Клуб вытанчаных манер

Ужо чатырнаццаты год у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі працуе клуб культурных і дзелавых камунікацый “Бон-Тон”. За гады існавання ён правёў шэраг мерапрыемстваў па тэме этыкету і добрых манер. Усе іх афішы, сцэнарыі, памятныя фотаздымкі беражліва захоўвае ў спецыяльнай папачцы нязменны кіраўнік клуба Людміла Казіміраўна Каташынская.

Пытанні этыкету і добрых манер актуальны ва ўсе часы. Мы звычайна не задумваемся пра гэта, але ж яны з’яўляюцца неад’емнай часткай агульнай культуры чалавека. Этыкет і яго правілы распаўсюджваюцца на паво­дзіны не толькі ў грамадскім жыцці, але і штодзённым: у побыце, дома, на працы, у гасцях або ў публічных месцах трэба прытрымлівацца пэўных правіл паводзін. Іх выкананне характарызуе чалавека як цывілізаваную і культурную асобу. З дапамогай этыкету незнаёмыя людзі маюць магчымасць мець зносіны на мове, зразумелай кожнаму, і прыходзіць да агульнай мэты. Ацэнка паводзін чалавека, яго адносін да іншых людзей з пунтку гледжання этыкету дае магчымасць грамад­ству скласці першапачатковае меркаванне пра чалавека. Такім чынам можна вызначыць узровень яго выхаванасці. Менавіта для таго, каб падкрэсліць значнасць такіх паводзін і наву­чыць маладое пакаленне іх правільна выкарыстоўваць, і з’явіўся клуб “Бон-Тон”.

Перад тым як клуб пачаў сваю дзейнасць, Людміла Казіміраўна правяла сацыялагічные даследаванне: апытала моладзь, як яна разумее паняцце этыкет, што ведае пра нормы паводзін, ці хацела б вучыцца нечаму новаму і развівацца ў гэтым напрамку далей. Даследаванне патрэбна было для таго, каб атрымаць уяўленне, на якім узроўні моладзь валодае нормамі этыкету, і зразумець, на чым трэба асабліва засяродзіць увагу. Але ж галоўным вынікам апытання стала тое, што дзеці праявілі ціка­васць да тэмы этыкету і добрых манер. Пачатак быў пакладзены.

На пачатку свайго існавання аб’яднанне мела назву “Клуб вытанчаных манер і мастацтва зносін”. Заняткі клуба былі разлічаны на навучэнцаў старшых класаў і студэнтаў. Але час не стаіць на месцы, разам з ім мяняецца і моладзь. Цяпер ёй цікава вывучаць не толькі добрыя манеры, але і дзелавыя камунікацыі, якія могуць спатрэбіцца пры вядзенні бізнесу. Зараз клуб працуе па двух асноўных напрамках: культурныя (у тым ліку міжкультурныя) камунікацыі і дзелавы этыкет. Адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці клуба — арганізацыя мерапрыемстваў па профільных тэмах. Паўдзельні­чаць у іх прапаноўваецца ўсім жадаючым. Так, зусім нядаўна прайшоў гарадскі конкурс “Манеры і сучаснасць”, у якім каманды-ўдзельніцы ў творчай форме прадстаўлялі ўвазе публікі правілы паводзін у розных краінах свету. Гэты фестываль, як і некалькі іншых мерапрыемстваў клуба, стаў ужо традыцыйным.

