З нагоды 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўстановах адукацыі актыўна праводзяцца мерапрыемствы рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае”. Інфармацыйныя і класныя гадзіны, мітынгі-рэквіемы, урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі, пошукавая дзейнасць, тэматычныя конкурсы, экскурсіі і зорныя паходы па месцах баявой славы — усё накіравана на захаванне сярод падрастаючага пакалення памяці пра подзвіг народа. Пераканаемся ў гэтым, наведаўшы сярэднюю школу № 77 Мінска.
Час імклівы. Пакаленні мяняюць пакаленні, за імі зноў прыходзяць новыя пакаленні… Сённяшнія школьнікі гавораць “дзякуй” за мірнае неба ўжо не дзядулям, а прадзядулям, нават прапрадзядулям. У адрозненне ад сваіх бацькоў, якія чулі пра франтавыя і партызанскія будні з першых вуснаў, сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі пра баявы шлях сваіх родзічаў даведваюцца з другіх, а то і трэціх вуснаў. Тым не менш пра ваенную гісторыю сваёй сям’і яны расказваюць настолькі пранікнёна і эмацыянальна, што часам здаецца: гэта яны, дзеці ХХІ стагоддзя, пабывалі ў франтавых акопах, жылі ў партызанскіх зямлянках, у бараках канцлагераў. Калі слухаеш аповеды сучасных падлеткаў пра ваенны лёс продкаў, разумееш, што моладзь Беларусі памятае, а значыць, вайна на нашай зямлі ніколі не паўторыцца.
Паліна Крапчатава, 7 “Б” клас. Пра свайго прадзеда Івана Лявонавіча Пракапенку яна расказвала з такой цеплынёй, што падалося, быццам дзяўчынка толькі што з ім сустракалася, размаўляла і акрыленая гэтай сустрэчай прыйшла ў метадычны кабінет 77-й школы, каб падзяліцца ўражаннямі з чытачамі “Настаўніцкай газеты”. На самай справе, Паліна нарадзілася ўжо пасля смерці свайго прадзядулі і ніколі з ім не сустракалася, аднак памяць пра Івана Лявонавіча беражліва захоўвае разам са сваімі бацькамі і дзядулем Алегам Іванавічам Пракапенкам. Пра баявыя подзвігі, характар, пасляваеннае жыццё свайго родзіча Паліна можа расказваць гадзінамі.
— Дзень Перамогі — асаблівы дзень для краіны і маёй сям’і. У нашым родзе ваявалі амаль усе мужчыны. Многія не вярнуліся з палёў Вялікай Айчыннай вайны. Асабліва мне дарагі шлях па дарогах вайны майго прадзядулі Івана Лявонавіча Пракапенкі. Ён нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Высокае Хойніцкага раёна. Ведаю, што ён быў узнагароджаны ордэнам Славы, медалямі за фарсіраванне Одэра, Віслы, за ўзяцце Берліна. З маім дзядулем Алегам Іванавічам мы часта размаўляем на гэтыя тэмы, намагаемся паставіць сябе на месца прадзядулі Івана і падумаць, што б мы рабілі ў тых ці іншых умовах, а яшчэ пішам пра ваенныя часы вершы. Прадзядуля быў мужны, вельмі любіў свайго сына, удзяляў вялікую ўвагу выхаванню ўнукаў. Калі мы са школьным ансамблем “Элегія” выступалі ў Славакіі і Польшчы і праязджалі на аўтобусе праз Віслу, то я падумала, што тут сляды майго прадзядулі, які з боем фарсіраваў такую вялікую раку, — падзялілася Паліна.
