Не сакрэт, што практычна любая дзейнасць чалавека звязана з навакольным светам. Чалавек — гэта частка прыроды, і вельмі важна фарміраваць у дзяцей беражлівае да яе стаўленне, любіць тое, што нас акружае, ствараць прыгажосць вакол сябе. На базе Студзёнкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Сенненскага раёна з пачатку бягучага навучальнага года рэалізуецца раённы інавацыйны праект “Экалагічнае выхаванне праз рэалізацыю напрамкаў выхаваўчай работы”. Яе мэтай стала знайсці новыя формы і метады работы з дзецьмі, каб вывучаць прыроду роднага краю і захаваць біяразнастайнасць.
Толькі ў практычнай дзейнасці дзіця разумее, колькі працы трэба ўкласці, каб тэрыторыя, дзе яно праводзіць шмат часу, радавала і здзіўляла сваёй прыгажосцю. Штогод наша школа патанае ў кветках. Палюбавацца разнастайнасцю фарбаў на тэрыторыі школы прыходзяць не толькі жыхары аграгарадка Студзёнка, але і яго госці. Тут можна ўбачыць і тапіярныя канструкцыі: мішку, зуброў, жар-птушку.
У верасні 2017 года, сістэматызаваўшы вялікі матэрыял па экалагічнай дзейнасці ўстановы адукацыі і добраўпарадкаванні тэрыторыі, валанцёрскі атрад нашай школы пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Т.П.Падрэз і Н.В.Печаньковай заняў 1-е месца ў Рэспубліканскім экалагічным конкурсе “Моладзь — за чысціню гарадоў і сёл” у намінацыі “Лепшая ландшафтная кампазіцыя”, за што раённым камітэтам БРСМ быў уручаны ноўтбук, які дапаможа ў працы навучэнцам і педагогам.
У рамках рэалізацыі праекта “Цяплічная гаспадарка”, які стаў адным з этапаў раённага інавацыйнага праекта, навучэнцы разам з педагогамі высадзілі 170 туй, ядловец, а таксама расаду кветак для азелянення не толькі прышкольнай тэрыторыі, але і раённага цэнтра. Цяпер рэалізуецца праект “Жураўліная песня”, што дазваляе прыцягнуць увагу моладзі да экалагічных праблем і праблем добраўпарадкавання тэрыторыі не толькі пры школе, але і на прысядзібных участках, спрыяе выхаванню пачуцця гонару за сваю малую радзіму, аграгарадок Студзёнка, Сенненскі раён.
Увасабленнем праекта стане клумба “Жураўліная песня” з зонай адпачынку. Усе расліны для яе мы падбіраем з улікам асветленасці, патрабаванняў да глебы, перыяду і працягласці цвіцення, вышыні і афарбоўкі кветак. Кветкі падбіраем так, каб цвіценне не спынялася з ранняй вясны да позняй восені. У праект уключаны металічныя жураўлі — сімвал вернасці, разважлівасці, дабрыні, спагадлівасці і прыязнасці. Менавіта гэтыя якасці асобы з’яўляюцца асноватворнымі якасцямі выхаванага чалавека.
Наводзячы парадак і азеляняючы прышкольную тэрыторыю, кожны навучэнец у выніку атрымлівае не толькі пэўныя навыкі. Гэтая дзейнасць выхоўвае дабрыню, працавітасць, цярпенне, імкненне да прыгажосці, прымушае падумаць аб зберажэнні прыроды.
Добраўпарадкаванне тэрыторыі школы — справа цікавая і высакародная. Да таго ж, аб’яднаныя адной ідэяй, мы з’ядноўваемся як калектыў. Стварэнне кветкавай клумбы — гэта не толькі неабходнасць упрыгожыць школьны ўчастак, але і ініцыятыва, творчасць, фантазія.
Наперадзе шмат планаў і задумак, а галоўнае, каб навучэнцы, уключаючыся ў работу, разумелі, што ад кожнага з іх залежыць свет, у якім будуць жыць іх дзеці і ўнукі.
Ствараючы прыгажосць вакол сябе, мы робім людзей больш добрымі і цярплівымі, вучым любіць, берагчы, паважаць тое, ад чаго залежыць наша будучыня, будучыня нашай малой радзімы.
Святлана СТАНУЛЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Студзёнкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.