Спрадвечнае заўтра

Футурыстычна-аўтэнтычны погляд у будучыню юныя беларусы ўвасобілі ў выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Гэтымі днямі тут праходзіць Рэспубліканская выстава-конкурс дзіцячых мастацкіх праектаў “Спрадвечнае заўтра” калектываў дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія маюць званне “народны”, “узорны”, “заслужаны”.

Аб’ядноўваючы вобразы

Таму, што на выставе асабліва людна, паспрыяў праектны падыход: тут выстаўлены не асобныя работы, а цэлыя мастацкія праекты, якія і аб’ядналі адной тэмай мноства асобных работ, над якімі дзіцячыя калектывы працавалі разам. Усяго іх тут 66, і сёлетняя тэма “Наша спадчына: учора, сёння, заўтра”. Праекты выкананы ў розных відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці: саломапластыка, мастацкі роспіс, кераміка, вышыўка, ткацтва, габелен, бісерапляценне, паперапластыка, выпальванне па тканіне, а таксама аўтарскія лялькі, мяккая цацка, калекцыі адзення.

Пазнаёміцца з адной з самых унікальных тэхналогій — вышыўкай саломкай — можна было падчас адкрыцця. У Беларусі цяпер толькі адзінкі валодаюць гэтым мастацтвам і сярод іх, безумоўна, навучэнцы народнай аматарскай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Яны прадставілі свой мастацкі праект “Залатая саломка скрозь вушка іголкі”, у які ўвайшла калекцыя адзення “Прыгажуня” і набор скарбонак з выкарыстаннем тэхнікі вышыўкі саломкай. Пад этнічныя мелодыі дэманстравалі гэтую ўнікальную калекцыю адзення навучэнцы подыум-школы Fashion Style НЦМТДіМ.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў выставы падчас адкрыцця, намеснік дырэктара НЦМТДіМ Алена Мікалаеўна Левіна сказала: “Прыемна адзначыць, што з кожным годам расце не толькі колькасць работ і ўдзельнікаў выставы-конкурсу, але расце і майстэрства юных аўтараў. Цудоўна, што, ствараючы свае шэдэўры, працуючы над праектамі, вы сутыкнуліся з беларускай нацыянальнай культурай, пазнаёміліся з архітэктурай Беларусі, яе прыродай, з беларускімі народнымі казкамі, міфамі, легендамі, паданнямі і, думаю, адкрылі для сябе дзівосны свет”.

У адкрыцці выставы прыняла ўдзел член рэспубліканскага журы Л.Б.Церах, дацэнт па спецыяльнасці “Мастацтва” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз дызайнераў”.

“Сённяшняя выстава ўяўляе сабой дзіўнае спалучэнне праектнай дзейнасці і выканаўчага майстэрства ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — гаворыць Людміла Багданаўна. — Гэта кардынальна розныя тэхнікі, матэрыялы, але яны аб’яднаны адной мэтай, якую паставілі арганізатары — ідэя павінна быць агульнай. Гэта вельмі важны момант, бо сёння трэба ўмець працаваць у калектыве, у творчай групе вырашаць нейкую задачу, разумець і пранікацца агульнай ідэяй. Гэта адпрацоўка будучых прафесійных навыкаў у любой сферы. А ў такім узросце гэта першыя навыкі. І ў той жа час уменне спалучаць традыцыйныя рамёствы — гэта выхаванне ўседлівасці, працавітасці, увагі, густу. Бо густ дапамагае не толькі прыгожа апранацца, глядзець добрыя фільмы, але і мець зносіны з людзьмі з густам. Беларусы адназначна могуць на розных узроўнях дэманстраваць свой высокі ўзровень густу, еўрапейскую падрыхтаванасць. Вельмі розныя праекты, але большасць з іх створана з дзіцячай энергетыкай — чыстай, зразумелай. І многія псіхолагі-футурысты, якія працуюць над нашай сацыяльнай будучыняй, гавораць, што будучыня за людзьмі шчырымі, эмацыянальнымі і тымі, якія не баяцца дэманстраваць гэтыя свае якасці. Бо мы паціху вычэрпваем тэхнічныя рэсурсы, а цяпер надыходзіць час, калі людзі, працуючы, усё менш займаюцца творчымі ідэямі. І такая крэатыўнасць неабходна. Некаторыя работы мяне як выкладчыка і спецыяліста ў галіне сусветнай керамікі ўразілі сваім рашэннем, многія парадавалі тонкім густам, адносінамі да традыцыйнай культуры.

