Зверыць турыстычныя гадзіннікі

Сучасны стан і перспектывы развіцця турыстычна-краязнаўчай работы з навучэнцамі абмяркоўвалі падчас рэспубліканскага семінара-нарады, які прайшоў на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктары ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю Беларусі і Расіі. У чытачоў “Настаўніцкай газеты” ёсць выдатная магчымасць далучыцца да канструктыўнай размовы.

Маштаб працы

Тое, што турыстычныя паходы і краязнаўчыя экспедыцыі, экскурсіі з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі і масавымі формамі далучэння навучэнцаў да гістарычнай, культурнай і прыроднай спадчыны роднага краю, садзейнічаюць фарміраванню іх грамадзянскай пазіцыі, — факт бясспрэчны. Бясспрэчна і тое, што ўстановам дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю ў гэтай справе належыць вядучая роля. На 1 снежня 2017 года такіх устаноў у краіне налічвалася 42. Усяго ў мінулым навучальным годзе ў сістэме дадатковай адукацыі працавала 2599 аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю з ахопам 33 589 навучэнцаў.

А.Г.Герасіменка: “Перад тым як выкарыстоўваць арандаваны ўчастак ляснога фонду для правядзення мерапрыемства або стаянкі турыстычнай групы, неабходна прыняць яго ў мясцовага лясніцтва. А перад тым як пакінуць тэрыторыю, здаць яе таму ж лясніцтву, склаўшы акты прыёму-перадачы па ўстаноўленай форме, што ва ўмовах паходу выканаць практычна немагчыма. Такая сітуацыя проста адштурхоўвае арганізатараў турыстычна-краязнаўчых мерапрыемстваў ад іх паўнавартаснага правядзення на прыродзе, а кіраўнікоў турыстычных груп ад жадання весці дзяцей у паход”.

Нягледзячы на розныя цяжкасці, турыстычна-краязнаўчая работа па-ранейшаму застаецца самай маштабнай у сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае своечасовае вырашэнне праблемных пытанняў. А яны ўзнікаюць рэгулярна. Таму рэгулярна з 1963 года і праводзяцца рэспубліканскія семінары-нарады для дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Гэты семінар быў юбілейны, 55-ы па ліку, і, напэўна, самы маштабны за апошнія гады ў плане колькасці ўзнятых праблем. Іх гарачае абмеркаванне запэўніла: на ўсе агучаныя пытанні будуць абавязкова знойдзены станоўчыя адказы.

Турыстычныя злёты студэнтаў і педагогаў, спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве, спартыўным арыентаванні, спартыўным скалалажанні, паходы дазваляюць ахапіць рознымі формамі турыстычнай работы найбольшую колькасць дзяцей і навучэнскай моладзі. Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства ў 2018 го-дзе ініцыіравана правядзенне Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі, якая аб’яднала ўсе рэспубліканскія спартыўныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы з навучэнцамі. Удзел устаноў адукацыі краіны ў такіх мерапрыемствах, паказаныя вынікі ў многім вызначаюць стан спраў на месцах.

Спартыўны турызм у рамках рэспубліканскай спартакіяды быў прадстаўлены двума мерапрыемствамі. Упершыню ў 2018 годзе ў Мінску на базе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь адбыліся рэспубліканскія спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях. У маі ў Бабруйскім раёне прайшлі спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму ўжо ў лясной зоне. Неад’емнай часткай спартыўнага турызму з’яўляюцца турыстычныя паходы. Штогод Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства разам з Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі праводзіць Рэспубліканскі конкурс на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”. Традыцыйным стала правядзенне турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, які ў гэтым годзе прымала Уладзімірская вобласць.


Л.А.Жур:
“Акрамя аглядных і тэматычных экскурсій па сталіцы, абласных цэнтрах, аб’ектах ЮНЕСКА, пры арганізацыі экскурсійных праграм у Год малой радзімы варта арыентавацца на наведванне рэгіянальных гісторыка-культурных аб’ектаў, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Неабходна працягнуць дзейнасць па распрацоўцы новых экскурсійных аб’ектаў, якія будуць мець сваю арыгінальную марку, будуць улічваць спажывецкі запыт. Таксама пры планаванні тэматыкі экскурсій варта не забываць пра памятныя даты і значныя мерапрыемствы нашай краіны”.

