Зялёная эстафета міру

У чацвер, 21 верасня, ва ўсім свеце прайшла акцыя “Пасадзі дрэва”, прымеркаваная да Міжнароднага дня міру. Гэта традыцыйная акцыя праграмы “Экалогія ў рэжыме рэальнага часу”, якая праводзіцца штогод у гэты дзень і кожны раз збірае ўсё большую колькасць удзельнікаў — школьнікаў і настаўнікаў з розных краін свету. Сёлета ўдзел прынялі 420 школ з 70 краін свету.

ENO programme — гэта глабальная віртуальная сетка школ, галоўная мэта якой — спрыяць устойліваму развіццю. У межах праграм сеткі ўдзельнікі праекта вывучаюць экалагічныя тэмы, імкнуцца захаваць усё тое, што дала чалавецтву прырода, і прымаюць удзел у акцыях, якія праходзяць адначасова ва ўсім свеце. І адна з галоўных — пасадка дрэў.

“Азеляненне планеты — вельмі важная справа. Само дрэва — сімвал міру. Гэта напамін пра крохкасць прыроды і неабходнасць яе абароны, а акцыя пасадкі дрэў — сімвал міжнароднага яднання, — расказвае Ірына Валынец, кіраўнік праграмы “ENO ў Беларусі”, педагог гімназіі № 1 Слоніма. — Першая акцыя праходзіла 13 гадоў назад, у 2004 годзе. За гэтыя гады на нашай планеце ад берагоў Японіі да заходніх берагоў Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі было высаджана зялёнае кольца — звыш 23 мільёнаў дрэў”.


Зялёная эстафета стартавала ў чацвер у Акіяніі. Затым да акцыі далучыліся краіны Азіі, Еўропы, Афрыкі і Амерыкі. Апошнія дрэвы былі пасаджаны ў Ганалулу (Гавайскія астравы). Далучыліся да акцыі і некалькі дзясяткаў беларускіх школ: Дзераўноўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Слонімскага раёна, Казлоўшчынская сярэдняя школа Дзятлаўскага раёна, Падароскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Ваўкавыскага раёна, Варнянская сярэдняя школа Астравецкага раёна, Рогаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Мінскага раёна, гімназія № 19 Мінска і інш.


“Традыцыйна беларусы — самыя актыўныя ў пасадцы лесу, — гаворыць Ірына Іосіфаўна. — Кожны год школьнікі і педагогі з розных рэгіёнаў Беларусі прымаюць удзел і ў Міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэў ENO Treelympics. Дарэчы, на апошняй алімпіядзе Беларусь трэці раз запар заваявала залаты медаль, пасадзіўшы ў цэлым 2,2 мільёна дрэў. Прычым у дзясятцы самых актыўных школ свету — 9 беларускіх! Толькі восьмую пазіцыю мы ўступаем Турцыі.

Летам мы са сваімі вучнямі і прадстаўнікамі самых актыўных школ Беларусі былі ў фінскім горадзе Ёэнсу на Міжнароднай экалагічнай канферэнцыі, прысвечанай праблеме захавання лясоў ва ўсім свеце і кіравання імі ў інтарэсах устойлівага развіцця. У канферэнцыі прынялі ўдзел настаўнікі і вучні з Фінляндыі, Егіпта, Індыі, Мексікі, Тайваня, Турцыі, Ірана і іншых краін свету — удзельніц праекта ENO. Падчас канферэнцыі працавалі майстэрні, выставы, былі праведзены майстар-класы, прэзентацыі, дыскусіі, прысвечаныя праблемам захавання лясных рэсурсаў. Вучні з розных краін свету расказалі, як яны вырашаюць экалагічныя праблемы: змяненне клімату, знікненне лясоў, дэградацыя глеб, праблемы адходаў і інш. На нашым майстар-класе замежныя калегі даведаліся аб лясных рэсурсах нашай краіны, аб разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету беларускіх лясоў, аб тым, як мы ахоўваем, захоўваем і прымнажаем лясныя рэсурсы, у тым ліку ў гэтыя дні.

У 2017 годзе ў Фінляндыі праходзіць нацыянальная акцыя “Елка будучыні”. Саджанцы з насення сімвалічнай елкі Незалежнасці саджаюць школы, кампаніі, асацыяцыі. У чэрвені трое навучэнцаў нашай гімназіі садзілі елкі разам з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Нійнісцё. Таму ў нас узнікла ідэя падтрымаць нацыянальную акцыю ў Фінляндыі, і ў сераду, 20 верасня, у нашай школе прайшла цырымонія адкрыцця ініцыіраванай нашай школай кампаніі “Фінляндыя — Беларусь: саджаем дрэвы будучыні разам”, якая прымеркавана да стагоддзя незалежнасці Фінляндыі, у межах якой мы і больш за два дзесяткі школ Беларусі таксама высадзілі сімвалічныя алеі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і Кацярыны ЯНУШЭВІЧ.