Фестывальныя Масты

У Мастоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці ў гэтыя дні адзначае дзень нараджэння клуб ЮНЕСКА “Амега”. За сем гадоў існавання клуба яго ўдзельнікам удалося рэалізаваць столькі праектаў, што ён стаў адным з самых актыўных клубаў краіны. Самая яркая яго ініцыятыва — штогадовыя мастоўскія сустрэчы клубаў ЮНЕСКА, якія збіраюць на мастоўскай зямлі сотні юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны. І гэта пры тым, што саміх “амегаўцаў” на сёння — крыху больш за дваццаць.

Фестывальная візітоўка

— Унікальнасць сустрэч у тым, што яны пачаліся як ініцыятыва школьнікаў горада, якая рэалізоўваецца ўдзельнікамі нашага клуба розных гадоў: і школьнікамі, і выпускнікамі, студэнтамі, і нават працоўнай моладдзю. Штогод мастоўскія сустрэчы набіраюць папулярнасць, павышаючы якасць адукацыйнай і культурнай праграмы, — гаворыць Алена Міхайлаўна Касьяновіч, куратар клуба ЮНЕСКА “Амега” і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. — Ля вытокаў арганізацыі клуба “Амега” стаяць навучэнцы мастоўскіх школ, якія 7 гадоў назад пабывалі ў гасцях у клубе ЮНЕСКА ў Гродне. Тады ж мы запрасілі гродзенскі клуб правесці ў Мастах некалькі трэнінгаў, і дзеці загарэліся, захацелі стварыць свой клуб ЮНЕСКА. Цяпер удзельнікаў клуба, якому яны далі назву “Амега”, ведаюць па ўсёй краіне ў асноўным як арганізатараў гэтых фестываляў, на якія штогод прызджаюць удзельнікі клубаў з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта свайго роду творчы аповед пра галоўныя падзеі года і нагода сустрэцца на адной сцэне, абмяняцца ідэямі, далучыцца да самых цікавых праектаў. Спачатку сустрэчы былі раённага маштабу, затым — абласнога і нарэшце сталі рэспубліканскімі. Апошнія гады на фестываль прыязджаюць, каб паглядзець на іншых і сябе паказаць, і ўдзельнікі замежных клубаў ЮНЕСКА. Пазнаёміцца з удзельнікамі клуба і іх дзейнасцю прыязджалі і нямецкія журналісты.
Усе, хто быў на мастоўскіх сустрэчах і іншых падобных фестывалях, у адзін голас адзначаюць: хоць яны даўно выйшлі за межы горада, сяброўскую, цёплую атмасферу не згубілі, не сталі афіцыйнымі, фармальнымі, наадварот, спрыяюць утульнай працоўнай атмасферы, дзе і нараджаецца дружба і, як вынік, шматлікія сумесныя праекты.
Акрамя гэтага, мастоўскія сустрэчы маюць свае асаблівасці, свой правінцыяльны шарм і мясцовы каларыт. Так, напрыклад, на адной з першых сустрэч хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічалі ў гарадскім квесце “Мастоўскія легенды”, што дазволіла ім лепш пазнаёміцца з асаблівасцямі і гісторыяй горада, якая тады налічвала 525 гадоў. Тэмы сустрэч штогод мяняюцца. Адна з іх — “Мост пакаленняў” — аб’яднала моладзь, якая вывучае традыцыі беларускага народа. Два фестывальныя дні ператварыліся ў маштабнае дзейства, а яго ўдзельнікі акунуліся ў атмасферу з нацыянальным каларытам, унікаючы ў асаблівасці беларускай культуры, пачынаючы ад прыгатавання страў нацыянальнай кухні да тонкасцей выканання беларускіх танцаў. На VI сустрэчы “Культурная разнастайнасць” юнакі і дзяўчаты атрымлівалі веды ў сферы канфлікталогіі, міжкультурнага ўзаемадзеяння, ладзілі гала-канцэрт “Культура народаў свету”, ролевую гульню “Па краінах і кантынентах”. Сутнасць гульні заключалася ў адаптацыі сусветна вядомых казак да ўмоў розных краін свету. Гледачам былі прадстаўлены мексіканскі “Кот у ботах”, грузінская “Дзюймовачка”, кітайская “Папялушка”, амерыканскія “Брэменскія музыканты” і бразільская “Залатая рыбка”.
Апошняя сустрэча была прысвечана Году моладзі і называлася “Я малады”. Яе “амегаўцы” арганізавалі на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера “Нёман”, і галоўнымі ідэямі былі фарміраванне міжкультурнага разумення і лідарскіх якасцей. За два дні таксама прайшлі дыскусійныя пляцоўкі “Слова маладым”, ролевыя гульні “Маладзёжны мікс”, квесты “Даеш, моладзь”, а вечарамі ўсіх аб’ядноўвалі песні пад гітару.
— Часам менавіта на фестывалях нашы госці знаёмяцца з ЮНЕСКА і потым становяцца ўдзельнікамі нашага клуба, а госці з іншых рэгіёнаў ствараюць клубы ў сябе, адчуваюць асалоду падчас удзелу ў шматлікіх праектах асацыяцыі і сваіх уласных, — гаворыць Алена Міхайлаўна.

