Спартсмены з залатымі рукамі

Кожную раніцу Іван Дзёмушкін пачынае з практыкаванняў на самаробным трэнажоры, потым ідзе ў Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і праводзіць заняткі па боксе. Цудоўная фізічная форма, вялікая энергія і прага да жыцця ніколі не выдадуць яго сапраўдны ўзрост. Але я па сакрэце скажу: 73 гады. І 34 з іх ён аддаў дадатковай адукацыі.

Іван Дзёмушкін і Аляксей Алфёраў.

Быў мараком, стаў педагогам

“Я нарадзіўся ва Украіне ў горадзе Краснадоне. Вельмі хацеў стаць мараком, таму што мой дзядуля ім быў, ён нават хадзіў на крэйсеры “Аўрора”. Паступіў у Адэскую мараходную школу, працаваў на танкеры “Марыс Тарэз”, пабываў ва ўсіх морах і акіянах. Затым праходзіў службу ў Савецкай Арміі, у паветрана-дэсантных войсках”, — расказвае педагог.

У 1976 годзе Іван Ула­дзіміравіч скончыў Гродзен­с­кі тэхнікум фізічнай культуры і па размеркаванні трапіў у сярэднюю школу № 16 Гродна. У 1977 годзе на базе ўстановы праходзіў Усесаюзны семінар па фізвыхаванні, дзе трэнер правёў паказальны ўрок. Усім прысутным ён спадабаўся, за што Іван Дзёмушкін атрымаў грамату Міністэрства асветы і ацэнку за сваю работу — выдатна. У 1980 годзе педагог скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры, а ў 1986 годзе пераехаў у Карэлічы. З таго часу і пачаў папулярызаваць бокс.

Увогуле спорт прысутнічаў у жыцці Івана Уладзіміравіча заўсёды. У дзяцінстве ён займаўся боксам, лёгкай атлетыкай, стараўся паспрабаваць як мага больш. Але асаблівую асалоду атрымліваў ад баявых мастацтваў, бо там трэба засяроджвацца, валодаць сваім целам, за кароткі час прымаць важныя рашэнні. “Нават падчас работы мараком або службы ў войску спорт я не пакідаў. Пакуль чакаў рэйса, займаўся, на судне і сам займаўся, і іншых трэніраваў. Так што мая кар’ера педагога пачалася раней — да афіцыйнага працаўладкавання”.

Раман Логіш

Калі дзеці прыходзяць, каб запісацца ў гурток, Іван Дзёмушкін бярэ іх на выпрабавальны тэрмін. Гутарыць з бацькамі, каля тыдня назірае за магчымым спартсменам: ці ёсць у яго жаданне, ці мае ён здольнасці. Займацца хочуць і ў 1 класе, і ў 2-м, і ў 4-м. Спачатку ідзе агульная фізічная падрыхтоўка, толькі з часам пачынаюцца практыкаванні непасрэдна па боксе. “Бокс — гэта такі від спорту, дзе нельга трэніраваць проста ўдары. Я, напрыклад, гульнявыя віды, лёгкую атлетыку выкарыстоўваю, але выкарыстоўваю так, каб яны развівалі неабходныя якасці: хуткасць, сілу, вынослівасць. Вядома, працуем і на мяхах, і з гантэлямі. Дзеці розныя, мы развіваем тое, чаго ім нестае, падбіраем спецыяльныя практыкаванні. Індывідуальная работа абавязковая”.

Іван Уладзіміравіч гаво­рыць, што па некаторых дзецях адразу бачна, ста­нуць яны вялікімі спартсменамі ці не, аднак гэта залежыць не толькі ад іх. Так, можна мець задаткі, патрэбны характар, але бацькі, напрыклад, будуць супраць. Што застаецца такому хлопцу? Хіба што сысці. Толькі з часам некаторыя бацькі разумеюць, што іх дзіця магло шмат чаго дасягнуць. “Бывала, по­тым сустракаешся з мамай ці татам і чуеш: “Вы мелі рацыю”. Але што зрабіць, позна”, — разважае трэнер.

1. Займацца боксам ніколі не позна. Канечне, калі хочацца стаць прафесіяналам і падняцца на п’едэстал чэмпіянату свету, лепш ісці на трэніроўкі ў дзяцінстве. Але для задавальнення сваёй цікавасці ніякіх узроставых абмежаванняў няма. Дарэчы, самым старэйшым баксёрам у свеце стаў брытанец Стыў Вард, які амаль у 61 год правёў прафесійны бой супраць 54-гадовага немца.

2. Лепш не пачынаць трэніроўкі, калі ў вас ёсць траўмы галавы, афтальмалагічныя захворванні, сур’ёзныя праблемы з ціскам, сэрцам і апорна-рухальным апаратам. Увогуле лепш пракансультавацца з урачом перад запісам на заняткі.

3. Бокс не забаронены жанчынам. Наадварот, гэта вельмі добрая магчымасць скінуць негатыўную энергію. Чэмпіянаты свету сярод жанчын праводзяцца з 2001 года, і колькасць тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў гэтым відзе спорту, толькі расце.

4. Бокс — гэта паляпшэнне вынослівасці. Трэніроўкі складаюцца не толькі з адпрацоўкі ўдараў ці спарынгаў, яны ўключаюць і іншыя фізічныя нагрузкі. Усё разам ідзе на карысць арганізму. Бокс — гэта развіццё стратэгічных навыкаў. Як абараніцца, як атакаваць, якую тактыку прымяніць? Шмат пытанняў, якія трэба вырашыць за секунды, — добрая трэніроўка для мозгу. Бокс — гэта яркія эмоцыі, упэўненасць у сабе і сваіх сілах.

