Самастойныя, знаходлівыя, працавітыя, дысцыплінаваныя, адказныя, фізічна падрыхтаваныя, спагадлівыя, таварыскія, валявыя… Ідэальныя мужчыны? Амаль што, калі не ўлічваць адзін нюанс: ім усяго 12, максімум 17 гадоў. Канечне, для паўнавартаснага мужчыны гэта яшчэ даволі юны ўзрост. Хаця… Многія з нас, каму за 30 і нават за 40, маглі б узяць прыклад з гэтых падлеткаў і юнакоў — навучэнцаў знакамітага Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.
Сярод мітусні вялікага горада, у пастаянным натоўпе людзей не звярнуць увагу на сувораўцаў проста немагчыма. Стройныя, падцягнутыя, сур’ёзныя, не па гадах сталыя, у адметнай форме, яны заўсёды прыцягваюць увагу прахожых. Многія равеснікі па-добраму ім зайздросцяць, а мы, дарослыя, у каго ёсць свае дзеці, па-добраму зайздросцім татам і мамам сувораўцаў. Безумоўна, іх сыны вырастуць годнымі мужчынамі, бо тыя цяжкасці (а сувораўскае жыццё няпростае, нягледзячы на ўсю яго адметнасць, рамантычнасць і прыцягальнасць), якія даводзіцца пераадольваць хлопчыкам, вартыя высокага звання сувораўца — будучага мужчыны, афіцэра, эліты нашай арміі. Яшчэ нядаўна яны праводзілі вольны час за камп’ютарнымі гульнямі, маглі паскардзіцца матулі на аднакласнікаў і настаўнікаў, а цяпер у іх асаблівае жыццё — жыццё ў мужчынскім калектыве. — У нашай краіне ёсць і іншыя ўстановы адукацыі, дзе хлопчыкі вучацца ваеннай справе, аднак менавіта Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча з’яўляецца цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання, цэнтрам падрыхтоўкі будучых афіцэрскіх кадраў для Узброеных Сіл. Нашым выхаванцам з першага курса мы закладваем усведамленне таго, што яны — будучыня беларускай арміі, наша змена і яны павінны з гордасцю пранесці праз усё жыццё высокае званне сувораўца, а магчыма, і перадаць яго сваім дзецям, — гаворыць выконваючы абавязкі намесніка начальніка вучылішча па ідэалагічнай рабоце маёр Андрэй Уладзіміравіч Чарняцоў.
Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча з’яўляецца ўстановай закрытага тыпу. Такія ўмовы загартоўваюць характар, фарміруюць яго сапраўдныя мужчынскія рысы. Вялікая роля тут адводзіцца афіцэрам-выхавальнікам, сярод якіх і выпускнікі вучылішча, якія прыйшлі з Узброеных Сіл і перадаюць сувораўцам перадавыя веды і вопыт. І робяць гэта даволі паспяхова, пра што сведчыць высокі працэнт паступлення сувораўцаў на ваенныя факультэты ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь.
Жыццё ў сувораўскім вучылішчы — гэта жыццё ў калектыве, дысцыпліна, да якой прывучаны не кожны падлетак, таму абавязковай часткай уступнай кампаніі ў вучылішчы з’яўляецца псіхалагічнае тэсціраванне, якое дазваляе праверыць здольнасці дзіцяці, яго псіхалагічную ўстойлівасць да пражывання ва ўстанове закрытага тыпу. — Мы стараемся разабрацца ва ўнутраным свеце хлопчыка. Работа псіхолага тут вельмі важная, таму што многім дзецям складана прывыкнуць да асаблівай атмасферы, калі яны знаходзяцца, умоўна кажучы, у чатырох сценах, калі няма побач бацькоў, якія могуць іх падтрымаць. Ёсць дысцыпліна, а яна ў нас строгая, ёсць пэўныя правілы паводзін сувораўцаў, распарадак дня, якіх неабходна прытрымлівацца. Дзіцяці, якое прыйшло з сям’і, дзе можна было паваляцца лішнюю гадзінку ў ложку, пагуляць на камп’ютары, часта складана пазбавіцца гэтых звычак, і ў хлопчыкаў можа быць сапраўдны стрэс. У кожнай роце ёсць псіхолаг, які пастаянна знаходзіцца побач з сувораўцамі. У перыяд адаптацыі гэты стрэс намагаемся мінімізаваць, і ў першыя паўгода першакурснікі атрымліваюць даведку аб звальненні кожныя выхадныя, — гаворыць Андрэй Уладзіміравіч.
Па словах старшага выкладчыка ваенных дысцыплін, камандзіра 5-й роты сувораўцаў, падпалкоўніка Аляксандра Мікалаевіча Бандарэнкі, галоўны сакрэт паспяховай выхаваўчай работы з сувораўцамі (ды і са звычайнымі школьнікамі таксама) — гэта падтрыманне дысцыпліны, таму навучэнцам абавязкова ставяцца адзнакі за паводзіны. З першакурснікамі ў гэтым плане асабліва складана. Для іх у 12—13 гадоў самае галоўнае — гэта зносіны, размовы. У кожнага сувораўца розны ўзровень выхаванасці, склад сям’і.
