На птушыных сцежках

Імя Руслана Шайкіна, педагога-арнітолага, лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства, супрацоўніка цэнтральнага савета грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, вядома многім педагогам і школьнікам. Менавіта ён стаў ініцыятарам стварэння заказніка “Сакаліны” пад Мінскам, які падарыў дом для самай буйной сакалінай калоніі ва ўсёй Усходняй Еўропе. Ён жа аўтар ідэі і першы каардынатар акцыі “Салаўіныя ночы”, цікавасць да якой праявіла нават служба “Бі-бі-сі”. Пад яго кіраўніцтвам ствараліся першыя салаўіныя карты Мінска, Мядзела, Жодзіна, Слуцка, арганізоўваліся першыя салаўіныя пляцоўкі, якія наведвалі тысячы мінчан, пазней пачалі праводзіцца ўнікальныя салаўіныя экскурсіі, а нядаўна яшчэ і велапрагулкі.

Птушыны шпіталь дома

Руслан Валянцінавіч 17 гадоў працуе педагогам дадатковай адукацыі Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна, але за ўвесь час паспяваў сумяшчаць гэтую работу і з работай спецыяліста па экалагічнай адукацыі ў “Ахове птушак Бацькаўшчыны”, сацыяльнага педагога ў Гатаўскай сярэдняй школе Мінскага раёна, намесніка дырэктара па выхаваўчай, а потым і па вучэбнай рабоце ў адной з мінскіх школ. Нядаўна ён заснаваў некамерцыйную арганізацыю “Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця”, запоўніўшы нішу экалагічнай асветы для прадстаўнікоў усіх узростаў — ад дашкольнікаў да пажылых людзей. Цяпер Р.Шайкін працуе над дысертацыяй “Экалагічнае выхаванне старшакласнікаў у прыродаахоўнай дзейнасці”.


Захапляцца прыродай ён пачаў яшчэ ў 1 класе. Хоць нарадзіўся Руслан Валянцінавіч у Вільнюсе, з маленства жыве ў Беларусі. У 1 клас пайшоў у Ашмянскім раёне, а яго школа, былая панская сядзіба, стаяла сярод лесу, ад вёскі праз поле да яе было каля 3 кіламетраў. І ўсе навучэнцы (іх было сямёра на ўсю школу) з дзяцінства разам з настаўніцай даследавалі наваколле — лес, вадаёмы і іх насельнікаў.

У 6 класе хлопчыку ў рукі трапіла кніга вядомага расійскага арнітолага Льва Бёме “Жыццё птушак у нас дома”. Паколькі, жывучы сярод лясоў, Р.Шайкін часта сустракаў падбітых, параненых птушак, інфармацыя з кнігі была вельмі дарэчы.

Ветэрынарная практыка і першы вопыт па развядзенні птушак пачаліся, калі школьнікам Руслан Валянцінавіч пераехаў у суседні Астравецкі раён, у вёску Падольцы. Там у розныя перыяды ў яго дома жыло некалькі дзясяткаў відаў птушак (чыжы, чачоткі, снегіры, аўсянкі, дразды, шпакі, салаўі, заранкі, жаваранак палявы, сініца чубатая). Так што ў птушыны заапарк ці на канцэрт жаваранка аднавяскоўцам далёка хадзіць не даводзілася. Цяпер, дарэчы, Руслан Валянцінавіч не прыхільнік утрымання птушак і жывёл у хатніх умовах, але, калі прыносяць параненую птушку, усё роўна адкрывае для яе свой шпіталь.

“У мяне не было магчымасці трымаць папугаяў, чарапашак, рыбак. Трымаў тых, каго прыходзілася, — успамінае Руслан Валянцінавіч. — Жылі ў мяне і змеі, якіх я голымі рукамі лавіў у лесе. Дагэтуль памятаю выпадак, калі ядавітую гадзюку прынёс у кішэні ў школу. Я зрабіў сам акварыум і, запусціўшы туды карасёў, калюшку трохіглую, фарэль і іншых, назіраў за іх жыццём. Былі нават насякомыя: водны павук-серабранка, ручайнікі, ці шыцікі. Я праводзіў цікавыя эксперыменты: напрыклад, ручайнікам падсыпаў дробны каляровы бісер, і яны з яго плялі сабе домікі-трубачкі.