Па словах настаўніцы беларускай мовы і літаратуры класнага кіраўніка 7 “А” класа Любові Генадзьеўны Клімовіч, ідэя запісаць падобныя ўспаміны з’явілася невыпадкова: да 75-годдзя вызвалення Беларусі запланаваны выпуск тэматычнага альбома, які будзе захоўвацца ў школьным музеі. На ўроку беларускай літаратуры дзецям было прапанавана падрыхтаваць успаміны пра сваіх продкаў, пра тых, хто ваяваў, быў вязнем канцэнтрацыйных лагераў. Вайна закранула кожную сям’ю, таму вучні сабралі грунтоўны, багаты матэрыял. З мноства ўспамінаў для чытачоў нашага выдання былі выбраны самыя каларытныя і цікавыя.
— Майго прадзядулю звалі Уладзімір, я яго ніколі не бачыла, але шмат пра яго ведаю з аповедаў мамы і бабулі. Ён памёр задоўга да майго з’яўлення. Нарадзіўся ён 6 мая 1919 года ў Мінску, адкуль і прызваўся ў Чырвоную Армію ва ўзросце 19 гадоў. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ваяваў на Першым Беларускім фронце ў складзе 257-га стралковага палка 3-й гвардзейскай арміі. З 4 па 9 студзеня 1944 года вынес з поля бою 11 цяжкапараненых байцоў. Шэсць разоў сам быў паранены. Удзельнічаў у вызваленні Варшавы, прайшоў праз усю вайну да Берліна. За гады вайны неаднойчы праяўляў мужнасць, адвагу, смеласць, пра што сведчаць шматлікія ордэны і медалі. Для мяне і маёй сям’і прадзядуля — сапраўдны герой. Наша сям’я ганарыцца, што мы захоўваем пра яго памяць. Гэта быў сумленны, сарамлівы і маўклівы чалавек. Так мне пра яго гаварылі. А яшчэ гаварылі, што ён не любіў расказваць пра вайну, пра той жах, боль і пакуты, якія ён пранёс праз сваё жыццё. Ён настолькі любіў дзяцей і ўнукаў, што не хацеў, каб яны ведалі, што такое вайна. Ён здзейсніў свой подзвіг, падарыўшы нам мір. Я і мая сям’я за гэта яму вельмі ўдзячныя, — падзялілася вучаніца 7 “А” класа Насця Каралёва.
З некаторымі ўспамінамі родзічаў вучняў сярэдняй школы № 77 Мінска мы ўжо знаёмыя. Якім чынам? Усе мы ў школьныя гады трымалі ў руках кнігу “Ніколі не забудзем”. Ды што там трымалі, мы зачытваліся! Але чытаць было няпроста. Змешчаныя ў кнізе дзіцячыя ўспаміны пра вайну самыя яркія, але ў той жа час самыя жудасныя. “Сваімі вачыма” — так называюцца ўспаміны Мішы Дзятлава (1930 года нараджэння) з вёскі Змяёўка, што на Гомельшчыне. Міхаіла Цімафеевіча ўжо няма ў жывых, але яго памяць пра вайну захоўваюць не толькі старонкі кнігі, але і сям’я дзяўчынкі Паліны Здаравец з 7 “А”. “Люты 1943 года. Стаяла ціхая і ясная ноч. Звечара чуліся далёкія стрэлы гармат і разрывы снарадаў. Гэта страляла наша артылерыя. Ноччу я прачнуўся ад нейкага шуму. У хаце ўсе былі ўстрывожаны. Я выскачыў на двор, але немец вярнуў мяне назад. Я здагадаўся, што здарылася нешта нядобрае…” Так пачынаецца апісанне шляху Міхаіла Цімафеевіча ў канцлагер “Азарычы”. Па словах дзяўчынкі, прадзядуля часта друкаваўся ў газетах. Аднойчы яго ўспаміны заўважыў Пятрусь Броўка, прапанаваў змясціць іх у кнізе. “Я не застала прадзядулю жывым, паколькі ён памёр за тры гады да майго нараджэння. Родныя часта расказвалі пра яго, гаварылі, што ён быў чалавекам вясёлым і добрым. Яму было балюча ўзгадваць падзеі вайны. Я і мая сям’я часта ўзгадваем прадзядулю, мы ім ганарымся. Ганарымся, што ў нашым родзе быў такі чалавек”, — адзначыла дзяўчынка.
