Адным з цэнтраў урачыстасцей з нагоды Дня маці ў Фрунзенскім раёне сталіцы па традыцыі становіцца сярэдняя школа № 42. Чацвёрты год тут дзейнічае адзіны ў Мінску сярод устаноў адукацыі музей маці. У музейнай педагогіцы ёсць цікавая форма азнаямлення наведвальнікаў з экспазіцыяй — гісторыя аднаго экспаната. Сваімі гісторыямі, гісторыямі жыцця сваіх былых уладальніц з намі “падзеляцца” некаторыя прадметы з гэтага ўнікальнага музея.
Пра цеплыню мамінага сэрца, пяшчоту мамінай ласкі, шчырасць мамінай душы нам нагадваюць не толькі ўспаміны (у першую чаргу з далёкага і бесклапотнага дзяцінства, калі нашы мамы былі маладымі), але і рэчы, што засталіся на памяць ад матуль. Гэта можа быць посуд, адзенне, кнігі, нарэшце, фотаздымкі — тое, што прынята называць сямейнымі рэліквіямі. Музей сямейных рэліквій — так яшчэ можна назваць музей маці сярэдняй школы № 42 Мінска. Тут што ні экспанат, то цэлая гісторыя, што ні раздзел экспазіцыі, то цэлы раман з сотнямі дзеючых асоб. У кожнага з герояў гэтага рамана асаблівы пакручасты лёс. І чытаць гэты раман можна бясконца, таму што кожны год з’яўляюцца новыя героі, кожны год музейныя фонды папаўняюцца.
Першымі героямі гэтага незвычайнага рамана сталі прадметы з раздзела “Ад старажытнасці да сучаснасці”. Знаёмства з раздзелам пачынаецца пад гукі калыханкі. І нездарма, паколькі цэнтральнае месца ў ім займае драўляная калыска, прывезеная з Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці настаўніцай Людмілай Мікалаеўнай Бакурынай. У гэтай падвеснай калысцы гадавалася і мама настаўніцы, і яе бабуля, а колькі стрыечных братоў і сясцёр па мамінай і бабулінай лініі бачылі ў маленстве тут салодкія сны, наогул цяжка падлічыць. Нядзіўна, бо экспанату амаль 90 гадоў.
Калыска — цэнтральны экспанат, аднак шмат рэчаў у раздзел “Ад старажытнасці да сучаснасці” прывезла з вёскі Яськавічы Пастаўскага раёна намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Сейфадзінаўна Луцай. Аповед пра гэтыя экспанаты сумяшчаецца не толькі з аповедам пра іх уладальнікаў, але і пра гісторыю вёскі. “Вёска ніколі не была вялікай, першапачаткова яна ўтварылася як хутар. Што дзіўна, ва ўсіх жыхароў вёскі прозвішча было Рослік, а населены пункт назвалі Яськавічы. Магчыма таму, што заснавальнікам быў нейкі Яська”, — паведаміла Наталля Сейфадзінаўна.
У музеі няма “чужых” экспанатаў, усе свае, прывезеныя настаўнікамі ад сваіх матуль. Дырэктар школы Таццяна Уладзіміраўна Ціхіня прывезла, напрыклад, саматканыя ходнікі, ікону Божай маці. Наталля Сейфадзінаўна папоўніла экспазіцыю маслабойкай, мышалоўкай, матавілай, калаўротам, лапатай для хлеба, саматканымі прадметамі, нават камянямі дзіўнай формы для прыціскання капусты падчас квашання. “З гэтай лапатай для хлеба ў мяне асаблівыя ўспаміны. Ёй карысталася і мая мама, і мая бабуля, і мая прабабуля. Дык вось, калі я прыязджала да бабулі ў вёску, то думала, што гэта падстаўка для люстэрка. Толькі калі дастала яе з гарышча і збіралася прывезці ў музей, то мая цётка раскрыла сакрэт сапраўднага прызначэння прадмета. У гэтай лапаце нават засталося цеста, бо гаспадыні яе ніколі не мылі, каб пах папярэдне спечанага бохана перадаваўся новаму. Калаўроты, матавіла могуць паведаміць пра тое, што раней у вёсцы разводзілі авечак, з іх шэрсці рабілі ніткі, а з тых нітак ткалі і посцілкі, і ходнікі. Працавала за гэтымі калаўротамі і мая мама Фаіна Паўлаўна Савіцкая”, — падзялілася Наталля Сейфадзінаўна. Першы раздзел экспазіцыі дазваляе азнаёміцца і з модай даваеннага часу. Пакуль што праз старыя чорна-белыя фотаздымкі. У будучым экспазіцыю плануецца папоўніць калекцыяй жаночых сукенак мінулых эпох.
