Вецер у спіцах, карта ў руках

Спачатку невялікая загадка: бяжыць-бяжыць, у руцэ карта дрыжыць, стрэлка компаса круціцца. Хто гэта? Здагадаліся? Правільна, спартыўны арыенціроўшчык. І яшчэ адна: пакруціў педалі, пакруціў руль, праехаў, спыніўся, вады глытнуў, агледзеўся, карту дастаў, сабраўся з сіламі, да пікета памчаў. Пра каго гэта? Правільна, пра велаарыенціроўшчыка. Так, не здзіўляйцеся, ёсць такое слова і ёсць такія людзі. Велаарыенціроўшчык — ён жа спартсмен, ён жа бягун, ён жа турыст, ён жа веласіпедыст, ён жа следапыт. І такіх людзей, як аказваецца, сотні, а то і тысячы. Пазнаёмімся з імі бліжэй.

Адхініся, пешаход!

Імклівая аўтамабілізацыя — гэта яшчэ што! Не менш уражваюць тэмпы імклівай веласіпедызацыі. Мінск, нядзеля, праспект Пераможцаў, ваколіцы Камсамольскага возера. Адзін за адным, бесперапынна, суцэльным патокам праносяцца… Не, не аўтамабілі. На сталічных аўтамагістралях у выхадныя дні даволі свабодна. Адзін за адным, бесперапынна, суцэльным патокам па тратуарах праспекта праносяцца… веласіпедысты. Рэдкаму пешаходу толькі і застаецца, што азірацца, каб выпадкова не трапіць пад колы са спіцамі.

Але не будзем пра сумнае. У імклівай веласіпедызацыі куды больш станоўчага, чым адмоўнага. Усё ж веласіпед (асабліва якасная мадэль сусветна вядомага брэнда) — гэта не толькі сучасна, стыльна, гэта яшчэ і магчымасць адпачыць ад штодзённай мітусні, паганяць гадзінку-другую па дарогах і сцежках пад высокім беларускім небам. Веласіпед — гэта здароўе. Веласіпед — гэта актыўны лад жыцця. Веласіпед — гэта турызм. А яшчэ веласіпед — гэта арыентаванне.

Бегчы або ехаць?

Веласіпеднае арыентаванне — адносна новае для айчыннага турызму паняцце. Чаму адносна? Па-першае, у наступным годзе Міністэрства адукацыі ўпершыню правядзе сярод навучэнцаў першынство краіны па веласіпедным арыентаванні. Па-другое, веласіпедным арыентаваннем педагогі і навучэнцы асобных устаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю займаюцца не адзін год. Напрыклад, у Барысаве і Беразіне Мінскай вобласці ўжо многія гады паспяхова развіваецца гэты напрамак веласіпеднага турызму. Ці ўсё ж напрамак спартыўнага арыентавання?

— Можна гаварыць і так, і так, бо ў любым выпадку пачаткам веласіпеднага арыентавання сталі спаборніцтвы па велапешаходным дуатлоне. Калі гаварыць простай мовай, то гэта арыентаванне бегам і арыентаванне на веласіпедах. Яго складанасць заключаецца ў тым, што ўдзельнікам неабходна пераадолець маршрут спачатку на веласіпедзе, арыентуючыся па карце або картасхеме, а потым адразу без адпачынку пераключыцца на бег. Пераадолеўшы на веласіпедзе кіламетраў 15—20, ты яшчэ бяжыш кіламетраў 5. Канечне, не кожны вытрымае такі тэмп. Бегаць любяць не ўсе, затое ўсе дзеці любяць катацца на веласіпедах, таму і вылучылі веласіпеднае арыентаванне ў асобную дысцыпліну. У нас яно актыўна развіваецца дзякуючы такім трэнерам, як Ілья Мікалаевіч Дайнека, Сяргей Міхайлавіч Голуб, — дзеліцца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму Сяргей Генадзьевіч Лаўрановіч.

Арыентаванне на веласіпедах — гэта своеасаблівы мікс спартыўнага арыентавання і тэхнікі веласіпеднага турызму. Сярэднестатыстычны велатурыст, калі ўпершыню атрымае спартыўную карту і выйдзе на маршрут, наўрад ці паспяхова яго пераадолее. Вось і спартыўны арыенціроўшчык наўрад ці пакажа высокія вынікі ў спаборніцтвах па тэхніцы веласіпеднага турызму. Калі ў вучня ёсць цікавасць да спартыўнага арыентавання, аднак яму больш падабаецца ездзіць на веласіпедзе, чым бегаць, то выхад адзін: запісацца ў гурток па веласіпедным арыентаванні.

Правільная дарога

Сутнасць спаборніцтваў па велаарыентаванні заключаецца ў тым, што іх удзельнік павінен прайсці пэўны маршрут па незнаёмай мясцовасці, карыстаючыся толькі картай і компасам, пры гэтым абавязкова наведаць усе кантрольныя пункты. Паміж імі спартсмену-турысту можна рухацца як заўгодна, выкарыстоўваючы любую тэхніку, галоўнае — не з’язджаць з дарог або сцяжынак. Пераможца вызначаецца па самым кароткім часе, затрачаным на праходжанне маршруту, пры ўмове наведвання ўсіх кантрольных пунктаў. Велаарыентаванне можа праводзіцца на розных тыпах мясцовасці. Асноўнае патрабаванне — наяўнасць густой сеткі сцежак і дарог.

