Бязмежныя магчымасці

Народны гісторыка-краязнаўчы музей школы — гэта неад’емная арганічная частка ўстановы адукацыі, пляцоўка для творчасці вучняў, цэнтр адкрытай адукацыйнай і выхаваўчай прасторы. Разам з тым пры ўсёй значнасці дзейнасці музея для школы ёсць і складанасці. Праца школьнага музея заўсёды абмежавана прасторай памяшкання, часам, адведзеным на заняткі або экскурсію, пэўным наборам экспанатаў і формамі работы з вучнямі. Выйсце з такой сітуацыі — стварэнне віртуальнага музея.


За 30-гадовы перыяд работы Радунскай сярэдняй школы ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі назапашаны велізарны матэрыял па гісторыі пасёлка, раёна, вопыт краязнаўчай даследчай дзейнасці навучэнцаў і педагогаў, працы дзіцячых і маладзёжных арганізацый па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Аднак гэты вопыт быў несістэматызаваны і захоўваўся на розных носьбітах інфармацыі.

Ідэя ўзнікнення і рэалізацыі праекта “Віртуальны школьны музей — адукацыйны цэнтр школы” з’явілася ў 2017 годзе як прыклад інавацыйнага метаду сістэматызацыі, захавання і распаўсюджвання музейных і даследчых краяpнаўчых матэрыялаў. Творчая група ў складзе педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў на працягу 1,5 года здзяйсняла велізарную пошукава-даследчую працу, вынікам якой і стала стварэнне інтэрактыўнага прадукту — вэб-сайта “Віртуальны школьны музей”. Дадзены рэсурс з’явіўся не выпадкова: гэты год у Беларусі праходзіць пад знакам малой радзімы. Любіць свой край, ведаць яго багацце, яго асаблівасці, гісторыю — на гэтых лепшых пачуццях да родных мясцін і выхоўваецца сапраўдны патрыятызм.

Віртуальны музей размешчаны ў інтэрнэце ў выглядзе асобнага вэб-сайта і з’яўляецца падсайтам афіцыйнага школьнага сайта. Віртуальны музей дзейнічае разам з традыцыйным школьным музеем, з’яўляецца яго своеасаблівай інтэрнэт-экспазіцыяй, дапаўняе яго функцыі з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

У рамках работы па стварэнні і напаўненні музея кантэнтам вучні асвойваюць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, такія як вэб-праграмаванне, вэб-дызайн, 3D- і 2D-мадэляванне, апрацоўка фота, відэа і інш. Створана адкрытая віртуальная прастора. Сабрана партфоліа творчых і даследчых работ навучэнцаў.

Інтэрфейс віртуальнага музея са зручнай навігацыяй прадстаўлены ўмоўнымі знакамі, функцыянальны для розных браўзераў, уключаючы версію для сістэмы Android. Усё гэта дае магчымасць карыстальнікам мэтанакіравана здзейсніць экскурс па старонках віртуальнага музея. Сайт складаецца з 13 вэб-спасылак, якія ўключаюць 23 вэб-старонкі. У кантэнт уключаны 16 відэа, 9 аўдыяфайлаў. На вэб-старонках размешчаны матэрыялы па розных напрамках: тэзісы даследчых работ навучэнцаў, рэфераты, навуковыя работы, распрацаваны інтэрактыўны турыстычны маршрут настальгічнага турызму пасёлка Радунь на рускай і англійскай мовах з выкарыстаннем відэа, графікі, фотаматэрыялаў, інтэрактыўнай Google-карты і іншых мультымедыйных аб’ектаў; летапіс Радуні і Радунскай сярэдняй школы, якія дапамагаюць азнаёміцца са шматвяковай гісторыяй пасёлка і школы; матэрыялы музея “Валуны крутых дарог мінуўшчыны” і г.д. Сайт пастаянна абнаўляецца, з’яўляюцца новыя старонкі. Інфармацыя віртуальнага музея даступна і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У сувязі з абмежаваным аб’ёмам сховішча на пляцоўцы матэрыялы захаваны на Google-дыску, а 3D-тур размешчаны на сайце нашай школы. З экспанатамі музея на вэб-старонцы “Музей валуноў” і “Народны гісторыка-краязнаўчы музей” можна азнаёміцца ў фармаце 2D і 3D з аўдыя- і відэафайламі. На сайце арганізаваны вербальныя зносіны праз каментарыі, чат, зваротную сувязь. Сайт функцыянуе на трох мовах — рускай, беларускай, англійскай.

Праз QR-код ажыццяўляецца хуткі доступ да інфармацыйных рэсурсаў пры дапамозе мабільных прылад. Віртуальны школьны музей адкрыў новыя магчымасці для творчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў. Пашырана выкарыстанне матэрыялаў музея ў адукацыйным працэсе, удасканальваюцца формы і метады краязнаўчай работы. Сістэматызаваны краязнаўчыя матэрыялы. Настаўнікі, вучні, бацькі і любы наведвальнік маюць свабодны доступ да гэтых матэрыялаў. Пра эфектыўнасць віртуальнага музея гавораць лічбы: з лістапада 2017 года сайт наведала больш за 3200 чалавек.

Па выніках раённага і абласнога этапу конкурсу “ТэхнаІнтэлект” наш музей заняў 1-е месца. Вэб-сайт развіваецца. Выкарыстоўваючы інфармацыйныя тэхналогіі і новыя формы захавання і трансляцыі гістарычнай спадчыны, электронныя музейныя базы і каталогі, мы паступова прыцягнулі на сайт новых карыстальнікаў: навучэнцаў, іх бацькоў, педагогаў і ўсіх, хто не абыякавы да культуры і гісторыі роднага краю.

Францішка ГАБІС,
педагог дадатковай адукацыі Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.