Калі з раздзелам “Ад старажытнасці да сучаснасці” знаёмяцца пераважна вучні малодшых класаў, то ў аснове аповеду для навучэнцаў сярэдняга і старшага звяна ляжыць подзвіг жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэтыя подзвігі старшакласнікам расказваюць экспанаты раздзела “У вайны не жаночае аблічча”. Подзвігі, як вядома, здзяйсняюцца не толькі на вайне, але і ў мірны перыяд. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца жыццё мнагадзетных мам, якім прысвечаны раздзел “Голас мамінага сэрца”. Голасам мамінага сэрца, успамінамі пра Марыю Сцяпанаўну Жукоўскую, якая ў савецкія часы была ўзнагароджана медалём і ордэнам Мацярынскай славы за выхаванне васьмярых дзяцей, падзялілася яе дачка Ніна Міхайлаўна Жукоўская. Невялікая таямніца: за нараджэнне Ніны Міхайлаўны Марыя Сцяпанаўна, ураджэнка вёскі Лешніца Бярэзінскага раёна, атрымала медаль ІІ ступені. Для Ніны Міхайлаўны гэта самы дарагі экспанат. Вось яго невялікая гісторыя.
“Да майго нараджэння ў сям’і было чатыры сыны, так што я была доўгачаканай дачкой. Тое, што ў мяне былі адны старэйшыя браты, адбілася на маіх дзіцячых інтарэсах. У дзяцінстве я была сапраўдным хлопчыкам, нават хадзіла часцей у штанах, чым у сукенцы. У школе таксама сябравала больш з хлопчыкамі, чым з дзяўчынкамі. Мяне хлопчыкі паважалі. Пасля мяне ў бацькоў пачалі нараджацца дачушкі. Апошнім нарадзіўся брат, пра якога мы гаварылі “паскрэбак”, бо з’явіўся на свет 30 снежня 1958 года. Наогул, наша мама магла атрымаць і ордэн Маці-гераіні, бо нарадзіла не восем, а дзесяць дзяцей, аднак двое памерлі ў вайну. Хаця для нас, дзяцей, яна і так з’яўляецца гераіняй”, — паведаміла Ніна Міхайлаўна.
Бацька памёр, калі дзяўчынцы было 14 гадоў, таму ўсяляк даводзілася дапамагаць маме. Пасля 8 класа Ніна пачала падпрацоўваць на будаўніцтве шашы Магілёў — Мінск. Працавітасць — самая першая рыса характару, якая перадалася дзецям ад Марыі Сцяпанаўны. Такіх станоўчых рыс многа. Напрыклад, Марыя Сцяпанаўна вельмі не любіла паклёпніцтва, таму дзеці ніколі ні на кога не скардзіліся, у сям’і з гэтым было вельмі строга. Калі мама сказала зрабіць нешта па доме, гаспадарцы, то кроў з носа, але ўсе гэта рабілі. Парадак быў заўсёды: у доме, на агародзе, а таксама ў вучобе.
