Сотні праектаў на пачатковых этапах конкурсу, 21 фіналіст, 8 пераможцаў і… толькі адно гран-пры. Канечне, заваяваць яго вельмі прыемна, аднак у той жа час вельмі адказна працягнуць пачатую над праектам работу на тым жа высокім узроўні. У калектыву дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы, які прадстаўляў праект “Спадчына”, гэта абавязкова атрымаецца. Педагогі — вопытныя, вучні — актыўныя, спадчына Зэльвенскага краю — багатая.
Праект — праца доўгатэрміновая, і паспяхова рэалізаваць яго пад сілу толькі калектыву педагогаў-прафесіяналаў. У кожнага — свой стыль работы з навучэнцамі. Вось і атрымліваецца, што праект — гэта сапраўдны калейдаскоп арыгінальных ідэй, эфектыўных форм і метадаў выхаваўчай работы. Усе гэтыя словы справядлівыя ў дачыненні да зэльвенскага праекта “Спадчына”, які атрымаў гран-пры конкурсу. Важнае ўдакладненне: праект гімназіі № 1 Зэльвы — гэта цыкл аўтарскіх субот, якія праводзяцца на працягу навучальнага года ў чацвёртую суботу месяца, своеасаблівыя творчыя замалёўкі аб Зэльве, яе жыхарах, іх дасягненнях, гісторыі, культуры, прыродзе краю. Кожная з тэматычных субот прысвячаецца аднаму з аспектаў гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны раёна і гарадскога пасёлка, найбольш ярка характарызуе землякоў, іх лад жыцця, мінулае роднага краю.
“Праект “Спадчына” быў ініцыіраваны вучнёўскім саветам гімназіі як падрыхтоўка і правядзенне па суботах некалькіх тэматычных вечароў, прысвечаных гісторыі, культуры і экалогіі Зэльвенскага раёна. Паступова ён аформіўся ў гадавы цыкл з дзевяці аўтарскіх субот, якія праводзяцца на працягу навучальнага года. Аўтарамі тэматычных субот з’яўляюцца творчыя групы, арганізаваныя органамі самакіравання гімназіі і кожнага класа. Каштоўнасць праекта ў тым, што падчас правядзення яго мерапрыемстваў ажыццяўляецца рэальны ўдзел дзяцей у арганізацыі свайго жыцця ў шосты школьны дзень, засваенне і рэалізацыя правоў і абавязкаў у адносінах да самога сябе, сваёй сям’і, сяброў, роднага краю, Айчыны. Удзельнікі праекта, члены органаў вучнёўскага самакіравання ўдасканальваюць арганізатарскія ўменні і навыкі, вучацца быць не проста выканаўцамі, якія дзейнічаюць па шаблоне, а энергічнымі і творчымі людзьмі, адказна рэалізуюць канкрэтныя сацыяльна значныя справы, накіраваныя на асэнсаванне сваёй прыналежнасці да пэўнага этнасу, свайго месца і ролі ў грамадстве, праяўляюць павагу да роднай мовы, нацыянальных традыцый. Каштоўнасць праекта і ў тым, што ён спрыяе ўдасканаленню школьнай мадэлі арганізацыі шостага дня, далейшаму развіццю выхаваўчай прасторы рэгіёна”, — паведаміла дырэктар гімназіі № 1 Зэльвы Наталля Васільеўна Булак.
Для рэалізацыі праекта вызначаюцца спецыяльныя ініцыятыўныя групы, якія аб’ядноўваюцца ў чатыры цэнтры (інфармацыі, краязнаўства, культуры, шэфства). Прадстаўнікі цэнтраў распрацоўваюць план дзеянняў і прадастаўляюць яго ўсім удзельнікам праекта, якія працуюць у мікрагрупах. Так, цэнтр краязнаўства адказвае за пошук новых фактаў з гісторыі Зэльвеншчыны ў апавяданнях і ўспамінах старажылаў, адбірае інфармацыю з падрыхтаваных навучэнцамі ў папярэднія гады навукова-даследчых работ, збірае і сістэматызуе матэрыялы, назапашаныя педагогамі гімназіі, арганізоўвае сустрэчу з ветэранамі працы і Вялікай Айчыннай вайны, знакамітымі землякамі, працуе з архіўнымі дакументамі. Літаратурнай апрацоўкай матэрыялаў займаюцца прадстаўнікі цэнтра інфармацыі. Яны рыхтуюць артыкулы ў гімназічную газету, афармляюць інфармацыйныя стэнды, арганізоўваюць конкурсы творчых работ навучэнцаў, вывучэнне радаводаў, рэкламныя акцыі суботніх мерапрыемстваў, супрацоўнічаюць з рэдакцыяй раённай газеты “Праца”.
Арганізацыя работы валанцёрскіх атрадаў па аказанні дапамогі ветэранам вайны і працы, пажылым людзям з адначасовым зборам дадатковай інфармацыі і фотаматэрыялаў да тэматычных субот, добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка, ахова помнікаў гісторыі, культуры, прыроды роднага краю ў супрацоўніцтве з установамі і арганізацыямі — гэта задача работы цэнтра шэфства. Цэнтр культуры рыхтуе планы правядзення тэматычных субот і сцэнарыі суботніх мерапрыемстваў, арганізуе конкурсы на лепшую ідэю кожнага вечара, рыхтуе артыстаў, вядучых, запрашае гасцей.
