Працоўная вясна

Ці гэта красавік вырашыў пажартаваць, ці гэта сакавік ніяк не можа развітацца, аднак, што б там ні было за акном (снег, сцюдзёны вецер, хмары або сонейка), кожная душа радуецца прыходу вясны. Шпакі спяваюць гімн жыццю, буслы паважна прагульваюцца па поймах рэк і ваколіцах вёсак… У кожнага — свой клопат. У шпакоў — свой, у буслоў — свой, у людзей таксама свой. Менавіта ў красавіку, па добрай традыцыі, у краіне праводзіцца месячнік па навядзенні чысціні, актыўны ўдзел у якім прымаюць педагогі і навучэнцы.

У гэтыя дні на тэрыторыі ўстаноў адукацыі можна ўбачыць вясёлыя гурты хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пад наглядам дарослых зграбаюць мінулагодняе лісце, галлё, збіраюць смецце, падмятаюць сцежкі. Для дзяцей такая праца на свежым паветры не менш карысная і захапляльная, чым пазнанне ў чатырох сценах таямніц навук. У гэтым лёгка пераконваешся падчас наведвання сярэдняй школы № 20 Мінска. У рамках традыцыйнай акцыі “Чысты двор” прышкольная тэрыторыя набывае ўрачысты выгляд. Пабелены бардзюры, праполаты клумбы, пасаджаны кветкі. Вясновая атмасфера пануе і ў школьным будынку. Зімовы сад выглядае па-вясноваму святочна, а дзясяткі вазонаў на калідорах і ў вучэбных класах, адчуўшы цеплыню сонца, распускаюць рознакаляровыя пялёсткі.

Праца калектыву сталічнай 20-й школы па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі — гэта невялікая частка той вялікай і маштабнай работы, што праводзіцца ў гэтыя дні ва ўстановах адукацыі па наданні нашай зямлі чысціні і ўтульнасці. Працоўная вясна ідзе. Сустрэнем яе годна!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.