Толькі радасць! Толькі адкрыцці!

Традыцыйны злёт юных краязнаўцаў, які штогод праходзіць падчас летніх канікул на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, — гэта ўжо брэнд. А брэнд, як вядома, сінонім якасці. Якасна і запамінальна, ярка і захапляльна правялі 9 чэрвеньскіх дзён у сталіцы актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” і рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, пераможцы і прызёры краязнаўчых конкурсаў, актывісты краязнаўчага руху.

Краязнаўчае лета асаблівае. У ім няма месца для суму, расчараванняў, дрэннага настрою. Толькі радасць, толькі адкрыцці, толькі ўсмешкі, толькі новыя знаёмствы і яркія ўспаміны, якіх хопіць аж да наступнага, такога ж насычанага краязнаўчага лета. Складана ска­заць, колькі радасных імгненняў падарыў хлопцам і дзяўчатам кароткі, але захапляльны адпачынак у сталіцы. Толькі падчас конкурсу “Візітоўка каманды” кожны выступоўца адорваў гледачоў цэлым россыпам шчырых усмешак. А былі ж яшчэ і ­экскурсіі па Мінску, і наведванне музеяў, тэатраў, паркаў, і краязнаўчы квест, і спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, і творчыя сустрэчы, якія таксама запомніліся ­мноствам радасных момантаў.

— Вы абавязкова вернецеся на сваю малую радзіму з адчуваннем таго, што наша Беларусь — маляўнічая, гасцінная, добрая, нашы людзі — таленавітыя, прыгожыя, — звярнулася да ўдзельнікаў злёту намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Вольга Генадзьеўна Пішчык.

Напаўненне інфармацыяй экскурсійных маршрутаў па роднай Дзяржыншчыне- такія планы на лета ў Андрэя Навіцкага.

Рэспубліканскі летнік юных ­краязнаўцаў — гэта не толькі адпачынак, але і абмен вопытам, вынікамі краязнаўчых даследаванняў. Менавіта на гэта былі накіраваны краязнаўчая канферэнцыя “Таямніцы малой радзімы”, конкурсы “Абрады і звычаі малой радзімы” і на лепшую распрацоўку краязнаўчай экскурсіі “Мясціны майго дзяцінства”. Па месцах свайго дзяцінства прапанаваў завочна прайсціся і азнаёміцца з праваслаўнымі святынямі Дзяржынскага раёна вучань сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Андрэй Навіцкі. Пачаць паломніцтва хлопец прапанаваў з Дзяржынска, дзе знаходзіцца Свята-Пакроўская царква, у якой пакручасты лёс. Храм, пабудаваны ў ХІХ стагоддзі, у 1930-я гады быў зачынены, яго настаяцель абвінавачаны ў “стварэнні антысавецкай фашысцка-шпіёнскай групы” і расстраляны ў Мінску. У 1952 годзе будынак абтынкавалі і пабялілі, замянілі шкло ў вокнах, зрабілі іншыя дробныя работы. З тых часоў храм дзейнічае бесперапынна. У наш час праведзены капітальны рамонт.

Падчас экскурсіі прапаноўвалася наведаць адноўленую Свята-Мікалаеўскую царкву ў Станькаве, магілу блажэннай Валянціны Мінскай, храм Узнясення Гасподняга ў Фаніпалі, а таксама цудадзейную вітаўскую крыніцу. Усе гэтыя аб’екты ўваходзяць у склад маршруту “Праваслаўныя святыні”, створанага Андрэем разам з камандай краязнаўцаў Дзяржынскага раёна. Працягваецца работа над напаўненнем маршрутаў “Мае землякі — мой гонар”, “Нам засталася спадчына”, “Вялікая Айчынная вайна на маёй малой радзіме”. Адным словам, краязнаўчай работы на летнія канікулы для хлопца дастаткова.

