Журналісцкі мікс — тры крокі ў прафесію

Гавораць, кожнаму часу — свае прафесіі. Тое, што адны з іх больш запатрабаваныя, іншыя знікаюць увогуле, — натуральная з’ява. Але сярод іх ёсць і такія прафесіі, якія папулярныя ва ўсе часы. На факультэце журналістыкі традыцыйна высокія конкурсы, з году ў год павялічваецца колькасць гурткоў па журналістыцы, ледзь не кожная школа і ўстанова дадатковай адукацыі выпускае ўласную газету, апошнія гады актыўна з’яўляюцца радыё- і тэлекампаніі. Чым выкліканы такі інтарэс, ведае Наталля Пятроўна Сляпцова з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якая аб’яднала некалькі журналісцкіх кірункаў у сваёй студыі “Медыямікс”. У гэтыя дні педагог прымае віншаванні як лаўрэат II ступені конкурсу “Педагог года”.

З турзлёту — да выдавецкага ўзлёту

Пра тое, што журналістыка прыцягвае людзей і потым не адпускае, Наталля Пятроўна ведае не па чутках. Яшчэ школьніцай яна захапілася турызмам, які потым і стаў яе прафесіяй. Развівалася самастойна, прайшла “Школу выжывання”, арганізаваную ў той час у Віцебску, дайшла да інструктара па турызме і працавала з дзецьмі. Пасля поспехаў на першым маладзёжным рэспубліканскім турысцкім злёце актыўнага і ініцыятыўнага педагога запрасілі працаваць у гарадскі камітэт Беларускага рэспубліканскага патрыятычнага саюза моладзі.“Саюз тады толькі зараджаўся, і мы стараліся пісаць пра ўсё ў газету, але матэрыялаў аказвалася вельмі шмат, і расла колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадаюць пісаць, — успамінае Наталля Сляпцова. — І ў 2004 годзе ў мяне ўзнікла ідэя аб’яднаць аўтараў у клуб маладых журналістаў “Гарадскія агні”. А ў 2005 годзе новы рэдактар газеты “Полацкі веснік” Вольга Анатольеўна Часнавіцкая даверыла нам цэлую паласу. Першая старонка “Гарадскіх агнёў” выйшла ў юбілейным нумары, прысвечаным дню нараджэння горада, і з тых часоў яна выходзіць штомесяц ужо больш за 10 гадоў. Акрамя гэтага, мы выпускалі сваю малатыражку і былі першымі ў горадзе, хто пачаў ствараць сваю газету. Захапленне журналістыкай так і прыйшло. Спачатку гэта была неабходнасць, потым ужо больш мэтанакіравана я занялася самаадукацыяй: карэспандэнцкія курсы, завочнае навучанне ў Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Па другой адукацыі я спецыяліст па сацыяльнай рабоце, псіхолаг, і ўсё гэта адбывалася адначасова, веды псіхалогіі таксама спатрэбіліся ў далейшым. Як тут не паверыць, што ўсё невыпадкова?”

Але самая цікавая праца пачалася, калі Наталля Пятроўна стварыла ў гарадскім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі студыю, якая аб’яднала і друкаваную, і тэле-, і радыёжурналістыку.

У штат студыі ўвайшлі навучэнцы 8—11 класаў школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў, якія праяўляюць цікавасць да журналістыкі, рэкламнай дзейнасці, PR. Многія з выхаванцаў студыі хочуць у будучыні стаць журналістамі. За 4 гады работы студыі 7 яе выпускнікоў сталі студэнтамі журфака БДУ.“Я ніколі не думала пра тое, што стану журналістам, — гаворыць выпускніца студыі “Медыямікс”, а цяпер чацвёртакурсніца Інстытута журналістыкі БДУ Ганна Гаморына. — Завітала ў студыю, напісала рэпартаж са школьнага мерапрыемства, і ён спадабаўся Наталлі Пятроўне. У мяне загарэліся вочы, запісалася ў студыю і займалася тры гады. І вырашыла я, кім быць, у многім дзякуючы Наталлі Пятроўне. Яна натхняла нас уставаць у 7 гадзін раніцы, ехаць праз увесь горад у цэнтр, здымаць відэаролікі ў любое надвор’е, нягледзячы на дождж ці спякоту. Яна навучыла нас зносінам з людзьмі, навучыла выводзіць іх на размову, весці дыялог. Галоўная якасць Наталлі Пятроўны — не спыняцца ні перад чым. І менавіта гэтую якасць яна перадала ўсім нам: калі ў жыцці здараецца нейкая бяда, калі мы памыляемся, мы не спыняемся і працягваем рухацца да мэты. А што тычыцца мэты паступіць — нам гэта даецца з лёгкасцю, бо ўсе мы прыходзім падрыхтаванымі. Акрамя таго, што ў нас ёсць вопыт супрацоўніцтва са СМІ, у нас значная падрыхтоўка па ўсіх кірунках. Дзякуючы сваёй падрыхтоўцы ў студыі, мы нават можам выбіраць кірунак, бо, як правіла, абітурыенты не разбіраюцца, што такое аўдыявізуальныя, друкаваныя СМІ, менеджмент ці PR. Мы ж усё гэта апрабавалі і вызначылі яшчэ ў студыі, што з гэтага нам больш падабаецца”.

Але нават калі дзеці мараць пра іншую спецыяльнасць, заняткі ў студыі не праходзяць дарма: дзеці развіваюць творчыя здольнасці, авалодваюць логікай, паслядоўнасцю мыслення, камунікатыўнымі навыкамі. Работа над газетнымі тэкстамі вучыць правільна абыходзіцца з інфармацыяй, нараджае скрупулёзнасць, жаданне разабрацца ў прычынах таго, што адбываецца. Шырокі кругагляд, уменне выказваць сваё меркаванне і адсутнасць страхаў перад зносінамі — вось тое, што адрознівае юных карэспандэнтаў. Вядома, ёсць і выхаваўчы складнік. Абмеркаванне праблем, якія ўзнікаюць у дзяцей у школе і дома, размовы аб вечных каштоўнасцях, абмеркаванне праблемных пытанняў — усё гэта нараджае тэмы для матэрыялаў. Школьнікі агучваюць свой погляд на падзеі ў горадзе і свеце, пішуць пра сваіх равеснікаў. Іх хвалююць пытанні добраўпарадкавання горада, лёс бяздомных жывёл, падлеткавыя праблемы ўзаемаадносін з бацькамі і аднагодкамі ну і, вядома, тэмы першага кахання.

Тонкасці справы

Навучэнцы праходзяць навучанне па розных кірунках журналісцкай творчасці: пішуць праблемныя матэрыялы ў рэгіянальныя і рэспубліканскія газеты, працуюць над інфармацыйнай паласой, прымаюць удзел у стварэнні газеты, тэле- і радыёматэрыялаў, што з’яўляецца добрай падмогай для якаснай і выніковай падрыхтоўкі навучэнцаў да паступлення ў Інстытут журналістыкі.

Заняткі ў студыі “Медыямікс” уяўляюць сабой своеасаблівы мікс 3 у 1 — гэта лекцыя, практычныя заняткі і майстар-клас. Навучаючы дзяцей асновам журналістыкі, Наталля Пятроўна імкнецца паднесці тэорыю знаёмства з медыясветам на даступнай для школьнікаў мове, з прыкладамі. Навучэнцы аналізуюць тэксты вядучых журналістаў, радыё- і відэазапісы, распрацоўваюць планы-схемы тэматычнага матэрыялу, праводзяць праблемна-пошукавыя дыскусіі, выконваюць творчыя заданні з серыі “Проба пяра”, мадэлююць інтэрв’ю, складаюць “формулу” тэлесюжэта.

Знаёмяцца студыйцы з асновамі тэлебачання, сістэмай тэлевізійных жанраў, метадамі і тэхналогіямі стварэння тэлематэрыялаў. Паралельна з тэарэтычнымі ведамі вучні на практыцы знаёмяцца з відэа- і мантажнай тэхнікай, асвойваюць метады работы ў кадры, спазнаюць асновы культуры тэлевізійнай прамовы.