Крокамі да Паднябеснай

Так, мастоўскія сустрэчы — гэта ўсяго толькі маленькая часцінка жыцця клубаўцаў. Не менш насычаныя ў іх і астатнія 363 дні ў годзе. З першых дзён клуб “Амега” ўключыўся ў работу па ўсіх кірунках Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА: прымае ўдзел у міжнародных фестывалях міратворчых аб’яднанняў Беларусі, Расіі і Украіны, рэгіянальных і абласных фестывалях клубаў ЮНЕСКА, шэрагу летніх праектаў асацыяцыі, паспяхова ўдзельнічае ў конкурсах праектных работ “ЮНЕСКА. Адукацыя. Навука. Культура”, праектах па вывучэнні культуры свету. Для многіх “амегаўцаў” яны сталі не проста кірункамі на занятках клуба, а часам і пачаткам прафесійнага шляху.— Мая старэйшая сястра была адным з арганізатараў “Амегі”. Калі яна заканчвала школу, я быў у 8 класе і адразу ўступіў у клуб, — гаворыць Яўген Кандратовіч. — Мне падабалася адчуваць сябе патрэбным. Мы шмат праводзілі валанцёрскіх акцый, дабрачынных канцэртаў на карысць дзяцей з сацыяльных прытулкаў. Але найбольш мне падабалася працаваць у кірунку “Культура свету”, дзе мы ў сумесных міжнародных мерапрыемствах знаёміліся з культурай і традыцыямі адно аднаго. Мяне асабліва заварожвала кітайская культура і мова.
Пасля школы Яўген выбраў яе выкладанне сваёй прафесіяй — цяпер вучыцца ў МДЛУ на факультэце кітайскай філалогіі. За плячыма — першая сесія, усе дысцыпліны на “дзявяткі”. Акрамя вучэбных заняткаў, Яўген вывучае мову і культуру Кітая ў клубе ЮНЕСКА “Вышэйшая ліга”. Гэты клуб створаны якраз выпускнікамі школьных клубаў і аб’яднаў студэнтаў, якія хочуць працягваць клубную дзейнасць.

Здаровая гутарка

Здаровы лад жыцця стаў асноўным кірункам у “амегаўцаў” з самага пачатку. Па словах А.М.Касьяновіч, методыку навучання “роўны вучыць роўнага” яе выхаванцы асвойвалі першымі ў горадзе яшчэ ў 2009 годзе. Першымі яны асвойвалі і методыку “форум-тэатр”. Дарэчы, адну з самых актыўных яе ўдзельніц, Настассю Дорань, адразу пасля заканчэння ўніверсітэта запрасілі працаваць у Беларускую асацыяцыю клубаў ЮНЕСКА, цяпер дзяўчына рэалізоўвае рэспубліканскія праекты па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі.
Акрамя гэтай тэмы, “амегаўцы” ахапілі і іншыя. Так, удзельнікі клуба пішуць сцэнарыі для сваіх спектакляў на тэмы прафілактыкі падлеткавага алкагалізму, праводзяць акцыі па прафілактыцы наркаманіі і курэння, на якія запрашаюць старшакласнікаў са школ горада. У цэнтры ўжо трэці год рэалізоўваецца інавацыйны праект па сямейным выхаванні “Рэпрадуктыўнае здароўе моладзі”, таму гэтай тэме шмат удзяляецца ўвагі і ў клубе. Напрыклад, апошняя распрацоўка дзяўчат — трэнінгі па тэме “Харчаванне і рэпрадуктыўнае здароўе”. Асабліва актуальная гэтая тэма для тых, хто ў пагоні за стройнай фігурай часам губляе магчымасць стаць маці. Цікава, што тэма дзявочага здароўя, у прыватнасці прафілактыка ранніх абортаў, ужо некалькі гадоў у Мастах хвалюе і хлопцаў. Хоць патрэба падняць гэтую тэму і абмеркаваць яе з дзяўчатамі менавіта з хлапечага боку была нечаканай (дзе ж той гендарны фактар?), на справе яна выклікала зацікаўленасць з боку старшакласніц горада і раёна. Трэнінгі і спектаклі збіралі і збіраюць поўныя аўдыторыі.
Зацікавіў такі неардынарны падыход і педагогаў-арганізатараў летніх змен для валанцёраў роўнага навучання, што праходзілі летась у НДЦ “Зубраня”, у летнім тыднёвым лагеры на возеры Белым у Брэсцкай вобласці, на якія арганізатары запрашалі самых актыўных трэнераў. Там сваім вопытам дзяліліся Арцём Лісай і Антон Пузевіч, аўтары трэнінгаў па прафілактыцы абортаў. Цяпер тэму “Амега” працягвае ў пастаноўках спектакля “Апельсінавы сок” па прафілактыцы ранніх цяжарнасцей і абортаў.
Значная частка валанцёрскіх праектаў “Амегі” праходзіць для дзяцей і моладзі з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Падлеткі шмат працавалі па праграме “Лячэбная магія”, якая з’яўляецца адным з арыгінальных брэндаў арганізацыі. Гэта методыка садзейнічання фізічнай і псіхічнай рэабілітацыі праз навучанне простым фокусам людзей, якія маюць парушэнні псіхафізічнага развіцця. Валанцёры працуюць па гэтай праграме ў Мастоўскім дзіцячым сацыяльным прытулку, Мастоўскім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Мастоўскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Рэалізоўваюць у клубе і свой праект “Лячэбная магія — пашырэнне магчымасцей”, які прадугледжвае актыўны ўдзел у якасці валанцёраў-фокуснікаў маладых людзей з інваліднасцю.
Удзельнікі клуба ўпэўнены, што рэалізацыя гэтага праекта дасць магчымасць пашырыць жыццёвую прастору для людзей з абмежаваннямі, уключыць іх у новыя сацыяльныя сітуацыі, будзе спрыяць развіццю інклюзіўных працэсаў, якія няпроста праходзяць у нашым грамадстве. З другога боку, для членаў клуба гэты праект дае новы вопыт супрацоўніцтва, узаемадзеяння і разбурэння стэрэатыпаў у дачыненні да людзей з абмежаваннямі.

Святлана НІКІФАРАВА.