 “Спачатку мы пішам палажэнне пра конкурс і рассылаем яго па навучальных установах. Далей працуем з тымі, хто выказаў жаданне прыняць у ім удзел. Калі гэта гарадскі конкурс, то спачатку праходзяць раённыя адборы, на якіх я заўсёды прысутнічаю. Магу нешта параіць, падказаць, але сцэнарый рыхтуюць заўсёды самі дзеці. Гэта адначасова і навучанне, калі яны шукаюць цікавыя факты, і твор­часць, бо прадставіць гэтую інфармацыю трэба ў незвычайнай форме. Часта бывае так, што не атрымліваецца выбраць толькі аднаго лепшага ў раённым адборы. Напрыклад, у гэтым годзе ў фінале былі 12 каманд, мы прапанавалі прыняць удзел некалькім школам, якія занялі другія ці трэція месцы на папярэднім этапе. А што рабіць, калі яны таксама дасканала валодаюць матэрыялам, ды яшчэ і прадставілі яго так цікава і незвычайна?! У такіх выпадках цяж­касць заключаецца ў правядзенні фіналу: трэба зрабіць так, каб ён не выглядаў зацягнутым, усё ж такі 12 удзель­нікаў — гэта нямала. Тады неабходна скласці цікавы сцэнарый, напісаць рэплікі для вядучых, каб яны ўносілі разнастайнасць і не давалі гледачам засумаваць. У журы стараемся запрасіць цікавых людзей, каб яны таксама маглі нешта расказаць па тэме мерапрыемства. Гэта і карысная інфармацыя, і своеасаблівы перапынак для ўдзельнікаў, падчас якога можна падрыхтаваць сцэну для выступлення наступнай каманды.

Для ўсіх фіналістаў вызначаюцца дні рэпетыцый на галоўнай сцэне Палаца дзяцей і моладзі. Гэта вельмі важна — паглядзець, як твой творчы нумар выглядае са сцэны, і праверыць, ці апраўданы спец­эфекты. У распараджэнні дзяцей — разнастайныя сродкі: тэхнічныя, мультымедыйныя. З кожным годам бачу ўсё больш цікавых задумак, таму што і магчымасцей для іх ажыццяўлення становіцца больш. Дзень конкурсу заўсёды прахо­дзіць напружана. Члены журы, удзель­нікі, арганізатары не ма­юць ніводнай свабоднай хвілінкі. Але ж вынік сябе апраўдвае. Прыемна бачыць школьнікаў, якія задаволены тым, што ў іх атрымалася. Пераможцаў і прызёраў, а звычайна мы вызначаем тры прызавыя месцы, заўсёды ўзнагароджваем. Гэта, я ўпэўнена, надае стымул праца­ваць у такім напрамку далей”, — расказвае Людміла Казіміраўна.

З першага дня яна імкнулася знайсці найбольш цікавы фармат, выбраць лёгкую для дзіцячага ўспры­мання форму. Сама склала некалькі метадычных дапаможнікаў, у якіх сабраны асноўныя правілы паводзін у грамадскіх месцах, нормы этыкету. Гэта не абмяжоўваецца толькі апісаннем усталяваных у грамадстве правіл, якія рэгулю­юць нашы паводзіны. Этыкет ахоплівае многія сферы жыццядзейнасці, таму яго можна падзяліць на маўленчы, дзелавы, сталовы і г.д., кожны з якіх адыгрывае важную ролю. Напрыклад, нормы маўленчага этыкету трэба ведаць, каб лёгка ўстанавіць кантакт з суразмоўцам, у тым ліку з прадстаўніком іншай культуры. Пры вывучэнні этыкету важнае месца адводзіцца і невербальным сродкам камунікацыі. Значэнне маюць рухі чалавека, позы, якія ён прымае, жэсты, міміка, позірк.

За гады дзейнасці клуба зроблена сапраўды шмат карыснага. Праведзены мерапрыемствы на актуальныя тэмы. Напрыклад, падчас фестывалю “Час — грошы?” моладзь спрабавала вынайсці формулу поспеху пры стварэнні ўласнага бізнес-праекта. Тут таксама ўзгадваўся этыкет — дзелавы. Невыкананне або няведанне яго часта перашкаджае паспяховым дзеянням па прасоўванні сваёй кампаніі і прадукту на рынку. У сучасным грамадстве гэтая тэма набывае ўсё большае распаўсюджанне, таму што ўласны бізнес-праект зараз можа стварыць амаль кожны жадаючы. Увесь свет адкрыты для бізнес-прапаноў, але заклю­чыць пагадненне з замежнымі партнёрамі не атрымаецца, калі не ведаць не толькі базавы дзелавы этыкет, але і культурныя асаблівасці роднай для іх краіны, таму вельмі важны такі аспект, як міжкультурныя дзелавыя камунікацыі.