Я не надта любіў дыскатэкі, вечарыны, таму большасць часу праводзіў на прыродзе. Ведаў, дзе жывуць вавёркі, у якіх дуплах ёсць ваверчаняты, дзе водзіцца фарэль, дзе гнёзды канюкоў. Але галоўным маім захапленнем заўсёды былі птушкі. Ужо ў старшых класах праводзіў экскурсіі сярод равеснікаў. Вялікі дзякуй настаўніцы хіміі і біялогіі Веры Іванаўне Малахвей (яна і цяпер працуе ў Падольскай сярэдняй школе), якая бачыла такое маё імкненне. Яна не баялася прызнацца, што птушак дасканала не ведае, і таму дазваляла мне падрабязней пра нешта расказваць маім равеснікам.


Што да птушак, то тады асобных кніг не было. Трэба было пра ўсё даведвацца самастойна, з раніцы да вечара ходзячы па лесе. Не маючы вызначальніка галасоў, складана сказаць, хто спявае — пеначка, слаўка, чарацянка. Ды яшчэ і відаў шмат. Хацелася яшчэ разабрацца, дзе якая птушка жыве. Я на ўсё жыццё запомніў сваю першую сустрэчу з чубатай сініцай, надта эфектнай і прыгожай птушкай. Нават месца, час памятаю дагэтуль. Я марыў яе сустрэць шмат гадоў. А потым мне такую ж прынеслі хворай, і яе я выходжваў”.

Дарэчы, Руслану Шайкіну з-за яго вялікага захаплення птушкамі настаўнікі часам рабілі паблажкі па ўсіх прадметах, хоць ён і так нядрэнна вучыўся. Аднойчы настаўніца рускай мовы нават адпусціла яго з урока разам з сябрам Сярожам Валадзько, каб тыя маглі пайсці ў лес. Ужо пазней, падчас вучобы ў БДПУ імя Максіма Танка, юнак законна хадзіў у экспедыцыі, вывучаў птушак, пісаў навуковыя публікацыі — на сёння іх ужо больш за 70. Выдаваў Руслан Валянцінавіч і кнігі, брашуры, вызначальнікі, дапаможнікі.

Лясныя размовы

Часта можна чуць ад педагогаў дадатковай адукацыі, што ім складана набіраць дзяцей у гурток. У Руслана Валянцінавіча такой праблемы ніколі не было: жадаючых займацца ў педагога заўсёды шмат. Гэта той выпадак, калі ўсё залежыць ад асобы педагога, здольнасці захапіць, майстэрства.

Здавалася б, як можна быць майстрам у веданні птушак? І справа не ў энцыклапедычных ведах. Руслан Валянцінавіч дзеліцца з дзецьмі не кніжнымі ведамі, а ўласнымі. Ён вывучае птушак па ўсім свеце, і дзецям цікава паслухаць, як ён назіраў у ЗША за кардыналамі, у Крыме — за стэпавымі чубатымі жаваранкамі, у Іспаніі — за аліўкавымі слаўкамі, у Абхазіі — за аляпкамі. З фотаапаратам ён праехаў уздоўж і ўпоперак Польшчу, Германію, Чэхію і іншыя краіны.

