У стылі фолк

Вось і настала лета, пара доўгачаканых летніх канікул, якія дзеці любяць больш за ўсё. А паколькі наш цэнтр размешчаны ў сельскай мясцовасці, у нас нарадзілася ідэя выхоўваць экалагічную культуру вучняў з дапамогай вывучэння культурнай спадчыны беларускага народа. Летнія канікулы ў гэтым годзе ў нас праходзяць у стылі этна.

Як у бабулі ў вёсцы!

Тэрыторыя Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна на працягу 9 гадоў свайго існавання афармляецца ў вясковым стылі. Галоўная яго асаблівасць — выкарыстанне простых, натуральных матэрыялаў і форм, якія адпавядаюць народным традыцыям і культурнай спадчыне, бо народная культура беларусаў цесна ўзаемазвязаная з прыродай. Важнейшым яе складнікам з’яўляюцца норавы і звычаі, спосабы вядзення гаспадаркі, хатні ўклад і народная медыцына. Матэрыяльная культура беларусаў выкарыстоўвае ў сваім арсенале ўсё тое, што дае прырода: дрэва, салому, гліну, метал. Таму прадметы старадаўняга побыту вельмі добра ўпісаліся ў дызайн нашай тэрыторыі.


Мясцоваму насельніцтву імпануе стыль тэрыторыі, таму яны самі прыносяць старадаўнія рэчы. Напрыклад, мясцовыя жыхары прынеслі хамут, калаўроты, бочкі, серп, барану, сячкарню. Калыску, крэсла, чыгунныя гаршкі, колы ад воза прывезлі з суседняй вёскі Пацэвічы. У мінулым годзе нават з Ашмян прывезлі стары жалезны конны плуг.

Акрамя таго, у афармленні тэрыторыі цэнтра выкарыстоўваюцца такія расліны, якія вырошчваліся ў кветніках нашых бабуль: півоні, сланечнікі, касмеі, геленіум, мальвы, рамонкі, васількі, флёксы, вяргіні.

У нас ёсць аптэкарскі агарод, на якім растуць лекавыя расліны, што здаўна прымяняюцца ў народнай медыцыне: шалфей, мята, сінюха, дзівасіл, жывакост, палын, мацярдушка, шыпшыннік і інш. Вучні сушаць лекавыя расліны для выкарыстання іх у фітабары восенню і зімой для прафілактыкі прастудных захворванняў.


У цяпліцах дзеці вучацца вырошчваць таматы, перцы, дыні, кавуны, агуркі, а таксама праводзяць доследы па мульчыраванні, размнажэнні дэкаратыўных шматгадовых хмызнякоў. Кожнае дзіця, якое наведвае летам наш цэнтр, можа сарваць з градкі любімую гародніну і пакаштаваць яе. Але больш за ўсё любяць гародніну нашы гадаванцы з жывога кутка. Бо няма нічога больш цікавага, чым назіраць, як маленькія трусяняты або марскія свінкі ядуць капусту ці моркву.

Акрамя звыклых насельнікаў жывога кутка, у гэтым годзе ў нас з’явілася вальера для курэй, у якой стаіць сапраўдная хатка на курыных ножках. Цяпер дзеці могуць назіраць за рознымі пародамі курэй, карміць іх, забіраць з гнёздаў яйкі, ды не залатыя, а простыя!

Народны каляндар

Беларускі народны каляндар раскрывае перад намі складаны светапогляд селяніна, яго глыбокія веды пра прыроду і любоў да яе. Пакуль бабулі расказваюць казкі, вераць у прыкметы, выконваюць традыцыі, народная культура жывая. Але як толькі нешта з яе перастае выкарыстоўвацца, у гэты ж момант яна становіцца аб’ектам для вывучэння фалькларыстамі. Народная культура як цэлае пастаянная і незнішчальная, але часцінкі, якія складаюць яе, вельмі далікатныя і патрабуюць уважлівага стаўлення. Таму выхоўваць экалагічную культуру нашых выхаванцаў праз павагу і любоў да спадчыны беларускага народа неабходна з дзяцінства, каб захаваць самабытнасць і ўнікальнасць нашай культуры, вярнуцца ў свет прыроднай першаснасці і гармоніі.


Згодна з народным календаром, вучні разам з педагогамі вывучаюць прыкметы, павер’і, абрады, рыхтуюцца да свят. Штодзённыя тэматычныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашым цэнтры, цесна звязаны з ім. Напрыклад, 15 чэрвеня па народным календары “Зялёная бярозка”. У гэты дзень маладыя дзяўчаты плялі на шчасце вянкі з бярозкі. Такі вянок абяцаў поспех, служыў абярэгам ад сурокаў. А ўвечары хлопцы і дзяўчаты спраўлялі ігрышчы, дзе спявалі песні, вадзілі карагоды. У гэты дзень дзеці на варкшопе “Зялёная бярозка” вучыліся плесці вянкі з кветак, сабраных падчас прагулкі па лесе. А ўвечары збіраліся на вячоркі ля вогнішча з кубкам травяной гарбаты, дзе бурна абмяркоўвалі мінулы дзень.

Аб’ядноўваемся па інтарэсах

Гэтым летам мы выхоўваем экалагічную культуру нашых дзяцей праз павагу і любоў да спадчыны беларускага народа, таму і праграмы аб’яднанняў па інтарэсах з пераменным складам навучэнцаў мы распрацавалі з этнічнымі ноткамі, назваўшы іх “Этнаскрап”, “Этнагейм”, “Кветкі”, “Камора Вялеса”, “Колас”, “Этнафларыстыка”, “Этнатэатр “Калаўрот”.

