“Нефармат” — гэта толькі плюс

Як у калейдаскопе розныя люстраныя шкельцы разам ствараюць прыгожы ўзор, так і ў аб’яднанні па інтарэсах “Калейдаскоп” розныя дзяўчынкі разам становяцца творам мастацтва. Іх нумары з элементамі мастацкай гімнастыкі і харэаграфіі зачароўваюць не менш, чым аптычная цацка.

Аб’яднанне “Калейдаскоп” у сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі “Ранак” 20 гадоў назад стварыла Наталля Амельчанка. Яна сама займалася мастацкай гімнастыкай, выступала на спаборніцтвах і атрымала званне майстра спорту. З такім поспехам Наталля Анатольеўна выбрала нетыповы шлях: пайшла вучыцца на геаграфічны факультэт БДУ. Аднак цяга да гімнастыкі не знікла, таму педагог вырашыла паступіць на завочнае аддзяленне БДУФК (у той час яна ўжо працавала трэнерам). У сферу дадатковай адукацыі Наталля Амельчанка прыйшла ў 2000 годзе. Ёй хацелася выхоўваць не толькі спартсменаў, але і артыстаў, цікава было фантазіраваць, ствараць незвычайныя нумары. Так у “Ранку” пачаўся набор у аб’яднанне па інтарэсах “Калейдаскоп”.

“Я адаптавала сваю праграму для ўстаноў дадатковай адукацыі. Дзеці прыходзяць розныя. Адбору ў нас няма: хто хоча займацца — калі ласка. Я кажу: “Давайце мы паспрабуем, а далей паглядзім, на які ўзровень выходзіць дзіця пры рэгулярным наведванні заняткаў”.

Дзяўчынкі прыходзяць з 4 гадоў. Іх дзеляць па росце і магчымасцях, каб нумары выглядалі больш прыгожымі і заняткі праходзілі камфортна для ўсіх. Зараз у “Калейдаскопе” 6 груп ад 4 да 14 гадоў. Часова трэніроўкі праходзяць у сярэдняй школе № 206 Мінска, таму што будынак цэнтра рэканструююць. Але педагогі да нязвыклых умоў ставяцца даволі спакойна: затое ў будучыні яны будуць працаваць у абноўленых утульных кабінетах і залах.

Напэўна, менавіта спартыўнае мінулае выпрацавала ў Наталлі Анатольеўны галоўнае правіла заняткаў — дысцыпліну. “Так дзеці разумеюць адказнасць перад сваім целам, — лічыць трэнер. — Усё, што тычыцца рэгулярнасці заняткаў, прыходаў своечасова, аб’яднана адным словам “дысцыпліна”. Прычым яна павінна быць не толькі ў дзяцей, але і ў бацькоў, бо ад іх у першы час залежыць, прыйдзе дзіця на трэніроўку або паддасца жаданню прапусціць, у колькі прыйдзе і гэтак далей”. Дзякуючы дысцыпліне, Наталля Амельчанка і яе выхаванкі ідуць па жыцці з дэвізам “Сёння быць лепшым, чым учора, а заўтра стаць лепшым, чым сёння”. Педагог стараецца даць дзецям максімум і мае права патрабаваць ад іх таго ж. Яна прыкладае шмат сіл, каб дзяўчынкі поўнасцю валодалі сваім целам. Не глядзелі, як элемент робіць хтосьці іншы, не паўтаралі, а самастойна думалі над яго выкананнем. Такая аналітыка развівае дзяцей не толькі фізічна, але і ментальна.

“Складаней за ўсё ім даюцца элементы на гнуткасць і расцяжку, часам на каардынацыю (бывае цяжка кантраляваць прадмет, які яны выкарыстоўваюць для нумара). Прасцей за ўсё — размаўляць з сяброўкамі”, — смяецца Наталля Анатольеўна.

“Калейдаскоп” — незвычайны калектыў на фоне эстрадна-спартыўнага танца, танцавальнага шоу і гімнастак. Як гаворыць Наталля Амельчанка, ён крыху “нефармат”, таму што адрозніваецца па стылі сваёй работы ад іншых. Напрыклад, гэта не чыстыя танцоры, таму што яны выконваюць шмат гімнастычных элементаў, але і не чыстыя гімнасткі, бо ў іх прысутнічае сцэнічны вобраз, спецыяльны (не спартыўны) рэквізіт. Напрыклад, гімнастычныя булавы становяцца ноткамі, абручы — пончыкамі, мячы — капустай ды гарбузамі. Цудоўным ператварэннем займаюцца Наталля Амельчанка і бацькі выхаванак. Чым стане прадмет у наступны раз, залежыць ад сюжэту. “Усе нумары для мяне вельмі важныя, і, натуральна, калі ты ствараеш нешта новае, то да старых ідэй ужо не вяртаешся, а рухаешся далей. Іншая група можа паўтарыць нейкі нумар, але дзеці ж розныя, таму і выступленні не падобныя”, — расказвае Наталля Анатольеўна.

Дзякуючы сваёй нефарматнасці, дзверы спаборніцтваў і турніраў перад “Калейдаскопам” адчыняюцца часцей, чым перад вузка накіраванымі калектывамі. Яго рады бачыць і на міжнародных дзіцячых спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы Baby Cup, і на міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”, і на міжнародным конкурсе выканаўчых відаў мастацтваў “Сябры” і інш. Намінацыі таксама розныя: “Эстрадна-спартыўны танец”, “Арыгінальны жанр”, “Дзіцячы танец” і г.д. “Самае лепшае ўражанне, калі пасля конкурсу ці харэографы, ці кіраўнікі калектываў падыхо­дзяць да дзяцей і кажуць, якія яны мілыя, якія добрыя, якія ў іх арыгінальныя касцюмы, — з цяплом узгадвае педагог. — Вельмі важна, што і бацькам гэта прыносіць задавальненне, яны ганарацца сваімі дзецьмі”.

