Высокія сосны, высокія тэхналогіі

Летам мы актыўна падарожнічаем, адкрываем экзатычныя краіны, вялікія і малыя гарады, цікавыя мясціны роднай Беларусі. Нездарма рэспубліканская акцыя носіць назву “Лета — час адкрыццяў”. Аднак летам кожны з нас спазнае не толькі знешні, але і свой багаты ўнутраны свет, раскрывае прыхаваныя таленты. Не сталі выключэннем і 59 юных тэхнікаў, якія адпачывалі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Купалінка” (Маладзечанскі раён) падчас першай профільнай змены Hi-Tech Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Раскрыць таленты

І ў першы, і ў другі, і ў трэці, і тым больш у апошні, 18-ы, дзень змены можна было пераканацца, што юны тэхнік — гэта не толькі добры робататэхнік, праграміст, дызайнер, але і добры спартсмен, танцор, мастак. Кожны дзень аматараў тэхнічнай творчасці чакалі настольныя гульні, дыскусійны клуб, дзіцячая акадэмія мастацтваў, гульні на свежым паветры і, безумоўна, заняткі па робататэхніцы (на аснове спецыялізаваных робататэхнічных канструктараў LEGO Wedo, Mindstorms), прататыпаванні (праца на 3D-прынтары, 3D-канструяванне і мадэляванне), тэхнічнай англійскай мове. Адным словам, ішоў працэс актыўнага адпачынку, а таксама актыўнай падрыхтоўкі да WRO (Сусветнай алімпіяды па робататэхніцы). Міжнародныя спаборніцтвы пройдуць восенню ў Коста-Рыцы, а пакуль што лета, а беларускае лета ў профільнай змене Hi-Tech — гэта лета сярод высокіх сосен, высокіх тэхналогій, чыстага паветра, уважлівых педагогаў.


— Рэспубліканская профільная змена Hi-Tech праводзіцца трэці год і аб’яднала сёлета 59 дзяцей з усёй Беларусі. Гэта пераможцы конкурсаў, навучэнцы, якія дасягнулі ў сваіх гуртках поспехаў, плануюць звязаць жыццё з тэхнічнай творчасцю. У наступным годзе мы плануем аздаравіць большую колькасць дзяцей і правесці не дзве, а чатыры змены, паколькі ад устаноў адукацыі паступае шмат заявак. Дзякуючы зацікаўленасці адміністрацыі “Купалінкі” і асабіста дырэктара Алега Іванавіча Драздова, упэўнена, мы зможам разам рэалізаваць задуманае, — паведаміла каардынатар змены Алена Пятроўна Кулакова.

Дапоўненая рэальнасць

Дзякуючы Міністэрству адукацыі Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці павысіў узровень аснашчанасці матэрыяльна-тэхнічнай базы і з наступнага навучальнага года адкрывае шэраг новых напрамкаў тэхнічнай творчасці. Гэта дапоўненая рэальнасць, кіберспорт, беспілотныя лятальныя апараты. Змена Hi-Tech — выдатная нагода для апрабацыі гэтых напрамкаў. Актуальнасць кожнага з напрамкаў бясспрэчная. Важнымі з’яўляюцца і заняткі па тэхнічнай англійскай мове. Вось што паведаміла педагог дадатковай адукацыі РЦІіТТ Вольга Уладзіміраўна Янкоўская: “Рэспубліканскі цэнтр арганізоўвае шмат паездак за мяжу, і дзецям трэба ўмець сябе прадставіць, не проста сказаць, хто я, як мяне завуць, але яшчэ і належным чынам прэзентаваць свой творчы праект. Пакуль мы вывучаем англійскую на ўзроўні назваў інструментаў, дэталей, датчыкаў, сэнсараў канструктараў LEGO. Потым будзем працаваць па больш складанай праграме”.


Калі з сутнасцю заняткаў па тэхнічнай англійскай мове ўсё зразумела, то паняцце “дапоўненая рэальнасць” у многіх чытачоў можа выклікаць пытанне. Мы ўсе чулі пра віртуальную рэальнасць. Ды што там чулі — у свеце віртуальнай рэальнасці мы нярэдка праводзім больш часу, чым у свеце сапраўднай рэальнасці. А што такое дапоўненая рэальнасць? Як паведаміў загадчык лабараторыі робататэхнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Генадзьевіч Кулакоў, дапоўненая рэальнасць — гэта тэхналогія ўкаранення ў рэальнае жыццё віртуальнай інфармацыі, якая ўспрымаецца чалавекам як элементы рэальнага жыцця. У штодзённае жыццё ў рэжыме рэальнага часу змяшчаюцца аб’екты пры дапамозе акуляраў дапоўненай рэальнасці, планшэтаў, смартфонаў з функцыяй AR.