Усё больш творчых людзей прыходзяць да таго, што вынік іх работы — перамогі ў конкурсах ці іх грашовы эквівалент — не так эмацыянальна іх кранае, колькі сам працэс стварэння работы. Гэта шлях, калі ты можаш узяць іголку, матэрыял і нацешыцца працай, акунуцца ў гісторыю цывілізацыі, якая звязана са светам рэчаў, прадметаў, якія акружалі чалавека і побач з якімі ён жыве і сёння”.

Творчыя перапляценні

Сярод тых экспанатаў, якія першымі прыцягваюць да сябе гледачоў, — мастацкі праект “Перапляценні” навучэнцаў студыі дэкаратыўнай творчасці “Натхненне” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна. Гэта габелен, які “пераплятае” ў сабе і аўтэнтыку нашай краіны, і эмоцыі беларусаў, і жаночыя вобразы, і цячэнне ракі, і прыроду, і птушак. Гэта ўзорны твор.

Як некалі знаёмства новых гасцей з сям’ёй адбывалася каля драўлянай рамкі з фотаздымкамі маладых і салдатаў, сямейных партрэтаў, якую некалі найчасцей вешалі над канапай, так і гасцей выставы вітаў праект “ПраПрадзядоў” навучэнцаў студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.


“Тут цікавая не толькі ідэя паўтарэння традыцыі, колькі тэхніка, — дзеліцца ўражаннямі ад праекта Людміла Багданаўна. — Гэта вельмі цікавы роспіс па шкле, з падложкай фольгі. Дзеці папрацавалі з розным матэрыялам, зрабілі роспіс па шкле менавіта ў традыцыях: многія проста размалёўваюць шкло, а ў традыцыйным роспісе па шкле была глыбіня. Прыемна і тое, што гэта не замена педагагічнага падыходу — тут абсалютна дзіцячая эмоцыя, вельмі непасрэдная”.

Годную канкурэнцыю склаў праект “Крылатая песня зямлі” навучэнцаў народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мар’інка” ЦТДіМ “Світанак” Пухавіцкага раёна. Тут на шкло пэндзлі перанеслі скапу, дразда, рабінніка, сыча, заранку, удода, зімародка і інш.

“Гэты праект падкупляе не толькі сваёй шчырасцю і выразнасцю, але і дыдактыкай: перш чым стварыць праект, дзеці вывучалі, якія птушкі ў Беларусі водзяцца, якія ўмовы ім патрэбны, чым яны харчуюцца, і толькі потым творча прадставілі інтэрпрэтацыю вывучанага. Па кампазіцыйных якасцях, па ідэі праекта ён стылістычна смачны. Бо часам бывае, глядзіш на работу і адзначаеш, колькі тытанічных сіл прыкладзена, ажно шкада становіцца аўтараў. Гэта як з операй — яе трэба слухаць з залы і ні ў якім разе не блізка, калі відаць па напружанасці твару, якіх намаганняў гэта каштуе выканаўцу. Таму больш кранаюць такія непасрэдныя работы, дзе відаць дзіцячы погляд”, — гаворыць Л.Б.Церах.

