Новыя праекты запускаюць студэнты БНТУ

Самы просты спосаб зразумець, чым увогуле цікавіцца і любіць займацца моладзь, — спытаць у яе самой. Менавіта так і зрабілі арганізатары конкурсу стартап-праектаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. 13 снежня сем каманд прадставілі сем ідэй, над якімі працавалі на працягу некалькіх месяцаў.

Універсітэт і спонсары праекта былі гатовы падтрымаць студэнтаў у любых задумах, якія маглі б палепшыць жыццё ўніверсітэта, даць цікавы занятак іншым студэнтам і даказаць сваю жыццяздольнасць у якасці бізнесу. Фіналісты конкурсу змагаліся за гранты ў памеры 2000, 5000 і 10 000 рублёў — стартавы капітал для рэалізацыі сваёй ідэі. Што ж яны захацелі змяніць і палепшыць вакол сябе?

Макетная майстэрня для будучых архітэктараў

Свой шлях ад ідэі да выніку студэнты пачалі яшчэ ў жніўні — менавіта тады ў калідорах універсітэта з’явіліся афішы конкурсу. Першай гісторыю свайго ўдзелу нам расказала Кацярына Ульянава. Забягаючы наперад, адзначым, што студэнтка і яе каманда занялі 2-е месца ў конкурсе. Але пра ўсё па парадку!

Кацярына вырашыла паў­дзельнічаць са сваім стартап-праектам, калі яшчэ нават не была студэнткай БНТУ. Дзяўчына вучылася ў Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы і толькі збіралася паступаць ва ўніверсітэт.

— Я ўбачыла афішу яшчэ ў жніўні, — згадвае Кацярына. — І ўжо ведала свае магчымасці і была ўпэўнена, што паступлю і буду ўдзельнічаць у конкурсе.

Сама ідэя праекта нарадзілася ў дзяўчыны яшчэ раней. На трэцім курсе яна ўпершыню трапіла на заняткі па макетаванні і зразумела, што гэта вельмі ёй падабаецца:

— Я люблю рабіць нешта сваімі рукамі. Гэта вельмі важна для маёй спецыяльнасці: зрабіць праект і ацаніць спачатку на мініяцюры, як будзе выглядаць фінальны варыянт. Калі пайду працаваць па спецыяльнасці, я буду бачыць свае праекты, рэалізаваныя ў рэальным маштабе, а пакуль магу глядзець на макеты.

Кацярына ўладкавалася на работу ў макетную майстэрню, дапамагала распрацоўваць макеты помнікаў архітэктуры Беларусі, якія пасля сталі часткай вялікай выставы. Рабіць такія ж макеты ў сваёй навучальнай установе — чым не стартап?

— Я паспрабавала зрабіць міні-майстэрню па вырабе макетаў яшчэ ў кале­джы, але не хапала рэсурсаў, каб яе ўтрымліваць, — прызналася Кацярына і з надзеяй дадала: — Іншая справа — такі ўніверсітэт, як БНТУ.

Так дзяўчына стала ўдзель­ніцай конкурсу. Для іх праводзіліся мітапы і майстар-класы, падчас якіх можна было ўдасканаліць сваю ідэю і навучыцца прэзентаваць яе патэнцыяльным інвестарам.

— Асабліва карысным быў майстар-клас па стварэнні прэзентацыі. Мы атрымалі веды аб тым, як правільна прэзентаваць сябе і свой праект, — расказвае Кацярына. — Дзякуючы гэтаму, я данесла сваю думку і падзялілася тым, што мне цікава.

Падчас аднаго з майстар-класаў начальнік медыяцэнтра БНТУ Віталь Мікалаевіч Гмырак расказаў студэнтам пра пошук фінансавання для праектаў, магчымасці тэхнапарка ўніверсітэта. Па ўмовах конкурсу, акрамя фінансавання, пераможца атрымлівае магчымасць трапіць у фаблаб — пляцоўку для развіцця стартапаў унутры ўніверсітэта. Лепшы праект цэлы год можа бясплатна карыстацца магчымасцямі тэхнапарка, а пасля нават стаць яго рэзідэнтам.