Актыўнае развіццё спартыўнага турызму можна прасачыць на прыкладзе спартыўнага арыентавання. Каляндар рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў вельмі насычаны. У гэтым годзе Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства разам з Беларускай федэрацый арыентавання паспяхова правёў спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні ў рамках Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі. З мэтай папулярызацыі і развіцця спартыўнага арыентавання, выяўлення наймацнейшых спартсменаў, а таксама фарміравання юнацкай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь на працягу 2018 года праводзіўся юнацкі рэйтынг па спартыўным арыентаванні. Паспяхова выступілі нашы юнакі і дзяўчаты на чэмпіянаце балтыйскіх краін у Латвіі, а ў чэрвені 2019 года ў Гродне і Гродзенскай вобласці пройдзе чэмпіянат Еўропы па спартыўным арыентаванні сярод юнакоў, у якім беларуская каманда прыме ўдзел у поўным складзе.

— Адным з найважнейшых аспектаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання з’яўляецца знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай роднага краю праз удзел навучэнцаў у адукацыйных экскурсіях па краіне. Міністэрствам адукацыі разам з Міністэрствам спорту і турызму падрыхтаваны прапановы па наведванні навучэнцамі найбольш значных, вядомых і папулярных экскурсій па Беларусі і турыстычна-экскурсійных аб’ектаў, змест экскурсій па якіх павінен быць інтэграваны са зместам вучэбных праграм па прадметах, адпавядаць узроставым і псіхафізічным асаблівасцям навучэнцаў, — паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур.

Рэсурс музейнай педагогікі

Важным рэсурсам у рэалізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі з’яўляецца выкарыстанне музейнай педагогікі. Сёння ва ўстановах адукацыі налічваецца 1453 музеі, з якіх званне “народны” носяць 98 музеяў устаноў адукацыі. Для стварэння адзінай інфармацыйнай базы і сістэмы звестак пра музеі ўстаноў адукацыі сфарміраваны Рэспубліканскі банк даных, даведнік музеяў устаноў адукацыі, плануецца выданне зборніка музеяў устаноў адукацыі, якія маюць званне “народны”. У школьных музеях назапашаны вялізны вопыт па формах работы, многія з якіх сталі традыцыйнымі. Такі шырокі спектр работы робіць музеі ўстаноў адукацыі цэнтрамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання. У той жа час выяўлены шэраг праблемных пытанняў у рабоце музеяў устаноў адукацыі.

Па словах Лідзіі Андрэеўны, адзначаецца недастатковае валоданне кіраўнікамі музеяў устаноў адукацыі нарматыўнымі, прававымі дакументамі, якія рэгламентуюць дзейнасць музеяў, неадпаведнасць уліковай дакументацыі. З мэтай павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў музеяў, спецыялістаў, якія каардынуюць дзейнасць музеяў устаноў адукацыі, у бягучым навучальным годзе Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства арганізавана правядзенне цыкла мерапрыемстваў. Актуальным застаецца распаўсюджванне дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, якія дазваляюць арганізоўваць профільнае навучанне.

Перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі

Эфектыўнасць грамадзянска-патрыятычнага выхавання напрамую залежыць ад прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў. Сёння ўдзяляецца вялікая ўвага павышэнню іх прафесійнага майстэрства. Павысіць кваліфікацыю педагогі могуць на курсах павышэння кваліфікацыі па скалалажанні, турызме, спартыўным арыентаванні, судзействе спартыўных мерапрыемстваў. Гэтыя курсы рэгулярна з 2005 года праводзіць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства разам з Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.


