Настаўніц сёння намнога больш, чым настаўнікаў, таму сама прафесія ўжо стала лічыцца жаночай. А ў выхаванні жанчыны ўвогуле амаль манапалісткі, хаця ва ўсе часы менавіта мужчыны былі педагогамі. І такое аднабаковае выхаванне аказвае свой уплыў на развіццё будучых пакаленняў. Таму вяртанне мужчын у педагогіку, стварэнне гарманічнага асяроддзя для развіцця дзяцей сёння як ніколі актуальныя. Пакінем прычыны для гісторыкаў і паразважаем, як жа паўплываць на сітуацыю.
Святлана Бурава, дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ, член Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (2000—2018 гг.), спецыяліст у галіне гендарнай сацыялогіі і сацыялогіі шлюбу і сям’і, аўтар некалькіх дапаможнікаў па гендарным выхаванні для настаўнікаў і класных кіраўнікоў школ, арганізатараў пазашкольнай работы, куратараў студэнцкіх груп, гаворыць: “У Беларусі выхаваннем і адукацыяй дзяцей і падлеткаў займаюцца ў асноўным жанчыны: дома, у дзіцячым садзе, у школе. Мужчынскага ўплыву і ўвагі нашым дзецям відавочна недастаткова, таму і ўзнікае перакос у іх сацыялізацыі. У нейкай ступені сёння гэта можна кампенсаваць удзелам мужчын у дадатковай адукацыі хлопчыкаў і дзяўчынак, дзе яны могуць праяўляць такія мужчынскія якасці, як фізічная сіла і тэхнічная дасведчанасць, адсутнасць страху перад цяжкасцямі. Мужчыны-педагогі больш моцныя ў ваенна-патрыятычным профілі і могуць ажыццяўляць, напрыклад, складаныя пошукавыя даследаванні; у спартыўна-тэхнічным профілі яны паспяхова могуць займацца авіямадэляваннем, картынгам; у тэхнічным профілі — тэхнічным канструяваннем. Гэта з аднаго боку. А з другога — сучасны мужчына-педагог можа дэманстраваць сваім прыкладам адмаўленне ад састарэлых стэрэатыпаў, якія тычацца мужчын, і ўдзельнічаць у праграмах сацыяльна-педагагічнага профілю, займаючыся з дзецьмі гендарнай культурай, або ў мастацкім профілі, практыкуючыся ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці”.
Менавіта такія амбіцыйныя планы — павялічыць колькасць мужчын у педагогіцы — ставяць перад сабой арганізатары Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Мужчыны ў сістэме адукацыі”, якая пройдзе ў пятніцу, 28 лютага, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
Канферэнцыя збярэ ўсіх, хто шмат ведае пра мужчынскую педагогіку і хоча зрабіць школу і ўстанову дадатковай адукацыі прывабнай для мужчын. Сёння ў педагогіцы працэнт мужчын ніжэйшы за 15, што не можа не хваляваць бацькоў, якія хацелі б выхоўваць хлопчыкаў з асэнсаваным разуменнем сапраўднай мужнасці, а дзяўчынак — са сфарміраваным уяўленнем пра тое, які ж ён, сапраўдны мужчына.
Таксама ўдзельнікі канферэнцыі абмяркуюць некаторыя аспекты мужчынскага ўплыву на дзяцей, педагогі-практыкі падзеляцца сакрэтамі працоўнага выхавання хлопчыкаў-падлеткаў, увага будзе акцэнтавана на асаблівасцях мужчынскага ўспрымання розных з’яў і працэсаў. Напрыклад, Валерый Пархамовіч, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, падзеліцца з мужчынамі-педагогамі сакрэтамі пераадолення стрэсу і эмацыянальнага выгарання з улікам гендарных асаблівасцей. Будзе ўзнята і пытанне наладжвання ўзаемадзеяння школы з бацькамі, якія з’яўляюцца самай уплывовай сілай для фарміравання асобы.
Галоўная мэта канферэнцыі — абмеркаваць важнасць мужчынскага ўдзелу ў педагагічным працэсе. Яе ўдзельнікі разам з экспертамі паразважаюць пра гістарычную перспектыву, абмяркуюць вопыт педагогаў-мужчын і выслухаюць меркаванне бацькоў. Тэматыка дакладаў на пленарным пасяджэнні і работы ў секцыях падбіралася на падставе апытання сярод педагогаў.
Канферэнцыя праводзіцца пад патранажам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а яе арганізатарамі выступаюць сацыяльна-асветніцкая ўстанова “Бацькоўства”, грамадскае аб’яднанне “Савет бацькоў” Мінска, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка і грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”.
Наш сённяшні дадатак поўнасцю прысвечаны мужчынам-педагогам, якія працуюць ва ўстановах адукацыі нашай краіны. Сваім прыкладам яны паказваюць, як павесці за сабой хлопчыкаў і дзяўчынак у творчасць, спорт, IT-сферу, у свет мастацтва і танца…
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.