Напрыклад, наведваючы гурток “Этнаскрап”, дзеці на працягу ўсяго лета будуць ствараць вырабы, аформленыя ў беларускім стылі. На занятках “Этнафларыстыкі” дзеці навучацца плесці вянкі, ствараць пано, габелены з травы, рабіць упрыгажэнні, цацкі-абярэгі з прыроднага матэрыялу. “Этнатэатр “Калаўрот” дазволіць дзецям глыбей акунуцца ў народную культуру праз падрыхтоўку тэатралізаваных этнаграфічных святочных абрадаў (“Купалле”, “Зажынкі” і г.д.).

Не застаўся па-за ўвагай і Год навукі. Здаўна нашы продкі ўмелі збіраць багаты ўраджай без прымянення хімічных угнаенняў і сельгастэхнікі. Гэта падштурхнула нас на адкрыццё аб’яднання па інтарэсах “Колас”, на занятках якога дзеці будуць праводзіць доследы па вырошчванні бульбы, клубніц, вывучаць арганічнае земляробства.

Сродкамі народнай медыцыны лячылася здаўна пераважная большасць насельніцтва Беларусі, таму, наведаўшы “Камору Вялеса”, навучэнцы пазнаёмяцца з асновамі народнай медыцыны, навучацца правільна збіраць і сушыць лекавыя расліны, заварваць травяныя чаі, вырабляць лялькі-зялейніцы. У гэтым ім дапаможа калекцыя лекавых раслін аптэкарскага агарода. І, вядома ж, яны абавязкова будуць збіраць травы на Купалле.

Многія народныя гульні існуюць са спрадвечных часоў і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Час уносіць змены ў сюжэты некаторых народных гульняў, напаўняе іх сучасным зместам. Гульні ўдасканальваюцца, але іх аснова застаецца нязменнай. Яны развіваюць хуткасць, спрыт, сілу, цягавітасць, кемлівасць, сумленнасць, дысцыплінаванасць. Выхаванню ўсіх вышэйпералічаных якасцей у хлопчыкаў і дзяўчынак будуць спрыяць заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Этнагейм”.


Народнае дэкаратыўнае мастацтва — частка нацыянальнай культуры. У ім выяўляюцца лепшыя рысы народа, агульначалавечыя каштоўнасці: мудрасць, смеласць, адвечнае імкненне да прыгажосці. У той жа час у мастацтве беларускага народа выразна прасочваецца яго самабытнасць. Сапраўды, народнае мастацтва адрозніваецца асаблівай прастатой, густам, выразнасцю. Менавіта таму яно зразумелае і даступнае дарослым і дзецям. Эмацыянальная мова мастацтва — самы лёгкі, правільны і даступны масток ад душы народа да душы дзіцяці. На гуртку “Кветкі” дзеці пазнаёмяцца з рознымі відамі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і змогуць паспрабаваць у ім свае сілы.

Вынікам працы ўсіх аб’яднанняў па інтарэсах, арганізаваных у летні час у цэнтры, стане выстава, якая будзе прадстаўлена ўвазе педагагічных работнікаў раёна на жнівеньскай канферэнцыі.

Нёманскі пасад

Адной з прыступак на шляху да павышэння экалагічнага выхавання, безумоўна, з’яўляецца арганізацыя выхаваўчай работы ў аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. Таму з 5 ліпеня ў маляўнічым месцы на беразе Нёмана пачне сваю працу дзевяцідзённы кругласутачны палатачны лагер, у якім нашы дзеці будуць жыць у дзвюх “вёсачках”, зарабляць “талеры”, шукаць папараць-кветку ў купальскую ноч, збіраць лекавыя расліны на Купалле, здзяйсняць “крапіўныя запускі”, вартаваць сонца напярэдадні Пятрова дня і г.д.

Хобі-цэнтр

Адной з новых форм арганізацыі занятасці дзяцей у нашым цэнтры стала адкрыццё гэтым летам хобі-цэнтра “Этнастыль”. Педагогі Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна ўдзяляюць сваю ўвагу і тым навучэнцам, якія любяць прыходзіць да нас у вячэрні час. Для таго каб час праходзіў з карысцю, яны дзеляцца з дзецьмі сваімі ўменнямі ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і захапленнямі, не далучанымі да праграмы аб’яднанняў па інтарэсах.

У нашым хобі-цэнтры “Этнастыль” вучні пад кіраўніцтвам педагогаў могуць стварыць сваімі рукамі розныя вырабы, згуляць у лато, напісаць сцэнарый свята, паглядзець фільм, падаглядаць жывёл або проста паразмаўляць за кубачкам гарбаты.

Дарэчы, да нас прыходзяць увечары мясцовыя жыхары і госці, якія прыехалі на радзіму з розных куткоў краіны. Таму ўжо можна гаварыць аб тым, што наш цэнтр стаў мясцовай славутасцю, куды хочацца проста прыйсці, палюбавацца раслінамі, сфатаграфавацца.

Думаю, што лета ў стылі этна прынясе нашым выхаванцам мноства станоўчых эмоцый, а таксама ведаў і навыкаў, якія спатрэбяцца ім у далейшым жыцці.

Кацярына РЭКУЦЬ,
дырэктар Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна.
Фота аўтара.