Каб стаць паспяховым у боксе, трэба, у першую чаргу, палюбіць гэты від спорту. З любоўю пры­ходзіць і жаданне ім займацца, і разуменне мэты, да якой хочацца дайсці. Характар, сіла волі, адвага выбудоўваюцца па ходзе заняткаў, і гэта, безумоўна, вялікі плюс. Многія выхаванцы Івана Уладзіміравіча паступілі ў ваеннае вучылішча, служаць на граніцы Беларусі, што вельмі радуе трэнера. Як чалавек, які сам быў мараком і часткай арміі, ён выступае за тое, каб і яго спартсмены ведалі, што зна­чыць абараняць Радзіму.

Карэліцкія зоркі

За 34 гады трэнер выпусціў ужо не адно пакаленне спартсменаў. Многія з іх — сапраўдныя таленты і гонар сваёй малой радзімы. Напрыклад, Аляк­сей Алфёраў. Ён май­стар спор­ту міжнароднага класа, у 2014 годзе стаў сярэбраным прызёрам сярод кадэтаў на чэмпіянаце Еўропы, у 2018 го­дзе паехаў на мала­дзёжны чэмпіянат свету ў Венг­рыю. У першым баі Аляксей перамог грузіна Цемуры Кемадзэ, затым у чвэрць­фінале не пакінуў на­дзеі амерыканцу Алексісу Эспіна. На жаль, у паўфінале баксёр з Карэліч удзельні­чаць не змог: атрымаў траўму. З чэмпіянату свету Аляксей вярнуўся з бронзавым медалём. У 2019 годзе стаў уладальнікам Кубка Беларусі. Зараз ён студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і, што больш важна, кандыдат на ўдзел у Алімпійскіх гульнях.

Другі знакаміты выхаванец Івана Уладзіміравіча — Раман Логіш. У 2000 годзе ён стаў чэмпіёнам Беларусі, а ў 2003 го­дзе — чэмпіёнам Еўропы па кікбоксінгу. Цяпер жыве ў Германіі, працуе фізіятэра­пеўтам, узначальвае аддзяленне рэабілітацыі Дуйсбургскай бальніцы (чым яшчэ раз даказвае, што ў прыярытэце спартсменаў не толькі спорт), з’яўляецца супервізарам Федэрацыі свету па кікбоксінгу ў СНД і Прыбалтыцы, стваральнікам, кіраўніком і трэнерам школы баявых адзінаборстваў.

Гродзенскае дзяр­жаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву стракаціць імёнамі выхаванцаў Івана Дзёмушкіна: Арцём Орсіч (кандыдат у майстры спорту, чэмпіён Беларусі 2018 года), Яўген Бултык (у 2019 годзе ўзяў 3-е месца чэмпіянату краіны), Уладзіслаў Марчык (у тым жа годзе таксама стаў бронзавым прызёрам нацыянальнага чэмпіянату), а таксама Яўген і Аляксей Ардзюкі, Юрый Сямёнаў, якія былі чэмпіёнамі Гро­дзенскай вобласці.

“Мая задача — падрыхтаваць хлопцаў да такога ўзроўню, каб яны выйгралі абласныя спаборніцтвы і змаглі трапіць у вучылішча алімпійскага рэзерву. Там іншыя трэнеры, якія ведаюць, як лепш займацца са спартсменамі на больш высокім узроўні. Я пастаянна падтрымліваю сувязь з педагогамі адтуль, напрыклад з Аляксеем Ваўчанам. Ён маіх выхаванцаў даводзіць да самай вяршыні”. Іван Уладзіміравіч не шкадуе, што перадае сваіх хлопцаў іншым, бо калі трэніраваць спартсмена да канца, то трэба кінуць усіх астатніх, а да такога трэнер не гатовы. “Многія гэтага не разумеюць. Яны хапаюць здольнае дзіця і нікому не аддаюць. Але я лічу, што гэта няправільна. Няхай кожны займаецца сваёй справай, тады будзе вынік”.

Раней і Івану Уладзіміравічу прапаноўвалі працаваць у вучылішчы, толькі гэта не для яго. “Як жа я кіну сваіх дзяцей?” — пытаецца педагог. Ён шануе кожнага, хто прыходзіць да яго, і кожнаму хоча даць па максімуме.

Здзяйсненне мары набліжаецца

Сваё майстэрства трэ­нер стараецца пастаянна ўдасканальваць. Лічыць, што калі чалавек гаворыць, што ўсё ведае ці ўсяго дасягнуў, значыць ён знік. Вопыт павінен бесперапынна назапашвацца. “Прыйду на трэніроўку ў вучылішча, пагляджу, як там займаюцца, можа, штосьці для сябе знайду. Паеду на спаборніцтвы якія-небудзь, паназіраю за размінкай, нешта ў сябе прымяню. Нават спаць кладуся — падумаю, потым прысніцца якое-небудзь практыкаванне, ужо чакаю гэтай трэніроўкі, каб хутчэй паказаць хлопцам”.

Іван Дзёмушкін ма­рыць як мага даўжэй праца­ваць з дзецьмі і давесці іх да найвышэйшых п’едэсталаў: чэмпіянату свету і Алімпійскіх гульняў. Калі з Аляксеем Алфёравым складзецца ўсё добра, то побач з гэтымі марамі можна будзе паставіць птушачку. Хаця трэнер упэўнены, што таленавітыя дзеці прыходзяць займацца пастаянна, таму спыняцца на адным чэмпіёне ён не збіраецца.

“Мяне з дзяцінства вучылі: “Выбірай тую прафесію, якую ты любіш”. Калі я працую з дзецьмі, то адчуваю, што зрабіў правільны выбар. Яны залог майго здароўя, маё жыццё”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва героя матэрыялу.