Тэму праваслаўнага краязнаў­ства працягнула выпускніца сярэдняй школы № 2 Асіповіч Кацярына Анюхоўская, якая даследавала жыццё і подзвіг свіслацкага протаіерэя Стафана Кучынскага, які падчас Вялікай Айчыннай вайны, рызыкуючы сваім жыццё і жыццём сваёй сям’і, выратаваў двух яўрэйскіх хлопчыкаў-сірот Леаніда і Барыса Грышановічаў (іх бацькоў забілі акупанты).

Паступіць на гістарычны факультэт БДУ і працягнуць даследаванне мінулага Асіповіччыны падчас Вялікай Айчыннай вайны – пра гэта марыць Кацярына Анюхоўская.

— Для атрымання дакументальных сведчанняў трэба было адправіць запыты ў многія архівы і музеі. У прыватнасці, мы працавалі ў Бабруйскім занальным архіве, школьнай бібліятэцы, музеі Свіслацкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. Усяго былі прааналізаваны дакументы з 9 архіваў, 16 дзяржаўных устаноў, трох музеяў, трох сельсаветаў і некаторых асабістых архіваў. Так, у Мінскім епархіяльным архіве нам удалося знайсці паслужны спіс айца Стафана і яго фотаздымак. Мы звярталіся па звесткі таксама ў Расійскую Федэрацыю, Рэспубліку Казахстан, Літоўскую Рэспубліку і Дзяржаву Ізраіль. Пошукавая работа доўжылася больш за два гады, — паведаміла дзяўчына.

Пасля вайны хлопчыкі выхоўваліся ў свіслацкім дзіцячым доме. Яны атрымалі добрую адукацыю: Леанід — юрыдычную, Барыс — эка­намічную. Барыс Грышановіч напісаў хадайніцтва ў Яд ва-Шэм
з просьбай прысвоіць ­Стафану Ану­фрыевічу Кучынскаму ­званне праведніка народаў свету. На жаль, узрост не дазваляў яму ­сабраць неабходныя доказы і дакументы. Гэтую пачэсную справу выканалі юныя ­асіповіцкія краязнаўцы Каця­рына Анюхоўская разам з ­Вольгай Яроміч і Сцяпанам Новікам пад кіраўніцтвам Неанілы Львоўны Цыганок.

Раскрыць летам яшчэ некалькі таямніц гісторыі роднай Ліды плануе Арына Табола.

— У жніўні 2016 года мы адправілі ў Яд ва-Шэм больш за 30 да­кументаў, неабходных для прысваення гэтага звання. Хадайніцтва разглядалася больш за год. Нарэшце, у кастрычніку 2017 года званне праведніка народаў свету было прысвоена нашаму герою пасмяротна. Пошукавая работа не скончана, ёсць яшчэ шмат белых плям у біяграфіі Стафана Кучынскага. У прыватнасці, свіслаўчане сцвяр­джаюць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ён падтрымліваў сувязь з партызанамі і нават перадаў ім грошы, сабраныя жыхарамі, для патрэб Чырвонай Арміі. Таксама далейшыя даследаванні будуць накіраваны на пошук доказаў іншых выпадкаў аказання святарамі дапамогі яўрэям у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Асіповіцкага раёна, — адзначыла Кацярына.

Вынікамі даследавання па тэме Вялікай Айчыннай вайны на края­знаўчай канферэнцыі падзяліўся і вучань Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Андрэй Ханцэвіч. Ён паведаміў пра баявы шлях 12-й бамбардзіровачнай авіядывізіі ў першыя дні вайны. Даследчая работа, праведзеная разам з Ангелінай Дайлідзёнак пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Наталлі Уладзіміраўны Рандарэвіч, утрымлівае гістарычны і края­знаўчы матэрыял пра лёс баявых экіпажаў бамбардзіроўшчыкаў і іх воінскіх авіяцыйных злучэнняў, якія ўступілі ў бой з ворагам у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі і загінулі ў паветраных баях у Докшыцкім раёне паблізу станцыі Круляўшчызна, Сітцы і Бягомль, дзе размяшчаліся ваенныя аэрадромы.