— Для мяне вельмі важнай была пляцоўка, на якой магла б працаваць макетная майстэрня, — расказвае Кацярына, — таму я загадзя наведала фаблаб БНТУ і паглядзела, што з патрэбнага абсталявання там можна выкарыстоўваць. Напрыклад, ужо ёсць 3D-прынтары, лазерныя разакі. Канечне, нам будзе не ха­паць моцы, але з развіццём макетнай майстэрні мы зможам дакупляць пэўныя элементы, якія паскораць работу, бо калі вырабляць макеты рукамі — гэта вельмі доўга, а з добрай тэхнікай мы зможам ствараць макет штомесяц.

Напэўна, самы моцны бок праекта Кацярыны — гэта каманда. Дзяўчына яшчэ падчас вучобы ў каледжы сабрала ўсіх неабходных спецыялістаў, акрамя кадраў, звязаных з электрыкай. Яны па­трэбны, каб дадаваць у макеты асвятленне і рухомыя элементы. Нешта падобнае дзяўчына бачыла ў музеі ў Санкт-Пецярбургу і цяпер марыць паўтарыць сваімі рукамі.

— Калі я працавала ў макетнай майстэрні, мне часта не давяралі складаную работу, бо я яшчэ студэнтка, — згадвае Кацярына. — Але я веру ў моц студэнцкага энтузіязму. Спадзяюся, калі мы зробім майстэрню, да нас будуць прыходзіць, напрыклад, архітэктурныя бюро і заказваць макеты, каб прэзентаваць свае праекты інвестарам ці рэкламаваць сваю работу на выставах.

Друкаваць чарцяжы ў два клікі

Гісторыя Ігара Ільіна — гэта гісторыя пра тое, як сустрэліся любоў да тэхнікі, цікавасць да любога руху і жаданне палепшыць універсітэцкае асяроддзе. Хлопец прапанаваў зрабіць ва ўніверсітэце друкарскі цэнтр. Зараз студэнты вымушаны друкаваць свае работы ў камерцыйных друкарскіх цэнтрах непадалёк універсітэта, у кожнага з іх свае недахопы: высокі кошт, ня­зручная сістэма работы, недастаткова падрыхтаваныя су­працоўнікі, якія не ведаюць асаблівасцей работы з чарцяжамі ці афармлення студэнцкіх работ.

— Першапачаткова я хацеў ства­рыць друкарскі цэнтр самаабслугоўвання, але фінальная ідэя iPrint атрымалася крыху іншай, больш рэальнай, — расказвае Ігар.

Схема работы цэнтра такая: студэнт загружае дакументы на сайт, тут жа аплачвае іх друк, а пасля супрацоўнікі цэнтра друкуюць файл і аддаюць гатовую работу ў адным з цэнтраў выдачы заказаў. У выніку студэнт эканоміць час і сродкі, а дзякуючы добрай тэхніцы, гатовыя чарцяжы заўсёды добрай якасці. З часам у iPrint можна будзе заказаць не толькі раздрукоўку, але і, напрыклад, праверку спіса літаратуры.

— Каб прымаць заказы, мы будзем рабіць сайт ці асобную старонку на сайце ўніверсітэта, — тлумачыць студэнт. — А зараз у тэставым рэжыме зрабілі тэлеграм-бота, які можа сам прымаць заказы і перадаваць файлы студэнта нашаму супрацоўніку.

Ігар свабодна разважае і пра тэхнічныя асаблівасці прынтараў, і пра банкаўскі эквайрынг — зручную сістэму аплаты студэнты таксама ўжо прадумалі, нават выбралі банк для абслугоўвання. Здаецца, свой друкарскі цэнтр каманда гатова запускаць хоць заўтра.

