Увага! Экскурсія пачынаецца

Яны правялі на працягу навучальнага года некалькі дзясяткаў экскурсій, пазнаёмілі сотні гасцей са славутасцямі малой радзімы, паведамілі пра гісторыю далёка не аднаго экспаната. Пакуль наведвальнікі слухалі захапляльны аповед, адпачывалі, вучні-экскурсаводы працавалі. Цяпер і яны маюць права на якасны адпачынак. Знаёмцеся — гэта ўдзельнікі рэспубліканскага профільнага летніка “Юныя экскурсаводы”, які праходзіць з 10 па 18 ліпеня на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Найлепшы адпачынак

Які найлепшы адпачынак для юнага экскурсавода? Правільна, экскурсія, абавязкова цікавая, захапляльная, якую праводзіць прафесійны, з багатым вопытам экскурсавод. Для слухача сустрэча з такім чалавекам будзе і адпачынкам, і лекцыяй, і майстар-класам, і шчырай размовай. Такой і павінна быць сапраўдная якасная экскурсія. У гэтых простых экскурсаводскіх ісцінах удзельнікі летніка пераконваліся кожны дзень. Спачатку — падчас прагулкі па беразе Цнянскага вадасховішча, потым (на другі дзень працы летніка) — падчас знаёмства з інтэрактыўнай праграмай “Мірны атам” у Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, на трэці дзень — падчас аўтобуснай экскурсіі па Мінску і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, у наступныя дні — падчас экскурсіі па Траецкім прадмесці, у музеі штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Актуальная справа

Як паведаміла загадчык аддзела турыстычна-экскурсійнай работы Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Таццяна Сямёнаўна Емяльянава, на адпачынак у сталіцу прыехалі 44 навучэнцы 11—13 гадоў і 6 педагогаў з Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Летнік “Юныя экскурсаводы” праводзіцца другі раз і з’яўляецца самым маладым з усіх профільных летнікаў, якія арганізоўвае Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Самы малады і пры гэтым актуальны, паколькі апошнім часам шмат гаворыцца пра неабходнасць больш актыўнай рэалізацыі турыстычнага патэнцыялу краіны, павелічэння колькасці замежных турыстаў. Усё неабходнае ў нас ёсць. Ёсць і веліч замкаў, і запаведны напеў пушчаў. Аднак гэтага недастаткова. Патрэбна развітая турыстычная інфраструктура, а яшчэ вялікая колькасць прафесійных экскурсаводаў. Калі за развіццё інфраструктуры адказваюць канкрэтныя міністэрствы і ведамствы, то ў падрыхтоўцы экскурсаводаў могуць дапамагчы ўстановы адукацыі.


Ужо не першы год у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” праводзяцца конкурсы юных экскурсаводаў, якія спрыяюць фарміраванню ў навучэнскай моладзі грамадзянска-патрыятычных пачуццяў, камунікатыўных навыкаў праз далучэнне да сучасных форм экскурсійнай дзейнасці, садзейнічаюць прафесійнаму самавызначэнню. Менавіта ўдзельнікі і прызёры такіх конкурсаў адпачываюць цяпер у Мінску. Ад Віцебшчыны — прадстаўнікі гімназіі № 1 Наваполацка і гімназіі Барані Аршанскага раёна, ад Гродзеншчыны — навучэнцы сярэдняй школы № 2 Ашмян, Брэсцкую вобласць прадстаўляюць навучэнцы сярэдніх школ №№ 4, 13, 18, 19 Баранавіч.

Аршанскі прыклад

Хлопчыкам і дзяўчынкам з Барані ўсяго 11—13 гадоў, аднак ужо ў такім юным узросце яны могуць праводзіць экскурсіі не горш за прафесіяналаў. “З гэтымі дзецьмі працаваць вельмі лёгка, таму што мая папярэдніца заснавальніца музея “Бараньская сяліба”, Тамара Іванаўна Нагорная стварыла эфектыўную сістэму падрыхтоўкі экскурсаводаў. На жаль, яе ўжо няма на гэтым свеце, але справа Тамары Іванаўны прадаўжаецца. Дзеці наведваюць дзве групы па інтарэсах: “Заранка” (юныя краязнаўцы, этнографы) і “Спадчына” (музеязнаўцы, якія праводзяць экскурсіі па музеі “Бараньская сяліба”). Сярод іх — пераможцы раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Напрыклад, Таісія Шчагаляева была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені за ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў у намінацыі “Гісторыя аднаго экспаната”. На нядаўніх XVI раённых гісторыка-патрыятычных чытаннях “Хай не перарвецца нітка традыцый…” у намінацыі “Беларускае сялянскае падвор’е” юныя “заранкаўцы” Варвара Кіркіж, Лэйла Рахімі, Вікторыя Ісаева, Руслан Магераў атрымалі дыплом І ступені”, — паведаміла педагог дадатковай адукацыі Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Ірына Міхайлаўна Раманькова.


