Дайце шуму!

Disk jockey, DJ, дыджэй— можна пісаць і называць, як падабаецца, усё будзе правільным. Прынята лічыць, што дыджэі з’явіліся ў пачатку ХХ стагоддзя. Першапраходцам стаў брытанец Jimmy Savile: ён рабіў танцавальныя вечарыны, дзе выкарыстоўваў два прайгравальнікі для бесперапыннага сэта. З таго часу дыджэінг пачаў замацоўвацца ў культуры.

У цэнтры — Хрысціна Курылас.

Хто вы?

Спачатку DJ ігралі джаз і блюз, але пазней вулічныя тусоўкі станавіліся больш гучнымі і гарачымі. У той жа час з’явіліся master of ceremonies, ці МС. Яны падбадзёрвалі народ, падпявалі, жартавалі, заклікалі да танцаў. У 1975 годзе адбылася важная падзея ў хіп-хоп-дыджэінгу: Grand Wizard Theodore стварыў скрэтчынг — эфект, які з’яўляецца ад патузвання гукавой дарожкі.

З часам дыджэі пачалі рабіць батлы, дзе прысутныя выбіралі пераможцу. Яны эвалюцыяніравалі ў вялікія міжнародныя спаборніц­твы, куды трапляюць лепшыя DJ з усяго свету.

Зараз дыджэінг — гэта не толькі музыка, але і візуалізацыя. Хтосьці лічыць, што светлавыя эфекты і вялікія экраны падчас выступлення адцягваюць увагу ад DJ, хтосьці думае, што гэта толькі дапаўняе і больш раскрывае творчасць чалавека.

Шумны натоўп

[Падставіць слова] не становяцца, [падставіць слова] становяцца. Гэтую схему можна прымяніць да любой прафесіі, і дыджэінг не выключэнне. Навучыцца гэтаму мастацтву можна ў спецыялізаваных прыватных школах, якіх цяпер у Беларусі дастаткова, ці ў аб’яднаннях ва ўстановах дадатковай адукацыі, якіх значна менш, але яны існу­юць. Адно з такіх — “Дыджэі і МС” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Кіруе аб’яднаннем Хрысціна Курылас, якая “музычна” жыве з дзяцінства.

— Я іграла на скрыпцы, — расказвае педагог. — Потым мяне сябры зацягнулі ў тусоўку, дзе ўсе захапляліся музыкай. А ў мяне такі характар, што калі нешта зацікавіла, то трэба ў гэтым разабрацца. І ў 14 гадоў я пайшла ў Цэнтр культуры “Віцебск” у гурток дыджэінгу.

Калі педагог аб’яднання пайшоў на пенсію, то прапанаваў Хрысціне Канстанцінаўне заняць яго месца. Яна не адмовілася, хаця да гэтага і не думала пра кар’еру настаўніка. Потым Хрысціна Курылас перайшла ў абласны палац дзяцей і моладзі і працягнула сваю справу на новым месцы. Летась да яе запісаліся 24 чалавекі, але ў студзені засталіся 15. Затое іх можна назваць другой сям’ёй. Разам яны стварылі студыю Loud Crowd (шумны натоўп).

— Стварыць брэнд больш захацелі вучні. Мы сядзелі на занятках і падумалі, што было б добра не проста называцца аб’яднаннем па інтарэсах. Цяпер мы маем лагатып, майкі, бэй­джы, наклейкі, кубкі і г.д. У нас няма імён у МС і дыджэяў, у нас ёсць адна агульная студыя.

Студыя аб’яднала людзей рознага ў­зросту. Самаму малодшаму 13 гадоў, самаму старэйшаму 25. І гэта не мяжа: прыхо­дзіць можна да 31 года.

— Ёсць праблемы з тым, што бацькі хо­чуць аддаць дзіця ў 6 ці 10 гадоў, але гэта цяжка. Проста ў 14 гадоў чалавек ужо прыкладна разумее, чаго хоча, і адказвае за свае дзеянні, — гаворыць кіраўнік. — Праўда, у мінулым годзе ў нас быў вопыт — займалася дзяўчынка 10 гадоў. Яна прыйшла ў верасні, а ў сакавіку перамагла ў конкурсе “Пакаленне-2019” сярод дыджэяў. Дзяўчынка вельмі таленавітая, але па некаторых прычынах ёй прыйшлося адмовіцца ад заняткаў. Самаму даросламу хлопцу 25 гадоў. Ён зараз атрымлівае другую вышэйшую адукацыю. Праблем паміж вучнямі з-за ўзросту не існуе, усе паміж сабой маюць вельмі добрыя зносіны. Здаецца, пра што пагутарыць 25-гадоваму хлопцу з 13-гадовым? Абсалютна пра ўсё. Дарослыя зараджаюцца энергіяй ад малодшых і ў той жа час падцягваюць іх.