Сцэна актавай залы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, дзе фіналісты конкурсу прэзентавалі свае праекты, роўна на 15 мінут ператварылася ў куточак зэльвенскай зямлі. Перад гледачамі паўставала гісторыя райцэнтра, гледачы маглі наведаць імправізаваны Ганненскі кірмаш, азнаёміцца з культурнай і архітэктурнай спадчынай Зэльвы, знакамітымі ўраджэнцамі краю, традыцыямі гімназіі, адчуць важнасць подзвігу, здзейсненага зэльвенцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кожная тэматычная субота асаблівая і праводзіцца ў пэўны месяц навучальнага года. Верасень — гістарычны (тэматычная субота “Зэльва: ад 1258 года да сучаснасці”; аўтары — Вольга Мікалаеўна Альховік і Маргарыта Міхайлаўна Урбановіч), кастрычнік — гандлёвы (“Ганненскі кірмаш”; Наталля Віктараўна Гарчычка), лістапад — архітэктурны (“Зэльва культурная і архітэктурная”; М.М.Урбановіч, Алена Уладзіміраўна Ганчарэнка), снежань — месяц землякоў (“Нашы славутыя землякі”; Наталля Георгіеўна Юшчык), студзень — літаратурны (“Зоры над Зальвянкай”; Наталля Васільеўна Булак), люты — гераічны (“Подзвігу зэльвенцаў — слава!”; Ганна Міхайлаўна Чарток), сакавік — жаночы (“Міс, місіс і проста прыгажуні нашага краю”; В.М.Альховік), красавік — экалагічны (“Зэльва ад слова “зялёны”; Святлана Мікалаеўна Войтка), май — гімназічны (“Гімназія Зэльвы — захоўваем традыцыі”; Н.Г.Юшчык).
Усё амаль як у Вівальдзі або Чайкоўскага з іх “Порамі года”. Што ж, паслухаем своеасаблівую мелодыю верасня ў выкананні аўтараў тэматычнай суботы “Зэльва: ад 1258 года да сучаснасці”. У суправаджэнні вучняў 8 класа пад чароўныя гукі роднага Зэльвенскага краю настаўніцы дапамогуць нам здзейсніць захапляльнае падарожжа ў мінулае Зэльвеншчыны. Вераснёвая тэматычная субота — гэта знаёмства з гісторыяй раёна на сямі спецыяльных пляцоўках — станцыях: “Гістарычнае мінулае Зэльвеншчыны” (адбываецца ў кабінеце гісторыі гімназіі), “Цуды Зэльвеншчыны” (у кабінеце беларускай мовы і літаратуры), “Помнікі прыроды зэльвенскай зямлі” (у Зэльвенскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі), “Славутыя землякі” і “Зэльва ў гады Вялікай Айчыннай вайны” (у музеі сярэдняй школы № 2 Зэльвы), “Зэльвеншчына літаратурная” (у Зэльвенскай раённай дзіцячай бібліятэцы), “Зэльвеншчына сучасная” (у гімназічным кабінеце інфармацыйных тэхналогій).
“Усе мы, хто нарадзіўся на Зямлі, маем сваю малую радзіму. Гэтае месца — самы дарагі, запаветны і любімы куточак. Тут дорага ўсё: і знаёмыя краявіды, і мелодыі хоць раз пачутых песень, і цеплыня роднай сэрцу матчынай мовы, і спеў жаваранка ў блакітным небе, і тонкі звон пчалы ў белым майскім садзе. Для нас такім куточкам з’яўляецца Зэльва. Першае ўпамінанне Зэльвы ў Іпацьеўскім летапісе адносіцца да 1258 года. Ёсць і яшчэ адна дата нараджэння — 1443 год, калі Казімір І загадаў пабудаваць у Зэльве праваслаўную царкву, выдаўшы з гэтай нагоды прывілеі. Нарэшце, прынятая афіцыйная дата — 1470 год, калі Міхаіл Начовіч залажыў у сяле Вялікая Зэльва касцёл святога апостала Якуба і Архангела Міхаіла”, — паведамілі вучні.
Хіба не з’яўляецца іх аповед меладычным? Здаецца, слухаў бы і слухаў. Што ж, працягнем: “А цяпер пра тое, адкуль Зэльва ўзяла сваю назву. Даследчыкі неаднойчы спрабавалі вырашыць гэтую праблему, але да адзінства пакуль не прыйшлі. Адны лічаць, што слова “Зэльва” балцкага паходжання і абазначае нейкую сельскагаспадарчую культуру. Другія ж лічаць, што назва мястэчка звязана з Сапегамі, якія ў першай палове ХVII стагоддзя сталі ўладальнікамі Зэльвы. У іх маёнтку была алея, па баках якой размяшчаліся скульптуры львоў з адкрытымі пашчамі — “зевамі”, адсюль і назва “зеў льва” — Зэльва. Яшчэ гавораць, што паселішча атрымала сваю назву ад размяшчэння на рацэ Зальвянцы, якая першапачаткова называлася Зэльвея. Залева — месца, дзе разліваецца вада ў веснавую пару, ад зялёнага колеру поймы ракі. Магчыма, назвы Зальвянка і Зэльва ўзніклі ад слоў “зялёны”, “зялёная”, “зелянець”.
Такая прыгожая мелодыя аповеду, столькі цікавай інфармацыі! І гэта толькі першая станцыя першай тэматычнай суботы! Няцяжка зразумець, чаму журы прысудзіла зэльвенскай “Спадчыне” і яе аўтарам гран-пры. Мелодыі Зэльвенскага краю чароўныя, мілагучныя, здаецца, слухаў бы і слухаў. Жадаеце паслухаць? У гімназіі № 1 Зэльвы гасцям заўсёды рады.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.