Вязнем канцлагера “Трасцянец” (знаходзіўся на сучаснай тэрыторыі Заводскага раёна Мінска, малой радзіме вучняў 77-й сталічнай школы) была прабабуля Веранікі Савельевай. “Валянціна Анісімаўна ў гады вайны была дзяўчынай і жыла ў вёсцы. Калі туды прыйшлі немцы, усіх вяскоўцаў сагналі і раздзялілі на дзве групы, у якую трапіла мая прабабуля і яе сястра. Пагналі іх па дарозе ў Трасцянец. Было гэта ў 1941 годзе. Пра жыццё ў Трасцянцы прабабуля мала расказвала, але аднойчы ўзгадвала, як усіх выгналі на двор і прымушалі глядзець, як лупцавалі маладую дзяўчыну. Калі прабабуля пра гэта расказвала, то на яе вачах з’яўляліся слёзы. Яе сястра загінула ў лагеры, а Валянціна Анісімаўна выжыла і вярнулася ў вёску ў 1944 годзе, дзе і пражыла ўсё жыццё”. Дарэчы, лагеру “Трасцянец” прысвяціла адзін з раздзелаў сваёй работы “Мой родны Заводскі: учора, сёння, заўтра” і вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 77 Мінска Юлія Міранкова.
У Аляксея Голубева з 7 “А” класа тры прадзядулі па мамінай лініі і адзін па татавай удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Дарэчы, пад кіраўніцтвам сваёй мамы Алены Сцяпанаўны хлопец і збіраў звесткі пра сваіх продкаў. Пра Макара Фаміча Зіновіча, ураджэнца Брэсцкай вобласці, які атрымаў ордэн Славы ІІ ступені за мужнасць, праяўленую 30 красавіка 1945 года на вуліцах Берліна, вучань расказваў з такім захапленнем, што ўсе слухачы яскрава ўявілі сабе той бой. Ён смела стаў перад нямецкай барыкадай і з фаўстпатрона знішчыў дзве агнявыя кропкі і 12 салдат праціўніка. У тым баі быў паранены, але да поўнай зачысткі квартала не пайшоў з поля бою, потым доўга лячыўся ў шпіталі, узнагароджаны таксама ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За перамогу над Германіяй”, вярнуўся на радзіму, вырасціў траіх дзяцей.
— Нашы дзядулі не любілі гаварыць пра вайну, таму пра іх баявы шлях захавалася мала звестак. Неяк мой муж, калі быў хлопчыкам, папрасіў Яфіма Кірылавіча Голубева, які быў камандзірам узводу і прайшоў усю вайну, купіць салдацікаў, але ветэран нахмурыўся і купіў унуку дыназаўрыкаў, — узгадала цікавы факт мама Аляксея.
У рамках акцыі “Беларусь памятае” Любоў Генадзьеўна Клімовіч разам з Аляксеем і Аленай Сцяпанаўнай Голубевай працуюць над праектам інтэрактыўнай карты “Зорачка на карце Заводскага раёна”, сабралі звесткі пра ўсе 24 помнікі раёна, манументы, бюсты героям, мірным грамадзянам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праца праведзена вялізная. Здаецца, Мінск, сталіца, а вось звестак пра помнікі Заводскага раёна, як аказалася, ні ў бібліятэках, ні ў інтэрнэце практычна не было. Збіраць інфармацыю даводзілася літаральна па крупінках, неабходна было сфатаграфаваць кожны помнік. У выніку была створана карта, з якой можна азнаёміцца на сэрвісе Google-карты.
Вучні Заводскага раёна памятаюць пра подзвіг сваіх прадзядуляў і прабабуль. Сёння сваю ўдзячнасць яны выказваюць праз стварэнне альбома памяці, які будзе захоўвацца ў школьным музеі, а таксама праз стварэнне арыгінальнай інтэрактыўнай карты. Беларусь памятае… Моладзь Беларусі памятае…
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.