Мерапрыемства пад назвай “Яны і мы” тычылася гендарнай праблемы, якая таксама вельмі актуальная ў апошнія гады. У сучасным грамадстве ідуць спрэчкі наконт ролі жанчын і мужчын, абмяркоўваюцца пытанні гендарнай роўнасці. У нашым грамадстве ўста­ляваліся пэўныя стэрэатыпы аб асаблівасцях і паводзінах мужчын і жанчын. Развеяць іх і паразважаць над іншымі гендарнымі праблемамі спрабавалі ўдзельнікі мерапрыемства. Менавіта падчас такіх абмеркаванняў моладзь вучыцца фарміраваць сваё меркаванне і адстойваць яго, падмацоўваючы прыкладамі. А для гэтага трэба вывучыць шмат тэарэтычнага матэрыялу, паглядзець на праблему з розных бакоў. Абмеркаванні могуць выходзіць і за межы праектаў клуба, бо моладзь часта настолькі захапляецца матэрыялам, што працягвае вывучаць яго самастойна.

Да чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіў у Мінску ў 2014 годзе, клуб “Бон-Тон” правёў мерапрыемства, падчас якога моладзь выбірала нацыянальную рысу, якую можна было б лічыць своеасаблівым брэндам нашай краіны. Няцяжка здагадацца, што перамагла гасціннасць. У такім жа фармаце выбіралася з’ява, якую можна было б унесці ў каляндар ЮНЕСКА. Мы ведаем, што ёсць, напрыклад, дзень усмешкі, дзень слова “дзякуй”. Дапоўніць гэты цікавы каляндар спрабавалі школьнікі. Варыянтаў было шмат, бо фантазіі і творчага энтузіязму маладым лю­дзям не займаць. Неабходна было патлумачыць свой выбар і пераканаць у ім астатніх удзельнікаў конкурсу.

Зараз клуб працуе па розных напрамках: гендарныя пытанні, дзелавыя і міжкультурныя камунікацыі, прафарыентацыя. Па апошняй тэме хутка пройдзе мерапрыемства “Творчыя індустрыі”, падчас якога плануецца выступленне каманд-прадстаўнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Каманды прадставяць свае бізнес-ідэі, новыя погляды на многія сферы дзейнасці, прапануюць шляхі развіцця многіх галін прамысловасці і грамадскай дзейнасці.

“Зроблена ўжо шмат, але мы стараемся з кожным годам пашыраць межы нашых праектаў, прыцягваць да ўдзелу як мага большую колькасць дзяцей. Такі напрамак, як вывучэнне этыкету і добрых манер, — гэта ўніверсальная адукацыя. Мы не ведаем, калі менавіта гэтыя веды нам спатрэбяцца, але не сумняваемся, што такі час настане. Вельмі добра, што наша грамадства разумее важнасць такой адукацыі. Трэба не толькі ведаць, як паводзіць сябе ў іншай краіне, але і ўмець паказаць нашу культурную ўнікальнасць”, — упэўнена Людміла Казіміраўна.

Клуб культурных і дзелавых камунікацый “Бон-Тон” ставіць перад сабой мэту не толькі расказаць моладзі аб прынятых у грамадстве нормах паводзін і правілах этыкету, але і навучыць імі карыстацца. У кожнага з нас свае каштоўнасці, але ўсе мы жывём у грамадстве, а значыць, не можам быць свабоднымі ад яго. Залатое правіла чалавецтва “стаўся да людзей так, як хацеў бы, каб ставіліся да цябе” з’яўляецца і галоўным правілам этыкету.

Кацярына ЗАБАРОНАК.
Фота прадастаўлены Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі.