Творчы погляд на айкідо

Педагог — гэта цэлы свет, які хавае ў сваіх глыбінях мноства абліччаў. Менавіта такімі словамі пачынаў творчую самапрэзентацыю Максім Валер’евіч Калтыгін, які па выніках конкурсу атрымаў дыплом лаўрэата І ступені, прадстаўляючы аб’яднанне па інтарэсах “Айкідо” Цэнтра дадатковай адукацыі “Маяк” Ленінскага раёна сталіцы. І трэба сказаць, “цэлы свет” — гэта якраз пра яго. Максім Валер’евіч не толькі майстар айкідо, ён яшчэ таленавіты кераміст, член Саюза мастакоў Беларусі, педагог дадатковай адукацыі ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мастацкая кераміка”, а галоўнае, шчаслівы бацька пяцярых дзяцей.

Конкурсны марафон

Як і ўсім удзельнікам рэспубліканскага конкурсу, Максіму Валер’евічу давялося прайсці няпросты шлях да фіналу і перамагчы на раённым і гарадскім этапе. Фінал сабраў толькі лепшых, таму спаборнічаць было складаней.

Першы конкурсны дзень прайшоў вельмі насычана, бо педагогаў дадатковай адукацыі чакала адразу некалькі выпрабаванняў. Максім Валер’евіч разам з астатнімі канкурсантамі паспяхова прайшоў псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, а потым выступіў на сцэне з творчай самапрэзентацыяй “Маё педагагічнае крэда”. Што і казаць, падтрымка ў майстра айкідо аказалася даволі моцнай: на сцэне з’яўляліся не толькі яго навучэнцы, якія дэманстравалі свае ўменні, але і члены сям’і, якія падтрымліваюць бацьку ва ўсім і, дарэчы, таксама займаюцца гэтым відам адзінаборстваў. У сваім выступленні Максім Валер’евіч прадэманстраваў шматграннасць свайго жыцця праз асабістае разуменне, якім павінен быць педагог, а прафесійнае крэда вызначыў так: “Кожнае дзіця — гэта цэлы сусвет. Гэта сонейка. Толькі дайце яму свяціць”.Апошнім выпрабаваннем першага конкурснага дня стала абарона адукацыйна-метадычнага комплексу. Тут таксама не абышлося без крэатыўнасці: педагог прадставіў яго ў фармаце анлайн-размовы на асабістым сайце аб’яднання па інтарэсах “Айкідо”. Дарэчы, сайт быў створаны, каб прывабіць да дыялогу не толькі навучэнцаў, але і іншых зацікаўленых. Нетрадыцыйна адказваючы на пытанні дзяцей, бацькоў і педагогаў, майстар айкідо таксама расказаў пра функцыі адукацыйна-метадычнага комплексу, тыпы заняткаў, метады і формы работы ў секцыі, пазнаёміў з асноўнымі прынцыпамі айкідо і юнацкімі разрадамі баявога мастацтва. На думку Максіма Валер’евіча, матэрыялы, якія ўключаны ў адукацыйны метадычны комплекс, дазваляюць як педагогу дадатковай адукацыі, так і навучэнцам займацца айкідо з максімальнай карысцю для кожнага, а дзякуючы распаўсюджванню педагагічнага вопыту па выкарыстанні апрабаваных метадаў і прыёмаў арганізацыі адукацыйнага працэсу яго эфектыўнасць значна павысіцца.

Адкрытыя заняткі

Праявіць сваё педагагічнае майстэрства і зацікавіць абсалютна незнаёмую аўдыторыю — задача не з лёгкіх. Але менавіта такой была ўмова апошняга выпрабавання — адкрытых заняткаў. Максім Валер’евіч вырашыў правесці яго ў форме квест-урока “Шлях у краіну міру” па тэме “Асновы самаабароны ў баявым мастацтве айкідо”.

“Я выбраў форму квест-урока, бо трэба было працаваць з незнаёмай аўдыторыяй — дзецьмі, якія займаюцца зусім іншымі адзінаборствамі. Для таго каб зня ць псіхалагічнае напружанне (незнаёмы выкладчык, аўдыторыя і непрывычныя заняткі), я вырашыў, што гульнявая сітуацыя — тая, што найбольш падыходзіць і дазволіць прасцей правесці трэніроўку”, — растлумачыў Максім Валер’евіч.

