Міжэвічы на мяжы мінулага і сучаснага

Нам часта здаецца, што пра сваю малую радзіму мы ведаем усё ці амаль усё. Але гэта памылковае меркаванне. Родны край поўны таямніц. Разам з вучнямі 4 класа вырашылі больш дакладна азнаёміцца з гісторыяй роднай вёскі, даведацца аб яе мінулым. З гэтай мэтай пачалі працаваць над праектам “Мая вёска: на мяжы мінулага і сучаснага”. Вывучалі архіўныя дакументы і гістарычныя крыніцы, вучыліся працаваць з разнастайнай інфармацыяй, даведаліся, як можна сістэматызаваць напрацаваны матэрыял. Работа над праектам працягвалася шэсць месяцаў. У час экскурсіі вызначылі аб’екты вёскі, памятныя знакі, мясціны, запісалі ўспаміны жыхароў. Вызначылі паходжанне назваў вуліц, выдзелілі адметныя асаблівасці населенага пункта. Пры сістэматызацыі атрыманага матэрыялу склалі аграслоўнік вёскі, таму што з 2009 года вёска набыла статус аграгарадка, зрабілі буклет і распаўсюдзілі сярод вучняў школы, жыхароў вёскі. Вынікам нашай працы стала выступленне — прэзентацыя праекта на раённым фестывалі “Свет маленькіх адкрыццяў”. Падобную прэзентанцыю, якую будуць з цікавасцю слухаць вучні кожнай паралелі, можна падрыхтаваць адносна любога населенага пункта краіны.

Прэзентацыя праекта

1 вучань. Хто едзе, а ці хто ідзе — // Абавязкова тут прыпыніцца, // Вадзіцы вып’е, адпачне, // На прыгажосць вакол падзівіцца. // Сяброў сустрэне, абмяркуе // Падзеі, што ў свеце робяцца… // Збярэцца зноў і, не сумуючы, // У дарогу зноў сваю адправіцца.

2 вучань. Наша вёска знахо­дзіцца на 24-м кіламетры шашы Слонім — Ружаны на паўднёвым захадзе ад Слоніма, за 172 км ад Гродна, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Азярніца.

3 вучань. Археалагічныя раскопкі паказалі, што першыя жыхары ў нашай мясцовасці з’явіліся ў II—IV стст.

4 вучань. Калі ты будзеш больш уважлівы, // На беразе рачулкі сцішышся, // У Міжэвічах  “мяжа” пачуецца, // А Грыўда  “крыўдаю” пакажацца. // Мяжа між Слонімам — Ружанамі, // Мяжа на тым шляху — для ворага, // Мяжа мінулага з сучаснасцю, // Мяжа таго, што ўсім нам дорага.
1 вучань. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы паведамляе, што мяжа — гэта граніца паміж зямельнымі ўчасткамі; лінія, якая дзеліць тэрыторыю сумежных дзяржаў, граніца; мера, рубеж.

2 вучань. Паданне сцвярджае, што назва вёскі паходзіць ад слова “мяжа”, і ўзнікненне яго адносіцца да тых часоў, калі наша Бацькаўшчына сутыкнулася з мангола-татарскай навалай. Войска ворага рухалася з паўночнага захаду. Аднак да Міжэвіч яно не дайшло. Вёска стала мяжой на шляху татар. Адсюль і назва — Міжэвічы.

3 вучань. Журчыць рачулка, сонцам грае, // Легенду даўнюю нам бае: // Як маладыя ўцякалі // І камянямі раптам сталі. // З-пад іх крынічка выцякала, // Рэчкай Грыўдай пазней стала. // І шэпча Грыўда: “Крыўдна! Крыўдна!” — // То плача маладосць надрыўна.

4 вучань. Грыўда — левы, самы буйны прыток ракі Шчары. Грыўда бярэ пачатак каля вёскі Варонічы Слонімскага раёна, упадае ў Шчару каля вёскі Даманава Івацэвіцкага раёна. Даўжыня ракі 85 км. Шырыня ў нашай мясцовасці 3—5 м.

1 вучань. Ёй падпявае звон царкоўны. // Святыня край аберагае — // Тут Маці Божая заслону // Ад гора, бедаў распраўляе.

2 вучань. На паўночна-ўсход­няй ускраіне вёскі пабудавана Свята-Раства-Багародзіцкая царква, помнік драўлянага дойлід­ства, якая была асвечана 9 мая 1864 года. Асабліва шануецца ў прыходзе цудадзейны абраз Смаленскай Божай Маці, які аберагаецца ў храме з часоў яго будаўніцтва. За ўсю шматгадовую гісторыю храма ён ні разу не закрываўся.3 вучань. Народнае паданне гаворыць, што на тым месцы, дзе храм, калісьці была паходная цэркаўка аднаго з палкоў арміі часоў Кацярыны ІІ. Абраз Смаленскай Маці Божай быў уласнасцю палкавой царквы і шанаваўся як цудатворны. Гэты полк стаяў тут лагерам і праз некаторы час сабраўся ў дарогу. Склалі паходную царкву з цудатворным абразом у павозку, а коні не могуць зрушыцца з месца. Колькі сіл ні прыкладвалі, нават акафіст адслужылі — усё дарма. Нарэшце зразумелі, што Маці Божая не хоча расставацца з гэтым месцам. Тады сяляне, якія бачылі такі цуд, пачалі збірацца на малітву да абраза, які салдаты ўставілі ў вялізны драўляны крыж і паставілі яго на месцы прастола палкавой царквы. Праз некаторы час пабудавалі храм.