Заняткі ў Хрысціны Канстанцінаўны праходзяць інтэнсіўна: у аўторак, сераду і чац­вер з 4 да 8 вечара, а ў нядзелю з 9 раніцы да 5 вечара. Практыкаванні для DJ і МС адрозніваюцца.

— Мы ўзялі крыху ад тэатра, — дзеліцца педагог. — Ёсць вызначаныя дні, калі ў нас праходзяць трэнінгі па дыкцыі і дыханні. У мяне ёсць дзеці з заіканнем, але дзякуючы практыкаванням, у многіх яно амаль знікла. Мы пішам нейкія праграмы, анатацыі, вучымся праводзіць конкурсы, каб яны былі цікавыя не толькі тым, хто ўдзельнічае, але і тым, хто назірае, працуем над інтанацыяй, пабудовай сказаў. Вучымся правільна слухаць музыку і разумець яе канструкцыю. Вучні становяцца больш упэўненымі, правільна фармулююць свае думкі, не трымаюць рукі ў кішэнях. Гэта што тычыцца МС. З дыджэямі ўсё больш складана. Спачатку мы знаёмімся з апаратурай, потым здаём невялікі іспыт, бо я павінна быць упэўнена, што дзіця ўсё зразумела і запомніла. У нас у палацы вельмі добрая апаратура, якая даволі шмат каштуе, таму з ёй трэба вельмі акуратна працаваць. Потым пачынаюцца індывідуальныя заданні. Калі вядучым можна займацца разам, то з дыджэямі так не атрымаецца. Кожнаму дзіцяці патрэбна як мінімум гадзіна, каб усё паказаць і патлумачыць. Больш вопытныя вучні ўжо прыносяць новую музыку, уключаюць апаратуру, ігра­юць, складаюць дыджэйскія сэты.

Каманду ці яе асобных удзельнікаў можна ўбачыць на розных святах, фестывалях і конкурсах Віцебска і Беларусі. Летась Loud Crowd загучала на Viva Braslav, у гэтым годзе іх зноў запрасілі. Зараз студыю чакаюць на навагодніх святах у школах і выпускных.

Шчаслівая сям’я

У вольны час вучні з педагогам збіраюцца, каб паскакаць на батутах, пакатацца на картах, паразмаўляць і адпачыць на турбазе. Яны — шчаслівая сям’я з рэкламнага роліка, толькі сапраўдная. Праўда, як і ў любой сям’і, тут ёсць свае забароны, парушэнне якіх выклікае непрыемныя наступствы.

— У нас вельмі жорстка з вучобай, — гаворыць Хрысціна Канстанцінаўна. — Калі ў цябе дрэнныя адзнакі, то ты не выступаеш. Мы стараемся за гэтым сачыць, бо я добра разумею, што адукацыя патрэбна ўсім. Яшчэ ў нас ёсць штраф за ўжыванне алкаголю і курэнне: людзі таксама не выступаюць.

Машына з аўтагукам.

Хрысціна Курылас клапоціцца не толькі аб прафесіяналізме сваіх вучняў, але і аб іх усебаковым развіцці. У іх праходзяць розныя чэлен­джы, напрыклад, “30 дзён з кнігай”. Аднойчы яны самі арганізавалі акцыю “Падары дабро”: купілі 100 геліевых шарыкаў, на кожным напісалі нешта прыемнае і раздавалі на вуліцы, каб людзі не сумавалі. Зараз каманда хоча запусціць праект, які тлума­чыць, што татуіроўкі — гэта не дрэнна (бо многія адмоўна да гэтага ставяцца).

Праекты, чэленджы, акцыі. Так, гэтая студыя не спыняецца. Здаецца, яе ўдзельнікі правялі паспяховы штурм “Зоны 51” і высветлілі, як павялічыць колькасць гадзін у сутках. Інакш як яны столькі паспяваюць?

