75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое сёлета будзе шырока адзначацца ва ўсіх куточках краіны, стала адной з цэнтральных тэм выставы. У рамках святкавання памятнай даты на пляцоўцы Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства прайшла прэзентацыя зборніка народных музеяў, выдадзенага сумесна з Беларускай Энцыклапедыяй імя Петруся Броўкі, а таксама прэс-канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства абароны, Міністэрства адукацыі, выдавецтва, ветэранаў, педагогаў і навучэнцаў, якія займаюцца пошукавай работай па ваеннай тэматыцы.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі — пераможцы і прызёры рэспубліканскай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі”, якія з лютага па красавік адпраўляліся ў паходы, экскурсіі і экспедыцыі па малой радзіме, арганізоўвалі сустрэчы і аказвалі дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкоўвалі мемарыялы і помнікі воінскай славы, праводзілі мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны роднага краю, памяці пра подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Вынікам стала стварэнне фотаработ і міні-інсталяцый па намінацыях “Мая радзіма ў адным імгненні”, “Нам 41-ы не забыць… Нам 45-ы славіць” і “Беларусь спартыўная”. Усяго было прадстаўлена больш за 500 фотаработ і больш за 70 міні-інсталяцый. Менавіта ўдзельнікі другой намінацыі і сабраліся разам, каб яшчэ раз засведчыць, што пра подзвіг народа Беларусь памятае, а назва аднайменнай рэспубліканскай акцыі невыпадковая.
Беларусь памятае. У кожнага з нас свая памяць пра Вялікую Айчынную вайну. У ветэранаў, непасрэдных удзельнікаў баёў (як, напрыклад, ганаровага госця прэс-канферэнцыі Гермагена Іванавіча Рубцова), гэтая памяць звязана з баявымі таварышамі, франтавым жыццём. Для настаўнікаў памяць пра Вялікую Айчынную вайну — гэта адказнасць, пачэсная місія сфарміраваць у падрастаючага пакалення павагу да гераізму мінулых пакаленняў. Для навучэнцаў захоўваць гэтую памяць — значыць апраўдаць давер ветэранаў, іх спадзяванні на тое, што маладое пакаленне будзе будаваць мірнае, шчаслівае жыццё на роднай зямлі.
Важная роля ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі належыць музеям. Ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічаюць 1453 музеі, з якіх 215 маюць ваенна-гістарычны профіль, а практычна ва ўсіх гісторыка-краязнаўчых музеях ёсць раздзелы экспазіцыі, якія адлюстроўваюць падзеі ваеннага часу. Каля 100 музеяў носяць ганаровае званне народных. Звесткі пра іх увайшлі ў зборнік “Народныя музеі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь”, выдадзены Беларускай Энцыклапедыяй імя Петруся Броўкі сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Адным з такіх музеяў з’яўляецца народны музей баявой славы 1-й гвардзейскай Пралетарскай Маскоўска-Мінскай ордэна Леніна двойчы Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава мотастралковай дывізіі, размешчаны ў сярэдняй школы № 120 Мінска.
Як паведаміла кіраўнік музея Алена Іванаўна Зубялевіч, музей быў адкрыты ў снежні 1979 года. За 40 гадоў быў назапашаны багаты матэрыял. Гэта шматлікія дакументы, успаміны, фотаздымкі, асабістыя рэчы ветэранаў. У 1995 годзе за вялікую работу ў сферы патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі музей атрымаў званне народнага і з таго часу рэгулярна пацвярджае ганаровы статус. “Мы ганарымся, што прынялі ўдзел у стварэнні гэтага зборніка. Работа музея дазваляе пашыраць у навучэнцаў гістарычнае мысленне, садзейнічае далучэнню іх да гістарычнай спадчыны, разуменню яе значэння. Калі глядзіш на дзяцей, якія наведваюць музей, сустракаюцца з ветэранамі, працуюць з экспанатамі, то заўважаеш, што нават твары ў іх становяцца іншымі, на гэтых тварах можна прачытаць і здзіўленне, і зацікаўленне, і, канечне, гордасць, падзяку. Мы хочам, каб наш музей быў жывым арганізмам, каб дзецям там было цікава, таму выкарыстоўваем новыя метады работы, квесты, гульні, музей у чамадане. Мы імкнёмся, каб дзецям хацелася вярнуцца ў наш музей”, — падзялілася Алена Іванаўна.