С.А.Лочан:
“У турыстычнай дзейнасці на першым месцы абавязкова павінна стаяць бяспека дзяцей. Калі дзіця прайшло інструктаж, ведае, куды яно ідзе, што і як рабіць, то паход будзе бяспечным. На жаль, часам здараюцца непрадбачаныя сітуацыі. Мы, канечне, усе хвалюемся за здароўе дзяцей, але тут нярэдка ўзнікаюць перагібы, неабгрунтаваныя забароны, аднак дзіця нельга трымаць у чатырох сценах. Вучню важна выходзіць за межы закрытай адукацыйнай прасторы, у прыроднае асяроддзе. Толькі сутыкаючыся і пераадольваючы натуральныя перашкоды, дзіця прыйдзе да разумення таго, што ёсць жыццё на самай справе. Сярод перашкод натуральнага прыроднага асяроддзя вучань становіцца асобай, чалавекам, які ведае, любіць родны край, зможа перадаць гэтую любоў сваім дзецям”.

— Часам людзі блытаюцца ў тэрмінах “перападрыхтоўка кадраў” і “павышэнне кваліфікацыі”. Гаворачы простай мовай, павышэнне кваліфікацыі — гэта калі кваліфікацыя ў спецыяліста ёсць і ён яе павышае. А перападрыхтоўка — гэта калі адукацыі няма і чалавек хоча яе атрымаць, таму і ідзе вучыцца. Перападрыхтоўка — гэта не другая вышэйшая адукацыя. Дакумент, атрыманы пасля яе заканчэння, дае права працаваць па пэўнай спецыяльнасці, — паведаміў метадыст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргей Сцяфанавіч Мітраховіч.

Сёння ў сферы фізічнай культуры шмат жадаючых павучыцца. Многія маладыя людзі, якія ў школьныя гады займаліся турыстычна-прыкладным мнагаборствам, спартыўным арыентаваннем, скалалажаннем, калі ім спаўняецца 17—18 гадоў і трэба вызначацца з жыццёвым шляхам, выбіраюць спецыяльнасці, не звязаныя з фізічнай культурай. Атрымліваюць спецыяльнасць, працуюць па ёй пэўны час, а потым разумеюць, што гэта не іх, тады і пачынаюць узгадваць сваё захапленне спартыўным турызмам, хочуць, каб ён стаў іх прафесіяй.

З 2005 года каля 1,5 тысячы работнікаў устаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю прайшлі павышэнне кваліфікацыі на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму БДУФК. Калі раней педагог павінен быў праходзіць павышэнне кваліфікацыі раз у 5 гадоў, то сёння — раз у 3. Тэрміны былі скарочаны не выпадкова. Грамадства вельмі хутка развіваецца, многае мяняецца. Перыядычнасць курсаў павышэння кваліфікацыі павялічылася, аднак іх працягласць паменшылася. Цяпер яны доўжацца ўсяго тыдзень замест ранейшых двух.

Гэтую асаблівасць, на жаль, не заўсёды можна назваць станоўчай. Доўгі час неад’емнай часткай курсаў былі паходы ў летні час па Карпатах або па Беларусі. Некалькі дзён вывучалася тэорыя ў Мінску, потым 6, 7, 8, 9 дзён, у залежнасці ад складанасці, быў катэгарыйны вучэбны паход. Сёння, улічваючы тое, што працэс навучання займае ўсяго тыдзень, інстытут, на жаль, не можа праводзіць курсы з турыстычным паходам. Выказвалася прапанова, каб на працягу тыдня курсы праводзіліся на базе інстытута, а яшчэ адзін тыдзень — у выглядзе вучэбнага семінара з паходам па лініі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

С.С.Мітраховіч: “Сёння вялікая колькасць жадаючых прайсці перападрыхтоўку, бо ўзрастае патрабаванне да адукацыі работнікаў. Калі, скажам, раней чалавек заканчваў БДУФК або вучылішча алімпійскага рэзерву, ён мог працаваць трэнерам незалежна ад атрыманай спецыяльнасці. Сёння ў абавязковым парадку, калі чалавек працуе на пасадзе трэнера, то ў яго ў дыпломе павінна быць прапісана, што ён трэнер. Калі чалавек займаецца аздараўленчай фізічнай культурай, з’яўляецца інструктарам-метадыстам, то абавязковае патрабаванне — каб адукацыя ў яго была, як у інструктара-метадыста”.