— Магчымасці дапоўненай рэальнасці бязмежныя. Яе можна выкарыстоўваць ва ўсіх сферах дзейнасці сучаснага чалавека, у першую чаргу ў маркетынгу і рэкламным бізнесе. Самы просты прыклад: пакупнік можа разгледзець прадмет з усіх бакоў, пакруціць яго на 360 градусаў і тым самым будзе мець лепшае ўяўленне пра тавар. Дапоўненая рэальнасць можа актыўна выкарыстоўвацца ў адукацыйных мэтах. Аб высокай эфектыўнасці інтэрактыўных методык у навучанні вядома даўно. AR-падручнікі — гэта падручнікі будучыні. Напрыклад, пры навядзенні на падручнік смартфона на старонках могуць з’яўляцца аніміраваныя 3D-персанажы і г.д. Дапоўненая рэальнасць актыўна выкарыстоўваецца ў архітэктуры і будаўніцтве, археалогіі, выставачнай, экспазіцыйнай, музейнай дзейнасці, мастацтве, — паведаміў Сяргей Генадзьевіч.

Неафіцыйная атмасфера

Вестка пра тое, што ў лагеры можна сабраць сапраўдных робатаў, хутка абляцела “Купалінку”. Каля будынка, дзе знаходзіцца камп’ютарны клас і ў якім для ўдзельнікаў змены Hi-Tech праводзяцца заняткі па робататэхніцы, бязлюдна бывае толькі ўначы, падчас абедзеннага перапынку і ціхай гадзіны. Першая група скончыла займацца. Прыходзіць другая, потым — трэцяя. Акрамя таго, кожны дзень Сяргей Генадзьевіч Кулакоў праводзіць заняткі для невялікіх груп дзяцей, якія адпачываюць у іншых атрадах “Купалінкі”. Дзверы ў камп’ютарны клас, а значыць, у свет робататэхнікі, адкрыты для кожнага. Узяць, напрыклад, Дзяніса Касцялецкага і Арцёма Зелянкевіча. Выхаванцы дзіцячага дома-інтэрната, да лета 2017 года яны ніколі не займаліся робататэхнікай. А тут зайшлі першы раз у камп’ютарны клас, убачылі, як навучэнцы Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Ілья Малышка, Арсеній Сяленка, Сцяпан Багдановіч, Іван Марук, Аляксандр Літасаў, Данііл Карбоўскі спраўна збіраюць дэталь LEGO, і вырашылі таксама паспрабаваць свае сілы ў робататэхніцы. Яны, здаецца, так і сядзелі б на занятках па робататэхніцы гадзіны напралёт.

Лета — сапраўды час адкрыццяў. Нехта, як Арцём і Дзяніс, адкрыў на летніх канікулах дзівосны і захапляльны свет робататэхнікі, а нехта адкрыў педагогаў дадатковай адукацыі зусім з іншага, не строга афіцыйнага боку. Узяць, напрыклад, Сяргея Генадзьевіча Кулакова. Старшыня журы рэспубліканскіх конкурсаў па робататэхніцы, асоба ў краіне вядомая. Аказваецца, ён профі не толькі ў робататэхніцы, але і ў поінгу — мастацтве жангліравання поямі (спецыяльнымі шарамі, злучанымі вяроўкай), якія прыгожа свецяцца ў цемнаце. Можна толькі ўявіць захапленне дзяцей, якія назіралі за светлавым шоу, якое Сяргей Генадзьевіч разам з Аленай Пятроўнай наладзілі падчас адкрыцця змены каля вечаровага вогнішча.

Багаты ўнутраны свет выхаванцаў, а таксама свой новы статус выхавальніка 5 атрада адкрыла і малады педагог дадатковай адукацыі па прататыпаванні Алена Андрэеўна Няхай. “У летніку я першы раз. З дзецьмі знаходжуся 24 гадзіны ў суткі. Я для іх не проста педагог, а дзесьці яшчэ і мама. Недзе іх трэба пашкадаваць і на каленку падзьмуць. Калі яны прыходзяць да мяне на заняткі, я ўспрымаю іх па-іншаму, больш афіцыйна. Тут праводжу з імі значна больш часу, яны сталі для мяне сям’ёй. Адносіны “дарослы — дзіця” выходзяць на іншы, больш высокі ўзровень. Дзеці да мяне таксама па-іншаму адносяцца. Яны не ўспрымаюць як адцягнены аб’ект, які знаходзіцца за настаўніцкім сталом, ходзіць па класе і тлумачыць новую тэму заняткаў. Яны ўспрымаюць мяне недзе як роўную ім, як чалавека, на якога можна разлічваць. Гэта несумненна плюс. Тое, што я ім гавару, яны засвойваюць больш эфектыўна. Яны пачалі паводзіць сябе больш паслухмяна. Такія змены вельмі карысныя і для дзяцей, і для педагогаў. Тут дзеці па-іншаму раскрываюцца. Я бачу іх цікавасці, яны расказваюць пра свае захапленні. У рамках стандартных заняткаў на працягу навучальнага года пра гэта не будзеш ведаць. А тут яны ўсе як на далоні. Магу заўважыць асаблівасці характару дзіцяці. Цяпер у мяне да кожнага на занятках будзе індывідуальны падыход”, — падзялілася Алена Андрэеўна.

Насустрач адкрыццям

Лета, а значыць, час адкрыццяў, у самым разгары. Робататэхнікі адкрываюць у сабе спартыўныя здольнасці, праграмісты здзіўляюць выдатнымі вакальнымі данымі, 3D-дызайнеры перадаюць з дапамогай фарбаў і пэндзля свой багаты ўнутраны свет. Час адкрыццяў працягваецца. Не будзем прыхоўваць нашы таленты!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.