Для настаўніка гісторыі кіраўніка музея Слабадскога ясляў-сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна Валерыя Уладзіміравіча Тухты захаванне памяці пра Вялікую Айчынную вайну — гэта вяртанне з небыцця імёнаў салдат, партызан, якія знайшлі свой спачын на Лепельшчыне. Па словах настаўніка, на тэрыторыі Лепельскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны не было вялікіх баёў, аднак вайна пакінула ў гэтым краі шмат няўлічаных пахаванняў, асабліва іх шмат на тэрыторыі Слабадскога сельсавета, які прымыкае да Бярэзінскага запаведніка і дзе на працягу 1941—1944 гадоў дзейнічаў шэраг партызанскіх фарміраванняў. Да сённяшняга часу яшчэ шмат непахаваных партызан ляжаць у балотах, у безыменных магілах.
— Ужо больш за 20 гадоў для мяне і маіх вучняў справа гонару знаходзіць гэтыя пахаванні, аднаўляць імёны забытых герояў. Напрыклад, у мінулым годзе ў вёсцы Цярэшкі адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка партызанам, якія загінулі ў 1943 годзе. Дзякуючы нашай шматгадовай рабоце, мы вызначылі імёны 12 байцоў брыгады “Гроза”. Намі ўстаноўлена яшчэ адно імя байца атрада Героя Савецкага Саюза Рыгора Лінькова, які пахаваны на тэрыторыі запаведніка. Сваю работу мы адлюстроўваем на старонках кніг. “Вяртанне з небыцця” — гэта гісторыя нашага земляка, жыхара вёскі Слабада, якога ўсё жыццё маці чакала з вайны, але так і не дачакалася, хаця верыла, што ён вернецца дадому. Праз дзесяцігоддзе пасля яе смерці былі знойдзены астанкі салдата. Іх перавезлі ў вёску Слабада, дзе яны і былі ўрачыста перапахаваны побач з маці. Гісторыя Другой сусветнай вайны адлюстравана на старонках яшчэ адной нашай кнігі “Я вярнуўся, бо ты чакала…”. Гэта словы, якія сказаў адзін з нашых ветэранаў Іван Дзёмка сваёй жонцы, калі вярнуўся ў 1945 годзе дадому, — сказаў настаўнік.
Для навучэнкі сярэдняй школы № 11 Ліды Марыі Юхневіч памяць пра Вялікую Айчынную вайну — гэта памяць пра яе прадзядулю авіямеханіка Івана Іванавіча Карнавухава. “Перамога ў паветры куецца на зямлі. Гэтыя словы мог справядліва сказаць мой прадзядуля, менавіта так лічу і я. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў авіямеханікам. Прадзядуля часта расказваў выпадкі з вайны. У міні-інсталяцыі прадстаўлены яго асабістыя рэчы. Вось з гэтай салдацкай лыжкай ён не расставаўся ўсё жыццё. Прывёз таксама з вайны трафейны нямецкі фотаапарат, дзякуючы якому пачаў захапляцца фатаграфіяй. А гэты альбом — наша сямейная рэліквія, тут змешчаны матэрыял пра нашага прадзядулю, дакументы, яго ўзнагароды. За доблесць, праяўленую падчас вайны, ён быў узнагароджаны медалямі. Самыя каштоўныя — “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За абарону Масквы” і ордэн Вялікай Айчыннай вайны І ступені. Пасля вайны Івана Іванавіча часта запрашалі на сустрэчы ў школу, дзе вучылася мая мама. Калі яна была маёй равесніцай, дзядуля часта прыходзіў да яе ў клас і дзяліўся сваімі ўспамінамі. На жаль, яго ўжо няма з намі, але сёння я расказваю пра яго, каб памяталі”, — падзялілася дзяўчына.
