Па суботах у майстэрні гомельскай сярэдняй школы № 42 заўсёды шумна. Лязг прылад перамешваецца з гоманам. Зараз тут лунае асаблівы працоўны дух: 8 Сакавіка не за гарамі, і хлопцы спяшаюцца зрабіць арыгінальныя падарункі сваім матулям. Кожны сам выбірае, што гэта будзе. Некаторыя нават спрабуюць нешта новае.
На працягу амаль 20 гадоў у школе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Мастацкая апрацоўка драўніны”. Адно пакаленне навучэнцаў змяняе другое, але цікавасць да гэтай творчасці не згасае. Аб’яднаннем кіруе настаўнік працоўнага навучання Сяргей Уладзіміравіч Беўза. Ён сам вучыўся ў 42-й школе, а вярнуўшыся ў яе сцены ўжо настаўнікам, адразу прапанаваў дзецям вучыцца працаваць з драўнінай.
Людзі заўсёды імкнуліся зрабіць сваё жыллё індывідуальным, утульным. На працягу многіх стагоддзяў для гэтага выкарыстоўвалася дрэва. Сёння існуе вялікая колькасць спосабаў для стварэння каларыту і камфорту, аднак найбольш прыцягальным па-ранейшаму застаецца ўпрыгожванне як дома, так і сацыяльных аб’ектаў апрацаванымі вырабамі з драўніны, асабліва ручной работы.
Часта хлопцы, упершыню прыйшоўшы ў аб’яднанне, не маюць вялікай цікавасці да працы з дрэвам. Але калі пачынаюць знаёміцца з тонкасцямі гэтага мастацтва, калі спрабуюць стварыць свае першыя вырабы, у іх з’яўляецца новае бачанне, узнікае цікавасць, якая павялічваецца. Нядзіўна: пачаўшы нешта рабіць, хочацца ўбачыць вынік сваёй працы.
У школьным аб’яднанні па інтарэсах юнакі працуюць у асноўным над традыцыйнымі рэчамі — вырабляюць драўляныя цацкі, посуд і сувеніры. Нягледзячы на тое, што мастацкая апрацоўка драўніны — рамяство, якое ўжо даўно ўстаялася, а асноўныя яго віды — разьба, мазаіка, тачэнне, выпальванне, цісненне — не мяняюцца стагоддзямі, сучаснасць усё ж пакідае свой адбітак. У нашы дні з’явілася шмат нетрадыцыйных дызайнерскіх рашэнняў адносна форм і канструкцый, а таксама ўзораў. Якраз гэта і прываблівае моладзь. Сяргей Уладзіміравіч не спыняецца на традыцыйных падыходах, а, наадварот, шукае новыя, папулярныя, якія будуць цікавы яго выхаванцам. Педагог прызнаецца, што іншы раз і сам упершыню спрабуе ствараць нешта незвычайнае менавіта тут, у школьнай майстэрні, разам з хлопцамі.
— Гэта дзівосныя моманты, — расказвае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах. — Ніхто з нас не ведае, што атрымаецца ў выніку. Нярэдка спрачаемся, раімся, а пасля атрымліваем асалоду ад таго, што стварылі.
Сяргей Беўза ніколі не пагодзіцца з тым, што мастацкая апрацоўка драўніны — перажытак мінулага. Наадварот, сёння людзі вяртаюцца да дрэва, бо гэта не толькі прыгожа, але і экалагічна. Што тычыцца дзейнасці аб’яднання “Мастацкая апрацоўка драўніны” ў школе, то яно дазваляе моладзі набыць агульнапрацоўныя і часткова спецыяльныя веды, а таксама служыць інтэлектуальнаму, этычнаму і эстэтычнаму развіццю.
— Мастацкая апрацоўка драўніны дае ўнікальную магчымасць аб’яднаць працоўную падрыхтоўку з эстэтычным выхаваннем, без якога немагчыма дабіцца высокай культуры працы, — упэўнена намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 42 Гомеля Марына Хрушчова. — Больш за тое, мы адразу выконваем некалькі задач: адукацыйную, выхаваўчую і развіццёвую.
Сувеніры, цацкі і прылады, зробленыя рукамі навучэнцаў аб’яднання, не толькі становяцца ўпрыгажэннем школьных пакояў, мясцовых выстаў і фестываляў, але і незабыўнымі, арыгінальнымі падарункамі для гасцей установы. Хлопцы кажуць, што адчуваюць сапраўдную гордасць за сваю ручную працу, асабліва калі іх вырабы прыцягваюць увагу і выклікаюць зачараванне. А яшчэ юнакі лічаць, што валоданне мастацкай апрацоўкай драўніны заўсёды можа спатрэбіцца ў жыцці, незалежна ад таго, чым яны будуць займацца ў будучыні.
Наталля ЛУТЧАНКА.