Дэбют сённяшняй творчай групы адбыўся ў кастрычніку 2015 года. За амаль два гады хлопчыкі і дзяўчынкі набылі немалы вопыт. Яны з вялікім задавальненнем праводзяць экскурсіі, дзеляцца ведамі ў галіне краязнаўства і этнаграфіі, лёгка ўстанаўліваюць стасункі з гасцямі, пастаянна ўдасканальваюць свае творчыя здольнасці. У музеі “Бараньская сяліба” з радасцю сустракаюць навучэнцаў і педагогаў устаноў адукацыі Аршанскага раёна, дэлегацыі гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Экспазіцыя складаецца з дзвюх залаў: “Інтэр’ер хаты селяніна канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя” і “Нам засталася спадчына”. Падчас экскурсіі вядзецца не проста аповед, а праводзяцца інтэрактыўныя віктарыны. У юбілейны год Купалы і Коласа актуальнай з’яўляецца тэма творчасці песняроў. Дарэчы, за правільныя адказы ў віктарыне госці “Бараньскай сялібы” па традыцыі атрымліваюць смачныя пачастункі — бліны, аладкі, яблыкі. Дзеці праводзяць экскурсіі не толькі па музеі гімназіі, але і па Барані, расказваюць пра ўзнікненне горада, паходжанне назвы ракі Адроў (прыток Дняпра), а таксама назвы іншых вёсак Аршанскага раёна.

Падрыхтаваць прафесіянала

Як падрыхтаваць экскурсаводаў? Гэтае пытанне перыядычна ўзнікае перад педагогамі-музеязнаўцамі, калі старшакласнікі, якія некалькі гадоў займаліся музейнай справай, пакідаюць родную школу. У гімназіі Барані выбар новых экскурсаводаў звычайна адбываецца па прынцыпе пераемнасці, калі на працягу года рыхтуецца змена з ліку малодшых школьнікаў. Таксама адбор найбольш здольных навучэнцаў можа адбывацца пры дапамозе іспыту: дзецям прапаноўваецца зачытаць урывак экскурсіі, і такім чынам настаўнік вызначае, хто з вучняў выразна вымаўляе словы, валодае артыстызмам, упэўнены ў сваіх сілах. Наступным крокам з’яўляецца выпрацоўка імправізацыі, без якой, як вядома, экскурсія атрымаецца статычнай, нецікавай. Падчас аповеду пра “Бараньскую сялібу” выкарыстоўваюцца розныя мастацкія сродкі эмацыянальнага ўздзеяння на слухачоў. Гэта і касцюмы, і музычнае суправаджэнне. Юныя экскурсаводы валодаюць не толькі матэрыялам, але і культурай мовы, эмацыянальнасцю, артыстызмам, умеюць працаваць з аўдыторыяй — адным словам, дэманструюць лепшыя якасці сапраўднага экскурсавода.


Як лічыць начальнік летніка Таццяна Сямёнаўна Емяльянава, не з кожнага дзіцяці атрымаецца экскурсавод. Па-першае, хлопчык або дзяўчынка павінны быць камунікабельнымі, па-другое, цікаўнымі. “Можна быць начытаным, аднак не ўмець гаварыць. Часцей за ўсё начытаныя дзеці валодаюць добрай мовай, аднак сярод іх бываюць сарамлівыя, замкнёныя. Па-трэцяе, экскурсавод павінен быць псіхолагам, кантраляваць свае эмоцыі, яму не трэба занадта эмацыянальна рэагаваць на паводзіны непаслухмяных слухачоў. Мне даводзілася выкладаць экскурсійную справу і ў студэнтаў, і ў школьнікаў. Прасцей навучаць майстэрству экскурсавода школьнікаў, бо студэнт — гэта ўжо ў многім сфарміраваная асоба. З вучнем у гэтым плане працаваць цікавей, бо ты яго не толькі вучыш, але і фарміруеш як асобу, выхоўваеш. Лягчэй працаваць са студэнтамі, аднак цікавей — з дзецьмі”, — паведаміла Таццяна Сямёнаўна.

Добрыя якасці

Кожны з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх вы бачыце на фотаздымках, правёў на працягу навучальнага года некалькі дзясяткаў экскурсій, азнаёміў сотні гасцей са славутасцямі малой радзімы, паведаміў пра гісторыю далёка не аднаго экспаната. Гэтым дзецям толькі 11—13 гадоў, аднак, нягледзячы на юны ўзрост, яны валодаюць галоўнымі якасцямі, якія патрэбны кожнаму экскурсаводу: жаданнем спазнаваць, уменнем цікава расказваць і ўважліва слухаць. Добрыя якасці. Яны спатрэбяцца сённяшнім навучэнцам не толькі ў будучым прафесійным, але і асабістым жыцці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.