Раз, два, тры — гані!

У фінальным этапе конкурсу былі прадстаўлены ўсе напрамкі дадатковай адукацыі, у тым ліку тэхнічная творчасць. Адразу тры педагогі-тэхнікі змагаліся за званне лепшага: кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Трасавы аўтамадэлізм” Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Аляксандр Мікалаевіч Скалабан, “Асновы радыёкіруемых аўтамадэлей” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Раман Русланавіч Гудзь і “Авіямадэльны” шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва Андрэй Іванавіч Жукаў. З Раманам Русланавічам і Андрэем Іванавічам мы яшчэ абавязкова сустрэнемся на старонках нашага выдання, а пакуль што завітаем у Салігорск на трыбуны ўнікальнай трасы, створанай рукамі знакамітага педагога-аўтамадэліста і яго выхаванцаў.

“Автомобили, автомобили буквально всё заполонили …” Словы гэтай некалі папулярнай песні можна спяваць з розным настроем: са шкадаваннем, маўляў, як добра было, калі аўтамабілі яшчэ не “всё заполонили”, калі на вуліцах гарадоў можна было дыхаць чыстым паветрам, не чуць пастаяннага аўтамабільнага гулу; можна спяваць з радасцю, маўляў, як добра, што аўтамабілі “буквально всё заполонили”, што дзякуючы ім наша жыццё значна спрасцілася, стала больш мабільным, дынамічным. Асабліва аўтамабілям павінны радавацца журналісты. Што і гаварыць, калі, скажам, з Мінска ў любы абласны цэнтр можна з’ездзіць у камандзіроўку за адзін дзень. Аўтамабілі не толькі эканомяць наш час, даюць свабоду перамяшчэння, але і дазваляюць вырашаць выхаваўчыя задачы.
Сінія, зялёныя, чырвоныя мадэлі аўтамабіляў “буквально всё заполонили” ў Цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна, у тых памяшканнях, дзе праводзяцца тэарэтычныя і практычныя заняткі аб’яднання па інтарэсах “Трасавы аўтамадэлізм”. Менавіта тут, у своеасаблівым інжынерным і канструктарскім бюро, дзясяткі падлеткаў і юнакоў авалодалі, авалодваюць і пачынаюць авалодваць асновамі аўтамабілебудавання. Кожны з юных аўтамадэлістаў гатовы суткамі напралёт карпець над любімай мадэллю, каб у час ікс паставіць яе на стартавую лінію і на лік “раз, два, тры” памчаць разам з ёй да фінішу.

Аляксандр Мікалаевіч Скалабан невыпадкова стаў фіналістам Рэспубліканскага конкурсу “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Вынікі яго працы ўражваюць: 18-і выхаванцам прысвоена званне “Кандыдат у майстры спорту”. Каманда Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна з’яўляецца 10-разовым чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па трасавым аўтамадэлізме. Усё гэта — вынік сістэматычнага і паслядоўнага падыходу педагога да вырашэння адукацыйных і выхаваўчых задач. Дасягненне высокіх спартыўных вынікаў не з’яўляецца асновай педагагічнай дзейнасці Аляксандра Мікалаевіча. Галоўная задача — гэта выхаванне і навучанне дзяцей. Тэмп сучаснага жыцця падахвочвае педагога да пастаяннага развіцця і пошуку новых метадаў і форм навучання. Адкрытыя заняткі, майстар-класы для калег-педагогаў дадатковай адукацыі і настаўнікаў тэхнічнай працы дазваляюць Аляксандру Мікалаевічу паспяхова перадаваць вопыт. Па словах педагога, праграма заняткаў аб’яднання па інтарэсах — гэта своеасаблівы руль, пульт кіравання ў працы, які дазваляе правільна вучыць, выхоўваць, накіроўваць навучэнцаў у маральным развіцці. Вось так выхоўваюцца чэмпіёны!

На заняткі па трасавым аўтамадэлізме да Аляксандра Мікалаевіча навучэнцы прыходзяць з 5 класа. Яны знаёмяцца з гісторыяй аўтамабілебудавання, агульным устройствам аўтамабіля, вывучаюць прынцып работы рухавіка і іншых механізмаў. У працэсе стварэння трасавых мадэлей набываюць самыя простыя навыкі чарчэння, работы з паперай і кардонам, праводзяць простыя слясарныя аперацыі, пайку. Для якаснай зборкі мадэлі аўтамабіля, безумоўна, патрабуецца аснашчаная сучасным абсталяваннем майстэрня. Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна валодае такой майстэрняй. Тут навучэнцы могуць цалкам рэалізаваць свае канструктарскія і вынаходніцкія здольнасці. На спецыяльных станках дзеці ствараюць спецыяльнае абсталяванне, якое дазваляе больш дакладна і якасна рабіць дэталі мадэлей. Па словах педагога, усё гэта з’яўляецца выдатным прыкладам імпартазамяшчэння, эканоміі фінансавых сродкаў. Кожны юны спартсмен стварае спецыяльны кейс мадэліста, прызначаны для транспарціроўкі мадэлей да месцаў спаборніцтваў. Такія кейсы ўкамплектаваны неабходным інструментам.