Для Ангеліны Вандзілоўскай, навучэнкі Княжыцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, якая прадставіла на выставе сваю міні-інсталяцыю “У гады суровай вайны”, памяць пра Вялікую Айчынную вайну — гэта памяць пра подзвіг воінаў 172-й і 110-й стралковых дывізій 61-га стралковага корпуса 13-й арміі, якія летам 1941 года абаранялі Магілёў. “3 ліпеня 1941 года 394-ы стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка Слепакурава заняў баявы ўчастак № 1. Тут, па рацэ Лахве ў раёне Мінскай шашы, праходзіла асноўная лінія абароны Магілёва. 20 дзён воіны палка адбівалі атакі нямецкіх танкаў і пяхоты. Пра гэта мы можам прачытаць у лісце радавога Сапрыкіна да сваёй сям’і. Аднак сілы былі няроўныя. 23 ліпеня немцы занялі Княжыцы і выйшлі на подступы да Магілёва. 394-ы стралковы полк ледзь не поўным складам загінуў на заходніх ускраінах горада. Многія байцы трапілі ў палон або прапалі без вестак. У памяць пра байцоў палка адна з вуліц горада названа імем камандзіра Якава Слепакурава”, — паведаміла наведвальнікам выставы вучаніца, перарываючы свае словы паказам фотаздымкаў абаронцаў Магілёва, дакументаў ваеннага часу.
Цяжкія страты Чырвонай Арміі не зламалі волю народа. Як і ўсюды ў Беларусі, на тэрыторыі Княжыц разгарнулася барацьба з ворагам. Тут дзейнічалі 121-ы і 122-і партызанскія палкі (увазе наведвальнікаў прадстаўляліся фатаграфіі партызан 122-га атрада). У жніўні 1942 года партызаны 122-га палка “За Радзіму” з дапамогай мясцовых падпольшчыкаў разграмілі ў Княжыцах нямецкі гарнізон. У снежні 1943 года партызаны 121-га палка разам з княжыцкімі падпольшчыкамі знішчылі ў вёсцы некалькі дзясяткаў нямецкіх салдат. Усяго на тэрыторыі Магілёўскага раёна партызанамі былі праведзены сотні паспяховых баявых аперацый і дыверсій.
— 1944 год стаў годам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 28 чэрвеня ў ходзе аперацыі “Баграціён” быў вызвалены Магілёў. Важным эпізодам гэтай аперацыі сталі падзеі на Мінскай шашы. Тут, ля вёскі Княжыцы, 27 чэрвеня завязаўся бой. Байцы 95-й стралковай дывізіі 49-й арміі разграмілі адыходзячыя нямецкія войскі. Гэты бой апісаў у сваім лісце вучням княжыцкай школы ўдзельнік тых падзей ветэран вайны Юрый Яцэнка. Чацвёра ўдзельнікаў бою за вызваленне Княжыц былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пад тысячамі абеліскаў па ўсёй беларускай зямлі вечным сном спяць мільёны тых, хто не вярнуўся з вайны. У Княжыцах таксама ёсць падобны абеліск. У брацкай магіле пахаваны 80 салдат і партызан, якія загінулі пры вызваленні вёскі. Нізка схіляем галовы перад памяццю герояў, якія зрабілі ўсё дзеля нашага шчасця і светлай будучыні, — сказала Ангеліна.
Як мы ўжо адзначалі, удзельнікамі прэс-канферэнцыі сталі прызёры і пераможцы намінацыі “Нам 41-ы не забыць… Нам 45-ы славіць”. Так, Валерый Уладзіміравіч Тухта з’яўляецца кіраўніком у свайго сына Яраслава Тухты, які атрымаў дыплом ІІІ ступені. 2-е месца занялі Яўгенія Лявончык і Эвеліна Дзявульская з гімназіі № 1 Дзятлава (кіраўнік Яўгенія Вікенцьеўна Радунская), Арсеній Гарэўскі з сярэдняй школы № 120 Мінска (кіраўнікі Іна Валянцінаўна Важнік і Алена Іванаўна Зубялевіч). А вось дыпломы І ступені атрымалі ўжо добра знаёмыя нам Ангеліна Вандзілоўская з Княжыцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна (кіраўнік Дзмітрый Сяргеевіч Кузняцоў) і Марыя Юхневіч з сярэдняй школы № 11 Ліды (кіраўнік Людміла Эдуардаўна Ашмяна).
Кожнае новае пакаленне па-свойму асэнсоўвае старонкі ваеннай гісторыі, і для педагогаў важна дапамагчы дзецям правільна зразумець падзеі ваеннага мінулага, захаваць памяць пра подзвіг народа. Гэтаму і будуць садзейнічаць акцыі, конкурсы, што пройдуць у 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.