Па словах Сяргея Генадзьевіча, кантрольныя пункты адшукваюцца з дапамогай як спартыўнай карты, так і картасхемы. Складанасць картасхемы заключаецца ў тым, што там не намалявана ўся мясцовасць. Звычайнаму аматару велападарожжаў без папярэдніх хаця б мінімальных трэніровак, інструктажу будзе складана прайсці трасу. Цалкам верагодна, што ён заблудзіць. Калі на картасхеме пазначана толькі адна-дзве дарогі, а ты трапляеш у лес, бачыш перад сабой 10 дарог і табе трэба ведаць, як выбраць неабходную, як сарыентавацца, што рабіць, куды накіроўвацца, то навыкі спартыўнага арыентавання вельмі дапамогуць. Для паспяховага пераадолення маршруту велаарыенціроўшчыку патрэбна выдатная зрокавая памяць, выдатная тэхніка валодання веласіпедам.

— Як і ў спартыўным арыентаванні, у веласіпедным ёсць спрынт, сярэдняя і доўгая дыстанцыі. Спрынт складае ад 3 да 5 км і праводзіцца пераважна ў гарадскіх парках. Сярэдняя — да 10—12 км і доўгая — да 40 км па лесе. Галоўнае — не прапусціць патрэбную сцежку, інакш можна наматаць вельмі многа лішніх кіламетраў. Уважлівасць, канцэнтрацыя павінны абавязкова быць уласцівы спартсмену-турысту, — дзеліцца дырэктар бярэзінскага Турыстычнага цэнтра “Юнацтва” кіраўнік гуртка веласіпеднага арыентавання Дзмітрый Мікалаевіч Ванькевіч.

Перспектыўны кірунак

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, велаарыентаванне — перспектыўны кірунак. Хто ж з дзяцей не любіць катацца на веласіпедзе? “Калі ты садзіш іх на веласіпед і даеш ім карту, то ў іх узнікае вялікая цікавасць. Яны ў лесе, ім неабходна пераадолець пэўны маршрут, перад імі картасхема з мінімальнай інфармацыяй, трэба сарыентавацца і па картасхеме, і па велалічыльніку, ведаць, куды правільна павярнуць, каб выехаць у патрэбным кірунку. Тут шмат нюансаў, якія прыцягваюць як дзяцей, так і дарослых, — дзеліцца Дзмітрый Мікалаевіч Ванькевіч. — Велаарыентаванне ў адрозненне ад спартыўнага арыентавання больш даступнае для пачаткоўцаў. На веласіпедзе адлегласць пераадольваецца не так прыметна. У велаарыентаванні рух адбываецца ў асноўным па сцежках. Калі ў спартыўным арыентаванні падчас праходжання ляснога маршруту ты можаш забегчы ў балота або заблытацца ў павуцінні, то тут больш камфортнае перамяшчэнне, пікеты знаходзяцца ўздоўж сцежак”.

Гурток па веласіпедным арыентаванні быў створаны ў бярэзінскім цэнтры тры гады назад, калі веласіпеднае арыентаванне толькі-толькі вылучылася ў асобную дысцыпліну і па ім у краіне пачалі праводзіцца спаборніцтвы. На першы рэспубліканскі чэмпіянат, які арганізоўваўся Беларускай федэрацыяй арыентавання, і адправіўся Дзмітрый Мікалаевіч са сваімі выхаванцамі, каб, як кажуць, на людзей паглядзець, а калі атрымаецца, то і сябе паказаць. Тая паездка была ўдалай. Бярэзінскія велатурысты не толькі паглядзелі на іншых, але і паказалі свае здольнасці і нават занялі прызавыя месцы ў адпаведнай узроставай катэгорыі. З таго часу ў Бярэзінскім раёне кожны год праводзяцца спаборніцтвы па велаарыентаванні. Такая ж сітуацыя і ў Барысаўскім раёне, дзе кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму ўдзяляе асаблівую ўвагу развіццю і папулярызацыі велатурызму.

Любоў з дзяцінства

Калі прагульваешся ў выхадны дзень па сталічных парках або тратуарах праспектаў і назіраеш за бесперапынным, суцэльным патокам веласіпедыстаў, становіцца зразумела, што велаарыентаванне, як і велатурызм у цэлым, абавязкова будзе знаходзіць сваіх прыхільнікаў. Колькі іх, велаарыенціроўшчыкаў? Сотні, тысячы? Ніхто не лічыў, аднак дакладна можна сказаць, што кожны з нас займаўся велаарыентаваннем у дзяцінстве. Паганяць на веласіпедзе з сябрамі ў двары гарадскога шматпавярховіка або ў ваколіцах вёскі па пэўным маршруце; паехаць у лес з бацькамі ў грыбы або ягады і прамчацца сярод сосен і бяроз па пэўным маршруце, спыняючыся каля знойдзеных грыбоў-“пікетаў”, — хіба гэта не ёсць веласіпеднае (праўда, на аматарскім узроўні) арыентаванне? Паспрабуем павысіць узровень велааматарства! Гэта цікава!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Турыстычнага цэнтра “Юнацтва”.