— Таксама інстытут мае права прымаць кваліфікацыйны экзамен на вышэйшую катэгорыю. Яшчэ адзін момант, якім наш інстытут можа быць вам цікавы, — гэта пацвярджэнне дыплома вашых спецыялістаў з перарыўным стажам. Наш інстытут адкрыты, дастаткова мабільны. Мы з радасцю гатовы актыўна супрацоўнічаць з рэгіёнамі, — сказаў Сяргей Сцяфанавіч.

Дзіцячы адпачынак і дзіцячы турызм

Праблемы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю можна падзяліць на два істотныя блокі: дзіцячы адпачынак і дзіцячы турызм. Гэтыя два блокі перасякаюцца, у прыватнасці, у арганізацыі палатачных лагераў, якія цяпер прынята называць малазатратнымі формамі адпачынку.

— Пад дзіцячым адпачынкам мы разумеем наступнае: калі педагог або суправаджаючая асоба прывезла дзіця, напрыклад, у лагер і перадала адказнасць за яго супрацоўнікам лагера. Што тычыцца дзіцячага турызму, то тут сітуацыя такая: гэта калі педагог, захоўваючы адказнасць за дзяцей, ідзе разам з імі ў паход, на экскурсію. Калі яны ў час гэтага паходу разбіваюць палатачны лагер, то гэта ўсё роўна дзіцячы турызм, не адпачынак. Мы праводзілі аналіз і высветлілі, што ў складаныя пасляваенныя гады турыстычных паходаў праводзілася больш, чым цяпер. Нам трэба актыўней адцягваць дзяцей ад гаджэтаў, далучаць да турызму. Мы рухаемся да таго, каб у кожнай школе быў адказны за турыстычна-краязнаўчую работу. Гэты чалавек будзе прасоўваць нашу ідэалогію, звязаную з павелічэннем колькасці турыстычных паходаў, заняткаў краязнаўчай дзейнасцю, правядзеннем краязнаўчых даследчых экспедыцый, работы, звязанай з Вялікай Айчыннай вайной, валанцёрскім рухам, захаваннем прыроднага асяроддзя”, — адзначыў дырэктар Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства (Расійская Федэрацыя) Сяргей Аляксандравіч Лочан.

Сістэма заахвочвання

Як далучыць навучэнцаў да турыстычна-краязнаўчай дзейнасці? Гэтае пытанне, безумоўна, важнае. Не менш важна стварыць умовы, каб радасць ад турыстычных паходаў, вывучэння роднага краю не пакідала хлопчыкаў і дзяўчынак на працягу доўгага часу. Вось тут вялікую ролю адыгрывае заахвочванне. Яно можа быць розным. У першую чаргу гэта ўдзел у конкурсах. Усё ж такі прыемна, калі тваю дзейнасць заўважаюць, ды яшчэ даюць табе за гэта дыплом і падарункі. Ёсць яшчэ адзін выдатны спосаб заахвочвання — уручэнне металічных знакаў, нешта накшталт добра вядомых нам “Юны турыст СССР” з выявай белай палаткі і сіняга неба. Калі ў нашай краіне гэтае пытанне прапрацоўваецца, то ў Расіі такая сістэма заахвочвання лепшых турыстаў і краязнаўцаў ужо ўведзена і паспяхова функцыянуе.