Перад дзецьмі на экране з’яўляўся Мудрэц, вуснамі якога педагог уводзіў навучэнцаў у гульню, задаваў пытанні і ставіў задачы. Хлопчыкі пад наглядам Максіма Валер’евіча выконвалі агульную і спецыяльную размінку, рабілі дынамічныя практыкаванні, адпрацоўвалі практыкаванні па самастрахоўцы.

“Самастрахоўка аказалася больш знаёмай дзецям, якія займаюцца дзюдо, бо ў абодвух адзінаборствах яна вельмі падобная. Адзінае, што мне трэба было адкарэкціраваць, — падзенне на спіну. Справа ў тым, што ў дзюдо і гімнастыцы даволі часта куляюцца і падаюць усёй спінай, а ў айкідо трэба, каб падзенне адбывалася на бакавую частку корпуса, бо гэты від баявога мастацтва не прывязваецца менавіта да мяккага пакрыцця. Айкідо можна займацца і на цвёрдай падлозе, мы і ў лесе займаемся ў летнім палатачным лагеры, а там можа быць і палка, і пянёк, і ўсё што заўгодна”, — раслумачыў педагог.

Акрамя самастрахоўкі, дзеці адпрацоўвалі парныя практыкаванні. Асабліва складаным для хлопчыкаў аказаўся “Шааліньскі калідор”. Па словах лаўрэата конкурсу, гэты метад выкарыстоўваецца ў псіхалагічным айкідо. У ім праяўляецца ўменне працаваць з групай людзей. Навучэнцы пастроіліся пэўным чынам і, стоячы на адной назе, стварылі своеасаблівы лабірынт, праз які кожнаму ўдзельніку па чарзе трэба было прайсці, сутыкнуўшыся з атакай праціўніка. На кожным з этапаў дзяцей суправаджаў Максім Валер’евіч, і працэс атрымаўся даволі дынамічным.

Падчас трэніроўкі і выканання пэўнага задання ад Мудраца дзеці атрымлівалі літары, якія прымацоўвалі на карту Беларусі. Калі ўсе выпрабаванні былі пераадолены, на карце з’явіліся словы “краіна міру” — канцавая кропка шляху, да якой яны рухаліся падчас трэніроўкі. На апошнім, рэфлексіўным, этапе хлопчыкі разам з педагогам падвялі вынікі, ацаніўшы сваю дзейнасць на ўроку і дзейнасць педагога, а таксама атрымалі ў якасці ўзнагароды за працу салодкія медалі. Галоўную ідэю айкідо — сэнс перамогі ў адсутнасці канфлікту — здаецца, давялося зразумець кожнаму ўдзельніку незвычайнай трэніроўкі.

Пра дынастыю і дзіцячыя мары

Пасля ўдзелу ў конкурсе лаўрэат І ступені згадзіўся падрабязней расказаць нашаму выданню аб сваім жыцці, творчасці і спартыўных дасягненнях. Аказваецца, Максім Валер’евіч — педагог у чацвёртым пакаленні!

“Мая прабабуля Хрысціна, бабуля майго бацькі, вучылася ў інстытуце высакародных дзяўчат у Маскве, я нават трымаў у руках яе табель з адзнакамі. Падрабязнасцей яе жыцця я не ведаю, ведаю толькі, што пасля заканчэння інстытута яна магла працаваць настаўніцай, але пайшла ў бібліятэкары. А вось мая бабуля Наталля і дзед Аркадзь скончылі Магілёўскі педінстытут. Бабуля выкладала беларускую мову і літаратуру, дзядуля быў настаўнікам нямецкай мовы, геаграфіі і працоўнага навучання, займаўся боксам. Дарэчы, тое, што дзядуля займаўся спортам, у вайну і пасля яе яму вельмі дапамагло. Акрамя таго, мая цётка Света, якая зараз жыве ў Быхаве, таксама была настаўніцай і выкладала матэматыку. Другая бабуля, Кіра Уладзіміраўна, працавала настаўніцай геаграфіі і завучам школы № 22 Гомеля, дзе адзін год у падрыхтоўчым класе правучыўся і я. Дарэчы, я нарадзіўся менавіта ў гэтым горадзе.