Дарэчы, каманда таксама склалася нестандартна. Ігар прэзентаваў сваю задуму на VIII Форуме ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы, і адзін з гледачоў пачаў задаваць сур’ёзныя і цікавыя пытанні па праекце.

— Я ўбачыў, што ён добра разумее, пра што пытае, і адразу запрасіў яго далучыцца да каманды, — смяецца Ігар. — Акрамя таго, я ўжо знайшоў праграміста, які дапаможа настроіць работу сайта, і маркетолага.

За такі прадуманы і дасканалы план каманда праекта атрымала 3-е месца і 2000 беларускіх рублёў. Таму хутка можна чакаць першых вынікаў работы друкарскага цэнтра.

Асабісты гід па ўніверсітэце

Праблема, за якую ўзяліся Валерый Жарскі і Канстанцін Селін, магістранты машынабудаўнічага факультэта БНТУ, хутчэй за ўсё, прыходзіла ў галаву многім першакурснікам, асабліва ў вялікім універсітэце: новаму студэнту бывае няпроста знайсці патрэбную аўдыторыю. Сябры Косця і Валера вырашылі яму дапамагчы.

— Ідэя зрабіць дакладную навігацыю па ўніверсітэце ў нас з’явілася яшчэ на другім курсе, — расказвае Канстанцін. — Вырашылі як след яе абдумаць і… забылі.

Успомнілі толькі праз некалькі гадоў, калі даведаліся пра конкурс стартапаў. Работу над лакальнай сістэмай навігацыі вырашылі зрабіць тэмай магістарскай дысертацыі, і кіраўнік Анатоль Ула­дзіміравіч Гулай падказаў перспектыўную тэхналогію, якую можна было б дапрацаваць пад такую задачу. Уявіце сабе звычайныя электронныя карты. Дык вось карты студэнтаў змогуць указваць ваша месцазнаходжанне ў будынку з дакладнасцю да 10 сантыметраў.

— Калі тлумачыць зусім проста, то ў кожным будынку мы паставім сервер, які будзе атрымліваць даныя са спадарожніка, — тлумачыць Валерый, — разлічваць памылку ў каардынатах і перадаваць дакладныя даныя на тэлефон, за кошт гэтага будзе разлічвацца месцазнаходжанне тэлефона і пракладвацца дэталёвы маршрут.

Для карыстальніка ўсё выглядае яшчэ прасцей: уводзім у мабільны дадатак нумар аўдыторыі, куды трэба трапіць, а пасля ідзем па шляху на экране. Распрацоўваць дадатак будзе яшчэ адзін удзельнік каманды Кірыл Клемянкоў, трэцякурснік факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі.

— Нам у камандзе не хапала чалавека, які мог бы заняцца мабільным дадаткам, — працягвае Валерый. — Мы расказалі пра гэтую праблему дэкану ФІТР — і хутка ён прапанаваў нам пазнаёміцца з Кірылам.

У выніку праект атрымаў усё неабходнае і для запуску, і для перамогі ў конкурсе стартапаў. Хлопцы выйгралі галоўны прыз і цяпер будуць працаваць над рэалізацыяй сваёй ідэі.


Акрамя пералічаных праектаў, у фінале конкурсу былі ідэі студэнцкіх суполак, пабудаваных на прынцыпе “роўны ву­чыць роўнага”, бюро дапамогі студэнтам БНТУ ва ўладкаванні на работу, праф­арыентацыйных курсаў для дзяцей.

Пагутарыўшы з іх аўтарамі, можна зрабіць простую выснову: моладзі не так моцна патрэбна дапамога ў арганізацыі вольнага часу — яна сама здольна ствараць уласныя клубы, курсы, майстэрні. Педагогам і выкладчыкам застаецца толькі падказаць карысную ідэю, дапамагчы знайсці каманду ці проста падтрымаць пачынанне.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.