— З заняткаў трасавым аўтамадэлізмам для многіх маіх выхаванцаў пачынаецца шлях да прафесіі інжынера-аўтамабілебудаўніка. Многія выбралі для сябе прафесію ў галіне аўтамабілебудавання, і я імі па-сапраўднаму ганаруся. Вельмі важна не баяцца ставіць перад сабой новыя мэты, не баяцца невядомасці і кожны дзень адкрываць для сябе новыя гарызонты. Прафесію педагога лічу самай ганаровай, таму і ўкладваю ў яе ўсю душу. Галоўнае, не шкадуючы ні часу, ні сіл, шчодра аддаваць сябе дзецям, дзяліцца з імі ведамі і вопытам, дарыць ім часцінку свайго сэрца, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч сваё педагагічнае крэда.

Вялікі ўплыў на выбар нашым героем прафесійнага шляху і жыццёвага захаплення адыгралі школьныя гады, калі ён з радасцю спяшаўся на заняткі ў будынак станцыі юных тэхнікаў Салігорска. Менавіта тады, у 70-я гады, хлопчык Саша захапіўся гоначнымі мадэлямі. Пачатак педагагічнай дзейнасці Аляксандра Мікалаевіча супаў з зараджэннем у Беларусі трасавага мадэлізму. Першымі настаўнікамі нашага суразмоўца былі педагогі-наватары, якія распрацавалі палажэнне і першыя правілы спаборніцтваў па трасавым мадэлізме. Дзякуючы гэтым энтузіястам, у 1994 годзе трасавы мадэлізм быў уключаны ў праграму Спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту. Па словах педагога, за апошнія 20 гадоў трасавы мадэлізм моцна змяніўся: мадэлі сталі больш хуткаснымі і манеўранымі, устойлівымі на віражах, адпаведна, павысіліся і тэхнічныя патрабаванні да мадэлей і трас, да якасці заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах па трасавым аўтамадэлізме.

— Траса ў аўтамадэлізме — гэта складанае інжынернае збудаванне, абсталяванае дарагой электронікай, таму закупка гатовай трасы для нашых мадэлістаў стала практычна невыканальнай задачай. Першыя трасы, якія былі сабраны ў нашым аб’яднанні сваімі рукамі, ужо не адпавядалі патрабаванням часу. Для павышэння спартыўнага майстэрства навучэнцаў патрабавалася сучасная, больш дасканалая траса. У 2008 годзе мной быў распрацаваны педагагічны праект “Выраб трасы, якая адпавядае міжнародным стандартам”. Праект быў рэалізаваны на працягу года. Разам з навучэнцамі мы зрабілі трасу даўжынёй 36 метраў з 6 дарожкамі. Наша траса — гэта база для спаборніцтваў рознага ўзроўню. Такія спаборніцтвы дазваляюць выявіць найбольш здольных і адораных навучэнцаў, якія дастойна прадстаўляюць нашу ўстанову дадатковай адукацыі на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. У 2010 годзе на нашай трасе ўпершыню былі праведзены міжнародныя спаборніцтвы, у якіх прынялі ўдзел спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны. У 2015 годзе мы ўзялі на сябе адказнасць за правядзенне міжнародных спаборніцтваў па аўтамадэльным спорце сярод навучэнцаў, — падзяліўся Аляксандр Мікалаевіч.

Пра тое, як педагог знаёміць навучэнцаў з асновамі трасавага мадэлізму, можна было даведацца падчас адкрытых заняткаў “Аўтамабілі Беларусі. Трасавы аўтамадэлізм як першая ступень прафесійнага самавызначэння навучэнца”, якія Аляксандр Мікалаевіч праводзіў у другі дзень фінальнага этапу конкурсу. Падчас заняткаў педагог знаёміў дзяцей з аўтамабільнай тэхнікай Беларусі, апошнімі дасягненнямі і распрацоўкамі аўтамабілебудаўнікоў, тэхнічнай тэрміналогіяй, якая ўжываецца ў трасавым аўтамадэлізме, інструментамі для абслугоўвання аўтамадэлей, даў агульную інфармацыю па афармленні аўтамадэлей, прааналізаваў іх канструкцыю, разабраў і сабраў мадэль для азнаямлення з яе асноўнымі вузламі, пазнаёміў з прыёмамі кіравання мадэллю на трасе.

Коратка ход заняткаў можна апісаць наступнымі словамі: Аляксандр Мікалаевіч расказвае навучэнцам пра ўстройства аўтамадэлі, дзеці, у сваю чаргу, уважліва назіраюць за дзеяннямі педагога, паўтараюць іх. Потым ім прапаноўваецца ўсталяваць кузаў на мадэль, выпрабаваць аўтамадэлі на трасе. У кожнага вучня на мадэлі наклейка з колерам, які адпавядае колеру дарожкі трасы, і нумарам, які адпавядае нумару заезду. Навучэнцы прыступаюць да запуску мадэлей. “Раз, два, тры” — і сінія, зялёныя, чырвоныя мадэлі літаральна зрываюцца са стартавай лініі.

Чалавеку, не знаёмаму з трасавым аўтамадэлізмам, на першы погляд усё гэта можа падацца забавай, гульнёй дзяцей і дарослых у машынкі. Так, элементы гульні тут, безумоўна, прысутнічаюць. Аднак трасавы аўтамадэлізм — гэта не проста від аўтамадэльнага спорту, гэта стыль жыцця. Любоў да аўтамабіляў — гэта само жыццё. Дастаткова раніцай выйсці з дома — і самі сабой узнікнуць словы некалі папулярнай песні: “Автомобили, автомобили буквально всё заполонили…”

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.