Што тычыцца маіх бацькоў, то яны выкладалі ў Бабруйскім прафесійным мастацкім вучылішчы № 15, вядомым на ўвесь Савецкі Саюз. Зараз гэтая навучальная ўстанова носіць імя А.Я.Ларына, яго заснавальніка. Бацька размеркаваўся туды пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута (сёння гэта Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), вёў керамістаў. Мама была майстрам вытворчага навучання. Цікава, што яна завочна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава ў тым жа годзе, калі я паступіў на першы курс вочнага аддзялення гэтага ж факультэта, — усміхаецца Максім Валер’евіч. — Як бачыце, я з дзяцінства рос сярод педагогаў, а таму, калі вучыўся сам, заўсёды адносіўся да іх з разуменнем, у школе нервы стараўся нікому не псаваць, аднак сам стаць настаўнікам ніколі не марыў. Я хацеў стаць археолагам, але не пайшоў на гістфак толькі таму, што была рызыка стаць настаўнікам гісторыі”.

У Віцебскі педуніверсітэт Максім Валер’евіч прыйшоў паступаць з дыпломам выдатніка Бабруйскага мастацкага вучылішча, а пасля яго паспяховага заканчэння паступіў у акадэмію мастацтваў, бо марыў аб гэтым даўно.

“Падчас вучобы ў Віцебску вучыць педагогіку і псіхалогію я не хацеў, але з задавальненнем маляваў у двух гуртках у тых педагогаў, якія мне вельмі падабаліся, — у выкладчыка жывапісу і малюнка Аляксандра Фёдаравіча Карпана і выкладчыка скульптуры Івана Іванавіча Каладоўскага. Увогуле, вучобу ў Віцебску ўспамінаю з удзячнасцю да тых выкладчыкаў, у якіх я вучыўся. Іх адносіны да сваёй работы для мяне і зараз з’яўляюцца ўзорам”, — падкрэслівае педагог.

Творчасць павінна быць ва ўсім!

Без творчасці Максім Валер’евіч сябе не ўяўляе. Ён выкладае дзецям асновы работы з глінай ва ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мастацкая кераміка” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк”, а яго навучэнцы — неаднаразовыя пераможцы гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў і выстаў. Сам Максім Валер’евіч — член Саюза мастакоў Беларусі, удзельнік пленэраў па кераміцы, у тым ліку штогадовага Міжнароднага пленэру “Арт-Жыжаль”, а таксама шматлікіх мастацкіх выстаў. У 2009 годзе Максім Калтыгін стаў стыпедыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, а сёння ў яго скарбонцы — некалькі персанальных выстаў керамікі. Якім чынам у жыцці гэтага творчага чалавека, якому сёлета прысвоена ганаровае званне “Мінчанін года”, з’явілася айкідо?

“З дзяцінства я займаўся плаваннем, турызмам, барацьбой, боксам і каратэ. Паколькі бацька і дзед сябравалі з боксам, дома заўсёды былі баксёрскія пальчаткі, 2—3 баксёрскія грушы розных памераў, а таксама гіры, гантэлі, эспандары. Раніцай перад школай я выходзіў на балкон і фанатычна рабіў зарадку. Ужо ў падлеткавым узросце, калі пачаўся ўсплёск цікавасці да ўсходніх адзінаборстваў, у Маскве мне купілі кніжку, дзе быў гімнастычны комплекс школы “Чой”. Я пачаў яго рабіць адразу ў Падмаскоўі, на базе Дома мастакоў, дзе мы адпачывалі з сям’ёй. І раблю дагэтуль. Справа ў тым, што спаборніцтвы мне не падышлі. Няма ўва мне спартыўнай злосці, неабходнай для перамогі. Я выходзіў на рынг і не разумеў, што, уласна, патрабуецца. Адпрацоўваем удары, абарону, бой з ценем, кідкі і іншае, вучэбныя спарынгі. Але пачынаюцца спаборніцтвы — і я ўжо не ў сваім асяроддзі, губляюся, хоць і тэхнічна падрыхтаваны. У Віцебску яшчэ ўдалося пазаймацца він-чунь у нашага выкладчыка па філасофіі. Потым — перапынак. І ўжо ў Мінску, падчас вучобы ў акадэміі мастацтваў, з’явілася айкідо, з якога я смяяўся, займаючыся каратэ, а з некаторых рэчаў нават і зараз смяюся”, — расказвае Максім Валер’евіч.

