Вясна ідзе! Кветкам дарогу!

Бадай, на ўсёй выставе самым яркім і водарным, які найчасцей азараецца фотаўспышкамі, быў стэнд Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Акурат перад адкрыццём выставы завяршыўся Рэспубліканскі конкурс па ландшафтным дызайне і фларыстыцы “Кветкі маёй Радзімы” ў кірунку “Фларыстыка”. Лепшыя творчыя работы ўпрыгожылі выставачны комплекс.

У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел лепшыя юныя фларысты краіны ва ўзросце 10—16 гадоў — навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Конкурс па фларыстыцы ўключаў дзве намінацыі: “Букет ветэрану” і “Водары вясны”.

Сваю падзяку ветэрану хлопчыкі і дзяўчынкі выказвалі па-вясноваму традыцыйнымі гваздзікамі і цюльпанамі, вытанчанымі ружамі і лілеямі, іншаземкамі герберамі і роднымі валошкамі. Тэматыку задавалі лісты да ветэранаў, святочныя паштоўкі, якія станавіліся часткамі кампазіцый. Букеты былі і ў выглядзе кнігі памяці, зорак і інш. “Водары вясны” падарылі кампазіцыі з вясновых кветак, у тым ліку выганачных і пакаёвых, а таксама зрэзачных раслін і аранжыровачнай зеляніны.

Для многіх конкурс стаў не столькі спаборніцтвам, колькі магчымасцю сказаць уласныя словы падзякі і прызнання ветэранам за іх подзвігі. Так, 9-класніца Любоў Храбтовіч з Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, складаючы свой букет, уяўляла сваю прабабулю, якая таксама ваявала, і ўсіх тых жанчын, якія страцілі сваіх сваякоў і каханых.

— Ідэяй майго букета стала песня “Синий платочек”, і, па маёй задуме, ён павінен быць падораны жанчыне. Галоўную ролю тут адыгрываюць сінія касачы. Яны сталі сімвалам хустачак, якімі жанчыны махалі ўслед сваім родным. Найчасцей у апошні раз. Так, вайна — гэта боль і страты. І я ў кветках пастаралася адлюстраваць гэта. А таксама тое, што жыццё працягваецца ў любога чалавека, праз што б ён ні прайшоў, — гаворыц­ь Любоў. 

Самы юны канкурсант Лявон Комар з Барысаўскага экалагічнага цэнтра ў фларыстыцы навічок (больш вопытны ён у саломапляценні), але вельмі хацеў і ў кветках выказаць свае эмоцыі. Букет свой ён зрабіў у выглядзе кнігі, аздобіў яе саломкай, вясновымі галінкамі і чырвонымі гваздзікамі, якія сталі майскім сімвалам перамогі, а паміж старонкамі ўклаў уласна напісаныя лісты да ветэранаў з віншаваннямі.

— У кнізе запісана ўсё, нам толькі варта яе адкрываць, каб пройдзенае не забывалася, — гаворыць хлопчык.

Пасля дасканалай работы журы вызначыла пераможцаў. Так, у намінацыі “Букет ветэрану” перамогу атрымала самая тытулаваная фларыстка Беларусі — навучэнка Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і мола­дзі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці Настасся Стэмплеўская, у скарбонцы якой ужо мноства перамог на рэспубліканскіх і міжнародных фларыстычных конкурсах, у тым ліку сярод дарослых прафесійных фларыстаў. 2-е месца падзялілі Марыя Тарасава, навучэнка  Экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, і Ксенія Грыцай з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Замкнулі тройку пераможцаў Хрысціна Няфёдава з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска Брэсцкай вобласці і Эвеліна Карнейчык з Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, падзяліўшы паміж сабой 3-е месца.

У намінацыі “Водары вясны” вышэйшую пазіцыю заняла Аляксандра Бортнік са сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Арт”.

Хрысціна Няфёдава, навучэнка з Цэнт­ра дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі Пінска, і ў гэтай намінацыі атрымала дып­лом II ступені. Падзяліла з ёй “серабро” зноў навучэнка Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі — на гэты раз Варвара Мароз. На трэцяй прыступцы размясціліся Ангеліна Федарук, навучэнка Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва Брэстскай вобласці, і Настасся Нікіфарава, навучэнка абласнога Цэнтра творчасці Магілёва. Усе пераможцы стануц­ь удзельнікамі II чэмпіянату па фларыстыцы сярод юніёраў, які пройдзе ў верасні 2019 года.

Журы сёлета складалася выключна з прафесіяналаў кветкавай індустрыі. І ўзначальваў яго Андрэй Філаненка — прафесійны фларыст, педагог і батанік, член Нацыянальнай гільдыі фларыстаў Расійскай Федэрацыі, аўтар шматлікіх публікацый. У яго паслужным спісе — перамогі на адкрытым конкурсе Масквы і Цэнтральнага рэгіёна ва ўсіх намінацыях, тытул чэмпіёна Расіі па прафесійнай фларыстыцы. Андрэй — пастаянны член журы конкурсаў прафесійнай фларыстыкі. Ён праводзіць аўтарскія семінары і майстар-класы ў краінах СНД і не толькі.

