Да новага ўраджаю

Вясна — гэта не толькі чароды птушак у высокім небе, першыя пупышкі на дрэвах, першыя кветкі, хараство і абнаўленне прыроды. Гэта яшчэ і пачатак сельскагаспадарчых работ — важны і адказны перыяд у жыцці кожнага беларуса, у тым ліку гарадскіх жыхароў. У многіх ёсць калі не дача, то бацькоўскі або бабулін дом у вёсцы, а каля таго дома абавязкова ёсць агарод, а на тым агародзе вырошчваецца капуста, буракі, морква, ёсць некалькі яблынь, якія кожны год стракацяць чырвона-зялёнымі яблыкамі. І кожную восень, збіраючы ўраджай, мы ставім перад сабой пытанне: як захаваць яго да наступнага сезона?

Адзін адказ

Пытанню “Як захаваць сабраны ўраджай да наступнага сезона?”, якім мы задаёмся восенню, часта папярэднічае пытанне “Як эфектыўна вырасціць расаду?”, якое актуальна цяпер, вясной, асабліва ў марозныя дні сёлетняга красавіка. Педагог дадатковай адукацыі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Тэхнічнае мадэляванне” Дзмітрый Рыгоравіч Пакіньбарада і яго выхаванка Вера Моніна прапанавалі на гэтыя два пытанні адзін адказ. На рэспубліканскім этапе конкурсу “ТэхнаІнтэлект” яны прадставілі ўніверсальнае сховішча сельскагаспадарчай прадукцыі, якое можа зацікавіць не толькі вопытных фермераў, але і аматараў папрацаваць у вольны час на прысядзібным участку.


Сельскагаспадарчыя работы, як вядома, пачынаюцца з высадкі расады, а заканчваюцца зборам ураджаю. Два галоўныя клопаты ў селяніна: як высадзіць расаду і як потым захаваць прадукцыю, што была вырашчана з гэтай расады. Падчас працы над праектам брэсцкія тэхнікі-вынаходнікі шукалі спосаб аб’яднаць у адной прыладзе функцыі вырошчвання і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама зрабіць захоўванне больш надзейным, танным і даступным, як для буйных фермерскіх гаспадарак, так і для невялікіх прысядзібных участкаў. Хоць прадстаўлены Верай Монінай праект і не заняў прызавога месца на рэспубліканскім этапе “ТэхнаІнтэлекту”, аднак, безумоўна, ён варты ўвагі. І на тое ёсць некалькі прычын. Па-першае, арыгінальнасць распрацоўкі, яе ўніверсальнасць. І другая, самая галоўная прычына — актуальнасць праекта. Прапанаваная канструкцыя можа выкарыстоўвацца як для вырошчвання расады, абароны ад вясновых замаразкаў, так і для захоўвання вырашчанай прадукцыі. Ёсць яшчэ некалькі спосабаў выкарыстання канструкцыі.

Зручная канструкцыя

У аснове распрацоўкі — купалападобнае сховішча са святлопразрыстага поліэтылентырафталату, які шырока выкарыстоўваецца пры вырабе бутэлек для газіраваных напіткаў і тары для кандытарскіх вырабаў. Выкарыстоўваюцца два аднолькавыя па форме купалы, якія нагадваюць ванну, але розныя па памеры.

— Адлегласць паміж сценкамі вонкавага і ўнутранага купалаў складае прыкладна 6—10 см, каб забяспечыць дастатковую паветраную праслойку цеплаізаляцыі. Таўшчыня сценак купала 0,8—1 мм. Пры неабходнасці могуць выкарыстоўвацца рэбры калянасці. У склад канструкцыі ўваходзіць донная частка з надбудовамі, якая можа быць выраблена з полікарбанату, мелаліту або поліэтылену. Да гэтай часткі з дапамогай шрубавых стоек мацуюцца ў некалькі паверхаў латкі ў форме блях з нахільнымі бартамі вышынёй 8—10 см, якія прадухіляюць рассыпанне прадукцыі падчас захоўвання, а колькасць скручаных стоек вызначае вышыню паміж латкамі. Мацаванне купалаў да дна ажыццяўляецца пры дапамозе пластмасавых вінтоў і гаек. Для герметызацыі пракладваецца плоская гумавая (сіліконавая) стужка-пракладка. У ніжняй частцы дна канструкцыі прадугледжваюцца тры здымныя патрубкі, два з якіх служаць для запаўнення ўнутранай прасторы газавай сумессю, а праз трэці праводзіцца электраправодка да ўсталяваных унутры датчыкаў тэрмометра, гігрометра і газааналізатара. Патрубкі з герметызуючымі пракладкамі, — паведаміў кіраўнік праекта Дзмітрый Рыгоравіч.