— У Расійскай Федэрацыі распрацаваны знак “Юны турыст” трох ступеней, “Юны падарожнік” — дзевяці ступеней, які рангам ніжэйшы, чым “Юны турыст”. Ёсць таксама сістэма скаўцкіх знакаў. У асобных рэгіёнах ёсць свае знакі адрозненняў, якія выдаюцца навучэнцам за паспяховы ўдзел у тым ці іншым мерапрыемстве. Толькі ў гэтым годзе раздадзена 130 тысяч знакаў “Юны падарожнік”. Іх колькасць вызначаюць рэгіянальныя цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму, рэгіянальныя міністэрствы. Мы як федэральны цэнтр гэтую справу, безумоўна, адсочваем. Калі ў маршрутна-кваліфікацыйнай камісіі ёсць інфармацыя, што, напрыклад, на Далёкім Усходзе хадзілі ў паход 5 тысяч чалавек, а яны робяць запыт на 15 тысяч знакаў, то мы прапаноўваем ім усё ж вызначыцца з лічбамі. А вось знакі “Юны турыст” наш цэнтр выдае сам. У мінулым годзе быў уведзены і знак “Юны краязнаўца” для ўдзельнікаў краязнаўчых экспедыцый, пошукавых атрадаў. Выпушчаны і спецыяльны знак да 25-годдзя турыстычна-краязнаўчага руху “Айчына”. Што важна, сістэма нашых знакаў прыраўнавана да спартыўных знакаў, — паведаміў С.А.Лочан.

Стымулам для заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю можа стаць спецыяльнае партфоліа юнага турыста і краязнаўца, якое дасць дзецям дадатковыя магчымасці паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Канечне, асноўная роля тут належыць вынікам Адзінага дзяржаўнага экзамену. Аднак, на думку Сяргея Аляксандравіча, акрамя АДЭ, ёсць яшчэ і актыўнасць дзіцяці, удзел у мерапрыемствах. Усё гэта можа назапашвацца ў электронным выглядзе ў спецыяльнай базе даных незалежна ад таго, у якім напрамку дадатковай адукацыі дзіця сябе праяўляе, і фарміравацца ў якасці адзінага партфоліа. Гэтыя дасягненні могуць даць дадатковыя балы пры паступленні ва ўніверсітэт.

— У нашай краіне таксама актыўна на ўзроўні Міністэрства адукацыі разглядаецца пытанне стымулявання юных турыстаў і краязнаўцаў. Акрамя знакаў, ідзе распрацоўка дзённікаў паходаў і экскурсій, дзённіка турыста. У якасці асновы, верагодна, будзе ўзяты менавіта расійскі вопыт, паколькі з расійскімі калегамі ў беларускіх турыстаў і краязнаўцаў даўнія сяброўскія адносіны, — адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Лясное пытанне

Для паспяховага развіцця турыстычна-краязнаўчай справы важна падтрымліваць радасць ад турыстычных паходаў і вывучэння роднага краю не толькі ў навучэнцаў, але і ў педагогаў. І гэтае жаданне, на жаль, у многіх у хуткім часе можа наогул знікнуць, калі не будзе вырашана так званае лясное пытанне. Цяпер пра яго сутнасць. Лес, як вядома, з’яўляецца асноўным месцам правядзення турыстычных паходаў, спаборніцтваў, месцам навучання тэхніцы і навыкам турызму, удасканальвання турыстычнага майстэрства. Цудоўна ў цяністым лесе і адпачыць падчас доўгага пераходу пад спякотным сонцам. Аднак можа стацца, што ўспаміны пра такі адпачынак застануцца толькі ўспамінамі.

Да нядаўняга часу паход дзіцячых груп у лес не быў праблемай, ён узгадняўся з мясцовымі выканаўчымі камітэтамі і лясгасамі. Калі не было забароны на наведванне лясоў, то правядзенне такіх мерапрыемстваў дазвалялася без праблем. Аднак у 2017 годзе быў прыняты Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Цяпер для правядзення масавых мерапрыемстваў у лясной зоне (гэта не толькі спартыўныя спаборніцтвы, але і арганізацыя турыстычных лагераў, праход турыстычна-экскурсійных груп) неабходна атрымаць у арэнду ўчастак ляснога фонду. Для гэтага неабходна сабраць дастаткова вялікі камплект дакументаў.