Пасля насычанай творчай сустрэчы і прадметнай гутаркі з педагогамі Беларусі, якія прывезлі на конкурс сваіх навучэнцаў, ацэнкі работ канкурсантаў Андрэй падзяліўся сваімі ўражаннямі:

— Аналізуючы дзіцячыя конкурсныя работы, я бачу, што ім часта не хапае свабоды праяўлення абстрактнай думкі. Зразумела, пачынаць навучанне для дзяцей варта ў найбольш зразумелай і зручнай форме — фігуратыўнай, калі мы робім букет у форме зоркі, кнігі ці цацкі з кветак, з расліннага матэрыялу і інш. Так, на ранніх этапах навучання без такіх фігуратыўных вобразаў не абысціся, але ў далейшым неабходны свабодныя, асімітрычныя, нефігуратыўныя варыянты. Бо яны больш складаныя, больш высока ацэньваюцца, больш прафесійныя і больш запатрабаваныя ў сучасных рэаліях. І часта нашым педагогам не хапае ведаў і вопыту, каб адысці ад фігуратыўных выяўленчых рашэнняў і перайсці да свабоды, да асіметрыі, абстракцыі. Гэта патрабуе пэўнага ўзроўню падрыхтоўкі і сталасці мастацкай асобы.

Не варта забывацца, што існуе і кветкавая мода, і яна мяняецца гэтак жа часта, як і мода на прычоскі, сукенкі, інтэр’еры. Часта яна цыклічная: тое, што было запатрабавана 30—40 гадоў назад, якраз цяпер становіцца актуальным. Напрыклад, асіметрыя і транспарэнтнасць, якая была моднай у 70-х гадах і актыўна выкарыстоўвалася ў дызайне мэблі і інтэр’ерных аксесуараў. У чарговы раз на піку папулярнасці ікебана.

Што тычыцца тэндэнцый, то ў свеце назіраецца зрух у бок натуральных матэрыялаў. Але большасць з іх — стрыманыя па колеры. Напрыклад, ільняныя тканіны — бэжава-крэмавага колеру, але наша славянская душа патрабуе свята. У нашых народаў “прыгожы” — роўна “чырвоны”, нам патрэбен сакавіты, яркі колер. Таму сёння часта можна сустрэць упакоўку для кветак як з натуральнай крафтавай паперы карычняватага колеру, так і папулярныя і яркія сучасныя ўпаковачныя матэрыялы. Напрыклад, плёнку з металічным напыленнем, якое дае галаграфічны эфект. Усё непарыўна звязана, і нікуды ад гэтага мы не адыдзем.

Згодна з разважаннямі Андрэя Філаненкі наконт неабходнасці пашыраць кругагляд і адукацыю і Наталля Эдуардаўна Бортнік, педагог Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна, якая выкладае сваім навучэнцам, у тым ліку і вышэйзгаданай Настассі Стэмплеўскай, асновы еўрапейскай фларыстыкі. Па меркаванні педагога, сачыць за сусветнымі фларыстычнымі тэндэнцыямі трэба абавязкова. Сама яна заўсёды стараецца быць у курсе найважнейшых фларыстычных падзей, у тым ліку прымае ўдзел у шматлікіх майстар-класах ад сусветна вядомых фларыстаў. Потым, каб дзяліцца ўбачаным і пачутым, яна праводзіць майстар-класы для калег у фларыстычным кірунку.

Напрыклад, нядаўна праводзіла майстар-класы для педагогаў Гродзенскай вобласці па фларыстычным калажы, аснову якіх складалі самыя сучасныя фларыстычныя хады. У сакавіку была на семінары французскага фларыста Макса Хуртада. Многія яго ідэі яна разам з дырэктарам цэнтра Кацярынай Юр’еўнай Рэкуць будзе перадавац­ь калегам Гродзенскай вобласці ў наступны чацвер падчас майстар-класаў па велікоднай фларыстыцы, дзе яны разам будуць стварац­ь настольныя кампазіцыі.

— Фларыстыка мяняецца. Часам яна становіцца тэатральнай, часам занадта вычварнай. Неабавязкова яе слепа пераймаць, але ведаць, што робіцца ў фларыстыцы, кірунку, карысна. Напрыклад, я нядаўна знаёмілася з творчасцю амерыканскага фларыста. Хоць ён лічыцца вельмі прасунутым, але мне яго творчасць зусім не падабаецца, бо ў яго шмат фарбаваных кветак, раслін. У Еўропе ж, наадварот, назіраецца бум на арганічныя элементы ў букетах, часам надта нечаканыя: крылы жукоў ці коканы шаўкапрада, у некаторых ідуць у ход нават косці жывёл. Як бы мы да гэтага ні адносіліся — гэта пошук незвычайнага, таго, што зачэпіць. Але не забывайцеся, што конкурсная фларыстыка моцна адрозніваецца ад таго, што можна купіць у кветкавым магазіне. Гэтак жа як ёсць высокая мода і mode pour tout — мода для ўсіх. Штодзённая еўрапейская фларыстыка таксама стрыманая, і ў дамах еўрапейцаў з’яўляюцца сціплыя, стрыманыя букеты. Але высокая мода ўсё ж задае кірунак: выбар колераў, пэўных гатункаў кветак і інш. Трэба лавіць main stream у фларыстыцы, бо мы не можам варыцца толькі ў сваім соку, асабліва, калі ідзе гаворка пра конкурсную фларыстыку. Магчыма, чужыя ідэі натхняць на нешта сваё, кардынальна іншае. Але ад нечага трэба адштурхоўвацца: ад таго, што модна, прыгожа, што ўспрымаецца публікай, што адзначаецца дызайнерамі, — гаворыць Наталля Бортнік.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і Настассі НАРЭЙКА.