Уражвае дзяцей і тое, што Руслан Валянцінавіч можа размаўляць з птушкамі на іх жа мове. Напрыклад, вечарам, пакуль група дзяцей сядзіць каля кастра, шэрая няясыць на ўсялякі выпадак паведамляе здалёк, што гэты ўчастак — яе тэрыторыя. Руслан Валянцінавіч не проста раскажа, а яшчэ і пакажа: рэхам паўтарыўшы птушыныя гукі, выказвае сваё права на гэтую тэрыторыю. Пасля такой пераклічкі звычайна птушка ляціць паглядзець на свайго суразмоўцу — сядзе непадалёк і будзе даказваць сваё, пакуль шчоўкаюць засаўкі фотаапаратаў. Так ідзе канкурэнцыя за гнездавы ўчастак. Цікава дзецях назіраць і за дыялогам-пераклічкай з савой, чыжамі, снегірамі.


“Мінулай зімой мне прынеслі снегіра з падбітым вокам. Мы выхадзілі яго з дачкой. Віка яшчэ напісала даследчую працу: вывучыла яго звычкі, любімыя ласункі, зрабіла слоўнік снегіровых гукаў, — расказвае педагог. — Гэтыя веды грунтуюцца на веданні экалогіі птушак і назіраннях. Восенню і зімой снегіры трымаюцца ў чародах. І калі снягір дзяўбаў рабіну ў лесе і не заўважыў, што чарада ўжо пераляцела далей, ён будзе свісцець настойлівае і працяглае “фіу, фіу, фіу”, што азначае “Дзе хто? Я згубіўся”. Гэта называецца арыенціровачным сігналам. Калі снегіру адпаведным чынам пасвісцець, ён прыляціць. Можна нават угаворваць — для гэтага больш працягла высвістваць і з меншымі інтэрваламі. Можна насыпаць яму корм і паклікаць паесці. У снегіра ў гэты момант свіст больш кароткі. Зацікаўленае снегіровае “фіік, фіік, фіік” азначае “Што тут у нас?”, а вось кароткае “фік” можна так і перакладаць: “Зараз спяю”, — бо адразу пасля гэтага снягір пачынае спяваць. Цікава, што гэтыя простыя гукі амаль ва ўсіх птушак аднаго віду аднолькавыя, але песні адрозніваюцца. Адна птушка любіць у пачатку больш скрыпучых гукаў, а іншая — больш свісцячых, а скрыпучыя яна дадае потым”.

Такія эксперыменты заўсёды праходзяць у дзяцей на ўра. Прычым многія імгненна вучацца пераймаць галасы птушак, і лясныя дыялогі перарастаюць у палілогі. Гэта вельмі дапамагае зацікавіць дзяцей, пасябраваць іх з птушкамі. Але галоўнае — самі заняткі.

Дзяцей выхоўваю не я, а прырода

“Я дзяцей не выхоўваю на сваіх занятках, бо яны вельмі тонка адчуваюць уздзеянне педагога, накіраванае на іх развіццё, навучанне і выхаванне, — зазначае педагог. — Яны разумеюць, што настаўнік пасля заняткаў ставіць птушачку аб выкананай задачы. Ідзе падмена паняццяў, атрымліваецца, што ўвесь інтарэс педагога ў тым, каб запісаць гэта ў журнал.

У экалогіі ж зусім іншыя падыходы. Так, у “Сакаліным” заказніку, які мы стварылі ў Мачулішчах, няма дуплістых дрэў, але там жывуць кажаны, таму мы робім для іх штучныя гняздоўі — домікі. Мы думаем, як іх зрабіць, дзе дастаць дошкі, як іх павесіць, як за кажанамі будзем назіраць. І так адцягваецца ўвага ад маіх мэт і задач выхавання. Мы захоўваем прыроду, а выхаванне прыходзіць само па сабе. Мы ствараем творчае асяроддзе, каб дапамагчы прыродзе”.

Самым важным крокам, які зрабіў Руслан Валянцінавіч і для выхаванцаў цэнтра, і для школьнікаў, стала ўвядзенне экскурсій у праграму заняткаў.