Пахвалу Наталля Амельчанка не запісвае на свой рахунак. Яна ўпэўнена, што дасягнуць чагосьці можна толькі пры жаданні дзяцей і бацькоў. Таму трэнер заўсёды ім гаворыць: трэба разумець, для чаго вы ходзіце на заняткі. “Для мяне гэта пэўны этап работы — выводзіць на новы ўзровень выхаванак. Спачатку многія прыходзяць з падачы бацькоў — “абы толькі ў тэлефоне дома не сядзела”, але потым іх захоплівае. Калі я сама трэніравалася, то таксама праходзіла праз усе этапы станаўлення спарт­смена. Праўда, там была праца для атрымання разраду, у нас такога няма, але мы можам стаць лаўрэатамі, дыпламантамі, прызёрамі. А бацькам я гавару: “Калі вы выбіраеце, што дзіця знаходзіцца ў калектыве, то гэта ўжо частка вашага жыцця. Усе конкурсы, паездкі. Калі вы гэтага хочаце, значыць, усё атрымаецца, мы будзем працаваць і абавязкова атрымаем добры вынік”. Настрой на прадукцыйныя заняткі ўсіх бакоў спрашчае працэс навучання і рана ці позна прыводзіць да перамог.

Заняткі ў гуртку ідуць амаль цэлы каляндарны год. Летам не страчваць форму дапамагае спартыўна-профільны атрад “Калейдаскоп” гарадскога лагера на базе цэнтра “Ранак”. Туды запісваюцца менавіта выхаванкі Наталлі Амельчанка. Аднак часта трэнер сустракаецца з непаразуменнем: “Навошта майму дзіцяці ісці?” Такое пытанне для яе дзіўнае. “Гэта развівае і творчыя, і камунікатыўныя здольнасці дзяцей, не дае ім дарэмна праводзіць вольны час”, — апісвае плюсы Наталля Анатольеўна. У лагеры дзяўчынкі могуць праявіць свае мастацкія, літаратурна-музычныя, спартыўныя і артыстычныя здольнасці. Праграма падрыхтавана на любы густ.

Мабыць, не ўсе бачаць, але за словам “гімнастыка” прытаілася шмат плюсоў. Першы, канечне, — гэта здароўе. Любая фізічная актыўнасць, асабліва ў дзіцячым узросце, калі цела здольнае на многае, пойдзе на карысць арганізму. Другі — сацыялізацыя. Заняткі ў калектыве вучаць знаходзіць агульную мову адно з адным, улічваць меркаванне іншых, дапамагаць. Трэці — выхаванне характару і сілы волі. Каб сесці на шпагат ці правільна пацягнуць насочак, спатрэбяцца не адны заняткі, але, калі не кінеш на паўшляху, навучышся змагацца да канца. Наталля Амельчанка гаворыць, што асабіста ёй гімнастыка дапамагла стаць арганізаванай, моцнай у плане цела і волі, настойлівай, дзякуючы ёй у педагога прыгожая пастава і шмат уражанняў. Апошняе — адзін з самых каштоўных пунктаў. Калі ў дзяцінстве ездзіш на выступленні, спаборніц­твы, маеш зносіны ў калектыве — гэта такія эмоцыі, якія не забываюцца.

“Самае прыемнае ў маёй рабоце — гэта дзеці, таму што яны розныя. Кожны раз ­здзіўляешся, калі пэўнае практыкаванне, якое ты ўжо рабіла з іншай групай, цяперашняя выконвае зусім па-іншаму. Гімнастыка агульная для ўсіх, але ў кожнай групе ёсць свае іскрынкі”.

У марах Наталлі Анатольеўны — завяршэнне рэканструкцыі іх цэнтра, тады б у “Калейдаскопа” з’явілася свая вялікая ўтульная зала. Такі пераезд дасць новы ўсплёск эмоцый, якія дапамогуць высту­паць яшчэ лепш.

Маргарыта Міхалевіч, займаецца 6 гадоў:
“Заняткі даюць мне больш упэўненасці ў сабе, і я разумею, што магу стаць лепшай, чым раней”.

Варвара Кудраўцава, займаецца 5 гадоў:
“Калі я пачала хадзіць на заняткі, то стала больш адкрытай. Мне не страшна выйсці на сцэну, штосьці расказаць ці паказаць свае пэўныя здольнасці”.

Марыя Хурсіна, займаецца 7 гадоў:
“Мая сястра займалася ў “Калейдаскопе”, таму, калі мне споўнілася 6 гадоў, я таксама сюды прыйшла. Мне падабаецца, што гімнастыка робіць мяне больш харызматычнай, гнуткай і расцягнутай”.

Святлана Гузілевіч, займаецца 10 гадоў:
“У мяне былі праблемы са спінай. Мае бацькі заўважылі аб’яву, што набіралася група па гімнастыцы. Мы прыйшлі сюды, мне спадабалася, і я засталася. Пакуль што праблемы са спінай да канца не зніклі, але стала значна лепш, плюс фізічная падрыхтоўка дапамагае ў жыцці”.

Паліна Ігруша, займаецца 11 гадоў:
“Гімнастыка дае мне магчымасць мець зносіны з людзьмі. Мы з імі — адно цэлае і, магчыма, калі б не гэтыя людзі, у маім жыцці не было б столькі цікавых момантаў”.

Дар’я Краеўская, займаецца 6 гадоў:
“Дзякуючы гімнастыцы, я разнявольваюся, не саромеюся сябе і іншых людзей”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Н.А.Амельчанка.