— Аднойчы нас запрасілі на фестываль у Віцебску, дзе ў адзін з дзён праходзілі спаборніцтвы па аўтагуку, — згадвае Хрысціна Канстанцінаўна. — Нам гэта спадабалася, удзельнікі былі таксама вельмі цікавымі, рознабаковымі. Віцебскія хлопцы прапанавалі нам неяк скааперавацца. Мы падключылі дыджэйскую апаратуру, паставілі ў счэпку 6 машын, і атрымалася адна вялікая калонка. У адной з машын ёсць узмацняльнік і разетка 220V. Гэта значыць, што мы можам у любы момант прыехаць у любы пункт горада, паставіць машыну, адчыніць дзверы і зрабіць паўнавартасную вечарыну. Цяпер гэта наш асобны праект. І калі мы адказваем за музыку, то хлопцы яшчэ могуць пракансультаваць, падабраць, даставіць камплектуючыя, падключыць і пабудаваць сістэму аўтагуку.

Аўтагук — гэта комплекс устройстваў, якія неабходны для камфортнага праслухоўвання музыкі ў салоне машыны. Сучасная сістэма аўтагуку ўключае галаўное ўстройства (магнітолу), акустыку (дынамікі, сабвуфер), узмацняльнік і кабелі.

Мара спраўдзілася

Стаць дыджэем і зарабляць гэтым добрыя грошы — задачка не з простых. Гэта разумеюць бацькі і спрабуюць патлумачыць дзіцяці. Але ж няпростая — не значыць немагчымая. Хрысціна Канстанцінаўна спрабуе ўстанавіць кантакт паміж двума бакамі і не дапусціць сварак. 

— Я выступаю каталізатарам, які тлума­чыць дзіцяці, што бацькі не хочуць нічога дрэннага. Табе проста трэба паказаць, што ў цябе атрымліваецца гэта рабіць і такім заняткам можна зарабляць. З бацькамі, дарэчы, я таксама размаўляю. Стараюся ім патлумачыць, што гэта добрае хобі, якое дае старт у жыцці. Таму што ўсе дзеці, якія да мяне прыйшлі, былі як загнаныя зверы: яны абсалютна не размаўлялі, з іх выцягнуць слова было вельмі цяжка. Але праз месяцы два яны так раскрыліся, што гаварылі, гаварылі і гаварылі. Прычым яны робяць гэта з людзьмі рознага ўзросту і статусу. Напрыклад, у іх добрыя адносіны з нашым начальнікам сектара. Яны могуць да яе прыйсці і проста паразмаўляць, ім гэта цікава. Я лічу, што калі 13-гадовы хлопец здольны знайсці агульную тэму з дарослым чалавекам, то гэта вельмі добра.

Хрысціна Канстанцінаўна гаворыць, што дзеці прыходзяць на заняткі, каб вылучыцца з натоўпу, а працягваюць займацца дзякуючы атмасферы ў камандзе. Напрыклад, у іх была дзяўчына, якая малявала партрэты. Кожны тыдзень у студыю прыходзіць віцебскі дыджэй ці вядучы і дзеці задаюць яму 50 любых пытанняў. Тая дзяўчына да гэтых сустрэч рыхтавала партрэт, хаця музыка ці выступленні яе не цікавілі. Атмасфера і энергетыка вабяць і педагога.

— Я ўсё жыццё марыла, каб маё хобі ператварылася ў работу. Мне проста падабаецца знаходзіцца з маімі дзецьмі не толькі падчас вучобы. Мая работа, па сутнасці, стала маім жыццём. Дзеці — гэта мая сям’я, мне падабаецца ўсё, што яны робяць, ня­гледзячы на нейкія недахопы. Тую энергію, якую мне даюць вучні, ніхто не заменіць. Мне падабаецца, што ў іх узнікае шмат пытанняў. Самае цікавае — калі яны прыходзяць, пытаюцца элементарнае, а я не магу адка­заць. Тады пачынаю разбірацца ў гэтай тэме, кажу: “Давай мы з табой заўтра пра гэта пагаворым”. Яны даюць штуршок для навучання, аж да таго, што мяне хлопцы навучылі, як змяшальнік у ваннай усталяваць. Сваё жыццё ўжо па-іншаму не ўяўляю. Мабыць, рэдка гэта гавару, але я іх люблю.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена Х.К.Курылас.