Дзякуючы празрыстасці купалаў, можна назіраць за якасцю захоўвання прадукцыі, а пры неабходнасці зацямніць укрыцце цёмнай поліэтыленавай плёнкай. Кожнае такое ўкрыцце, складзенае з двух купалаў, можна размяшчаць на драўляных паддонах і з дапамогай пагрузчыка састаўляць у стэлажы. Такое размяшчэнне канструкцыі на драўляных паддонах дае магчымасць зручна праводзіць пагрузачна-разгрузачныя работы і транспартаваць прадукцыю да месца рэалізацыі.

Фінансавае пытанне

Ідэя рэалізацыі гэтага праекта ўзнікла ў Дзмітрыя Рыгоравіча яшчэ гадоў 8 назад. Спачатку педагог хацеў запатэнтаваць вынаходку, аднак гэта патрабавала пэўных фінансавых выдаткаў, таму ад такой ідэі было вырашана адмовіцца. Так некалькі гадоў праект праляжаў, як кажуць, на паліцы. Нічога добрага ў гэтым, канечне, няма, таму было вырашана зрабіць яго агульным набыткам. Справа была выканана паспяхова, праект стаў пераможцам у абласным этапе конкурсу “ТэхнаІнтэлект”.

— У буйных аграрных сховішчах укрыцці, устаноўленыя на стэлажах, злучаюцца паміж сабой шлангамі падводу і адводу газавай сумесі з электраклапанамі, якія забяспечваюць герметызацыю і адкрыццё-закрыццё падачы і адводу газавай сумесі, — працягвае педагог. — Тэмпература рэгулюецца халадзільнай устаноўкай. Праз раз’ёмы кожнае ўкрыцце злучаецца з праводкай. Сігналы ад датчыкаў кожнага ўкрыцця падаюцца на агульны камп’ютар, які згодна з закладзенай у ім праграмай вызначае змены ў складзе газавай сумесі і тэмпературы ўкрыццяў. Датчыкі вуглякіслага газу, кіслароду і аміяку далучаюцца да агульнага газааналізатара, які праз камп’ютарную праграму ажыццяўляе кантроль за ўсімі ўкрыццямі цыклічна. Наяўнасць аміяку і этанолу ў пэўным укрыцці сігналізуе аб тым, што прадукцыя ў ім не можа далей захоўвацца без перапрацоўкі і яе неабходна адправіць на рэалізацыю.

Прапанаваны спосаб захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі эфектыўны і ў фінансавым плане. Ён дазваляе выкарыстоўваць ужо існуючыя сховішчы без будаўніцтва сучасных герметычных газавых сховішчаў (на гэта патрабуюцца значныя фінансавыя выдаткі), а транспарціроўка прадукцыі ў купалападобных укрыццях на драўляных паддонах у месцы яе рэалізацыі дазваляе пакупніку набыць яе ў самым свежым выглядзе.


Як ужо адзначалася, купалападобныя ўкрыцці з празрыстага матэрыялу могуць прымяняцца і для вырошчвання расады, як у памяшканнях, так і на адкрытым паветры. Што тычыцца памяшканняў, то тут на латкі доннай часткі насыпаецца грунт, у які высаджваецца насенне. Варта загадзя зрабіць некалькі адтулін, каб падчас паліву расады лішкі вільгаці маглі сцякаць. Вырошчвацца расада можа і ў адкрытым грунце, накрывацца як адным, так і двума купаламі. У такім выпадку купалы мацуюцца да грунту пры дапамозе спецыяльных металічных “мыліц”. Для тэмпературнага кантролю ўнутры ўкрыцця можна ўстанавіць спецыяльны датчык, таму што замаразкі, якія не з’яўляюцца рэдкасцю для нашых мясцін, могуць дрэнна ўздзейнічаць на расаду. Цёплае паветра можа падавацца пры дапамозе звычайнага электрафена. Яшчэ адзін спосаб выкарыстання ўніверсальнай канструкцыі (акрамя вырошчвання расады, захоўвання сельгаспрадукцыі) — у якасці рэзервуара для вады на дачным участку.

Захаваць вынік

Вясна прыйшла, а значыць, на ўрадлівай беларускай зямлі пачаліся сельскагаспадарчыя работы. Каму, як не беларусам, ведаць, наколькі цяжка працаваць на зямлі і як важна захаваць вынікі гэтай працы да новага ўраджаю. Дачны ўчастак або вясковы дом, а каля таго дома — агарод, а на тым агародзе — капуста, буракі, морква, некалькі яблынь, якія кожны год стракацяць чырвона-зялёнымі пладамі. Як захаваць такую смакату да наступнага сезона? Можна выкарыстаць традыцыйныя спосабы захоўвання ўраджаю, а можна звярнуць увагу і на вынаходку брэсцкіх тэхнікаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.