А.У.Ануфровіч:
“Традыцыйная сустрэча дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю дае кожнаму з нас унікальную магчымасць зверыць гадзіннікі, акрэсліць праблемы, вызначыць шляхі нашага далейшага развіцця. Турыстычна-краязнаўчая работа заўсёды выклікае пытанні, паколькі яна важная. На сённяшні час актуальным з’яўляецца ўнясенне прапаноў у Закон аб турызме, работа над прыняццем якога працягваецца. Ці можна настаўніку-прадметніку праводзіць экскурсіі? Ці не будзе гэта трактавацца як незаконная экскурсійная і прадпрымальніцкая дзейнасць? Асабліва актуальна гэтыя пытанні гучаць у Год малой радзімы. І, канечне, пытанне знаходжання турыстычных груп у лясной зоне, якое мы абавязкова прапрацуем з Міністэрствам лясной гаспадаркі”.

Па словах дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Аляксандра Георгіевіча Герасіменкі, каб паспяхова правесці турыстычны паход, неабходна выканаць шэраг патрабаванняў. Па-першае, накіраваць у раённы або абласны выканаўчы камітэт па месцы знаходжання ўчастка ляснога фонду заяву не пазней чым за 15 дзён, пазначыць мэту атрымання ўчастка ляснога фонду ў арэнду, яго плошчу, назву і месца знаходжання юрыдычнай асобы, тэрмін лесакарыстання. Калі ж праводзіцца турыстычны паход, такіх участкаў можа быць некалькі. Па-другое, да заявы трэба прыкласці праект дагавора арэнды, папярэдняе ўзгадненне прадастаўлення ўчастка ляснога фонду ў арэнду, накіраваць у мясцовы лясгас ліст з просьбай аб прадастаўленні ўчастка ляснога фонду ў арэнду, потым разам з мясцовым лясгасам або лясгасамі скласці праект дагавора арэнды для прадастаўлення ў выканаўчы камітэт, атрымаць папярэдняе ўзгадненне прадастаўлення ўчастка ў арэнду, выехаць на месца арандаванага ўчастка для яго маркіроўкі і складання картасхем для прадастаўлення ў выканаўчы камітэт. Нарэшце, аплаціць арэнду. Гэта не ўсё. Па-трэцяе, рашэнне аб выдзяленні ўчастка ляснога фонду выканкам можа прыняць толькі па ўзгадненні з Міністэрствам лясной гаспадаркі, для чаго туды накіроўваецца адпаведны ліст раённага або абласнога выканаўчага камітэта і пакет дакументаў.

Вырашэнне ляснога пытання ёсць. Для гэтага, на думку Аляксандра Георгіевіча, варта дапрацаваць адпаведныя заканадаўчыя акты такім чынам, каб малыя дзіцячыя групы, якія знаходзяцца ў лесе, траплялі пад дзеянне артыкула 44 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім можна свабодна знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду бясплатна і без дазваляльных дакументаў. Важна, каб любая малая дзіцячая група атрымала магчымасць афіцыйна знаходзіцца і ў населеным пункце, а таксама за яго межамі, не маючы адпаведных дакументаў раённага або абласнога выканаўчага камітэтаў.

— Пакуль не прыняты адпаведныя рашэнні на высокім узроўні, абыходзіць гэтую праблему можна наступным чынам: напрыклад, ставіць палатачны лагер паміж пераходамі не ў лесе, а побач з лесам, для спаборніцтваў выкарыстоўваць пляцоўкі спартыўных і навучальных устаноў. Канечне, гэта не ўніверсальны сродак. У любым выпадку Беларускай федэрацыі арыентавання, Рэспубліканскаму турыстычна-спартыўнаму саюзу трэба звярнуць на гэта ўвагу і прапрацаваць нашу далейшую тактыку ўзаемадзеяння з Міністэрствам лясной гаспадаркі, каб не нашкодзіць нашай агульнай справе, пастарацца выправіць сітуацыю, — лічыць старшыня Беларускай федэрацыі арыентавання Андрэй Сяргеевіч Якаўлеў.

Карысныя сустрэчы

Дзеля выпраўлення гэтай сітуацыі, пошуку адказаў на праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у сферы дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, і збіраюцца разам штогод дырэктары ўстаноў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю. Такія сустрэчы абавязкова прыносяць плён. Нездарма, нягледзячы на розныя цяжкасці, дзіцяча-юнацкі турызм і краязнаўства ў нашай краіне паспяхова развіваюцца, маюць багатыя традыцыі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.