Па добрай традыцыі, якой сёлета споўнілася ўжо 10 гадоў, першы месяц вясны ў айчыннай сістэме адукацыі праходзіць пад знакам тэхнічнай творчасці. Менавіта ў гэты час на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта адбываецца фінал Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Сакавік 2019 года не стаў выключэннем.
Кожны год каля 200 хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў (пераможцы адборачных этапаў конкурсу) прадстаўляюць свае праекты ў галіне робататэхнікі, астраноміі, мультымедыйных тэхналогій, іншых галінах тэхнічнай творчасці. Традыцыйна “Настаўніцкая газета” прапануе чытачам зазірнуць у аўдыторыі вядучай тэхнічнай альма-матар краіны і стаць сведкамі захапляючых тэхнічных баталій. Сёння мы наведаем секцыі “Тэхнічнае канструяванне”, “Робататэхніка, аўтаматыка, інтэлектуальныя сістэмы”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”. Усяго, нагадаем, працавала 13 секцый.
— Вы прайшлі сур’ёзныя выпрабаванні, вялікі творчы шлях. Набыты вамі вопыт, несумненна акажа станоўчы ўплыў на ўсё ваша жыццё. Нехта стане навукоўцам, нехта — педагогам, інжынерам, дзеячам мастацтва або спартсменам. Нехта проста будзе ствараць добрую моцную сям’ю. Ва ўсіх гэтых справах вам спатрэбяцца тыя навыкі і ўменні, якія вы набылі, займаючыся тэхнічнай творчасцю. У якой бы галіне дзейнасці вы ў далейшым ні знайшлі сваё прызванне, удасканальвайце станоўчыя якасці, якія дае вам удзел у конкурсе, — звярнуўся да канкурсантаў на ўрачыстым закрыцці юбілейнага “ТэхнаІнтэлекту” прарэктар па вучэбнай рабоце БНТУ Алег Канстанцінавіч Гусеў.
Не будзем затрымлівацца. На чатырох наступных старонках сакавіцкага “Шостага дня” сустракаем тэхнавясну.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.