— За брыдкаслоўе сувораўцы вучаць вершы. Ёсць у мяне асобы, якія дэкламуюць амаль усяго Пушкіна. Такі метад даволі эфектыўны: праз некалькі месяцаў ніякага брыдкаслоўя. Культура ўзаемаадносін у калектыве, фізічная падрыхтаванасць, асабістая гігіена — на ўсё гэта мы з афіцэрамі звяртаем павышаную ўвагу. Узяць для прыкладу першакурснікаў. Чысціць зубы яны яшчэ ўмеюць, а вось з абмываннем перад сном цела халаднаватай вадой, мыццём ног часта бываюць праблемы. Гэтыя пытанні абавязкова вырашаюцца, бо мы адказваем за здароўе дзяцей, таму ўсё павінна быць чыста, акуратна. Перыяд адаптацыі для сувораўца-першакурсніка доўжыцца прыкладна паўгода, — паведамляе Аляксандр Мікалаевіч. Важным аспектам мужчынскага выхавання, якім бы дзіўным гэта ні здалося на першы погляд, з’яўляецца мыццё шкарпэтак. На думку Аляксандра Мікалаевіча, прывычка хлопчыка мыць вечарам свае шкарпэткі — адна з першых прымет яго самастойнасці. “Для мяне мыццё шкарпэтак з’яўляецца выключна мужчынскай справай, да якой рэдка хто з нашых навічкоў прывучаны. Наогул, у сённяшняга пакалення навучэнцаў вельмі шмат спакус, якія ўплываюць на іх характар, паводзіны. Тут можна назваць празмерную захопленасць віртуальнасцю. У гады маёй вучобы ў сувораўскім вучылішчы прычын для такіх спакус не было, наш вольны час быў напоўнены карыснымі справамі, мы ўсе ўмацоўвалі сваё здароўе, займаліся спортам. Стадыёны проста кішэлі. Цяпер у большасці дзяцей іншыя інтарэсы. Ім бы пагаварыць па тэлефончыку, пасядзець у сацыяльных сетках, хаця мабільныя тэлефоны, смартфоны ў нас забаронены. Афіцэры-выхавальнікі імкнуцца ўласным прыкладам паказваць сувораўцам, хто такі афіцэр, што сувораўская ваенная форма накладвае на таго, хто яе носіць, пэўныя абавязкі, адказнасць за свае ўчынкі, якія павінны быць годнымі. Адказнасць — адна з галоўных рыс характару сапраўднага мужчыны”, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч.
Цішыня… Менавіта такім словам можна ахарактарызаваць першыя хвіліны знаходжання на тэрыторыі сувораўскага вучылішча. Нават на перапынку ў галоўным корпусе пануе атмасфера ідэальнай дысцыпліны. У адрозненне ад звычайнай школы навучэнцы тут не бегаюць па калідорах, тут няма шуму, гулу. Цішыня… І пры гэтым вучэбны і выхаваўчы працэс не стаіць на месцы. Тут і ўрокі, і факультатывы, і выхаваўчыя мерапрыемствы, аднак са сваімі асаблівасцямі. Адной з іх з’яўляюцца заняткі па харэаграфіі. Сувораўскія балі, як вядома, візітоўка вучылішча.
Артур Наздрын-Платніцкі, віцэ-сержант, навучэнец 4 курса: “Спачатку для мяне ў вучылішчы ўсё было незвычайным, асабліва распарадак дня. Найбольш складана было адвыкнуць ад мабільнікаў. Па сутнасці, яны нам ужо і не патрэбны, са сваімі сябрамі па вучылішчы мы пастаянна знаходзімся анлайн не ў віртуальным, а ў рэальным надзвычай насычаным жыцці. У 7 гадзін пад’ём, зарадка, вучэбныя заняткі, потым факультатывы, заняткі спортам, выхаваўчыя мерапрыемствы. Гэта і сустрэчы з цікавымі людзьмі, і кіналекторыі, і абмеркаванне актуальных для нас з равеснікамі праблем. У вучылішчы я навучыўся знаходзіць агульную мову з равеснікамі. Галоўны сакрэт — часцей шчыра ўсміхацца, бо, калі ты ўсміхаешся, чалавек пачынае больш даверліва да цябе ставіцца. У вучылішчы ў мяне значна павысілася паспяховасць у вучобе, і не толькі таму, што мне стала больш цікава спасцігаць навукі. Ёсць яшчэ адзін стымул: за выдатныя адзнакі ты можаш атрымаць даведку аб звальненні. Быць сувораўцам — гэта адказна. Асабіста на мне ляжыць яшчэ большая адказнасць, бо я камандзір аддзялення і павінен паказваць прыклад сваім таварышам”.
Суворавец павінен быць не толькі мужным, адказным, фізічна вынослівым, але і сапраўдным кавалерам. “Кавалерам?” — спытаў у старшага афіцэра аддзела ідэалагічнай работы капітана Алены Іванаўны Шарапавай. “Так, кавалерам. У Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча даўнія сяброўскія адносіны з Мінскім дзяржаўным каледжам мастацтваў, Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна сталіцы, таму, як элегантна абыходзіцца з дзяўчатамі, як танцаваць з імі вальс, сувораўцы ведаюць выдатна. Любому чалавеку аднастайнасць можа надакучыць, а сувораўцам тым больш. Каб гэтага не адбылося, у кожнай роце ёсць пакой адпачынку, спартыўны куток, працуе і свой тэатр, пры жаданні можна навучыцца іграць на музычных інструментах. Дарэчы, кожны год у вучылішчы сярод рот праводзяцца агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці”, — паведамляе Алена Іванаўна.
Адметнае, рамантычнае, прыцягальнае, але ў той жа час і складанае — такім з’яўляецца жыццё навучэнцаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, кожны год дзясяткі хлопчыкаў пасля наведвання дня адкрытых дзвярэй вырашаюць звязаць сваё жыццё з Узброенымі Сіламі. Не кожны даслужыцца да генерала, аднак сапраўдным мужчынам дакладна стане кожны. Хаця чаму стане? Яны і ёсць сапраўдныя мужчыны: адказныя, спагадлівыя, дысцыплінаваныя.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва МСВВ.