Выбіраць паміж творчасцю і заняткамі спортам мужчына ніколі не збіраўся.

“Творчасць павінна быць ва ўсім. Не важна, мыеце вы посуд, падмятаеце падлогу, працуеце дворнікам, займаецеся адзінаборствамі або мастацкай керамікай — усё трэба рабіць творча. І тады вы будзеце атрымліваць радасць ад жыцця, бо радасць творчасці — гэта духоўная радасць і патрэба кожнага чалавека. Таму, калі я займаюся і айкідо, і керамікай, я творца! А вось пытанне аб тым, у якой галіне я больш паспяховы, даволі складанае, паколькі ў поўнай меры ацаніць увесь вынік сваёй жыццядзейнасці я не паспеў, каб гаварыць аб паспяховасці. І ў кераміцы, і ў айкідо сваім вопытам мне дапамаглі бацька і жонка, але ў кераміцы, напэўна, я больш прасунуўся дзякуючы той матэрыяльнай аснове, якую заклаў бацька”.

Інструктар — каханая

Дарэчы, сямейнае жыццё таленавітага педагога пачалося таксама з айкідо. На занятках ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая, як прызнаецца Максім Валер’евіч, многаму яго навучыла, таму што пачала займацца гэтымі адзінаборствамі раней. І зараз таксама вучыць. Менавіта таму сваім першым інструктарам мужчына лічыць сваю каханую жонку Алену.

Зараз у Максіма і Алены пяцёра дзяцей. Некаторыя таксама паспрабавалі ўжо сябе ў айкідо. Старэйшы сын Павел вучыцца на чацвёртым курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры па спецыялізацыі “ўшу” і ўжо нават выкладае баявое мастацтва айкідо. Сын Аляксей вучыцца ў Мінскім гандлёвым каледжы Белкаапсаюза, займаецца футболам і з’яўляецца варатаром маладзёжкі футбольнага клуба БАТЭ. Трэці сын — Аляксандр — навучэнец сталічнай школы № 44, займаецца дзюдо, хакеем, а таксама з’яўляецца варатаром хакейнага клуба “Юнацтва” 2006 года. Дачка Настасся як сапраўдная дзяўчынка любіць маляваць і ляпіць, займаецца фігурным катаннем. Малодшы Мікалай таксама любіць лепку і, як прызнаецца Максім Валер’евіч, некалькі разоў далепліваў яго работы.

“У кожнага свае інтарэсы, а ў айкідо, калі пажадаюць, дзеці яшчэ вернуцца”, — заўважае педагог. На пытанне, чаму сам аднойчы з усіх відаў спорту, якімі займаўся, выбраў айкідо, адказвае з развагай:

“Шчыра кажучы, нават і не ведаю, сам яшчэ хачу ў гэтым разабрацца. Не выключаю, што калі-небудзь скажу, што займаўся нейкім глупствам. Сапраўды мяне прываблівае ў айкідо тое, што яно вучыць не супрацьпастаўляць сябе іншым людзям, а захоўваць свой цэнтр, свой унутраны стрыжань, баланс і не развіваць унутры сябе агрэсію. А дзяцей я спрабую вучыць комплексна, даю базавыя асновы тэхнікі, АФП, магчымасць пабароцца, пабаксіраваць, паспаборнічаць і пагуляць. Вучу разуменню аб’яднання з сілай праціўніка на фізічным узроўні, калі-небудзь яны дарастуць і да аб’яднання на ўзроўні псіхалогіі. Айкідо — гэта баявое мастацтва будучыні. Чалавецтву да яго яшчэ трэба крыху дарасці!”

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.