У рамках сёлетняй летняй аздараўленчай кампаніі 15 мая ў Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі адбыўся гарадскі семінар “Арганізацыя і правядзенне турыстычных паходаў з навучэнцамі” для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.
Асноўная задача ўстаноў адукацыі ў летні перыяд — арганізаваць жыццё навучэнцаў так, каб кожны дзень прыносіў ім нешта новае, быў цікавым і змястоўным. Турызм — лепшы від актыўнага адпачынку, але кожны паход патрабуе падрыхтоўкі. Як выбраць маршрут, падабраць рыштунак, якія прадукты ўзяць у дарогу, як пераадольваць перашкоды на шляху, арыентавацца на мясцовасці, хутка раскладаць вогнішча, рабіць разнастайным рацыён дарункамі прыроды? На ўсе гэтыя і многія іншыя пытанні ўдзельнікі семінара знайшлі адказы ў рамках названага метадычнага мерапрыемства.
Вопыт работы па правядзенні турыстычных паходаў прадставілі высокакваліфікаваныя педагогі нашага цэнтра: кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Пешаходны турызм” Ігар Ушаў, Алена Варабей, загадчык аддзела спартыўнага турызму Сяргей Уразаў, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Водны турызм” Сяргей Чарапко. У рабоце семінара прыняў удзел дэкан факультэта фізічнага выхавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Каспяровіч, які асвятліў асноўныя пытанні тэорыі і методыкі турыстычна-краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі.
Найбольш эфектыўны спосаб работы з навучэнцамі ў летні перыяд — гэта правядзенне турыстычна-аздараўленчых палатачных лагераў. Летнія палатачныя лагеры — гэта выдатны сродак нязмушанага ўвядзення дзяцей не толькі ў сістэму сацыяльных адносін, але і далучэнне да турыстычнага майстэрства праз прызму экалагічнага і краязнаўчага выхавання. Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Географы-краязнаўцы” Уладзімір Урбан адзначыў, што шматгадовы вопыт правядзення профільных лагераў паказвае станоўчы ўплыў турыстычных умоў пражывання на развіццё асобы дзіцяці і засваенне ім пэўных ведаў, уменняў і навыкаў.
“Перасовачныя турыстычныя лагеры маюць шэраг пераваг у параўнанні са звычайнымі лагерамі з кругласутачным знаходжаннем, — лічыць кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Экаінфармашка” Наталля Жмура. — У штодзённым жыцці дзеці адчуваюць сябе самастойнымі, адказнымі за прынятыя рашэнні, яны праяўляюць тут такія якасці, як воля, дружба, узаемадапамога, цярпенне. Турызм, краязнаўства і экалогія — гэта школа выхавання падлеткаў і моладзі. Яна адыгрывае вялікую ролю ў грамадзянска-патрыятычным, духоўным і фізічным удасканальванні, прафесійным самавызначэнні, адаптацыі да жыцця ў грамадстве і арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі”.
Радуе, што той вопыт, які быў прапанаваны педагогамі Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі тут жа, на семінары, ператвораны і творча перапрацаваны. А калі так, значыць, мы ідзём правільным шляхам. Паважаныя педагогі і бацькі! У нашай краіне ёсць шмат прыгожых, памятных мясцін, нязведаных дарог, і невыпадкова беларуская глыбінка цікавіць замежных гасцей. Вывучайце нашу малую радзіму разам з дзецьмі ў паходах і падарожжах! Давайце зробім лета ярчэйшым!
Мікалай ВОЮШ,
дырэктар МДТЭЦДіМ.
Фота Алены БАЖЭНАВАЙ.