“Самыя яркія ўспаміны, якія засталіся пра маму з дзяцінства, звязаны са святамі, якія заўсёды адзначаліся ўсёй сям’ёй. Новы год, Каляды. Мне і цяпер помніцца пах пірагоў на Вялікдзень. Мама вельмі смачна гатавала, а мы ёй дапамагалі. А яшчэ на Пакроў (сёння гэта, як вядома, Дзень маці) да нас прыязджалі родныя. Мама была вельмі сардэчная, гасцінная жанчына. У нас было шмат дзяцей, таму падчас навучальнага года мы дапазна рабілі дамашнія заданні. У нашай хаце да позняй ночы гарэла святло, таму на начлег у нас часта спыняліся падарожнікі, якія ехалі ў бок Магілёва або Мінска. Нават калі бацька памёр, мама ўсё роўна не баялася пускаць незнаёмых людзей. Кармілі, чым Бог паслаў, чым багаты, тым і рады. Мама любіла прымаць гасцей і сама любіла хадзіць у госці. Яна не была сквапнай, таму магла нешта ўзяць ад нас, але каб добра было госцю. Мама ведала, што мы, дзеці, не пакрыўдзімся. Гэтая рыса перадалася і нам. А яшчэ мама добра шыла. Электрычнасць у нас з’явілася позна, таму ў памяці засталося, як пры газоўцы на ручной швейнай машынцы вечарам (днём не было калі, бо шмат працы па гаспадарцы) мама “страчыла” штаны, кашулі, сукенкі”, — падзялілася Ніна Міхайлаўна.
Марыя Сцяпанаўна не мела вялікай адукацыі, працавала калгасніцай, аднак вывучыла ўсіх дзяцей, усе скончылі ці інстытут, ці ўніверсітэт. Мнагадзетнасць тады была звычайнай з’явай, таму ніякіх урачыстасцей з нагоды ўручэння медалёў або ордэнаў Мацярынскай славы не было. Аднак гэтыя ўзнагароды Марыя Сцяпанаўна беражліва захоўвала. Колькі разоў прыходзілі да яе калекцыянеры, а яна адмаўляла. Цяпер рэліквіі сям’і Жукоўскіх знаходзяцца ў экспазіцыі музея маці. Яны нібыта расказваюць наведвальнікам пра няпросты лёс жанчыны-маці ў пасляваенныя гады, пра сапраўдныя подзвігі ў мірны час.
Мнагадзетныя мамы з’яўляюцца частымі гасцямі музея, аднак пастаянныя наведвальнікі — будучыя мамы, сённяшнія вучаніцы 42-й мінскай школы. Гэта дзяўчынкі не толькі сярэдняга і старшага звяна, але і малодшага. Таму нядзіўна, што нядаўна ў музеі з’явілася выстава лялек, створаных у розных тэхніках выхаванцамі студыі выяўленчага мастацтва “Жамчужына” пад кіраўніцтвам Ганны Уладзіміраўны Голубевай. “Лялька — гэта і сімвал дзіцяці, і цацка, якая рыхтуе дзіця праз гульню да мацярынства. Мы вырашылі, што працягам работы па стварэнні калекцыі лялек стане адкрыццё пакоя, дзе нашы мамы і іх дачушкі змогуць не толькі пагуляць, але і азнаёміцца з гісторыяй развіцця лялькі ў розныя эпохі і ў розных краінах свету, асаблівасцямі стварэння лялек у розных тэхніках. Плануецца, што ў гэтым памяшканні будуць праводзіцца майстар-класы для рознай катэгорыі навучэнцаў. Дарэчы, у нашай школе ўжо праводзіўся фестываль беларускай лялькі, падчас падрыхтоўкі да якога кожны клас ствараў сваю ляльку. Лялькі — гэта працяг тэмы мацярынства, яны вельмі добра падыходзяць да тэматыкі нашага музея”, — паведаміла Наталля Сейфадзінаўна.
Своеасаблівым дадаткам да музея маці з’яўляецца клуб “Шчаслівая сям’я”. Заняткі клуба накіраваны на паляпшэнне сітуацыі ў сем’ях навучэнцаў. Падчас заняткаў клуба абавязкова ладзяцца экскурсіі па музеі маці. Дарослыя не толькі знаёмяцца з экспанатамі, але і папаўняюць фонды сямейнымі рэліквіямі. Кожны год у экспазіцыі з’яўляюцца новыя героі, якія могуць паведаміць пра сябе і сваіх уладальнікаў шмат цікавага. Варта толькі навучыцца слухаць гэты аповед. Аповед пра цеплыню мамінага сэрца, пяшчоту мамінай ласкі, шчырасць мамінай душы.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.