Змест праектаў разнастайны. Гэта і архітэктурная спадчына Беларусі (народныя студыі дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці “Сузор’е” Парыцкага РЦТДіМ і Гомельскага ДАПТДіМ), і прыроднае багацце краіны (мастацкі праект “Палявыя прасторы роднай Беларусі” навучэнцаў узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Каларыт” ЦТДіМ “Ювента” Светлагорска), і казачная тэматыка (мастацкі праект “Казачны свет” навучэнцаў узорнай студыі “Пчолка” ЦДАДіМ “Эўрыка” Мінска — вялікая керамічная кампазіцыя па матывах беларускіх казак). Папулярнай аказалася і міфалагічная тэматыка. У першую чаргу гэта мастацкі праект “Вобразы славянскіх духаў у беларускай выцінанцы” навучэнцаў народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці Веткаўскага ЦТДіМ, у які ўвайшлі шэсць работ: “Дамавік”, “Лазнік”, “Хлеўнік”, “Палявік”, “Лясун” і “Вадзянік”. Вобразы міфалагічных істот у маляваных дыванах прадставілі ў сваім праекце і навучэнцы ўзорнай мастацкай студыі “Захапленне” беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава.

Парадавалі праекты, якія разглядаліся ў намінацыі “Інавацыя”. Асабліва мастацкі праект “Дзеці лесу” навучэнцаў народнай аматарскай студыі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва Жлобінскага ГЦТДіМ “Эўрыка”. Ідэя праекта з’явілася пасля наведвання Белавежскай пушчы. Навучэнцы аб’яднання пабачылі зубра, лісіцу, зайца, глушца, саву і пастараліся перадаць свае ўражанні ў аб’ёмных работах у тэхніцы аб’ёмнага калажу. Гэта 7 аб’ёмных фігурак жывёл і птушак натуральных колераў, выкананых з пакамечанай газетнай паперы, якія захапляюць свабодай творчасці, без стандартных правіл.

Рабіць не тое, што можам, а тое, што трэба

Традыцыйна самым слабым звяном на выставе стала намінацыя “Касцюм”. Журы ў чарговы раз адзначаюць моцны перабор, наляпістасць і імкненне прадэманстраваць у адным вырабе ўсе мастацкія тэхнікі, якімі толькі валодаюць. Л.Б.Церах тлумачыць: “Адзенне не існуе само па сабе, яно заўсёды павінна адпавядаць той нагодзе, дзеля якой яно апранута. Таму галоўныя пытанні да дызайнера — для чаго і для каго ты гэта робіш. Адсюль і спрадвечная праблема “попыт — прапанова”. Рабіць трэба не тое, што мы можам, а тое, што будзе запатрабавана. У першую чаргу гэта спалучэнне новых тэхналогій з традыцыямі, бо цяпер ужо не трэба апранацца мудрагеліста, каб даказаць сваю заможнасць. Таму варта для педагогаў правесці пару семінараў, бо гэта як з футболам: глядзі — не глядзі, а пакуль правіл ты не ведаеш, ніякай цікавасці да яго ў цябе не будзе і разбірацца ў ім ты не будзеш. Пачынаеш цікавіцца правіламі, гульцамі, трэнерамі — і ты разбіраешся ў футболе. Трэба зазірнуць у гісторыю мастацтва, а тып адзення, яго форму, антычную драпіроўку можна падгледзець і на жывапісных палотнах”.

Але, акрамя гэтай намінацыі, Людміла Багданаўна, як і іншыя яе калегі з журы, у цэлым вельмі задаволены выставай: “Мы былі многаму здзіўлены, абрадаваны, адкрылі нешта новае для сябе як мастакі. Хочацца пажадаць арганізатарам працягваць традыцыі прадстаўлення праектаў. Гэта погляд у будучыню, патрэбны пасыл — уменне працаваць над праектам ад пачатку да канца, уменне разумець, як і навошта гэта рабіць, каму гэта спатрэбіцца. І, безумоўна, гэта нешта новае, тое, што спатрэбіцца дзецям у будучыні, кім бы яны ні сталі. Дзяцінства — той час, калі ёсць цудоўнае пачуццё выбару, якое, на жаль, у дарослым жыцці звычайна губляецца, бо даводзіцца рабіць больш таго, што мы павінны рабіць, і менш таго, што нам хочацца. Таму абаянне ўсіх тых работ, якія створаны так, як аўтарам хочацца, вельмі адчуваецца. Прыемна, што ў наш хуткі, я сказала б нават скамечаны час, людзі ўмудраюцца рабіць такія вытанчаныя, медытацыйныя рэчы”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.