“Іх папулярнасць сярод дзяцей здзівіла і педагогаў, і адміністрацыю, і бацькоў, бо даўно ў нас не было такой практыкі, каб дзеці хадзілі ў парк паназіраць за птушкамі. Сёння шмат папяровай цяганіны. Гэтая бюракратызацыя з’ядае ініцыятыву, — расказвае пра набалелае педагог. — А дарма, бо ўражанні ад экскурсій самыя яркія. Праўду кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Напрыклад, мы з дзецьмі акурат у Мінску знайшлі месцы пражывання зімародкаў-чырванакніжнікаў, якіх нават многія дарослыя за ўсё жыццё ні разу не бачылі. Прычым я дапамог дзецям самім зрабіць гэтае адкрыццё. Адкрыцці яны робяць і на вадаёмах, на лугах.


Калі мы выйшлі з біноклямі да рэчкі, каб палічыць птушак у наваколлі, да нас падыходзілі людзі і таксама прасілі біноклі. З задавальненнем назіралі за птушкамі не толькі пажылыя людзі, якія яшчэ памятаюць свае савецкія паходы, але і студэнты з выгаленымі скронямі і тунэлямі ў вушах”.

Для многіх дзяцей экскурсіі сталі штуршком для больш дасканалага вывучэння прыроды, навуковых даследаванняў. Сярод выхаванцаў педагога ёсць пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных экалагічных конкурсаў, прэзідэнцкія стыпендыяты. Некаторыя выбралі сабе прафесіі, звязаныя з экалогіяй. Напрыклад, Анатоль Цуба працуе на тэлебачанні і здымае прыроду, Таццяна Каравай працуе ў сферы экатурызму.

Педагогу ў дапамогу

Поўная захопленасць экалагічнай працай забірае шмат часу, таму сумяшчаць яе з адміністрацыйнымі абавязкамі ў Руслана Валянцінавіча не заўсёды атрымлівалася.

“У мяне стаяў выбар: праца ці з паперамі, ці з дзецьмі. У мяне ляжыць стос журналаў, а за дзвярыма дзеці чакаюць экскурсію, каб пайсці лавіць печкуроў і на свае вочы ўбачыць усё, што мы ўжо вывучылі. Не згодны я і з імкненнем кіраўнікоў школ да масавасці мерапрыемстваў. Так, экскурсіі не такія шматлюдныя, як, скажам, агульнашкольны прагляд фільма ў суботу. На мой погляд, больш важнай з’яўляецца эфектыўнасць працы, нават калі гэта экскурсія з 10—12 дзецьмі ці проста індывідуальная работа”, — упэўнены мой суразмоўца.

Руслан Валянцінавіч разумее, што перад такой дылемай педагогам даводзіцца стаяць часта. І ў яго ёсць сваё рашэнне: “Калі ў школе гэта складана, то, магчыма, такую пазіцыю маглі б заняць нейкія знешнія адукацыйныя структуры. Падказкай сталі частыя запрашэнні ў школы ў якасці эксперта, каб замест настаўніка праводзіць заняткі з дзецьмі, выступленне, конкурс, экскурсію. Я пачаў распрацоўваць гэтую структуру”.

Па меркаванні Руслана Валянцінавіча, ёсць вялікая розніца паміж тым, калі педагог праводзіць заняткі ў нагрузку і калі іх праводзіць прафесіянал. Педагог заснаваў даследча-асветніцкую ўстанову “Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця”, дзе займаецца рэалізацыяй дабрачынных праектаў па экалагічнай асвеце людзей усіх узростаў, даследчай і прыродаахоўнай дзейнасцю. Ён упэўнены: такая работа экспертаў, якія дапамагалі б школам і працавалі б з дзецьмі і педагогамі, будзе запатрабаванай, таму сетку падобных устаноў можна пашыраць па ўсёй краіне.

За птушкамі на веласіпедзе

Адным з праектаў цэнтра сталі “Салаўіныя велапрагулкі”. Гэта працяг распрацаванага Русланам Валянцінавічам зялёнага маршруту “Сакалінай сцежкай”, які ў мінулым годзе ўвайшоў у тройку лепшых рэспубліканскіх зялёных маршрутаў. Для яго распрацоўкі арнітолаг прымяніў новыя для Беларусі методыкі вызначэння сустракальнасці птушак.