— Падчас даследавання мы вывучалі і выкарыстоўвалі архіўныя дакументы АБД “Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”, “Памяць народа”, “Мемарыял”, матэрыялы кнігі “Памяць. Докшыцкі раён”, Бягомльскага музея народнай славы, матэрыялы раённай газеты “Родныя вытокі”, матэрыялы пошукавых экспедыцый навучэнцаў, чыталі спецыяльную ваенную літаратуру, успаміны ўдзельнікаў вайны. Сабраныя звесткі дапамо­гуць паглыбіць і пашырыць веды пра наш край, яго гісторыю і гераічнае мінулае. Матэрыял можа быць выкарыстаны пры правядзенні ўрокаў гісторыі, тэматычных класных гадзін, урокаў мужнасці і на занятках аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага кірунку, — падзяліўся хлопец.

Калі Андрэя цікавіць авіяцыя, то Аксану Кузіч з Павіццеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кобрынскага раёна прываблівае тэма беларускага народнага касцюма. Дзяўчына вырашыла ­даследаваць абрадавы касцюм свацці роднай вёскі Павіцце, які ў мінулым годзе набыў статус гісторыка-культурнай нематэрыяльнай спадчыны. Пачалася работа з параўнання кобрын­скага і маларыцкага строяў. Дзяўчына разам з сяброўкай Веранікай Радковіч наведвалі пажылых землякоў, апытвалі іх, нават правялі анкетаванне, накіраванае на вывучэнне абрадавага адзення свацці.

Дзе лепш праводзіць летнія канікулы? Канечне, на роднай Кобрыншчыне, упэўнена Аксана Кузіч!

— Павіццеўскі касцюм свацці не быў статычным і развіваўся на працягу стагоддзяў. Канчаткова ён аформіўся ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: у гэты перыяд замацаваліся асноўныя элементы, колеравая гама, формы крою. Адзен­не несла містычны і абарончы характар. У касцюме пераважаюць белы, чырвоны і чорны. Гэта звязана са старажытнымі ўяўленнямі народа, па якіх белы колер увасабляе сонца, чырвоны — кроў, а чорны — зямлю. Асноўнымі складнікамі святочнага абрадавага касцюма свацці з’яўляліся сарочка, спадніца, фартух, галаўны ўбор — брыжы, абутак і навясныя ўпрыгажэнні. Павіццеўскі касцюм свацці меў абрадавае значэнне, апраналі яго жанчыны толькі падчас вясельнага абраду, і ўсе дзеянні гэтых жанчын былі накіраваны на ўмацаванне сямейных адносін паміж маладымі і іх роднымі. Вучні нашай школы, дарэчы, сабралі і аднавілі вясельныя абрады вёскі Павіцце, інсцэніравалі “Вяночкі”, уласна вяселле і “Пэрэзвы”, — падзялілася Аксана.

Наведванне мемарыялаў, прысвечаных подзвігу народа ў гады Вялікай Айчынай вайны, – абавязковы пункт у планах Андрэя Ханцэвіча на летнія канікулы.

Дзяўчына шкадуе, што традыцыйнае святочнае адзенне амаль знікла на тэрыторыі вёскі і ўбачыць яго можна хіба што ў куфрах старых людзей або ў школьным музеі. Каб незвычайны касцюм не быў канчаткова забыты, вучні разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Наталляй Васільеўнай Цецярук і настаўніцай гісторыі Аленай Міхайлаўнай Гусевай вырашылі аднавіць яго і зрабілі два традыцыйныя галаўныя ўборы.

Летнія канікулы герояў нашага матэрыялу будуць напоўнены адкрыццямі, радаснымі момантамі, новымі знаёмствамі і яркімі ­ўспамінамі. Вось такое яно — края­знаўчае лета. У ім няма месца для расчараванняў, дрэннага настрою. Толькі радасць! Толькі адкрыцці! А як вы будзеце праводзіць самыя доўгія і самыя чаканыя канікулы?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.