4 вучань. Вуліц аж сем наша вёсачка мае. // Кожная цешыць сваім хараством. // Кожная казку-гісторыю бае, // Сваё нараджэнне ўспомніць з цяплом.

1 вучань. Мы класіфікавалі назвы вуліц: назвы, звязаныя з гістарычнымі падзеямі (вул.17 Верасня, Савецкая); назвы, звязаныя з імёнамі (вул. Ю.Гагарына, Ж.Бакаўца); назвы, звязаныя з аб’ектамі
(вул.Садовая, Школьная); назвы, звязаныя з абнаўленнем (вул.Ма­ла­дзёжная).

2 вучань. Памяць — аснова ўсяго існавання. // Памяць — боль чалавечай душы. // Той, хто абаронцаў сваіх забывае, // Не будзе шчаслівым ніколі ў жыцці.

3 вучань. На тэрыторыі Міжэвіцкай сярэдняй школы знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць — помнік загінуўшым воінам, які быў адкрыты 9 мая 1965 года на 20-годдзе з Дня Перамогі. У брацкай магіле пахаваны 649 безыменных байцоў, 9 вядомых воінаў, чые імёны выбіты на пастаменце, 22 воіны, астанкі якіх былі зной­дзены атрадам “Пошук” у вёсцы Лапухова і перапахаваны.

4 вучань. Ёсць людзі — гонар нашай мясціны. // Жыццё пасылала ім многа бед. // Але ніколі не згасне, не знікне // У гісторыі нашай вёскі іх след.

1 вучань. У вёсцы 234 гаспадаркі, дзе пражываюць 545 чалавек, жанчын — 302, мужчын — 243. Сярод іх беларусы, рускія, украінцы, казахі, узбекі, палякі, татары.2 вучань. Дзесьці ў 80—90-х гадах ХІХ стагоддзя з Расіі вярнуўся ў сваю вёску Якуб, разумны, дапытлівы селянін. Ён зрабіў першы комін, паказаў, як трэба акоўваць колы ў возе, каб яны служылі даўжэй. З Польшчы ён прывёз у вёску лямпу-газоўку, якой аднавяскоўцы баяліся як чорта. Але ў далейшым лямпа-газоўка замяніла лучыну і стала нязменнай памочніцай у кожнай сялянскай хаце. Першы жалезны плуг таксама з’явіўся ў Якуба. Да гэтага ў вёсцы аралі зямлю драўлянымі плугамі. Сяляне з недаверам гля­дзелі на гэты цуд, думаючы, што з-пад жалезнага плуга вырасце жалезнае жыта.

3 вучань. Школа сваю гісторыю мае: // Больш чым 150 год ужо адзначае. // Сотням людзей дала адукацыю, // Перажыла не адну рэфармацыю.

4 вучань. У 1862 годзе было адкрыта народнае вучылішча, у якім вучыліся 60 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак. У 1911 годзе для школы быў узведзены новы будынак — “вучылішчны дом”.

1 вучань. У 1939 годзе адкрылася беларуская школа. У 1944 го­дзе, пасля вызвалення вёскі, навучанне дзяцей адбывалася на базе чатырохгадовай пачатковай школы, якая размяшчалася ў трох будынках. Затым школа стала сярэдняй, і ўжо ў
1951 годзе адбыўся яе першы выпуск.

2 вучань. У 1960 годзе быў узведзены новы будынак школы, які быў адноўлены ў 2006 годзе.

3 вучань. Сівая даўніна чаруе… // А цяпер? Што тут пануе? // Якая ж наша вёска зараз? // Вось невялікі наш аналіз.

Аграслоўнік

А — амбулаторыя, аптэка.

Б — бальніца, бібліятэка — Лекі для душы і лекі для цела — Літаратуру сусветную чытайце смела.

В — Верхалес, само слова гаворыць.

Г — Грыўда, напомніць усім вам не шкодзіць.

Д — Дом быту, культуры, дзі­цячы садок — Малечы патрэбна засвойваць урок.

К — кацельня — цёпла ў школе і дома.

Л — лазня, лясніцтва — Ёсць дровы, вядома.

М — магазіны — Шмат розных тавараў.

П — пошта — Знойдзе сваіх адрасатаў.

П — помнік — Пастой, паглядзі, прыпыніся, Памяці загінуўшых нізка па­кланіся.

С — сельвыканкам — Установа дзяржаўная — Сур’ёзная, важная і вельмі спраўная.

Ц — царква Раства Багародзіцы — Кожны, хто побач, святыні па­клоніцца. Ну і, вядома, літара

Ш — школа — аснова ўсяго навучання, Школа сяброўства і выхавання. Увесь алфавіт не змаглі мы сабраць, Хоць шмат праляцела над вёскай вякоў. Трэба любіць, шанаваць, паважаць Родны свой край, дзе аснова асноў.

Алена ШЭНДЗІЛ,
настаўніца пачатковых класаў Міжэвіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.