінгу, — пачынаючы ад новых матэрыялаў і заканчваючы аўтарскімі методыкамі стварэння пераплёту. Усё гэта, на яе погляд, патрэбна ведаць і абавязкова паспрабаваць з яе выхаванцамі, не гаворачы ўжо пра тое, каб спалучаць розныя тэхнікі са скрапбукінгам — напрыклад, дэкупаж, вышыўку, або ў дзіцячых работах выкарыстаць пэўныя вязаныя элементы ці тэкстурную пасту.— Аднойчы да мяне ў студыю прыйшоў займацца хлопчык, які ўмеў добра плесці з бісеру, а таксама вышываць, таму яго здольнасці мы і выкарысталі на скрап-старонках. Атрымалася цудоўна! — успамінае кіраўнік студыі “Скрап-арт”. — Часам і сумную, цяжкую для ўспрымання чорна-белую старонку можна ператварыць у шэдэўр. Менавіта так зрабіла мая выхаванка, вышыўшы чырвонымі паеткамі вялікі паветраны шар. Часам я настолькі захапляюся работамі дзяцей і іх палётам фантазіі, малюнкамі, якія яны дадаюць у свае работы, незвычайным выкарыстаннем трафарэтаў і напырскаў фарбай, што разумею: гэта не ты дзяцей вучыш, а сам вучышся ў дзяцей. Менавіта таму я толькі тлумачу, штосьці падказваю, але ніколі не ўмешваюся ў дзіцячую работу. Калі хочацца зрабіць яблык сінім, а не чырвоным, то калі ласка, няхай ён будзе сінім, чаму не?! Некаторыя ствараюць такія цудоўныя абстракцыі, што я толькі жартую пра адпачыванне Далі з яго сюррэалізмам. Гэта вельмі здорава, таму ніколі не трэба душыць творчасць.
Нядзіўна, што з такім падыходам і творчай атмасферай жадаючыя працягнуць навучанне на наступны год знаходзяцца самі сабой. Хоць праграма і разлічана толькі на год, Інга Паўлаўна нікому не адмаўляе, а спрабуе ўдасканаліць з дзецьмі тое, што раней праходзілі, але на больш складаным узроўні. У сваю чаргу выхаванцы добра дапамагаюць ва ўсім першагодкам.
Цеплыня чалавечых рук
Зрабіць штосьці прыемнае для дзіцяці, у якога няма сям’і, — звычайная і вельмі ганаровая справа для кожнага выхаванца студыі “Скрап-арт”. Разам з іншымі навагоднімі падарункамі ад Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі паштоўкі ад “Скрап-арта” накіраваліся ў дзіцячыя дамы нашай краіны. Уявіце сабе, як прыемна атрымаць у маленькія ручкі тое, што зроблена такімі ж маленькімі рукамі!
— Гэта вельмі натхняе навучэнцаў, яны запальваюцца і з задавальненнем робяць нават па некалькі паштовак за заняткі. Толькі на першы погляд здаецца, што сучасныя дзеці не зусім душэўныя, усе ў гаджэтах, — усміхаецца педагог дадатковай адукацыі. — У конкурсах і выставах мы таксама ўдзельнічаем, апошняя з іх — “Навагодні экспрэс”. У мінулым годзе на гэтую выставу мы рабілі толькі паштоўкі, а сёлета дзеці пажадалі стварыць арт-аб’екты (навагодні вянок, навагоднюю кампазіцыю). Надакучыла працаваць на плоскасці, таму вырашылі папрацаваць з аб’ёмам, а хтосьці ўпэўнены, што скрапбукінг — гэта толькі паштоўкі і альбомы.
— Са з’яўленнем некаторых графічных рэдактараў з’явіўся і лічбавы скрапбукінг, — працягваю я размову…
— Зразумела, усё мае месца быць, і гэта можа многім падабацца, але я — за класічны скрап. Усё ж прыемней трымаць у руках тое, што імі зроблена, адчуваць цеплыню, бо ў апошні час у нас і так шмат лічбаў, фотаздымкі таксама лічбавыя, а друкуецца іх няшмат, звычайна толькі самае патрэбнае і самае каштоўнае, таму я — за друк і сапраўдныя, а не лічбавыя фотаальбомы.
Неўзабаве наша творчая размова даходзіць і да сувенірнай скрап-прадукцыі, якую б можна было падарыць, напрыклад, на ўрачыстым мерапрыемстве ў Палацы дзяцей і моладзі.
— Чаму б і не? Усё магчыма! — згаджаецца педагог. — Неабавязкова рабіць занадта аб’ёмныя і дарагія рэчы, бо нават з самых простых матэрыялаў можна зрабіць цуд, трэба вучыцца працаваць з тым, што ёсць. Дарэчы, для мяне крыніцай натхнення з’яўляюцца вандроўкі і творчасць іншых людзей, напрыклад, вулічных мастакоў, бо яны, нягледзячы на невялікую колькасць матэрыялаў, толькі з дапамогай аркуша паперы, алоўка і гумкі могуць рабіць шэдэўры. У такія моманты думаеш пра тое, што ў цябе матэрыялаў гара навернута, а ты не можаш гэта скласці ў адну кампазіцыю. І гэта дапамагае. Творчасць — вось адкуль можна чэрпаць усё.
Уся ў творчых пошуках незвычайнага ў звычайным
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.