Пачуць салаўя ў Мінску нескладана, але за адну экскурсію паслухаць шмат салаўёў у самых аддаленых месцах аматару пешых прагулак на прыродзе або проста адпачывальніку немагчыма. Рашэннем сталі велапрагулкі з экспертам-арнітолагам, якія дазваляюць за тры гадзіны наведаць самыя таямнічыя куткі Мінска і пачуць самых выбітных вакалістаў птушынага свету. Цэнтр закупіў 6 горных веласіпедаў, кожнаму вандроўніку выдаецца тасама палявы бінокль і вызначальнік. Экскурсіі, створаныя па ўласнай методыцы вызначэння частаты сустракальнасці відаў птушак, адметныя тым, што дазваляюць убачыць і пачуць усіх птушак, якія тут жывуць (не толькі салаўёў розных відаў), і па ўсім пеўчым маршруце знайсці цікавую інфармацыю пра іх.

“Столькі ў нашым жыцці ўзята з прыроды. На экскурсіях я расказваю людзям тое, што ім цікава і што яны могуць запомніць, — гаворыць Руслан Валянцінавіч. — Напрыклад, падчас адной з іх усіх здзівіла цвырканне ў небе ва ўрочышчы Сярэбраны Лог, што ў Серабранцы. Гэта была балотная птушка — бекас. Ён, красуючыся перад самкай, у палёце ўніз растапыраным хвастом стварае гук, падобны да бляяння барана, — за гэта яго і называюць нябесным баранчыкам. Пачынаю расказваць, што бекас — па-англійску snipe (“снайп”). Калі ён узлятае, першыя метраў 10—15 кідаецца з боку ў бок, і паляўнічы не можа папасці ў птушку, а ўжо потым, калі бекас ляціць роўна, то знаходзіцца далёка. Папасці ў бекаса можа толькі самы меткі стралок — снайпер, таму слова “снайпер” можна літаральна перакладаць як “стралок па бекасе”. Увогуле, пра любую птушку можна расказаць шмат цікавага!”

І Руслан Валянцінавіч з задавальненнем расказвае. Жадаючых паслухаць яго заўсёды шмат, таму хутка педагогу можа стаць цесна ў Беларусі. У будучыні Руслан Шайкін хоча “Салаўіныя велапрагулкі” вывесці на міжнародны ўзровень і прадаўжаць вывучаць птушак у Краснадары, Варонежы, Калінінградзе, на Каўказе, дзе шмат чырванакніжнікаў і тых птушак, якіх у Беларусі ўвогуле няма. Ён ужо наладжвае сувязі са сваімі калегамі-сябрамі.

Нядаўна Руслан Шайкін прадставіў свае распрацоўкі, у тым ліку і “Салаўіныя прагулкі”, на IX Рэспубліканскай выставе-конкурсе вучэбна-метадычных матэрыялаў эколога-біялагічнай накіраванасці . У фінал, які хутка пройдзе, ён трапіў як пераможца абласнога этапу адразу ў дзвюх намінацыях (з трох): “Вучэбна-метадычны комплекс” і “Метадычная распрацоўка”.

Руслан Валянцінавіч ставіць сваёй задачай экалагічную асвету для ўсіх, што, дарэчы, у яго выдатна атрымліваецца. Менавіта дзеля гэтага ў свой час ён з арніталогіі перайшоў у педагогіку, адмовіўшыся ад прапановы быць вядучым праграмы “TERRA Incognita. Беларусь невядомая” на канале “Беларусь 1”, у якой Р.Шайкіна здымалі некалькі разоў. І хочацца спадзявацца, што з такім натхнёным педагогам шмат людзей навучыцца не толькі чытаць пра прыроду, але і ўслухоўвацца, углядацца ў яе на птушыных маршрутах.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Руслана ШАЙКІНА.