Адной з форм работы, якая найбольш падабаецца студыйцам, стала дзелавая гульня, напрыклад, “Вызначаем журналісцкі жанр”, “Адзін дзень з жыцця рэдакцыі”, “Мадэляванне нумара газеты”.

Магчымасць скласці больш поўнае ўяўленне аб свеце масмедыя даюць экскурсіі на тэлебачанне, у рэдакцыі, тэатры і музеі, а таксама журналісцкія майстар-класы ад вядучых спецыялістаў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі: газеты “Полацкі веснік”, тэлеканалаў “Скіф” і “Саміт”. Асаблівае ўражанне на студыйцаў зрабіла сустрэча з Алегам Шапелем, уласным карэспандэнтам АНТ па Віцебскай вобласці.

Студыйцы маюць добрую магчымасць прымяняць атрыманыя веды на практыцы, ствараючы ўласныя відэаролікі і радыёвыпускі. Працуюць над матэрыяламі для ўласнага выдання “Слова за намі” і тэматычных старонак у газеце “Полацкі веснік” — “Гарадскія агні” і “Слова за намі”. З цягам часу рамкі супрацоўніцтва студыі са СМІ пашырыліся, і юныя журналісты актыўна публікуюцца ў рэспубліканскіх выданнях “Зорька”, “Переходный возраст”, “Знамя юности”.

Атрыманыя навыкі ўдасканальваюцца ў ходзе практыкумаў па стварэнні рэпартажаў-мазаік, пілот-праектаў новых маладзёжных тэлевізійных праграм, падрыхтоўцы самастойных сцэнарных сюжэтаў, раскадроўкі і відэа на натуры і ў павільёне.

Каб наблізіць работу над стварэннем газеты ў студыі да працы ў сапраўднай рэдакцыі, раз у месяц праводзяцца заняткі-“планёркі”. На такіх занятках абмяркоўваецца змест наступнага нумара газеты, тэмы матэрыялаў, а таксама вызначаюцца тэрміны здачы матэрыялаў. Сярод навучэнцаў размеркаваны абавязкі рэдактара выпуску, карэктара, вядучых рубрык, фотакарэспандэнтаў.

Выніковыя заняткі праводзяцца ў форме конкурсаў ведаў, уменняў і практычных навыкаў навучэнцаў, агляду-конкурсу на лепшае партфоліа навучэнца, арганізацыі выніковых выстаў публікацый, прэзентацый з удзелам бацькоў.

Пашыраючы гарызонты

З кастрычніка 2015 года студыйцы ўключыліся ў рэалізацыю міжнароднага праекта “Побач і разам”, праграмы “Месца сустрэчы: дыялог нямецкага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня”, якую арганізоўвае міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемаразуменне” ў Рэспубліцы Беларусь. Валанцёры студыі бяруць інтэрв’ю ў былых вязняў нацызму, запісваюць іх успаміны. Гэтая праца ляжа ў аснову дакументальнага фільма “Нам патрэбна гэтая памяць”, стваральнікамі якога будуць юныя журналісты.

У гэтым годзе студыйцы плённа супрацоўнічалі з адукацыйнай установай “Майстэрня сацыяльнага кіно”. У выніку трохдзённага майстар-класа ад спецыялістаў майстэрні выхаванцы “Медыямікс” створылі сацыяльны ролік на тэму процідзеяння рабству. У выніку ролік выйграў у анлайн-галасаванні і быў прызнаны лепшым.

Згуртаванню калектыву і стварэнню спрыяльнай атмасферы спрыяюць выхаваўчыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў студыі, экскурсіі ў рэдакцыю газеты “Полацкі веснік”, на “САМІТ+ТБ”. Юныя журналісты актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах Цэнтра дзяцей і моладзі, масавых раённых мерапрыемствах.

Планаў у студыйцаў шмат, бо галоўнае — не спыняцца на дасягнутым. Ужо ў кастрычніку пяць навучэнцаў студыі ўдзельнічаюць у фінале Рэспубліканскага конкурсу “Свежы вецер” у НДЦ “Зубраня”. Наталля Пятроўна і яе малодшыя калегі спадзяюцца на іх перамогу, а пакуль працягваюць працаваць і ўпэўнены, што яшчэ не раз парадуюць горад сваімі поспехамі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі.