Гродзенскі заапарк найстарэйшы ў Беларусі. Штогод ён прымае тысячы гасцей, і не толькі жыхароў нашай краіны, але і з-за мяжы. Пераважная частка наведвальнікаў — гэта, вядома ж, дзеці, самыя адданыя і адначасова патрабавальныя сябры заапарка. Яны хочуць бачыць яго прыгожым, квітнеючым, абавязкова ў ім павінен жыць і радаваць наведвальнікаў галоўны жыхар — слон. Для іх ён разумны, сціплы і абавязкова вельмі добры. Для любога заапарка наяўнасць слана — гэта прэстыж, свайго роду візітоўка. І вялікі смутак, калі яго няма. Ужо16 гадоў, як Гродзенскі заапарк пазбавіўся сваёй галоўнай гордасці — слана.
Гісторыя знаходжання сланоў у Гродзенскім заапарку пачалася ў жніўні 1955 года, калі Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам, якая толькі што атрымала незалежнасць, падарыла заапарку азіяцкую сланіху Машку. На станцыі, дзе адбывалася разгрузка, сланіху і суправаджаючую дэлегацыю сустракала шмат людзей. Ад імя самай зацікаўленай у з’яўленні слана часткі гродзенцаў (дзятвы) на арганізаваным мітынгу выступіла вучаніца 5 класа Оля Фігель. Сланіха з’явілася перад новымі гаспадарамі дастаткова эфектна: ёю кіраваў дрэсіроўшчык, які сядзеў на жывёле. У Машкі самая што ні ёсць баявая біяграфія. Падчас вызваленчай вайны з французскімі каланізатарамі сланіха ўдзельнічала ў баявых дзеяннях, перавозячы зброю, боепрыпасы, правіянт. Сланіха была дрэсіраваная і лёгка ішла на кантакт, таму перыяд яе адаптацыі для супрацоўнікаў заапарка прайшоў лёгка.
У 1963 годзе ў Гродна з Ленінграда прывезлі слана-самца. Але практычна адначасова адбыліся дзве трагедыі — слон і сланіха памерлі адно за адным. Страта сланоў, натуральна, адбілася на наведвальнасці заапарка, бо менавіта жаданне паназіраць за такімі дзівоснымі жывёламі вабіла ў заапарк не толькі жыхароў горада, вобласці і рэспублікі, але і гасцей з суседняй Літвы.
Паўза, звязаная з адсутнасцю слана ў нашым горадзе, доўжылася нядоўга. Ужо ў 1965 годзе з Лейпцыга прыбыў знакаміты слон Сурак. Яго прывезлі 1 верасня. Гэта быў своеасаблівы падарунак дзецям да новага навучальнага года. Перадача слана праходзіла ў Брэсце. Нашаму заатэхніку яго перадаваў нямецкі спецыяліст, да якога Сурак вельмі прывык і цяжка перажываў развітанне. Відавочцы ўспамінаюць, што ў слана цяклі слёзы, калі яны развітваліся. Сланы не толькі вельмі разумныя, у іх яшчэ і выдатная памяць: нават праз шмат гадоў гэтыя жывёлы ўспамінаюць падзеі, якія ім прыйшлося перажыць, і людзей, якія доўгі час былі з імі побач.
Сурак, відаць, да канца жыцця не змог дараваць здрады свайму выхавальніку. Гэта бачылася па паводзінах і характары слана: ён цярпець не мог мужчын і блізка да сябе іх не дапускаў. Таму да канца дзён наглядчыкамі ў яго былі толькі жанчыны. Свой няпросты характар Сурак паказаў адразу ж. Так, ужо прыбыўшы ў Гродна, ён паспрабаваў перавярнуць машыну, а калі гэта не атрымалася — перавярнуў матацыкл. Прыйшлося прывязаць “парушальніка” да дзвюх машын, гружаных пяском.
У 1976 годзе Дзяржаўны цырк № 11 СССР перадаў заапарку сланіху Дамбу. Яе з’яўленне звязваюць з яшчэ адным дыпламатычным жэстам — на гэты раз Прэм’ер-міністра Індыі Індзіры Гандзі. Прабыўшы ў Маскоўскім заапарку, сланіха была спісана ў Гродзенскі для ўкамплектавання пары і магчымага атрымання нашчадкаў. Але, як аказалася, Дамба была старэйшая за свайго кавалера на 16 гадоў, ды яшчэ мела дрэнны характар. Гэты “шлюб” аказаўся няўдалым, без нашчадкаў. Сама Дамба раптоўна памерла ў 1980 годзе.
Сурак жа пражыў у Гродне да 2002 года і стаў сапраўдным улюбёнцам гродзенцаў. Разумеючы яго значэнне для заапарка, слана бераглі, песцілі, апекавалі. Утрыманне слана ў заапарку — справа няпростая. Ва ўмовах дзікай прыроды сланы шмат рухаюцца. У заапарку ў слана такой магчымасці няма. Ад недахопу руху ўзнікаюць праблемы са здароўем. У летні час Сурак знаходзіўся на адкрытай пляцоўцы, плошчай 48 м2 з асфальтавым пакрыццём без басейна. Купаць і паіць яго даводзілася са шланга. На ноч слана заганялі ў памяшканне плошчай 25 м2, вышынёй 4 м, дзе сцены былі цаглянымі і Сурак пастаянна біўнямі разбураў іх. І толькі ў 1986 годзе заапарку ўдалося правесці рэканструкцыю гэтага памяшкання.
У заапарку сланы рэдка дажываюць да 50 гадоў, а на волі іх узроставая мяжа — 55—60 гадоў. У Гродне Сурак пражыў 37 гадоў. Хваравіты стан заўважылі яшчэ ў студзені 2002 года. 27 красавіка 2002 года слон памёр. Першапачаткова верагоднасць набыцця слана лічылася калі не фантастычнай, то малаверагоднай. Хоць быў момант, калі з заапарка паступалі аптымістычныя навіны, падмацаваныя дзеяннямі. Так, падчас рэканструкцыі заапарка быў узведзены вялікі сланоўнік. Для слана зрабілі нават басейн з душам, а таксама падлогу з падагрэвам. Застаецца толькі чакаць і спадзявацца, што калі-небудзь, калі прыйдзем у заапарк, мы ўбачым знаёмага з нашага цёплага і шчаслівага дзяцінства — добрага, моцнага, прыгожага слана.
Дзяніс ТАРАСЮК,
настаўнік гісторыі гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна.