Выхоўваем творчыя таленты

Якімі якасцямі, ведамі, вопытам неабходна валодаць сучаснаму педагогу, працуючы з адоранымі дзецьмі? Як выбраць аптымальныя метады іх навучання і выхавання? На чым рабіць акцэнты? Менавіта пра гэта ішла размова ў межах рэспубліканскага метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Падтрымка адораных дзяцей праз раскрыццё і рэалізацыю творчага патэнцыялу ў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці”, якое ўчора завяршылася ў Мазыры. Пасяджэнне сабрала на сваёй пляцоўцы каля 100 прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў краіны.

Абгрунтоўваючы тэму сустрэчы, Тамара Арсенцьеўна Сідарэвіч, кіраўнік праекта, метадыст Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, адзначыла, што сёння ў межах фарміравання дзяржаўнай сістэмы мэтанакіраванай падтрымкі творча адораных дзяцей і моладзі праблема захавання і развіцця дзіцячай адоранасці ў сістэме дадатковай адукацыі асабліва актуальная. Але яна мае свае асаблівасці і складанасці, патрабуе ўдасканалення традыцыйных падыходаў сістэмы і пошуку новых шляхоў і магчымасцей вырашэння праблемы.

Стварэнне індывідуальных адукацыйных маршрутаў і адукацыйных праграм, выкарыстанне тэхналогій майстэрань, індывідуальнага навучання ў аб’яднаннях па інтарэсах, распрацоўка сучасных праграм, якія ўлічваюць складанасці мастацкай адоранасці, выкарыстанне пры навучанні найноўшых тэхналогій, прадастаўленне навучэнцам магчымасці ўключацца ў неардынарныя прадукцыйныя праекты, конкурсы, творчыя фестывалі, выставы, майстар-класы — далёка не ўсё, што ўжо створана ў нашай краіне. Але праблема ўдасканалення дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі менавіта ў тым, што развіццё дзіцячай адоранасці напрамую залежыць ад майстэрства педагога, бо слаба падрыхтаваны педагог не зможа рэалізаваць самыя цікавыя задумы, яму не па сілах выявіць здольных навучэнцаў і стварыць умовы для іх развіцця. Менавіта павышаць прафесіяналізм настаўнікаў закліканы такія сустрэчы.

У рамках пасяджэння педагогі змаглі азнаёміцца з лепшым педагагічным вопытам у гэтым кірунку падчас адкрытых заняткаў і майстар-класаў, педагагічных майстэрань, прэзентацый аўтарскіх праектаў, паглядзелі, як арганізавана праца мадэльных устаноў, чый вопыт з’яўляецца наглядным прыкладам эфектыўнай арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі. Гэта Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, на базе якога створаны філіял кафедры педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, сярэдняя школа № 9 Мазыра, Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі.

Больш падрабязна пра гэтыя і іншыя педагагічныя знаходкі чытайце ў наступных нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Святлана НІКІФАРАВА.